Берасьцейскі гандбольны клюб імя Мяшкова

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
БГК імя Мяшкова
BHK imia Miaškova.png

Поўная назва Берасьцейскі гандбольны клюб імя Мяшкова
Заснаваны 9 красавіка 2002
Месцазнаходжаньне БерасьцеБеларусь
Арэна УСК «Вікторыя»
Зьмяшчальнасьць: 3740
Спартовы дырэктар Павал Башкін
Галоўны трэнэр Рауль Алёнса
Чэмпіянат Першая ліга
2018—2019 1
Форма
Клюбныя колеры          
Камандныя колеры
Kit body.png
Камандныя колеры
Камандныя колеры
Kit shorts.png
Камандныя колеры


Хатняя
Камандныя колеры
Kit body.png
Камандныя колеры
Камандныя колеры
Kit shorts.png
Камандныя колеры


Выязная
Спасылкі
Афіцыйная бачына
Commons-logo.svg Галерэя здымкаў у Вікісховішчы

Берасьце́йскі гандбо́льны клюб імя́ Мяшко́ва — беларускі гандбольны клюб зь Берасьця, 11-разовы чэмпіён і 11-разовы ўладальнік Кубка Беларусі. Удзельнічае ў нацыянальным чэмпіянаце і міжнародных СЭГА-лізе і Балтыйскай лізе.

Гульні праводзіць у залі ўнівэрсальнага спартовага комплексу «Вікторыя» зьмяшчальнасьцю 3740 пасадачных месцаў[1].

Мінуўшчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Клюб створаны з ініцыятывы сыноў Анатоля Пятровіча Мяшкова[2], берасьцейскага гандбольнага трэнэра і энтузіяста, і атрымаў ягонае імя[3].

У дэбютным для сябе сэзоне беларускага чэмпіянату берасьцейскі клюб адразу склаў канкурэнцыю сталічным фаварытам «СКА» і «РЦАП-Аркатрон», фінішаваўшы на першым этапе на другім месцы з адставаньнем 1 пункт ад «Аркатрону» і стаўшы лідэрам у пяцёрцы мацнейшых на другім этапе. У фінале плэй-оф «БГК» саступіў «Аркатрону» толькі ў трэцім, дадатковым матчы[4]. У фінале Кубка Беларусі мацнейшым таксама апынуўся «Аркатрон». Капітан берасьцейскай каманды Ўладзімер Галушка быў прызнаны найлепшым гульцом чэмпіянату.

Па выніках сэзону клюб зьмяніў трэнэра і значна ўзмацніў склад украінскімі легіянэрамі і беларускімі гульцамі, якія вярнуліся з замежжа. У сэзоне 2003—2004 гадоў «БГК» перамог ва ўсіх гульнях, акрамя аднае, і стаў чэмпіёнам з 20-пунктавым адрывам ад другога месца, а таксама заваяваў кубак[5]. Найлепшым брамнікам чэмпіянату стаў Мікалай Гальмак, найлепшым абаронцам — Максім Няхайчык, найлепшым гульцом задняе лініі — Уладзімер Галушка. Як віцэ-чэмпіён клюб таксама выступаў у Кубку ЭГФ, дзе дайшоў да 1/8 фіналу.

У наступным сэзоне чэмпіянату «БГК імя Мяшкова» перамог ва ўсіх без выключэньня гульнях; як і ў папярэднім сэзоне, трэці этап не спатрэбіўся, паколькі адрыў ад другога месца склаў 14 пунктаў[6]. У Кубку Беларусі клюб таксама ня меў канкурэнтаў, перамогшы ва ўсіх трох гульнях. Мікалай Зянько[a] стаў найлепшым брамнікам чэмпіянату, Максім Няхайчык — абаронцам, Міхаіл Усачоў — гульцом задняе лініі. У гэтым сэзоне берасьцейскі клюб дэбютаваў у Лізе чэмпіёнаў, дзе ў групавым этапе з адной перамогай фінішаваў на апошнім месцы пасьля расейскага клюбу «Чэхаўскія мядзьведзі», дацкага «Гудмэ» і славенскага «Гарэнье»[7].

