Антоні Дулінец
Антоні Дулінец | |
Дата нараджэньня | 20 красавіка 1889 |
---|---|
Месца нараджэньня | |
Дата сьмерці | 21 лютага 1966 (76 гадоў) |
Месца сьмерці | |
Месца пахаваньня | |
Месца вучобы | |
Занятак | каталіцкі сьвятар |
Антоні Дулінец (20 красавіка 1889, в. Мосар — 21 лютага 1966, в. Будслаў) — беларускі каталіцкі сьвятар лацінскага абраду, удзельнік беларускага хрысьціянскага руху[1]. Быў знаёмы з многімі беларускімі дзеячамі. Сябраваў з Вацлавам Аношкам і Пятром Татарыновічам.
Сям’я
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Паходзіў зь сялянскай каталіцкай сям’і зь в. Мосар. Бацька — Ігнась, маці — Паўліна з Гарбоўскіх. Меў 8 братоў, палова з іх стала місіянэрамі.
Адукацыя і духоўная фармацыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Атрымаў гімназійную адукацыю ў 1917 годзе у Санкт-Пецярбургу. Там жа працаваў памочнікам бухгалтара ў вайсковым порце.
Вырашыў стаць ксяндзом пасьля таго, як у яго стукнула маланка і ён цудам выжыў.
У 1920—1924 навучаўся ў Менскай духоўнай каталіцкай сэмінарыі пасьля эвакуацыі яе ў Кельцы (Польшча). Пасьля чаго працягнуў багаслоўскае навучаньне ў Люблінскім каталіцкім унівэрсытэце (1924—1926).
Высьвячаны на каталіцкага сьвятара лацінскага абраду біскупам Пінскім Зыгмунтам Лазінскім 4 красавіка 1926.
Падчас навучаньня ў сэмінарыі зацікавіўся справай адраджэньня Уніі. У сэмінарыі навучаўся разам з Вацлавам Аношкам[2].
Душпастырская праца
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1926 прызначаны вікарыем касьцёлу Ўнебаўзяцьця НПМ у мяст. Браньск на Падляшшы. Аб гэтым прызначэньні Антонія і іншых ксяндзоў, сьвядомых беларусаў, пісалі як аб «ссылцы» за культурную працу сярод беларусаў-каталікоў[3].
У 1927 у віленскім касьцёле сьв. Мікалая адправіў Сьв. Імшу разам з кс. Шутовічам, кс. Станкевічам і кс. Цікотам у 9-я ўгодкі абвяшчэньня незалежнасьці Беларусі[4].
З 1929 году супрацоўнічаў зь Беларускім Каталіцкім Выдавецтвам. Пісаў для беларускіх рэлігійных выданьняў «Krynica» і «Chryścijanskaja Dumka»[5]. Ахвяраваў на беларускую дзейнасць.
З 1929 пробашч парафіі Марочна каля Пінску. Намаганьнямі кс. Антонія — шчырага і ідэйнага беларуса, працы парафіян і дапамогі аднаго праваслаўнага грамадзяніна — быў збудаваны мясцовы касьцёл[6][7]. На пасьвячэньне якога прыяжджаў кс. бп. Лазінскі і ягоны сябар — беларускі каталіцкі сьвятар Пётар Татарыновіч. Папа Піюс XI падараваў парафіі 3 званы, на якіх выгравіраваны Сьвяты Айцец[8]. Збіраліся сродкі на будаўніцтва званіцы.
Гаварыў казаньні па-беларуску. Заахвочваў вернікаў размаўляць роднай мовай. Распаўсюджваў беларускую культуру.
Удзельнік 1-й канфэрэнцыі, прысьвечанай царкоўнай уніі (23—24.4.1930, Пінск)[9].
З 27.7.1931 да пачатку 2-й сусьветнай вайны служыў пробашчам парафіі у парафіяльным касьцёле сьв. Яна Хрысьціцеля ў мяст. Гранне Бельска-Падляскага павету[10]. У 1932 г. гэты храм быў грунтоўна перабудаваны і папоўнены хорам кс. Дулінцам[11].
Хадзіў у пілігрымку ў Кальварыю[12].
У верасьні 1936 году кс. Антоні разам з а. Аношкам віншуюць кс. Татарыновіча зь юбілеем сьвятарства ў Мядзьведзічах. Там жа ён гаворыць навуку па-польску, але так зразумела і ўсё з беларускага жыцьця[13].
З 1940 па 1949 гг. пробашч касьцёла Апекі НПМ Ружанцовай у в. Сігневічах Пружанскага дэканату.
Пасьля вызваленьня зь лягеру ў 1954—1966 быў пробашчам у в. Будславе.
