Касьцёл Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі і кляштар бэрнардынаў (Будслаў)
Помнік сакральнай архітэктуры | |
Касьцёл Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі і кляштар бэрнардынаў
| |
Касьцёл Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі
| |
Краіна | Беларусь |
Вёска | Будслаў |
Каардынаты | 54°47′13.2″ пн. ш. 27°27′5.5″ у. д. / 54.787° пн. ш. 27.451528° у. д.Каардынаты: 54°47′13.2″ пн. ш. 27°27′5.5″ у. д. / 54.787° пн. ш. 27.451528° у. д. |
Канфэсія | Каталіцкая царква і каталіцтва |
Эпархія | Менска-Магілёўская архідыяцэзія |
Архітэктурны стыль | барока |
Дата заснаваньня | 1783 |
Рэліквіі і сьвятыні | Будслаўскі абраз Маці Божай |
Статус | ахоўная зона |
Сайт | Афіцыйны сайт |
± Касьцёл Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі і кляштар бэрнардынаў | |
Касьцёл Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі і кляштар бэрнардынаў на Вікісховішчы |
Касьцёл Унебаўзя́цьця Найсьвяце́йшай Па́нны Мары́і і кля́штар бэрнарды́наў — помнік архітэктуры XVII—XVIII стагодзьдзяў у Будславе. Знаходзіцца ў цэнтры гістарычнага мястэчка, на Красным пляцы. Твор архітэктуры віленскага барока. Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гістарычна-культурных каштоўнасьцяў Беларусі. Малая папская базыліка.
Комплекс складаўся з касьцёла, кляштарнага корпуса, плябаніі і гаспадарчых пабудоваў. У другой палове XIX ст. улады Расейскай імпэрыі зруйнавалі кляштарны корпус. У наш час касьцёл дзее, пры ім штогод (2 ліпеня) ладзіцца Будслаўскі фэст. У касьцёле захоўваецца цудоўны абраз Маці Божай.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Вялікае Княства Літоўскае
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Першы пісьмовы ўпамін пра кляштар ў Будславе датуецца 1504 годам, калі вялікі князь Аляксандар перадаў віленскім бэрнардынам 6000 моргаў лесу ў Менскім павеце. Манахі, якія атрымалі зямлю, жылі па 2—4 чалавекі ў пабудовах-будах, маючы пры гэтым капліцу.
У 1591 годзе айцы-бэрнардыны збудавалі драўляны касьцёл пад тытулам Наведваньня Марыяй Лізаветы. З 1613 году ў касьцёле захоўваецца цудоўны абраз Маці Божай, прывезены ў 1598 годзе Янам Пацам з Рыму (дарунак папы Клімэнта VIII). У 1643 годзе з фундацыі ваяводы полацкага Януша Кішкі ў мястэчку збудавалі новы мураваны касьцёл. Цудоўны абраз знаходзіўся ў цэнтры драўлянага разнога алтара.
У 1750 годзе пры касьцёле збудавалі жылы корпус кляштару. 29 чэрвеня 1767 году пачалося будаваньне новага мураванага касьцёла, у аб’ёмна-прасторавую кампазыцыю якога як бакавая капліца Сьвятой Барбары ўвайшоў стары касьцёл. У 1783 годзе новы касьцёл асьвяцілі ў гонар Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі. У другой палове XVIII ст. да яго прыбудавалі розныя памяшканьні. З 1756 году пры манастыры існавала музычная школа, у 1793—1842 гадох — 2-клясная школа і шпіталь. У 1731—1797 гадох у духоўнай школе, што дзеяла пры кляштары, вывучалі маральную тэалёгію і рыторыку, пры гэтым манахаў налічвалася 4—17 чалавек[1].
Пад уладай Расейскай імпэрыі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Па другім падзеле Рэчы Паспалітай (1793 год), калі Будслаў апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, касьцёл і кляштар працягвалі дзеяць. Па здушэньні вызвольнага паўстаньня (1830—1831) у 1851 годзе расейскія ўлады ліквідавалі кляштар, а па здушэньні нацыянальна-вызвольнага паўстаньня (1863—1864) — канфіскавалі кляштарны корпус і перадалі вайскоўцам.
У канцы XIX ст. расейскія ўлады зруйнавалі кляштарныя будынкі. Тым часам касьцёл працягваў дзеяць як парафіяльны.