У чэмпіянаце Беларусі 2005—2006 гадоў «БГК» ізноў стаў найлепшым, саступіўшы толькі ў адной гульні з 23, а ў Кубку Беларусі саступілі менскаму «СКА»[8]. Упершыню ў беларускім чэмпіянаце ўзяў удзел і фарм-клюб БГК, складзены пераважна зь берасьцейскіх выхаванцаў. У Лізе чэмпіёнаў БГК зноў перамог аднойчы і скончыў групавы раўнд на апошнім месцы пасьля нямецкага клюбу «Кіль», дацкага «Кольдынгу» і польскай «Віслы»[9].

XV чэмпіянат Беларусі прайшоў безь інтрыгі: берасьцейцы перамаглі ва ўсіх 28 матчах. Да таго ж фарм-клюб «ЦАР-БГК» заваяваў бронзавыя мэдалі. Абодва клюбы ўзялі ўдзел і ў фінальнай частцы розыгрышу Кубку Беларусі, дзе занялі адпаведна 1-е і 3-е месцы[10]. Гульцы фарм-клюбу Алег Рагозін і Канстанцін Курыленка сталі найлепшымі бамбардырамі чэмпіянату (233 і 181 мяч адпаведна). У студзені 2007 па стане здароўя расеец Анатоль Драчоў сышоў з пасады галоўнага трэнэра, і да кіраўніцтва камандай вярнуўся ранейшы трэнэр Уладзімер Саўко[11]. У групавым этапе Лігі чэмпіёнаў гэтым разам БГК саступіў ва ўсіх матчах гішпанскаму «Сьюдад Рэалу», вугорскаму «Пік Сэгеду» і швайцарскаму «Кадэтэн Шафгаўзэну»[12]. Дэбют у Балтыйскай лізе прынёс камандзе 2-е месца пасьля рыскага «АСК(sk)»[10].

Сэзон 2007—2008 клюб пачаў адразу з другога этапу і з новым трэнэрам, былым гульцом Юрыем Карпуком. Атрымаўшы ў 20 матчах 19 перамогаў, «БГК» стаў чэмпіёнам Беларусі 5-ы раз запар, а таксама чацьверты раз заваяваў Кубак[13]. У групе «H» Лігі чэмпіёнаў берасьцейцы з адной перамогай фінішавалі на апошнім месцы пасьля вугорскага клюбу «Пік Сэгеду», славенскага «Гарэнье» і басьнійскай «Босны»[14]. У Балтыйскай лізе берасьцейцы занялі першае месца на групавым этапе, а ў фінале саступілі эстонскай «Пылве».

БГК у матчы Лігі чэмпіёнаў (2014)

З наступнага году чэмпіянат Беларусі папоўніўся наваком — менскім «Дынама», які адразу ж стаў чэмпіёнам. БГК фінішаваў на другім месцы. У лютым на пасаду галоўнага трэнэра прыйшоў былы настаўнік расейскай «Зары Касьпію(ru)» Аляксей Пчалякоў[15]. Пад ягоным даводзтвам у фінале кубку берасьцейцы ўзялі рэванш над маладым супернікам, які ў наступных гадох стане іхным асноўным канкурэнтам на ўнутранай арэне[16]. Адным з найлепшых гульцоў чэмпіянату стаў левы паўсярэдні Канстанцін Курыленка. У гэтым сэзоне «БГК» ня здолеў прабіцца ў групавы этап ЛЧ, двойчы згуляўшы ўнічыю зь летувіскім «Гранітасам» ды саступіўшы па колькасьці закінутых мячоў у гасьцёх[17]. Пасьля гэтага берасьцейцы трапілі ў Кубак ЭГФ, дзе ў 1/16 фіналу саступілі па суме двух матчаў астраханскай «Зары Касьпію»[18]. У Балтыйскай лізе групавы этап берасьцейцы скончылі на другім месцы, але ў паўфінале саступілі эстонскім «Чокеліт Бойз(et)» і ў выніку занялі 3-е месца[16].

