Кіль (гандбольны клюб)
| Кіль | |||
| Поўная назва | Turnverein Hassee-Winterbek Kiel | ||
|---|---|---|---|
| Мянушка(і) | зебры | ||
| Заснаваны | 1904 | ||
| Арэна | Шпаркасэн-Арэна Зьмяшчальнасьць: 10 250 | ||
| Галоўны трэнэр | |||
| Чэмпіянат | Бундэсьліга | ||
| 2025—2026 | 6 месца | ||
| Форма | |||
| Клюбныя колеры | |||
|
| |||
| Спасылкі | |||
| Афіцыйная бачына | |||
«Кіль» (па-нямецку: THW Kiel) — нямецкі гандбольны клюб з Кілю. Выступае ў нямецкай бундэсьлізе, 23-разовы чэмпіён краіны, лідэр па колькасьці тытулаў. Найбольш пасьпяховымі для клюбу сталі 2007 і 2012 рокі, калі «Кіль» дабіваўся трайнога посьпеху: перамогі ў нацыянальным чэмпіянаце, кубку і Лізе чэмпіёнаў. Да таго ж у 2012 «Кіль» выйграў абсалютна ва ўсіх матчах чэмпіянату, стаўшыся першым падобным нямецкім топ-клюбам, які дабіўся падобнага посьпеху.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць код]
Клюб быў заснаваны 4 лютага 1904 году як гімнастычнае таварыства[1]. Спачатку гэта быў выключна мужчынскі клюб, але з 1907 году да ягоных шэрагаў далучыліся і жанчыны. Пасьля таго, як пэтыцыя моладзі аб стварэньні футбольнага аддзяленьня ў складзе таварыства не была ўхваленая на сходзе сябраў клюбу ў 1923 годзе, яны пачалі шукаць альтэрнатывы і неўзабаве пачалі гуляць у гандбол. Паколькі клюбу бракавала ўласнай спартовай пляцоўкі, спачатку ён мог гуляць толькі ў гасьцях[2]. Гандбольнае аддзяленьне хутка расло паводле колькасьці сябраў, у выніку «Кіль» займеў найбуйнейшае гандбольнае аддзяленьне ва ўсёй Паўночнай Нямеччыне[3].
Першапачаткова каманда засяроджвалася на гандболе ў полі, толькі пазьней перайшоўшы да гандболу ў залі[1]. У сваім спартовым разьвіцьці «Кіль» спачатку пацярпеў дзьве няўдачы. Па-першае, клюб пакінулі шмат маладых гульцоў, што запатрабавала амаль поўнай перабудовы моладзевай сэкцыі. Па-другое, мужчынская каманда не была дапушчаная да створанай гандбольнай Гаўлігі-Нордмарк. Аднак мужчынская каманда здолела прабіцца ў найвышэйшы дывізіён ужо ў 1934 годзе[4]. Праз рэструктурызацыю клюбу, якую ачоліў, у прыватнасьці, Фрыц Вэстгайдэр, хутка адбыўся спартовы ўзыход «Кілю». Усяго празь некалькі месяцаў па заканчэньні вайны каманды «Кілю» зноў гулялі таварыскія матчы. Цягам першых двух пасьляваенных гадоў гандбольны дывізіён перажыў чарговы ўсплёск колькасьці сябраў, таму да 1947 году клюб ужо меў найбольшую колькасьць гандбольных камандаў у зонах акупацыі заходніх хаўрусьнікаў антыгітлераўскай кааліцыі[5].

Адкрыцьцё Остзээгале ў Кіле ў 1951 годзе дало ключавую пляцоўку для гульні ў залі і істотна павялічыла папулярнасьць гандболу ў рэгіёне. Не зважаючы на тое, што каманда з Кілю штогод з 1954 па 1957 гады была пераможцам чэмпіянату Паўночнай Нямеччыны, апярэджваючы сваіх супернікаў, і таму ўважалася за фаварыта на тытул, але не змагла кваліфікавацца ў фінал розыгрышах. «Кіль» заваяваў свой першы нацыянальны тытул у розыгрышы ў залі ў 1957 годзе[1]. У 1960 годзе «Кіль» заняў другі радок у чэмпіянаце, а затым у 1962 і 1963 гадах выйграў свой другі і трэці чэмпіянат Нямеччыны ў памяшканьні адпаведна. З утварэньнем адзінай Бундэсьлігі, каманда першы час змагалася за выжываньне, але ў 1980-я гады клюб ужо замацаваўся ў верхняй траціне турнірнай табліцы.
