Перайсьці да зьместу

Баскетбол

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Баскетбаліст»)
Сучасны баскетбольны мяч.

Баскетбо́л (па-ангельску: basket — кошык, па-ангельску: ball — мяч) — гульня, якая была распрацавана амэрыканскім выкладчыкам Джэймзам Нэйсьмітам 21 сьнежня 1891 году. У гульні прымаюць удзел дзьве каманды, на полі адначасова знаходзяцца па 5 чалавек з кожнай каманды. Задача каманды — закінуць мяч у кошык суперніка[1].

Баскетбол ёсьць адзін з найпапулярнейшых відаў спорту[2], але найбольшае разьвіцьцё гульня атрымала ў ЗША, дзе быў арганізаваны адзін з наймацнейшых баскетбольных чэмпіянатаў — чэмпіянат Нацыянальнай баскетбольнай асацыяцыі (НБА). Баскетбол уваходзіць у праграму Алімпійскіх гульняў з 1936 году. Рэгулярныя чэмпіянаты сьвету па баскетболе сярод мужчынаў праводзяцца з 1950 году, сярод жанчынаў — з 1953 году, а чэмпіянаты Эўропы — з 1935 году. У Эўропе праводзяцца таксама міжнародныя клюбныя спаборніцтвы, у прыватнасьці Эўраліга УЛЕБ, Кубак ФІБА, Кубак выкліку.

Вынаходнік гульні і ўкладальнік першых правілаў Джэймз Нэйсьміт.

Узімку 1891 году студэнты каледжа Моладзевай хрысьціянскай асацыяцыі з Спрынгфілду, штат Масачусэтс, проста зьнемагалі ад нуды на занятках фізычнага выхаваньня, змушаныя выконваць бясконцыя гімнастычныя практыкаваньні, якія лічыліся ў той час ледзь не адзіным сродкам прылучэньня моладзі да спорту. Аднастайнасьці такіх заняткаў неабходна было тэрмінова пакласьці канчатак, занесьці ў іх сьвежую брую, якая здольная была бы задаволіць спаборніцкія патрэбнасьці моцных і здаровых маладых людзей.

Выхад з тупіковага становішча знайшоў выкладчык каледжа Джэймз Нэйсьміт. У сьнежні 1891 году ён прывязаў два кошыкі з-пад пэрсікаў да парэнчаў балькона спартовай залі і, падзяліўшы васямнаццаць студэнтаў на дзьве каманды, прапанаваў ім гульню, сэнс якой зводзіўся да таго, каб закінуць большую колькасьць мячоў у кошык супернікаў.

Першая баскетбольная пляцоўка ў Спрынгфілдзе.

Цалкам прагматычна названая «баскетболам» (па-ангельску: basket — кошык, ball — мяч) гульня, вядома, толькі адаленна нагадвала тое фэерычнае відовішча, якое вядомае пад гэтым імем сёньня. Вядзеньня мяча не існавала, гульцы толькі перакідалі яго адзін аднаму, стоячы на месцы, і імкнуліся затым закінуць у кошык, прычым выключна аберуч зьнізу або ад грудзей, а пасьля ўдалага кідку адзін з гульцоў залазіў на прыстаўленую да сьцяны лесьвіцу і вымаў мяч з кошыка. З сучаснага погляду дзеяньні камандаў здаюцца млявымі і затарможанымі, аднак мэтай доктара Нэйсьміта было стварыць гульню менавіта калектыўную, у якую можна было бы залучыць адначасова вялікую колькасьць ўдзельнікаў.

Першыя мячы для гульні ў баскетбол мелі шнуроўку.