Першы этап чэмпіянату 2009—2010 гадоў «БГК» скончыў на першым месцы з адной паразай з 16 гульняў, але на другім двойчы саступіў «дынамаўцам» і заваяваў срэбныя мэдалі[19]. У фінале кубку па суме двух матчаў БГК таксама саступіў менскаму клюбу[20]. У гэтым сэзоне клюб дэбютаваў у эўрапейскім Кубку кубкаў, дзе ў першым раўндзе прайграў дацкаму «Хольстэбро(da)»[21].

Сэзон 2010—2011 гадоў берасьцейцы пачалі з новым трэнэрам летувісам Гінтарасам Савукінасам[22]. У групавым турніры «БГК» фінішаваў другім, аднак супэрфінальная сэрыя не праводзілася, паколькі разрыў ад «Дынама» склаў 8 пунктаў пры рэглямэнтаваных трох. У фінальнай стадыі розыгрышу Кубку Беларусі («фінал чатырох») «БГК» абыграў менскае «Дынама», а пасьля бязь цяжкасьцяў разабраўся з магілёўскім «Машэкам»[23]. Найлепшымі гульцамі чэмпіянату былі прызнаныя Віталь Чарапенька (брамнік), Раман Колесьнеў (левы скрайні), Юры Грамыка (лінейны). У другім раўндзе Кубку ЭГФ «Мяшкоў» саступіў македонскаму «Мэталюргу»[24].

У чэмпіянаце Беларусі 2011—2012 гадоў берасьцейцы чацьверты раз запар сталі другімі, а ў «фінале чатырох» Кубку зноў абыгралі «Дынама», ды саступілі «армейцам»[25]. Эўрапейскі сэзон стаў адным з самых пасьпяховых у гісторыі клюбу: у апошнім розыгрышы Кубка ўладальнікаў кубкаў[b] «БГК» дайшоў да ¼ фіналу[26], дзе саступіў гішпанскаму «Арагону»[27].

У сэзоне 2012—2013 гадоў упершыню ў гісторыю клюбу «БГК» апусьціўся ў выніковай табліцы чэмпіянату ніжэй за 2-е месца, заваяваўшы бронзавыя мэдалі. Цягам сэзону ў клюбе зьявіўся новы трэнэр — Міглюс Астраўскас, але ў сярэдзіне сакавіка ён быў адстаўлены[28]. У фінале кубку берасьцейцы саступілі адзін мяч менскаму «Дынама»[29]. У Кубку ЭГФ клюб прайшоў два раўнды і на апошняй перадгрупавой стадыі саступіў нямецкаму «Фрыш Аўф Гэпінгэну»[30]. У дэбютным сэзоне СЭГА-лігі «БГК» стаў пераможцам рэгулярнага чэмпіянату, а ў фінале чатырох заняў чацьвертае месца[29].

У сэзоне 2013—2014 гадоў «БГК імя Мяшкова», ачолены новым трэнэрам Жэлька Бабічам[28], пасьля пяцігадовага перапынку вярнуў сабе тытул чэмпіёна Беларусі. Здарылася гэта пасьля расфармаваньня з-за фінансавых цяжкасьцяў наймацнейшага беларускага клюбу «Дынама Менск», які і ў гэтым сэзоне лідзіраваў на першым этапе са 100%-ым вынікам[31]. Узмацніўшыся ягонымі былымі гульцамі Дзянісам Рутэнкам, Максімам Бабічавым і Дзьмітрыем Нікуленкавым, а таксама яшчэ адным лідэрам беларускай зборнай Сяргеем Шыловічам, берасьцейскі клюб, стаўшыся базавым клюбам зборнай[32], на другім этапе саступіў толькі ў адным матчы і ў фінальнай сэрыі адолеў «СКА»[33]. Берасьцейцы перамаглі і ў кубку Беларусі[34]. У Кубку ЭГФ клюб дайшоў да 3-га кваліфікацыйнага раўнду і саступіў там бэрлінскай «Фюксэ»[35], будучай бронзавай прызэрцы. Клюб таксама стаў срэбным прызэрам СЭГА-лігі[36].

