Ветах (гурт)
Ветах | |
Гады | 1997 — нашы дні |
---|---|
Месца ўтварэньня | Беларусь |
Мова | беларуская |
Жанр | пост-фольк |
Выдавец | ЗАПТ Трыкветра |
vietah.narod.ru |
Ве́тах — беларускі гурт дударскай музыкі, утвораны Вячаславам Калацэем у 1997 годзе. Ветах — традыцыйная назва Месяца ў трэцяй квадры.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Адпачатку «Ветах» мае ўласную сьпеўную дзіцячую групу-спадарожнік і супрацоўнічае са сьпеўна-харэаграфічным гуртом «Верас» Тацяны Пладуновай. Апошнім часам выхаванцы абодвух гуртоў усё больш актыўна дапамагаюць заснавальнікам «Ветаху» і зьяўляюцца хутчэй іх калегамі, чым вучнямі па фальклёрным руху. Ад стварэньня рэпэртуар гурта — каляндарныя і працоўныя песьні, дударская і смыковая музыка, гульні, абрады і танцы паўночнай, заходняй і цэнтральнай Беларусі. Іх пераймаюць як з фанаграм і відэазапісаў аўтэнтычных вясковых выканаўцаў, так і выяжджаючы ў фальклёрныя экспэдыцыі. Стылістычна вынік творчай дзейнасьці гурта — т. зв. «пост-фальклёр», другасныя формы каранёвай руральнай культуры, якія існуюць ва ўмовах гораду. Гурт рэгулярна выяжджае зь Менску, дзе са старэйшымі носьбітамі традыцыі і аднагодкамі-жыхарамі мясцовых вёсак спраўляе каляндарныя абрады. Ім абавязкова адзначаюцца сьвяты «Сонечнага крыжа» (Вялікдзень, Купальле, Дзяды, Каляды). З 2001 году тры-чатыры разы ў сэзон (напярэдадні асноўных фальклёрных сьвят) «Ветах» дае вялікі канцэрт-вечарыну з танцавальнай дударскай музыкай у менскіх клюбах (гэтая зьява вядома як «Музычная вандроўка па Крывіі без баяна»). Публіка, што зьбіраецца на вечарыну, мае магчымасьць вывучыць народныя гульні і танцы Беларусі, узяць удзел у выкананьні старажытных рытуальных песень.
Музычныя інструмэнты
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Для акампанэмэнту ўдзельнікі гурту выкарыстоўваюць: акарыну (керамічны аэрафон), флейту, скрыпку, гусьлі (майстры Вадзім Пархімовіч, Алесь Жукоўскі), дуду (майстaр Віктар Кульпін), розныя віды ўдарных. Гурт «Ветах» неаднаразова ўдзельнічаў у этэрах радыёклюбу «Фальклор» на Радыё-1 Беларусі, выступаў на розных канцэртных пляцоўках Беларусі, Эстоніі, Летувы, Латвіі, Польшчы, Нямеччыны, Бэльгіі і Францыі з такімі выканаўцамі, як Laiksne, Ліцьвіны, Госьціца, Натальля Матыліцкая, Guda, Kuokle, Musica Radicum, Reketukas, Meguva, Cerulites, Kapela dudarska «Manugi», Kapela Dudziarzy Wielkopolskich.
Дыскаграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- «Тэмпаральнасць» (CD, травень 1999)
- «Страла» (CD, чэрвень 2004)
- «Vietah Live on DVD» (DVD, ліпень 2006)
- «Vietah in an Acid Childhood» (CD, сьнежань 2007)
- «Дуды Юр’я зімовага» (DVD, люты 2008)
- «Сонца — на лета, зіма — на мароз!» (DVD, травень 2010)