Першыя мячы, якімі гулялі ў новую гульню, былі футбольнымі. Гэтыя футбольныя мячы ў той час мелі шнуроўку, каб захіліць адтуліну, празь якую ў мяч усталёўвалі надзіманую камэру[3]. Гэтыя шнуркі могуць выклікаць непрадказальныя адскокі, таму спачатку ў гульні бракавала дрыблінгу, і гульцы звычайна стоячы перакідвалі мяч адзін аднагу[4]. Зрэшты, у хуткім часе быў вынайдзены мэтад стварэньня мяча без шнуроўкі, і новы мяч быў ухвалены Нэйсьмітам. Першыя мячы, зробленыя адмыслова дзеля баскетболу, мелі карычневы колер, і толькі ў канцы 1950-х гадоў Тоні Гінкл, шукаючы мяч, які быў бы больш бачны для гульцоў і гледачоў, прадставіў аранжавы мяч, які шырока выкарыстоўваецца цяпер. Дрыблінг набыў распаўсюд у 1896 годзе, а ў 1898 годзе былі распрацаваныя і зацьверджаныя правілы падваенага вядзеньня[5].

Кожны раз, калі гулец закідваў мяч у кошык, ягоная каманда атрымлівала пункт, якія сумаваліся за час матчу. Каманда, якая здабывала найбольшую колькасьць пунктаў, перамагала ў матчы[6]. Першапачаткова кошыкі былі прыбітыя да бальконаў гульнявой пляцоўкі, але гэта апынулася непрактычным, бо гледачы на бальконе пачалі перашкаджаць кідкам. Кошыкі для пэрсікаў выкарыстоўвалі да 1906 году, калі іх канчаткова замянілі мэталічнымі абручамі з шчытом. Цяпер мячы самі спадалі з кошыка, а гледачы не заміналі гульні. Першая афіцыйная гульня была згуляная ў гімназіі YMCA ў Олбані штату Нью-Ёрк. Яна адбылася 20 студзеня 1892 году, у тым матчы бралі ўдзел дзевяць гульцоў. Матч скончылася зь лікам 1:0, а адзіны выніковы кідок быў зроблены з 7,6 мэтраў. Пляцоўка першай гульні памерам была роўная палове сучаснай пляцоўкі Нацыянальнай баскетбольнай асацыяцыі (НБА).

У той час у футбол гулялі 10 гульцоў у кожнай каманадзе, але потым колькасьць футбалістаў у дружыне павялічылі да 11. Калі зімовае надвор’е рабілася занадта марозным дзеля гульні ў футбол, каманды гулялі ў футбол у памяшканьне, таму было зручна падзяліць іх напалову. Менавіта з гэтага чыньніку колькасьць гульцоў у баскетбол была роўная 5 чалавек. У 1897—1898 гадах каманды зь пяцьцю баскетбалістамі былі вызнаныя за стандарт.

Прафэсійны баскетбол

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Баскетбольная пляцоўка.

Цягам 1920-х гадоў было створана шмат камандаў, якія паўставалі як у гарадах, гэтак і мястэчках ува ўсіх ЗША, але прафэсійная арганізацыі на той час бракавала. Гульцы зьмянялі каманды, а самы дружыны гулялі ў розных больш ці менш прыдатных залях. Ствараліся і зьнікалі лігі. Такія клюбы, як то «Арыджынал Сэлтыкс» ды дзьве каманды, якія складаліся з баскетбалістаў-мурынаў, «Нью-Ёрк Рэнэсанс Файв» і «Гарлем Глобтротэрз», ладзілі больш за двухсот матчаў на год, гастралюючы па краіне.

