Беларуская дуда

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Традыцыйная беларуская дуда лепельскага тыпу (2009 год)

Дуда́ — беларускі традыцыйны архаічны духавы музычны інструмэнт, які быў шырока распаўсюджаны па тэрыторыі Беларусі са старажытнасьці да 19 — пачатку 20 стагодзьдзя. Сёньня дударская традыцыя адноўлена й рушыцца наперад. У традыцыйнай культуры беларусаў дуда — касмалягічны, рытуальны, актыўны, мужчынскі інструмэнт.[1]

Назва й гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дудар беларускі (Віленская губэрня, Дзісенскі павет, пач. XX ст.)

Дуды пад рознымі назвамі вядомыя ў многіх народаў; напрыклад дудэльзак — у немцаў, гайта галега — у гішпаньцаў, хайлэндэр — у шатляндцаў.

На тэрыторыі Беларусі вядомыя толькі дзьве назвы гэтага інструмэнта:[1]

  • Дуда
  • Муцянка

Дуда на Беларусі й Літве вядомая з глыбокай старажытнасьці, і хоць гістарычныя сьведчаньні паказваюць час не раней за 14 стагодзьдзе, улучанасьць дуды ў надзвычай архаічныя касмалягічныя схемы дазваляе адсунуць час узьнікненьня дуды на нашых землях у самую раньнюю эпоху.[1]

Больш за ўсё інфармацыі і матэрыялаў захавалася пра лепельскую канструкцыю дуды (знакамітую лепельскую дуду можна пабачыць у лепельскім музэі) і канструкцыю дуды-мацянкі. Дудары сустракаюцца ў шматлікіх народных паданьнях, творах беларускіх аўтараў 19 і 20 стагодзьдзяў, такіх як Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, Адам Міцкевіч, Браніслаў Тарашкевіч і інш.

Да канца 19 ст. дуда была адным з асноўных інструмэнтаў народнага музычнага побыту беларусаў.

Сакральны сэнс[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дуда мела найвышэйшы сакральны статус як рэч, зробленая з ахвярнай жывёлы.

Дуда выкарыстоўвалася ў абрадах, зьвязаных з асноўнымі момантамі жыцьця чалавека. Абавязковым была прысутнасьць дудара на хрэсьбінах (рытуальнае нараджэньне), на вясельлі (рытуальнае пераўвасабленьне ў статус дарослага, сталага чалавека) і, магчыма, на пахаваньні (рытуале пераходу чалавека ў іншы сьвет). Пра сакральны статус інструмэнта сьведчаць касмаганічныя дударскія тэксты, у якіх у пэўных сымбалях апісваецца пабудова сьвету, як яе разумелі нашы прашчуры. І дуда, і дудар там прысутнічаюць і займаюць істотнае месца. Гэта ўнікальная зьява ў Эўропе, бо ні ў воднай традыцыі дуда так не міталягізаваная, як у Беларусі[2].

Гістарычныя сьведчаньні пра беларускую дуду[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Найранейшым гістарычным сьведчаньнем існаваньня дудаў на тэрыторыі Беларусі можна было б лічыць выяву дудара ў складзе скамарохаў з Радзівілаўскага летапісу 12 стагодзьдзя, які грае на безбурдоннай дудзе, кшталту польскай siersienki, тыпе дуды, пашыраным па ўсёй сярэднявечнай Эўропе — аднак згаданая мініятура ня можа быць цалкам імаверным сьведчаньнем праз адсутнасьць інфармацыі аб паходжаньні самога мастака (ён мог паходзіць і не зь Беларусі), адсутнасьць этнаграфічных фактаў пазьнейшых часоў.[1]

Літоўская этнакультуроляг Пране Дундулене (Prane Dunduliene), спасылаючыся на пісьмовыя крыніцы, сьцьвярджае, што дудамі й песьнямі народ сустракаў пераможныя войскі князя Альґерда ў 14—15 стагодзьдзях.[1] У 16—17 стагодзьдзях А. Бецэнбэрг пісаў пра літоўскія дуды, якія мясцовы люд называў дудрагіне (dudragine).[1]

Пісьмовыя крыніцы 15—16 стагодзьдзяў упершыню згадваюць музычны інструмэнт, які называецца дуда («Аповесьці пра трох каралёў-вешчуноў» у 15 стагодзьдзі й «Аповесьці пра Трыстана й Ізольду» 16 стагодзьдзя), у якіх мясцовыя перакладчыкі скарысталіся назвай дуда для перакладу на мясцовую мову назваў нейкіх музычных інструмэнтаў, што адпавядаюць этнаграфічным рэаліям Блізкага Ўсходу й Заходняй Эўропы, зь якімі перакладчыкі, хутчэй за ўсё, не былі знаёмы.[1]

У Слоўніку старажытнарускай мовы І. Сразьнеўскага дуда — знак крукавога пісьма, выява якога схематычна адпавядае тыпу аднабурдоннай дуды, накшталт польскай siersienki.[1]

Дакумэнты 17 стагодзьдзя (указ Віленскага сойму ад 1656 году) згадваюць: Люди людные, которые службы не мають, и теж медведъники, дудъники, скрипъки, трубачи и иншие в местех будучие музыки, и хто колвекъ не маючи певной службы...[1]

Ой, повесю я дуду на зялёному на дубу,
Ніхай дуда грае, да ніхай маці чуе,
Да ніхай маці чуе мне вячэру готуе,
Вячэру з галушкамі, посцельку с подушкамі.