У сэзоне 2014—2015 гадоў «БГК імя Мяшкова» ў восьмы раз здабыў кубак Беларусі, а ў фінальнай сэрыі чэмпіянату да дзьвюх перамог адолеў у трох матчах менскі «СКА». Трэцяя фінальная гульня стала для трэнэра Жэлька Бабіча 100-й у складзе берасьцейцаў[37], але пасьля гэтага чэмпіянату яго на пасадзе замяніў украінец Сяргей Бябешка. Найлепшым лінейным чэмпіянату стаў Максім Бабічаў, найлепшым правым паўсярэднім — Сяргей Шыловіч. У Лізе чэмпіёнаў БГК прабіўся праз кваліфікацыю ў групавы турнір, выступ у якім стаў найбольш пасьпяховым у гісторыі клюбу[37]: пятае месца з шасьцю пунктамі пасьля «Кілю», «ПСЖ», «Краацыі» і «Лягроньнё». Берасьцейцы зноў сталі срэбнымі прызэрамі СЭГА-лігі, саступіўшы дэбютанту турніру — вугорскаму «Вэспрэму».

У сэзоне 2015—2016 гадоў «БГК імя Мяшкова» пад кіраўніцтвам новага трэнэра Сяргея Бябешкі заваяваў дзявяты Кубак Беларусі і ў фінале чатырох — восьмы чэмпіёнскі тытул[38]. Найлепшым правым паўсярэднім чэмпіянату стаў Сяргей Шыловіч, найлепшым правым скрайнім — Максім Баранаў[39]. У Лізе чэмпіёнаў БГК пачынаў з групавога этапу, які скончыў на першым месцы[40], абышоўшы «Лягроньнё», «Порту», «Чэхаўскіх мядзьведзяў», «Ваяводзіну» і «Татран»[39], а пасьля абыграў у стыкавых матчах за выхад у 1/8 фіналу дацкі «Ск’ерн»[41]. Упершыню апынуўшыся сярод 16 наймацнейшых камандаў кантынэнту, берасьцейскі клюб саступіў будучаму чэмпіёну — польскім «Кельцам». У фінале чатырох СЭГА-лігі БГК яшчэ ў паўфінале сустрэўся з наймацнейшай камандай турніру «Вэспрэмам» і вёў на працягу ўсяго матчу, аднак саступіў у сэрыі пэнальці[42]; у матчы за 3-е месца саступіў адзін мяч харвацкаму «Загрэбу»[43].

Праз год БГК стаў дзесяціразовым уладальнікам Кубка Беларусі[44] і дзевяціразовым чэмпіёнам[45]. Адразу пяць гульцоў берасьцейскага клюбу: Іван Пэшыч, Андрэй Юрынок, Растка Стойкавіч, Дзяніс Рутэнка і Сяргей Шыловіч — увайшлі ў сымбалічную зборную чэмпіянату[44]. У Лізе чэмпіёнаў БГК выйшаў у плэй-оф зь 5 месца ў групе[46], аднак саступіў нямецкаму «Фленсбург-Гандэвіту». Фінал чатырох СЭГА-лігі, куды беларусы трапілі з 3-га месца табліцы[47], праходзіў у Берасьці[48]. БГК ізноў у паўфінале саступіў «Вэспрэму» ў сэрыі пэнальці і ўпершыню заваяваў бронзавыя мэдалі спаборніцтва ў матчы з тым жа «Загрэбам».

У сэзоне 2017—2018 гадоў «БГК імя Мяшкова» у дзясяты раз выйграў залатыя мэдалі чэмпіянату і Фінал чатырох Кубка Беларусі[49]. У Лігу чэмпіёнаў выйшаў у плэй-оф з 6-га месца ў групе, у СЭГА-лізе дайшоў да Фіналу чатырох.

У сэзоне 2018—2019 гадоў «БГК імя Мяшкова» у адзінаццаты раз выйграў залатыя мэдалі чэмпіянату[50]. Чацьверты раз запар выйшаў у плэй-оф Лігі чэмпіёнаў і заваяваў бронзавыя мэдалі СЭГА-лігі.