У 1946 годзе была створаная Баскетбольная асацыяцыя Амэрыкі (БАА). Першая гульня ў паўсталай лізе была згуляная 1 лістапада 1946 году ў канадзкім Таронта, дзе мясцовы клюб «Таронта Гаскіз» прымаў «Нью-Ёрк Нікербокерз». Праз тры сэзоны ў 1949 годзе БАА аб’ядналася з Нацыянальнай баскетбольнай лігай (НБЛ), утварыўшы Нацыянальную баскетбольную асацыяцыю (НБА). Да 1950-х гадоў баскетбол стаў адным з галоўных відаў спорту ў каледжах, што адкрыла шлях да росту цікавасьці да прафэсійнага баскетболу. У 1959 годзе ў Спрынгфілдзе, дзе адбылася першая гульня ў баскетбол, была закладзеная Заля баскетбольнай славы. Ейныя сьпісы ўлучаюць імёны выдатных гульцоў, трэнэраў, судзьдзяў і людзей, якія зрабілі важкі ўнёсак у разьвіцьцё гульні. У зале славы зьмешчаныя імёны людзей, якія дасягнулі многіх мэтаў у сваёй баскетбольнай кар’еры. У 1967 годзе паўстала іншая ліга Амэрыканская баскетбольная асацыяцыя (АБА), якая хутка набыла моц і нядоўга пагражала панаваньню НБА, але ў 1976 годзе ліга была ліквідаваная, а ейныя клюбы далучыліся да НБА. Сёньня НБА ёсьць галоўнай прафэсійнай баскетбольнай лігай у сьвеце з пункту гледжаньня папулярнасьці, заробкаў, таленту і ўзроўню канкурэнцыі.

Міжнародны баскетбол

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Матч Кубка сьвету 2014 году паміж зборнымі ЗША і Мэксыкі.

Міжнародная фэдэрацыя баскетбола, вядомая як ФІБА, была створаная ў 1932 годзе васьмю краінамі-заснавальніцамі, як то Аргентынай, Чэхаславаччынай, Грэцыяй, Італіяй, Латвіяй, Партугаліяй, Румыніяй і Швайцарыяй. У гэты час арганізацыя рэгулявала толькі турніры гульцоў-аматараў. Мужчынскі баскетбол упершыню быў уключаны ў летнія Алімпійскія гульні ў Бэрліне ў 1936 годзе, не зважаючы на тое, што выставачны турнір ладзіўся ў 1904 годзе. У першым алімпійскім фінале зборная ЗША перамагла зборную Канаду, а матч быў згуляны на адкрытым паветры. У Алімпійскіх гульнях ад самага пачатку звычайна дамінуюць ЗША, аднак колькі разоў баскетбалісты з амэрыканскага кантынэнту не давалі рады. Першы з такіх разоў адбыўся ў спрэчным фінальным матчы Алімпіяды ў Мюнхэне ў 1972 годзе, калі зборная СССР перамогла зборную ЗША, а сканчэньне гульні перагульвалася тройчы[7]. У 1950 годзе ў Аргентыне ладзіўся першы чэмпіянат сьвету па баскетболе сярод мужчынаў. Праз тры гады ў Чылі прайшоў першы чэмпіянат сьвету па баскетболе сярод жанчынаў.

Матч Эўралігі паміж ЦСКА і мадрыдзкім «Рэалам».

У 1989 годзе ФІБА ўпершыню дазволіла прафэсійным гульцам НБА браць удзел у Алімпіядзе. Да летніх Алімпійскіх гульняў 1992 году толькі эўрапейскія і паўднёваамэрыканскія каманды мелі права выстаўляць на Алімпійскія гульні прафэсіяналаў. Дамінаваньне зборнай ЗША працягнулася. На Алімпійскіх гульнях 2004 году ў Атэнах ЗША зьведалі сваю першую алімпійскую паразу з прафэсійнымі гульцамі ў складзе. На групавым этапе перамогу над амэрыканскімі баскетбалістамі атрымалі зборныя Пуэрта-Рыка і Летува, а ў паўфінале ЗША былі выбітыя зборнай Аргентыны. У выніку ЗША здабыла толькі бронзавы мэдаль, а залатыя мэдалі атрымала зборная Аргентыны, якая была мацней за зборную Італію.

Сусьветная папулярнасьць гэтага віду спорту адлюстроўваецца на прадстаўнікоў краінаў, які спаборнічалі ці спаборнічаюць у НБА. У амэрыканскай лізе гулялі спартоўцы з усіх шасьці населеных кантынэнтаў. Найлепшыя міжнародныя гульцы пачалі прыходзіць у НБА ў сярэдзіне 1990-х гадоў, у тым ліку харваты Дражан Пэтравіч і Тоні Кукач, сэрб Уладэ Дзівац, летувісы Арвідас Сабоніс і Шарунас Марчулёніс, нідэрляндзец Рык Сьмітс ды немцы Дэтлеф Шрэмпф і Дырк Навіцкі.

