Беларуская нумізматыка
Беларуская нумізматыка — тэрытарыяльная галіна нумізматыкі.
Пачаткі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Станаўленьню нумізматыкі як навукі папярэднічаў у гісторыі працяглы пэрыяд зьбіраньня манэт. На землях Беларусі захапленьне манэтамі пашырылася ў 2-й палове XVII стагодзьдзя.
Найперш гэта багатая манэтна-мэдальная калекцыя Радзівілаў у Нясьвіжы, якая існавала ў XVI—XVIII стагодзьдзях.
Мікалай Радзівіл Чорны (1515—1585) меў першую вядомую на землях Беларусі калекцыю манэт у Нясьвіжы. Значную калекцыю складалі скарбы, якія знаходзілі сяляне, апрацоўваючы яго зямлю. Для манэт адмыслова былі зроблены дзьве вялізныя шафы з шуфлядкамі. Усе манэты былі раскладзены па асобных ячэйках, абшытых аксамітам, раскладзеныя ў шуфлядках па краінах і па месту біцьця. У калекцыі пераважна былі манэты ВКЛ і Рэчы Паспалітай — дукаты, талеры, пенязі, шэлегі, арабскія, рымскія, галяндзкія і іншыя грашовыя знакі.
Мікалай Радзівіл Сіротка (1549—1616) працягнуў збор калекцыі. У наноў збудаваным замку ў Нясьвіжу Сіротка зьмясьціў нумізматычную калекцыю ў адмысловым пакоі.
У 1812 годзе, пасьля сыходу францускага войска, расейскія часткі захапілі ў Нясьвіжы сярод іншага 12 209 залатых і срэбраных манэт ды мэдалёў. Усе яны былі перададзены ў 1813 годзе Харкаўскаму ўнівэрсытэту, пры якім у 1807 годзе быў заснаваны музэй.
Крыху меншую, але таксама вялікую і славутую калекцыю старажытнасьцяў мелі Сапегі. Так званы «Сапежынскі збор» у Ружанах меў нумізматычную калекцыю. Потым той збор дзяліўся паміж спадкаемцамі, а асноўная частка перавезена ў Дзярэчын. Пасьля паўстаньня 1831 году калекцыю сканфіскавалі. Далейшы лёс яе невядомы.
Частка з «Сапежынскага збору» трапіла да Ганны Казіміраўны Сапега (па мужы Яблонская) (1728—1800). Тая, жывучы ў Сямяцічах на Гарадзеншчыне, стварыла «Кабінэт натуральнай гісторыі», дзе ў другой зале разам з вырабамі мастацтва была выстаўлена й нумізматычная калекцыя.
Вядома, што Альбэта Агінская (? — пам. 1767) у сваім маёнтку Лучай паміж Глыбокім і Паставамі зьбірала антыкварыят, плаціла сваім сялянам, калі яны знаходзілі ў зямлі старыя рэчы ці манэты.
Мікалай Румянцаў распачаў збор сваёй калекцыі ў пачатку 1820-х гадоў. У лісьце ад 7 лістапада 1821 году ён пісаў, што ў належачым яму Гомелі знайшлі збан са срэбнымі манэтамі Жыгімонта Вазы 1620-х гадоў. У 1822 годзе да калекцыі патрапіў скарб манэтаў Арабскага Халіфату IX—X стагодзьдзя, знойдзены таксама ў Гомелі. Напрыканцы таго самага году да Румянцава патрапіў скарб з-пад Магілёву, які зьмяшчаў арабскія манэты VIII—IX стагодзьдзяў. Тады ж Румянцаў набывае скарб з Трокаў і шукае зьвесткі пра скарб, адкапаны ў Віцебску. У 1825 годзе ўсходняе аддзяленьне Румянцаўскага збору налічвае 950 манэт. У 1828 годзе ў калекцыі 524 антычных грэчаскіх манэт. Па сьмерці Румянцава ў 1826 годзе яго калекцыя трапляе ў казённае ведамства (Санкт-Пецярбург) і ў 1831 годзе выстаўляецца для прагляду. У 1861 годзе калекцыя трапляе ў Маскву, дзе складае аснову Румянцаўскага музэю.
Буйным зьбіральнікам манэт у 1840—1860 гадах быў Яўстах Тышкевіч. Ён перадаў у створаны Віленскі музэй старажытнасьцяў 3072 манэты. Той музэй меў асобны аддзел, дзе выстаўляліся манэты і мэдалі, падзеленыя па дзяржавах. У 1858 годзе нумізматычны збор Віленскага музэю налічваў 3264 манэт (539 антычных, 283 усходніх, 426 расейскіх, 2016 літоўскіх, польскіх і заходнеэўрапейскіх). У 1879 годзе манэт было ўжо 4659 (319 Старажытнай Грэцыі, 160 старажытнарымскіх, 720 ўсходніх, 1318 расейскіх, 2142 літоўскіх, польскіх і заходнеўэрапейскіх) ды 1283 мэдаля.