Дасягненьні[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нацыянальныя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Міжнародныя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • СЭГА-Ліга:
    • віцэ-чэмпіёны: 2014, 2015
    • бронзавыя прызэры: 2017, 2019

Заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ ранейшае прозьвішча — Гальмак
  2. ^ У наступным годзе турнір быў аб’яднаны з Кубкам ЭГФ.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Арена(рас.) Клуб. БГК імя Мяшкова. Праверана 8 верасьня 2014 г.
  2. ^ БГК им. А.П. Мешкова(рас.) Команда. БГК імя Мяшкова. Праверана 8 верасьня 2014 г.
  3. ^ История(рас.). БГК імя Мяшкова. Праверана 6 верасьня 2013 г.
  4. ^ 2002—2003(рас.) История. БГК імя Мяшкова. Праверана 8 верасьня 2014 г.
  5. ^ 2003—2004(рас.) История. БГК імя Мяшкова. Праверана 8 верасьня 2014 г.
  6. ^ 2004—2005(рас.) История. БГК імя Мяшкова. Праверана 8 верасьня 2014 г.
  7. ^ EHF Champions League 2004/05. Group matches(анг.) Velux EHF Champions League. EHFПраверана 8 верасьня 2014 г.
  8. ^ 2005—2006(рас.) История. БГК імя Мяшкова. Праверана 8 верасьня 2014 г.
  9. ^ EHF Champions League 2005/06. Group matches(анг.) Velux EHF Champions League. EHFПраверана 8 верасьня 2014 г.
  10. ^ а б 2006—2007(рас.) История. БГК імя Мяшкова. Праверана 20 студзеня 2018 г. Архіўная копія ад 8 чэрвеня 2018 г.
  11. ^ Гандбол. Владимир Савко вновь главный тренер БГК им. Мешкова(рас.). Прессбол (8 лютага 2007). Праверана 20 студзеня 2018 г.
  12. ^ EHF Champions League 2006/07. Group matches(анг.) Velux EHF Champions League. EHFПраверана 8 верасьня 2014 г.
  13. ^ 2007—2008(рас.) История. БГК імя Мяшкова (2 красавіка 2015). Праверана 20 студзеня 2018 г. Архіўная копія ад 11 чэрвеня 2017 г.
  14. ^ EHF Champions League 2007/08. Group matches(анг.) Velux EHF Champions League. EHFПраверана 8 верасьня 2014 г.
  15. ^ Гандбол. Алексей Пчеляков стал новым главным тренером БГК имени Мешкова(рас.). Прессбол (7 лютага 2009). Праверана 20 студзеня 2018 г.
  16. ^ а б 2008—2009(рас.) История. БГК імя Мяшкова (2 красавіка 2015). Праверана 20 студзеня 2018 г. Архіўная копія ад 11 чэрвеня 2017 г.
  17. ^ EHF Champions League 2007/08. Qualification round 1(анг.) Velux EHF Champions League. EHFПраверана 8 верасьня 2014 г.
  18. ^ 2008/09 Men’s EHF Cup. Round 3(анг.). EHFПраверана 8 верасьня 2014 г.
  19. ^ Пчеляков Алексей Викторович(рас.) Руководство клуба. Гандбольный клуб «Заря Каспия». Архіўная копія ад 8 чэрвеня 2017 г.
  20. ^ 2009—2010(рас.) История. БГК імя Мяшкова. Праверана 8 верасьня 2014 г.
  21. ^ 2009/10 Men’s Cup Winners’ Cup. Round 3(анг.). EHFПраверана 8 верасьня 2014 г.
  22. ^ Ляўчук, Алесь (9 жніўня 2010) Гандбол. Пчеляков ушел на победной волне(рас.) Спортивный Брест Праверана 20 студзеня 2018 г.
  23. ^ 2010—2011(рас.) История. БГК імя Мяшкова. Праверана 8 верасьня 2014 г.
  24. ^ 2010/11 Men’s EHF Cup. Round 2(анг.). EHFПраверана 8 верасьня 2014 г.