Жніўная беларуская народная песьня з Палесься (в.Вялікая Гаць Івацэвіцкі раён)[3]

У тагачасных судовых кнігах — у актавай кнізе полацкага гродзкага суду — ...пан Бутько, выскочивши с пекарни свое зъ секирою, учинивши окрик, преречоного Алексанъдра Лешонъка обухом в руку левою понижей локтя подвакроть шкодливее ударыл... а другого Ивана Совостеенка, Дудара, тою жъ секирою в хрибет оберучъ ударилъ, и кгды тотъ преречоный Иванъ от него уходил, а пан Бутько оного догонить не мог, тою жъ секирою за ним кинул, и кгды бы долетела, снать бы его и на смерть забил...[1]

У актавай кнізе пінскага гродзкага суду ад 1699 году (скарга дудара на пінскага гандляра за тое, што ён зачараваў ягоную дуду) — ...na...Chwedora dowodzili, ze iest takowey ze nauki oycowskiey, ktory przed wielo ludzmi w miasteczku Janowie, pod czas iarmarku, graiacemu na dudzie dude zamovił, ze grac przestała, az go tamten prosił y na głos kazdo rzecz zamawia[1]

Адзінай даўняй ілюстрацыяй, дзе выяўлена дуда, між іншым, у якасьці вайсковага інструмэнта ў Вялікім Княстве Літоўскім у 16 стагодзьдзі, ёсьць малюнак Прускай хронікі, які паказвае ўезд караля Жыгімонта Аўгуста ў Данцыг (тып дуды, прадстаўлены на малюнку, верагодны для тутэйшай традыцыі, ён уяўляе сабой двухбурдонную дуду з бурдонамі, якія тырчаць угару і маюць рагаўні, жалейка, на жаль, заслоненая постацьцю каня).[1]

З 18 стагодзьдзя вядома пакуль адна фіксацыя дудаў, якая даецца ў тэксьце камэдыі 1787 году пад аўтарствам ксяндза К. Марашэўскага (легенда, падобная на камэдыю, была зафіксаваная на Браслаўшчыне ў больш позьнія часы недалёка ад кляштара ў Забэлах.[1]

Традыцыйная канструкцыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Склад традыцыйнай дуды:

  • Скураны мех (пузыр) — выкарыстоўваецца для ўтрыманьня пэўнага ціску, робяць са скуры казы, цяляці, барсука, сабакі
  • Маленькая драўляная трубка (соска) — выкарыстоўваецца для напаўненьня яго паветрам
  • Ігравая трубка (жалейка) — перабор з 7 адтулінамі для найгрышу мэлёдыяў
  • Бурдон (ці бурдоны) (рагаўні) — трубка (трубкі-гукі), якія маюць пішчык з адзінарным язычком з трысьцінкі ці гусінага (індычага) пяра

Для вырабу меха выкарыстоўваюць скуру казы, целяці, барсука, сабакі.[1] Для вырабу ўсіх драўляных трубак выкарыстоўваюць клён, ясень, вярбу.[1]

Тыпы беларускіх дудаў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Nuvola apps kview.svg Вонкавыя выявы
Searchtool.svg Тыпы беларускіх дудаў
Дуда-муцянка, сучасная рэканструкцыя
  • Асноўны, найбольш пашыраны тып на абшары былога Вялікага Княства Літоўскага (паводле матэрыялаў 19—20 стагодзьдзяў) — аднабурдонная дуда, арэал якой абмяжоўваецца Віцебшчынай, поўначчу Меншчыны й Гарадзеншчыны, захадам Смаленшчыны, Віленшчынай, а таксама Латгаліяй.

Гэты тып інструмэнту складаецца зь меху, скроенага са скуры казы, цяляці, барсука, сабакі ў форме, што нагадвае гусь з доўгай шыйкай, у якую сьпераду ўстаўленая мэлядычная трубка з рагаўнём (жалейка), ззаду ў мех замацавана бурдонная трубка з рагаўнём (гук), у верхняй частцы меху замацаваная трубка для ўдзіманьня паветра (сапель). Усе трубкі — драўляныя, стружаныя ці точаныя на кружале з клёну, ясеню, вярбы і ўстаўленыя альбо непасрэдна ў мех, альбо праз умацаваныя ў мех драўляныя перахаднікі вальцовай ці шарападобнай формы. Часта трубкі й рагаўні аздабляліся літым у дрэва алавяным, алюмініевым або накладным срэбным арнамэнтам, а таксама накладнымі колцамі зь медзі, алюмінію, жалеза. Пішчык звычайна рабіўся з чароту або з расшчэпленага гусінага ці йндычынага пяра.[1]

  • Дуда-муцянка (мацянка, мыцьянка)[4] (генэтычна зьвязаным з папярэднім тыпам), апісаная Е. Раманавым і М. Анімэле — у цэлым захоўвае такую ж самую канструкцыю, за выняткам таго, што замест аднаго бурдона ў тое самае месца разьмяшчаюцца тры, якія ня маюць рагаўнёў.