Баскетбольны шчыт з пазначэньнем часу на ім.

Правілы часта адрозьніваюцца ў залежнасьці ад турніраў і арганізацыяў, нават паміж ФІБА і НБА.

Налічэньне пунктаў

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Мэта гульні палягае ў тым, каб назьбіраць больш пунктаў, закідваючы мячы ў кошык свайго суперніка. Пасьпяховы кідок надае камандзе два пункты, але ёсьць магчымасьць зарабіць тры пункты, калі кідок быў зроблены па-за трохачковай дугі на адлегласьці ня менш за 6,75 мэтраў ад кошыка паводле правілаў ФІБА[8]. У той жа час у матчах НБА гэтая лінія месьціцца за 7,24 мэтраў ад кошыка[9]. Адзін пункт залічваецца пры кідку з штрафной лініі пасьля таго, як каманда атрымлівае права на такі кідок за зроблены супернікам фол. Пасьля таго, як каманда атрымлівае пункт з гульні альбо штрафнога кідка, гульня аднаўляецца ўкідваньнем, якое прызначаецца камандзе, у кошык якой заляцеў мяч.

Гульня падзяляецца на чатыры чвэрці, кожная зь якіх доўжыцца 10 хвілінаў у матчах ФІБА[10] або 12 хвілінаў у матчах НБА[11]. Матчы мужчынскага каледжавага баскетболу падзяляюцца на два 20-хвілінныя таймы[12], у той час жаночы каледжавы баскетбольны матч падзяляецца на чатыры 10-хвілінныя чвэрці[13]. Большасьць гульняў унівэрсытэцкіх спаборніцтваў у ЗША цягнуцца чатыры 8-хвілінныя чвэрці, аднак час адрозьніваецца паміж розных штатаў[14][15]. Таксама адрозьніваецца ў час перапынку ў розных пяршынствах. Авэртаймы доўжацца 5 хвілінаў[16][17]. Каманды абменьваюцца кошыкамі кожную на другую чвэрць. У баскетболе адлічваюць толькі чысты час, гэта значыць, калі мяч знаходзіцца па-за гульнёй, гадзіньнік спыняюць да аднаўленьня гульні. Такім чынам, матч звычайна займае значна больш часу, чым час адведзены на гульню, і складае блізу дзьвюх гадзінаў. Трэнэры маюць права на спыненьне гульні на некаторы час, што называецца таймаўтам. У гэты час трэнэр можа паразмаўляць з гульцамі, каб зьмяніць тактыку ці даць адпасыць спартоўцам. Такая паўза звычайна цягнецца хвіліну, але ў НБА працягласьць таймаўтаў роўная 100 сэкундам. Часам, калі гульня трансьлюецца ў этэры тэлевізіі, падчас матчу можа дадавацца рэклямны перапынак.

Толькі пяць гульцоў ад кожнай каманды могуць знаходзіцца на пляцоўцы адначасова[18][19][20][21]. Замены неабмежаваныя, але іх можна рабіць толькі ў час, калі гульня спыненая. Па-за пляцоўкай працуе трэнэр, які сочыць за разьвіцьцём гульні і тактыкай каманды, а таксама іншы пэрсанал, як то памочнікі трэнэра, мэнэджары, статыстыкі і лекары. Як мужчыны, гэтак і жанчыны звычайна гуляюць у стандартная формы, якая складаецца з шортаў і цішотак з выразна бачным унікальным для каманды нумарам, надрукаваным сьпераду і ззаду. Гульцы абуваюць высокія красоўкі, якія забясьпечваюць дадатковую падтрымку шчыкалатак. Звычайна на форме клюбаў друкуюцца назвы спонсараў, якія таксама могуць уключацца ў назовы клюбаў, але такое не практыкуецца ў Паўночнай Амэрыцы.

Баскетбольны шчыт.