Юзаф Сьлізень у сярэдзіне XIX стагодзьдзя ў сваім маёнтку Мсьціжы (Барысаўскі павет) сярод іншых старажытных рэчаў меў вялікі збор манэт.
Значную калекцыю манэт меў у 1880—1890-я і Марачэўскі (Вільня), уладальнік маёнтку Хожава Вілейскага павету. Напачатку XX стагодзьдзя — Брадоўскі (Вільня). У 1870—1890-я вельмі актыўна на Міншчыне пачаў зьбіраць манэты Генрых Татур — значная частка яго калекцыі патрапіла ў 1921 годзе ў Беларускі музэй у Вільні.
У той самы час на Міншчыне таксама вядомы вялікі збор Эмэрыка Чапскага, які выпускаў таксама і каталёгі манэт Рэчы Паспалітай. У 1894 годзе частка калекцыі была перавезена ў Кракаў, дзе склала аснову музэю імя Чапскага.
У 1880-х гадох распачаў працу ў Віцебску музэй Вацлава Федаровіча, дзе былі манэты, знойдзеныя ў Віцебскай, Менскай і Магілёўскай губэрнях.
Напрыканцы XIX стагодзьдзя рэгістрацыя і збор манэтных скарбаў паступова пераходзіць да музэяў, якія стварылі ў 1870—1880 гадах пры статыстычных камітэтах Віленскай, Менскай, Гарадзенскай, Віцебскай і Магілёўскай губэрнях. Багатыя німізматычныя калекцыі мелі Віцебскі царкоўна-археалягічны музэй, Менскі царкоўна-археалягічны музэй.
Нумізматыка ў БССР
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Міжваенны пэрыяд
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Ліхалецьце Першай сусьветнай вайны, рэвалюцыяў і перасоўваньне па беларускай зямлі розных акупацыйных войскай ня лепшцм чынам спрыяла захаваньню манэтных збораў, ня кажучы ўжо пра вывучэньне і новыя дасьледваньні.
Замежнае войска й проста злодзеі расьцягнулі большасьць збораў. Вядома, напрыклад, што ў 1920 годзе польскае войска вывезла зь Менску Беларускі абласны музэй разам з манэтным зборам.
У 1918 годзе Антон Брадоўскі падараваў частку сваёй калекцыі (4,5 тыс. манэт і мэдалёў) Віцебскаму губэрнскаму музэю.
Пасьля падзелу Беларусі й ўсталяваньня міру ў Заходняй Беларусі й БССР пачаўся падлік захаванага і аднаўленьне страчанага.
Найлепшыя зборы манэт ў Савецкай Беларусі ў міжваенны пэрыяд захоўвалі:
- Беларускі Дзяржаўны музэй у Менску (заснаваны 19 лістапада 1922 году на падставе калекцый менскага царкоўна-археалягічнага музэю, менскага гарадзкога музэю, музэяў з Горак, Амсьцілава і Чэрыкава. У 1927 годзе налічваў 14 тысяч манэт, зь якіх 11 тысяч са скарбаў, знойдзеных на землях Беларусі)
- Віцебскі абласны краязнаўчы музэй (у лістападзе 1918 году меў перавезены Віленскі вайсковы збор)
- Гомельскі абласны краязнаўчы музэй (створаны ў 1919 годзе, з нацыяналізаваных прыватных збораў — аснова калекцыя Паскевічаў)
- Магілёўскі абласны краязнаўчы музэй (створаны ў 1919 на падставе былога Магілёўскага царкоўна-археалягічнага музэю і калекцыі беларускага этнографа Еўдакіма Раманавіча Раманава)
У Заходняй Беларусі:
- Гарадзенскі гісторыка-археалягічны музэй (заснаваны ў 1922 годзе на падставе калекцыі Юзафа Ядкоўскага. Працягваў працу пасьля ўваходу ў склад Беларусі й пасьля вайны)
- Віленскі беларускі музэй
Большасьць са збораў згаданых музэяў загінулі падчас Другой сусьветнай вайны ці былі назаўсёды перавезены ў музэі РСФСР.
Навуковыя нумізматычныя працы ў міжваенны пэрыяд у БССР былі распрацаваныя слаба. Першымі працамі па нумізматыцы лічацца два артыкулы, надрукаваныя у 1927 годзе дырэктарам Беларускага дзяржаўнага музэю Паўлам Харламповічам у Гісторыка-археалягічным зборніку. Адзін артыкул пра праскія грошы XIV—XV стагодзьдзя ў манэтных скарбах, другі — апісваў манэтныя скарбы на землях Беларусі.