У 1990 годзе кіраўнік каманды Гайнц Якабсэн ажыцьцявіў, бадай, самы важны трансфэр у гісторыі клюбу, бо 26-гадовы чэмпіён сьвету, а пазьней і найлепшы гандбаліст сьвету швэд Магнус Вісьляндэр далучыўся да кільцаў з швэдзкага «Рэдбэргсьлідсу». Зь ім «Кіль» дакрочыў да плэй-оф сэзону 1990—1991 гадоў, але ў фінале зазнаў паразу ад «Гумэрсбаху». У наступным сэзоне 1991—1992 гадоў пазыцыі флянгавых нападнікаў занялі Мартын Шміт і Крыстыян Шэфлер, якія абодва заставаліся ў клюбе ажно да 2003 году. У 1992 годзе прафэсійная гандбольная каманда стала незалежнай юрыдычнай адзінкай[6]. У 1993 годзе галоўным трэнэрам каманды быў прызначаны Звонімір Сэрдарушыч. Пад ягоным кіраўніцтвам «Кіль» ператварыўся ў найбольш пасьпяховую гандбольную каманду краіны. За час працы Сэрдарушыча ў клюбе «Кіль» узяў адзінаццаць тытулаў чэмпіяна Нямеччыны. Найбольш значным момантам стаў сэзон 2007 году, у якім «Кіль» адзначыў гістарычны трэбл, выйграўшы Лігу чэмпіёнаў, Кубак Нямеччыны і чэмпіянат Нямеччыны. 26 чэрвеня 2008 году «Кіль» і Сэрдарушыч аб’явілі аб разыходжаньні. У лютым 2009 году супраць «Кілю» і Сэрдарушыча былі высунутыя сур’ёзныя абвінавачванні. Гэтак, трэнэр і кіраўнік клюбу Увэ Швэнкер былі абвінавачаныя ў подкупе судзьдзяў як мінімум у дзесяці матчах, у тым ліку ў фінале Лігі чэмпіёнаў 2007 году. «Кіль» адкідваў абвінавачваньні, якія перадусім высоўваліся кіраўніцтвам «Райн-Нэкар Лёвэнам»[7]. 26 студзеня 2012 году Сэрдарушыч і Швэнкер былі апраўданыя Кільскім рэгіянальным судом[8].
У 2008 годзе пасаду галоўнага трэнэра быў прызначаны Альфрэд Гісьлясан. У тым сэзоне «Кіль» стаў чэмпіёнам Нямеччыны, усталяваўшы новы рэкорд, бо страціў цягам сэзону ўсяго тры пункты. У Лізе чэмпіёнаў клюб перамог ува ўсіх шасьці матчаў першага групавога этапу. «Кіль» таксама траюмфаваў у другім групавым этапе, апярэдзіўшы «Сьюдад-Рэал» і «Барсэлёну». У чвэрцьфінале нямецкі клюб выбіў харвацкі «Заграб», а ў паўфінале выгуляў «Райн-Нэкар Лёвэн». У фінале «Кіль» перагуляў «Сьюдад-Рэал» у першым матчы, але зазнаў цяжкую паразу ў матчы ў адказ, што дазволіла «Сьюдад-Рэалу» выйграць Лігу чэмпіёнаў. Клюб здолеў стаць пераможцам Лігі чэмпіёнаў у сэзоне 2009—2010 гадоў, выбіўшы ў паўфінале «Сьюдад-Рэал» і перагуляўшы ў фінале «Барсэлёне» зь лікам 36:34. У сэзоне 2011—2012 гадоў «Кіль» у восьмы раз узяў Кубак Нямеччыны. Каманда таксама зноў перамагла ў Лізе чэмпіёнаў, а выступ у Бундэсьлізе стаў самым пасьпяховым у гісторыі клюбу, бо «Кіль» сьвяткаваў перамогу ўва ўсіх сваіх матчах, стаўшы першай камандай у гісторыі гандбольнай Бундэсьлігі, якая завяршыла сэзон бяз страты пунктаў[9][10].
Дасягненьні
[рэдагаваць | рэдагаваць код]
- Чэмпіянат Нямеччыны: 23
- 1957, 1962, 1963, 1994, 1995, 1996, 1998, 1999, 2000, 2002,
- 2005, 2006, 2007, 2008, 2009, 2010, 2012, 2013, 2014, 2015,
- 2020, 2021, 2023
- Кубак Нямеччыны: 13
- 1998, 1999, 2000, 2007, 2008, 2009, 2011, 2012, 2013, 2017,
- 2019, 2022, 2025
- Супэркубак Нямеччыны: 13
- 1995, 1998, 2005, 2007, 2008, 2011, 2012, 2014, 2015, 2020
- 2021, 2022, 2023
- Фіналісты Лігі чэмпіёнаў ЭГФ: 4
- 2000, 2008, 2009, 2014
- Кубак ЭГФ: 4
- 1998, 2002, 2004, 2019
- Супэркубак ЭГФ: 1
- 2007
- Фіналісты Супэркубку ЭГФ: 1
- 2004
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- 1 2 3 Die Geburtsstunde des Handballs beim THW (1923-1945). Kiel Magazin (29.08.2025).
- ↑ Eggers 2008. С. 11—12.
- ↑ Eggers 2008. С. 23—24.
- ↑ Eggers 2008. С. 27—32.
- ↑ Eggers 2008. С. 52.
- ↑ Gestreift! 100 Jahre THW. THW Kiel Archiv (04.02.2004).
- ↑ Kiel soll bei mindestens zehn Spielen bestochen haben. Der Spiegel.
- ↑ Kieler Handballprozess: Zwei Freisprüche und viele offene Fragen. FAZ.
- ↑ 68:0! Der THW Kiel macht sich unsterblich. Kicker.
- ↑ Kiels Handballer schaffen die perfekte Saison. NDR.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Eggers, Erik Schwarz und Weiß: Die Geschichte des Rekordmeisters THW Kiel. — 1-е выд. — Bielefeld: Verlag Die Werkstatt GmbH, 2008. — 320 с. — ISBN 978-3895336195
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць код]
| |||||
| |||||