Адзінае неабходнае абсталяваньне для баскетбольнай гульні — гэта мяч і пляцоўка, якая мусіць быць з пляскатай прамавугольнай паверхняй з усталяванымі кошыкамі з шчытамі на процілеглых канцах. Прафэсійныя спаборніцтвы звычайна патрабуюць выкарыстаньня дадатковага абсталяваньня, як то блянкі вынікаў, табло, гадзіньнікі валоданьнем мячом і сыстэмы гадзіньнікаў, якія кіруюцца сьвістком арбітраў.

Звычайная баскетбольная пляцоўка ў міжнародных гульнях мае памер у 28 мэтраў даўжынёй і 15 мэтраў шырынёй. У матчах, якія ладзіцца ў межах НБА і НАСС, выкарыстоўваецца пляцоўка крыху іншых памераў, як то 29 мэтраў на 15 мэтраў[22]. Большасьць пляцовак маюць драўляную падлогу, звычайна вырабленую з кляновых дошак[23]. У цэнтральным коле звычайна зьмяшчаюць назва ці лягатып каманды-гаспадара.

Кошык уяўляе сабой сталёвы вобад дыямэтрам 46 сантымэтраў з прымацаванай сеткай. Гэты вобад прымацаваны да шчыта памерам 1,8 на 1,1 мэтраў. Кожная такая канструкцыя мусіць быць усталяваня з двух бакоў пляцоўкі. Амаль ува ўсіх баскетбольных спаборніцтвах кошык усталяваны на вышыні 3,05 мэтраў над пляцоўкай, а таксама на 1,22 мэтраў углыб гульнявой зоны. Не зважаючы на тое, што памеры пляцоўкі і шчыта могуць адрозьнівацца ад заданых парамэтраў, важна, каб кошык быў ўсталяваны на слушнай вышыні, бо адхіленьне нават на некалькі цаляў, можа негатыўна паўплываць на трапнасьць кідкоў спартоўцаў. Сетка мусіць на імгненьне затрымліваць мяч па праходжаньні яго праз кошык, каб дапамагчы візуальна зацьвердзіць, што мяч напраўду прайшоў празь яго[24].

Рэглямэнтуецца таксама і памер баскетбольнага мяча. У мужчынскіх афіцыйных спаборніцтвах мяч мае акружыну ў 75 сантымэтраў, што лічыцца сёмым памерам. Вага рыштунку мае быць роўны 620 грамаў. У жаночых спаборніцтвах афіцыйны памер баскетбольнага мяча складае 72 сантымэтраў у акружыне ці шосты памер. Вага мусіць быць 570 грамаў.

Гулец ажыцьцяўляе вядзеньне мяча.

Мяч можна прасоўваць у бок кошыка шляхам кідка, перадачы партнэру па камандзе, вядзеньня, адбіваючы мяч аб падлогу падчас бегу. Мяч павінен знаходзіцца ў межах пляцоўкі, а каманда, гулец якой апошнім дакрануўся да мяча перад тым, як ён выйшаў па-за межы поля, губляе валоданьне мячом. Мяч лічыцца па-за межамі поля, калі ён закранае абмежавальную лінію альбо закранае любога гульца або прадмет, які знаходзіцца па-за межамі поля.

Існуюць абмежаваньні на колькасьць крокаў, якія гулец можа рабіць безь вядзеньня мяча, што звычайна прыводзіць да парушэньня, вядомага як прабежка. Таксама гулец ня можа спыніцца зь вядзеньнем, а потым яго ўзнавіць. У гэтым выпадку баскетбаліст мусіць зрабіць перадачу ці кінуць мяч у кошык, інакш судзьдзя спыніць гульню і перадасьць мяч супернікам. Гэтае парушэньне мае назоў падвоеннае вядзеньне. За час вядзеньня спартовец ня можа несьці мяч, паклаўшы мяч на руку. Гэтае парушэньне мае назву пранос мяча. Каманда, усталяваўшы кантроль над мячом у атакуючай частцы пляцоўкі, ня можа вярнуць мяч у абарончую зону. Парушэньне памянёных правілаў прыводзіць да страты валоданьня мячом, то бок мяч аддаецца супернікам. Мяч забаронена біць ані нагой, ані кулаком. Вынікам парушэньня гэтых правілаў ёсьць страта валоданьня для каманды, якая ў гэты момант нападае, калі ж гэтыя правілы парушаюць гульцы каманды, якая ладзіць абарону, у большасьць лігаў скідваецца гадзіньнік, які адлічвае час да абавязковага кідку.