Дасюль не надрукаваны нумізматычныя працы Н. Н. Шчакаціхіна. У Дзяржаўным Эрмітажы захоўваюцца два ягоныя рукапісы «Топография кладов с литовскими монетами на территории древнего Литовского государства» (1933—1934) і «Очерк истории литовской монеты 16—17 веков», першая частка (1932—1937). Вядома, што ў 1929 годзе Шчакаціхін падрыхтаваў да друку «Обзор монетных находок Белоруссии за 1926—1928 гг.» ды «Описание монетных находок на территории Минска». Аднак лёс тых прац невядомы.
У Заходняй Беларусі ў 1933 годзе Юзаф Ядкоўскі апісаў на польскай мове скарбы, знойдзеныя ў 1928—1930 гадох.
Пасьляваенны пэрыяд
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Нумізматычныя досьледы аднавіліся на Беларусі толькі ў 1960-я гады. Аднак мелі спарадычны характар. Першым сталым дасьледнікам і заснавальнікам сучаснай беларускай нумізматыкі стаўся Валянцін Рабцэвіч. Дзякуючы яму і на падставе яго ўласнай калекцыі ў БДУ быў заснаваны нумізматычны кабінэт.
Сучасны стан
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Пасьля абвяшчэньня незалежнасьці Беларусі ў 1991 годзе грамадзтва пачало праяўляць зацікаўленасьць да беларускай нумізматыкі, як, зрэшты, і да ўсёй гісторыі Беларусі. У СМІ і гістарычных выданьнях пачалі зьяўляцца артыкулы пра грошы ВКЛ. Выдаюцца значныя працы: энцыкляпэдыя «Археалёгія і нумізматыка Беларусі» ў 1993 годзе, значная праца Валянціна Рабцэвіча «Нумизматика Беларуси» зьяўляецца ў 1995 годзе.
Пасьля на нейкі прамежак часу надыходзіць зацішша. І толькі на пачатку XXI стагодзьдзя адбываецца ўздым беларускай нумізматыкі. У «Банкаўскім весьніку» рэгулярна друкуюцца артыкулы, прысьвечаныя манэтам ВКЛ. У 2005 годзе выходзіць першы каталёг-цэньнік «Монеты Великого княжества Литовского, 1492—1707», праз два гады пабачылі сьвет дзьве кнігі на беларускай мове: навукова-папулярная «Манеты беларускай даўніны» Дзьмітрыя Гулецкага і даведнік «Манеты Беларусі да 1707 года» Дзьмітрыя Гулецкага, Аляксандра Грамыкі, Аляксандра Крываручкі. Матэрыялы па нумізматыцы друкуюцца ў энцыкляпэдыі «Вялікае Княства Літоўскае». У Беларусі адбываюцца міжнародныя нумізматычныя канфэрэнцыі. У 2008 годзе выходзіць на прыватную ініцыятыву беларускіх калекцыянэраў кніга «Калекцыйная спадчына Вялікага княства», дзе найбольш друкуецца матэрыялаў па нумізматыцы.
Глядзіце таксама
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Археалогія і нумізматыка Беларусі: Энцыклапедыя. — Менск: БелЭн, 1993. — 702 с.: іл. ISBN 5-85700-077-7.
- Дзьмітры Гулецкі, Аляксандр Грамыка, Аляксандр Крываручка. Манеты Беларусі. да 1707 года: даведнік. — Менск: выд. І.П. Логвінаў, 2007.
- Дзьмітры Гулецкі. Манеты беларускай даўніны. — Менск: Беларусь, 2007.
- Генадзь Каханоўскі. Вытокі музейнай справы на Беларусі // Беларускі Гістарычны Часопіс №2-1994. С. 79—86
- Віктар Какарэка, Ільля Шталенкоў. Монеты Великого княжества Литовского, 1492—1707: каталёг. — Менск: УП «Экоперспектива», 2005.
- Валянцін Рабцэвіч. Нумизматика Беларуси. — Мінск: Полымя, 1995.
- Иван Синчук. Клады Беларуси: законодательство и практика. Минск : РУП «Минсктиппроект», 2003.
- Іван Сінчук. Беларуска-літоўская нумізматычная бібліяграфія 1950—2000. Мінск : ДУ «Нацыянальная бібліятэка Беларусі», 2017.
- Павал Харламповіч. Праскія грошы ў беларускіх манэтных скарбах // Гісторыка-археалягічны зборнік №1. — Менск, 1927.
- Павал Харламповіч. Манэтныя скарбы, знойдзеныя ў Беларусі // Гісторыка-археалягічны зборнік №1. — Менск, 1927.