Гэты тып дудаў (паводле М. Анімэле) быў больш пашыраны ў асяродзьдзі беларусаў-каталікоў — а адзіны інструмэнт, які захаваўся да нашага часу, паходзіць з тэрыторыі Латгаліі (былы Люцынскі павет Віцебскай губэрні, зараз гэта Лудзэнскі раён, Латвія). Паводле Е. Раманава, даўжэйшы бурдон настройваецца ў актаву да ніжэйшага гука перабору, меншыя ж даюць квінту папярэдніх. Тып дзьвюхбурдоннай дуды вядомы ў шэрагу апісаньняў і ілюстрацыйных матэрыялаў і ўяўляе сабой крыху іншы тып канструкцыйнай пабудовы. Мех тут мае выгляд бурдзюка з тонкай шыйкай, куды мацуецца жалейка, але, у адрозьненьне ад папярэдняга тыпу, ня мае шыйкі ў задняй частцы для ўмацаваньня бурдонаў і ў цэлым нагадвае форму заходнеэўрапейскіх, галяндзкіх ці нямецкіх інструмэнтаў.

Бурдоны зьвісаюць долу й замацоўваюцца:

  • у адзін перахаднік, умацаваны ў дольнай частцы меху
  • з аднаго месца, крыху вышэй ад ніжняй часткі меху
  • у пярэднія ножкі жывёлы, бліжэй да жалейкі
  • па абодва бакі меху, трохі вышэй ад ягонай ніжняй часткі

Такая дуда трымаецца пераважна перад сабой. Існуюць варыянты такіх дудаў як з рагаўнямі, гэтак і бязь іх. У дудах, якія ня маюць рагаўнёў, канцы бурдонных і мэлядычных трубак маюць варонкападобныя пашырэньні.[1]

Лепельская дуда[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Найстарэйшая беларуская дуда ад 1877 году захоўваецца ў Лепельскім краязнаўчым музэі.

Унікальнасьць менавіта гэтай дуды — эстэтычнае аздабленьне (рагаўні, жалейка і бурдоны).

Лепельская дуда канструкцыйна мае — скураны мех, жалейку з рагаўнём (з 7-ю адтулінамі на жалейцы й 2-мя адтулянамі на рагаўні жалейцы), соску, адзін бурдон з рагаўнём.[5]

Дуда й сёньня добра грае.

Прынцып і манэра граньня[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Купальле ў беларускай вёсцы

Падчас граньня дудар трымаў дуду альбо гарызантальна пад пахай, альбо вэртыкальна перад сабой.

У час ігры дудар націскае левым локцем на мех, паветра паступае ў жалейку і бурдон (бурдоны) і прымушае вібрыраваць язычкі, што знаходзяцца ў сярэдзіне трубак — гэтае выклікае моцнае й рэзкае гучаньне.

На Беларусі вылучаецца дзьве манэры граньня:

  • закрытая манера (традыцыйная) 
  • адкрытая манера (агульнасярэднявечная)

Сучасны стан[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У XXI стагодзьдзі дударскі рух у Беларусі карыстаецца надзвычайнай папулярнасьцю, паступова зьяўляюцца новыя музычныя гурты, якія выкарыстоўваюць дуды ў сваёй творчасьці.

Некаторыя беларускія гурты, якія выкарыстоўваюць у сваёй творчасьці дуды (у тым ліку і замежнай традыцыі):

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б в г д е ё ж з і к л м н о п р Літоўская дуда. Інструмэнт-міт // Тодар Кашкурэвіч // DRUVIS — Альманах Цэнтра Этнакасмалогіі KRYŬJA, №2, 2008
  2. ^ Беларускія архетыпы — дуда // Размова Анатоля Мяльгуя з Тодарам Кашкурэвічам — Kryuja centar etnakasmalogiji, 2008.
  3. ^ Беларуская народная песьня Ой, повешу я дуду, soundcloud.com.
  4. ^ Ліцвінская дуда Мацянка, belduda.com
  5. ^ Старыя інструмэнты Беларусі // Дакумэнтальная кінастужка. — ТАА «Реплимастер», Расейская Федэрацыя. — 2007.
  6. ^ Афіцыйная старонка гурту Irdorath.
  7. ^ Афіцыйная старонка гурту Litvintroll.
  8. ^ Афіцыйная старонка гурту Osimira.
  9. ^ Афіцыйная старонка гурту Testamentum Terrae.
  10. ^ Афіцыйная старонка гурту PAWA.
  11. ^ Афіцыйная старонка гурту Znich.
  12. ^ Афіцыйная старонка гурту Ветах.
  13. ^ Афіцыйная старонка гурту Кашлаты Вох.
  14. ^ Афіцыйная старонка гурту Стары Ольса.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]