Каманды маюць пэўныя абмежаваньні па часе. Гэтак у ФІБА і НБА атакуючая каманда мае толькі 24 сэкунды, каб падрыхтаваць кідок. Таксама каманда мае толькі 8 сэкундаў на тое, каб вывесьці мяч па-за сваёй паловы поля, калі падчас абароны яна завалодала мячом. У дадатак існуе правіла пяці сэкундаў, паводле якога гулец ня можа трымаць мяч у руках больш за пяць сэкундаў. У гэтым выпадку гулец, які знаходзіцца ў атацы, мусіць пачаць дрыблінг, зрабіць перадачу ці кідок. Таксама перад шчытам месьціцца трохсэкундная зона, якая абмежаваныя лінія штрафных кідкоў. Згодна з памянёным правілам гулец атакуючай каманды ня можа знаходзіцца ў гэтае зоне больш за тры сэкунды.

Арбітар сыгналізуе аб зьдзяйсьненьні фолу.

Спроба атрымаць перавагу над супернікам недазволеным чынам, часта праз пэўныя віды фізычнага кантакта, ёсьць парушэньнем правілаў і называецца асабістым фолам. Часьцей за ўсё яны робяцца абарончымі гульцамі, аднак часам фалы зьдзяйсьняюць нападнікі. Гульцы, на якіх быў зроблены фол, альбо атрымліваюць мяч, каб зноў увесьці яго ў гульню, альбо атрымліваюць адзін ці некалькі штрафных кідкоў, калі на іх зроблены фол падчас кідка, у залежнасьці ад таго, ці быў кідок пасьпяховым. Каманда атрымлівае адзін пункт за ўдалы штрафны кідок, які выконваецца зь лініі за 4,6 мэтраў ад кошыка. Судзьдзя нясе адказнасьць за ацэнку кожнага эпізоду, вырашаючы ёсьць кантакт па-за правіламі ці не, што часам прыводзіць да спрэчак. Прызначэньне фалоў у розных эпізодах можа адрозьнівацца ў залежнасьці ад матчу, лігі ці судзьдзі.

Існуе іншая катэгорыя фолаў, званых тэхнічнымі. Яны могуць быць спагнаныя за розныя парушэньні правілаў, у тым ліку за няслушны запіс гульца ў справаздачу або за неспартовыя паводзіны. Гэтыя парушэньні прыводзяць да аднаго або двух штрафных кідкоў, якія могуць быць выкананыя любым зь пяці гульцоў на пляцоўцы ў гэты час. Паўторныя інцыдэнты могуць прывесьці да дыскваліфікацыі. Грубы фол, які прадугледжвае празьмерны фізычны кантакт, можа траўмаваць суперніка, таму звычайна караецца выдаленьнем з пляцоўкі. Калі каманда перавышае пэўны ліміт камандных фолаў за пэўны пэрыяд, звычайна за чвэрць ці палову, камандзе суперніка прысуджаецца адзін ці два штрафныя кідкі за ўсе наступныя фалы, у тым ліку за якія не прадугледжваліся такія кідкі.

У той калі гулец робіць спробу кідка, і на ім робіцца фол, гулец атрымлівае права на штрафныя кідкі, у колькасьці патэнцыйных пунктаў, якія гулец мог бы зарабіць, калі кідок быў удалым. Калі ж падчас фолу гулец здолеў закінуць мяч у кошык, гулец атрымлівае толькі адзін кідок.

Тэхнікі і практыкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Баскетбольныя пазыцыі.