Дзейнасьць у час вайны
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Падчас 2-й сусьветнай вайны садзейнічаў беларусізацыі Касьцёлу. Уваходзіў у сьпіс 45 каталіцкіх сьвятароў на беларускіх паслугах, падрыхтаваны выведкай Арміі Краёвай у Менску (жнівень — верасень 1942 г.).
Паваенны лёс
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Арыштаваны ў лютым 1949 у Сігневічах. Асуджаны да 25 гадоў ППЛ. Этапаваны ў адзін з лягераў ГУЛЯГу каля Кемерава. Атрымаў кілу. Прабыў нейкі час у лагеры з Фабіянам Ярэмічам[14]. Вызвалены ў 1954 і летам зарэгістраваны пробашчам парафіі Унебаўзяцьця НПМ у мяст. Будславе Вялейскага дэканату.
Падчас ягонага служэньня праводзіўся Будслаўскі фэст[15] і была знойдзена былая бэрнардынская бібліятэка ў адной зь вежаў будслаўскага касьцёлу[16]. Таксама ў касьцёле гучаў арган, працаваў вежавы гадзіньнік.
Неаднаразова падвяргаўся нападкам у камуністычных газэтах.
Анеля Катковіч у сваіх успамінах «Разьвітаньне з Будславам» піша:
«Адведваў нас у Будславе кс. Антон Дулінец, які таксама доўгія гады быў на Сібіры й вярнуўся з „раю“ амаль што разам з намі. Ён знаў амаль усіх ксяндзоў-беларусаў і сам быў беларусам. Казаньні ў касьцеле гаварыў па-польску, але ўводзячы цэлыя беларускія сказы. Ужо ён не жыве, памёр па дарозе з плябані ў касьцёл. Упаў і больш не падняўся.»
На ягоным пахаваньні было шмат парафіян. Пахаваны на могілках у Будславе, каля капліцы. У Будславе нават праз паўстагодзьдзя з пашанай узгадваюць ягонае імя.
Фотаздымкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]-
Кс. Дулінец, Будслаў
-
Будслаў. Сьвята.
-
Часопіс „Шлях Моладзі“ №7—8, 1936 г. 21 ст.
-
Кс. Дулінец з моладзю
-
У цэнтры кс. Дулінец побач з кс. Станкевічам.
-
Кс. Дулінец у Будславе.
-
Фота перад плябаніяй у Будславе
-
Званы, падараваныя парафіі Марочна Папам Піюсам ХІ
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Рэпрэсаваныя каталіцкія духоўныя, кансэкраваныя і свецкія асобы Беларусі. 1917—1964 С. 161—162
- ^ Catalogus Ecclesiarum et Utriusque Cleri tam Saecularis quam Regularis Dioecesis Vladislaviensis seu Calissiensis pro Anno Domini 1921 С. 34
- ^ «Bielaruskaja Krynica» №26, 1926 г. С.6
- ^ «Bielaruskaja Krynica» №14, 1927 г. С.2
- ^ Małgorzata Moroz «KRYNICA» — Ideologia i przywódcy białoruskiego katolicyzmu", Беласток, 2001. С. 218
- ^ «Chryścijanskaja Dumka» №21-22, 1930 г. С.11
- ^ «Bielaruskaja Krynica» №31, 1930 г. С.4
- ^ Gazeta Świąteczna : wychodzi w Warszawie na każdą niedzielę. R. 51, 1931, nr 15 (2619) С. 3
- ^ Pamiętnik I-ej Konferencji Kapłańskiej w sprawie Unji [! Kościelnej w Pińsku (23-24 IV 1930 roku)]
- ^ Piński Przegląd Diecezjalny 1932 №1. S. 6
- ^ «Spis Kościołów i Duchowieństwa Diecezji Pińskiej w Rzeczypospolitej Polskiej 1933 i 1934» С. 44.
- ^ «Chryścijanskaja Dumka» №6,1936 г. С. 4.
- ^ «Chryścijanskaja Dumka» №9, 1936 г. С 11.
- ^ «ŹNIČ» №48 KASTRYCNIK-LISTAPAD 1958 г. С. 5.
- ^ Да новых перамог (Мядзел). — №41 (3012). — 4 красавіка 1964 г.
- ^ Да пытання пра бібліяграфічную рэканструкцыю будслаўскай бернардзінскай бібліятэкі — Лаўрык Ю. М. (Мінск)
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Леанід Маракоў «Рэпрэсаваныя каталіцкія духоўныя, кансэкраваныя і свецкія асобы Беларусі. 1917—1964» С. 161, 162, 500, 566, 593, 621, 638.
- Jerzy Garbinski, Jerzy Turonek «Bialoruski ruch chrzescijanski XX wieku: slownik biograficzno-bibliograficzny» С. 95-96.
- Roman Dzwonkowski SAC «Leksykon duchowieństwa polskiego represjonowanego w ZSRS 1939―1988» С. 207—208.