  25. ^ 2011—2012(рас.) История. БГК імя Мяшкова. Праверана 8 верасьня 2014 г.
  26. ^ EHF European Cup 2011/12 — Legs Overview(анг.) European Cup. EHFПраверана 8 верасьня 2014 г.
  27. ^ EHF European Cup 2011/12 — HC Meshkov Brest — Caja3 BM. Aragon(анг.) European Cup. EHFПраверана 8 верасьня 2014 г.
  28. ^ а б Со следующего сезона БГК возглавит хорват Желько Бабич(рас.) Спорт. Naviny.by (24 красавіка 2013). Праверана 20 студзеня 2018 г.
  29. ^ а б 2011—2012(рас.) История. БГК імя Мяшкова. Праверана 8 верасьня 2014 г.
  30. ^ 2012/13 Men’s EHF Cup. Round 3(анг.). EHFПраверана 8 верасьня 2014 г.
  31. ^ Беларускі гандбол карэктуецца пасьля сыходу менскага «Дынама». Беларускі партызан (28 лютага 2014). Праверана 8 верасьня 2014 г.
  32. ^ 17 мгновений сезона(рас.) Новости клуба. БГК імя Мяшкова (20 чэрвеня 2014). Праверана 8 верасьня 2014 г.
  33. ^ Сезон в цифрах. Часть 3. Чемпионат Беларуси(рас.) Новости клуба. БГК імя Мяшкова (12 чэрвеня 2014). Праверана 8 верасьня 2014 г.
  34. ^ И кубок — наш!(рас.) Турниры — Кубок РБ. БГК імя Мяшкова (29 траўня 2014). Праверана 8 верасьня 2014 г.
  35. ^ EHF European Cup 2013/14 — Rounds — Qualification Round 3(анг.) European Cup. EHFПраверана 8 верасьня 2014 г.
  36. ^ Сезон в цифрах. Часть 2: SEHA-лига(рас.) Новости клуба. БГК імя Мяшкова (10 чэрвеня 2014). Праверана 8 верасьня 2014 г.
  37. ^ а б 2014—2015(рас.) История. БГК імя Мяшкова. Праверана 7 верасьня 2015 г.
  38. ^ Восьмикратные!!!(рас.) Новости клуба. БГК імя Мяшкова (22 траўня 2016). Праверана 20 студзеня 2018 г.
  39. ^ а б 2015—2016(рас.) История. БГК імя Мяшкова. Праверана 20 студзеня 2018 г. Архіўная копія ад 9 ліпеня 2017 г.
  40. ^ Браво, Команда!(рас.) Новости клуба. БГК імя Мяшкова (5 сьнежня 2015). Праверана 7 ліпеня 2016 г.
  41. ^ БГК обыграл СКЬЕРН и вышел в 1/8 финала Лиги чемпионов!(рас.) Новости клуба. БГК імя Мяшкова (5 сакавіка 2016). Праверана 7 ліпеня 2016 г.
  42. ^ Не проиграли. Но финал без нас…(рас.) Новости клуба. БГК імя Мяшкова (1 красавіка 2016). Праверана 7 ліпеня 2016 г.
  43. ^ БГК — ЗАГРЕБ: 23:24 (14:13)(рас.) Новости клуба. БГК імя Мяшкова (3 красавіка 2016). Праверана 7 ліпеня 2016 г.
  44. ^ а б 2016—2017(рас.) История. БГК імя Мяшкова. Праверана 20 студзеня 2018 г. Архіўная копія ад 19 ліпеня 2017 г.
  45. ^ Девятикратные!(рас.) // БГК імя Мяшкова, 28 траўня 2017 г. Праверана 20 студзеня 2018 г.
  46. ^ БГК имени А.П. Мешкова – в плей-офф Лиги чемпионов!(рас.) // БГК імя Мяшкова, 19 лютага 2017 г. Праверана 20 студзеня 2018 г.
  47. ^ ЗАГРЕБ-БГК: 25:31 (14:17). Мешковцы - в Финале четырех SEHA-Газпром-Лиги!(рас.) // БГК імя Мяшкова, 16 сакавіка 2017 г. Праверана 20 студзеня 2018 г.
  48. ^ Финал четырёх SEHA-Газпром-Лиги — в Бресте!(рас.) // БГК імя Мяшкова, 20 сакавіка 2017 г. Праверана 20 студзеня 2018 г.
  49. ^ 2017—2018(рас.) История. БГК імя Мяшкова. Праверана 4 верасьня 2019 г.
  50. ^ 2018—2019(рас.) История. БГК імя Мяшкова. Праверана 4 верасьня 2019 г.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]