Найноўшы час
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]За часамі міжваеннай Польскай Рэспублікі ў касьцёле праводзіліся рэстаўрацыйныя працы. Па Другой сусьветнай вайне ў 1939—1946 гадох пробашчам быў кс. Станіслаў Жук, у 1946—1953 гадох пробашчам быў кс. Баляслаў Слодзінскі, а з 1954 да 21 лютага 1966 году — шчыры і ідэйны беларус кс. Антоні Дулінец. У 1974—1981 гадох пробашчам быў кс. Станіслаў Кучынскі, у 1981—1997 гадох — кс. Францішак Грынкевіч.
3 ліпеня 1992 году адбылася першая пілігрымка да цудоўнага абраза Маці Божай. З гэтага часу касьцёл стаў месцам штогадовага паломніцтва хрысьціянаў зь Беларусі і суседніх краінаў (у 2011 годзе працэсія налічвала каля 2,5 тысячы пілігрымаў[2]). У 1996 годзе ў Будслаў вярнуліся айцы-бэрнардыны.
11 траўня 2021 году ў будынку касьцёлу ўзьнік пажар, які зьнішчыў дах, моцна пашкодзіў скляпеньні і іншыя будаўнічыя канструкцыі. Распачаўся збор сродкаў на аднаўленьне пашкоджанай пажарам сьвятыні[3].
Архітэктура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Касьцёл
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Касьцёл — 3-нэфавая 2-вежавая базыліка з прастакутным прэзьбітэрыюмам і трансэптам каля ўваходу. Тарцы нэфа і трансэпта завяршаюцца фігурнымі франтонамі. Галоўны фасад мае багатае плястычнае аздабленьне: пілястрамі, паўкалёнамі, гарызантальнымі падзеламі.
Інтэр’ер перакрываецца цыліндрычнымі скляпеньнямі з распалубкамі. Сфэрычны купал, разьмешчаны на перакрыжаваньні галоўнага нэфа і трансэпта, раскрываецца толькі ва ўнутраную прастору. У капліцы Сьвятой Барбары месьціцца драўляны разны алтар Зьвеставаньня Найсьвяцейшай Панны Марыі (каля 1643 году) — помнік дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва раньняга барока. Бакавыя часткі алтара маюць выгляд карынфскіх калянадаў, якія служаць кулісамі для 20 скульптураў. Без пазьнейшых перамалёвак захаваліся выдатныя фрэскавыя росьпісы.
Плябанія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Плябанія — 1-павярховы прастакутны ў пляне будынак, накрыты 2-схільным дахам. Кампазыцыя галоўнага фасаду сымэтрычная. Над цэнтральным уваходам узвышаецца мансандравы паверх, упрыгожаны ступенчатым атыкам[4].
Кляштарны корпус
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Кляштарны корпус — 2-павярховы П-падобны ў пляне будынак, які далучаўся да касьцёла.
Галерэя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Гістарычная графіка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]-
Кляштар, зь піктаграфічнай мапы XVIII ст.
-
Абмеры касьцёла і кляштару, XIX ст.
-
Абмеры плябаніі, XIX ст.
-
Касьцёл, 1938 г.
Гістарычныя здымкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]-
1911 г.
-
1911 г.
-
1929 г.
-
1930 г.
-
1929 г.
-
да 1930-я гг.
-
1929 г.
-
1930-я гг.
-
1929 г.
-
да 1939 г.
-
да 1939 г.
-
да 1939 г.
Сучасныя здымкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]-
Агульны выгляд
-
З боку апсыды, 2010 г.
-
Уваход
-
Інтэр’ер, 2010 г.
-
Галоўны алтар
-
Алтар у капліцы Сьвятой Барбары
-
Арган
-
Амбон
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Ярашэвіч А. Будслаўскі кляштар бернардзінцаў // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 353.
- ^ Лапато І. Пешшу. Пад дажджом. Да Маці Божай // Зьвязда : газэта. — 5 ліпеня 2011. — № 124 (26988). — С. 8. — ISSN 1990-763x.
- ^ Біскуп Велікаселец просіць усіх людзей добрай волі дапамагчы ў аднаўленні Будслаўскай святыні (рэквізіты для ахвяраванняў), Catholic.by
- ^ Вецер Э., Ярашэвіч А. Будслаўскі касцёл бернардзінцаў // Архітэктура Беларусі. Энцыкл. — Менск, 1993. С. 95.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Менск: Беларус. энцыкл., 1993. — 620 с.: іл. ISBN 5-85700-078-5.
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — 684 с. — ISBN 985-11-0314-4
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр 611Г000422 |