Не зважаючы на тое, што правілы не вызначаюць аніякіх пазыцыяў, яны зьявіліся наўпрост праз эвалюцыю гульні. У першыя гады баскетболу выкарыстоўваліся два абаронцы, два нападніка і адзіны цэнтральны гулец. У апошні час паўсталі пэўныя пазыцыі, але цяперашняя тэндэнцыя, якой трымаюцца многія найлепшыя трэнэры сьвету, у тым ліку Майк Кшыжэўскі, палягае на беспазыцыйным баскетболе, дзе вялікія гульцы могуць вольна кідаць з зоны трохпунктавых кідкоў і весьці мяч, калі гэта дазваляе іхняе майстэрства[25]. Звычайна вылучаюць наступныя існыя пазыцыі ў баскетболе:

  • Гульнёвы абаронца (часта званы як «1») звычайна самы хуткі гулец у камандзе, які арганізуе напад каманды, кантралюючы мяч і сочачы, каб ён трапляў патрэбнаму гульцу ў патрэбны час;
  • Атакавальны абаронца («2») робіць вялікую колькасьць кідкоў у нападзе, пераважна з далёкай дыстанцыі, а таксама ахоўвае найлепшага гульца суперніка ў сваёй абароне;
  • Лёгкі форвард («3») часта перадусім адказвае за набіраньне пунктаў праз адкрыцьцё і рух безь мяча агулам ды праходы з дрыблінгам, у абароне змагаецца за падборы і перахопы, але часам гуляе больш актыўна;
  • Цяжкі форвард («4») часта гуляе ў нападзе сьпінай да кошыка, у той час як у абароне гуляе пад кошыкам (у зоннай абароне) або супраць форварда суперніка;
  • Цэнтравы («5») выкарыстоўвае свой рост і памер, каб закінуць мяч у нападзе альбо абараніць кошык у абароне.

Паказаныя вышэй пазыцыі насамрэч гнуткія. Дзеля большасьці сучасных камандаў атакавальны абаронца і лёгкі форвард маюць вельмі падобныя абавязкі і іх часта называюць скрайнімі альбо флянгавымі, гэтак жа як цяжкія форварды і цэнтравыя часам маюць назву пазыцыйных гульцоў.

Існуюць дзьве асноўныя абарончыя стратэгіі, як то зонная абарона і пэрсанальная абарона. У зоннай абароне кожны гулец прызначаецца ахоўваць пэўную зону пляцоўкі. Пры такім тыпу гульцам не вымагае рабіць шмат рухаў, дзякуючы чаму можна захаваць больш моцы. Пры пэрсанальнай абароне кожны абарончы гулец замацаваны пры пэўным суперніку.

Атакуючыя дзеі больш разнастайныя ды звычайна ўлучаюць шэраг перадачы і рухаў гульцоў безь мяча. Важным элемэнтам зважаецца хуткае перамяшчэньне нападнікаў безь мяча з мэтай заняцьця больш зыскоўнай пазыцыі. Таксама часта прымяняецца гэтак званая заслона, якая дазваляе нападніку паводле правілаў абараніць таварыша па камандзе, устаўшы на шляху руху абаронцы чужой дружыны гэтак, каб таварыш па камандзе быў здольны прашчаміцца побач, унікнуўшы атакі суперніка. Спалучэньне гэтых двух элемэнтаў можна скарыстаць у камбінацыі пік-н-рол. Агулам памянёныя камбінацыі вельмі важныя ў нападніцкіх акцыях каманды, бо дазваляюць хутка перамяшчаць мяч сярод гульцоў ды ладзяць камандную працу, што можа прывесьці да пасьпяховага кідка ў кошык. Каманды амаль заўсёды трэнуюць некалькі камбінацыяў, каб зрабіць свае напады непрадказальнымі. Ужо на пляцоўцы ў кожным асобным нападзе звычайна гульнёвы адказны за ўказаньне таго, якая стратэгія будзе скарыстаная.

Гульчыха робіць кароткі кідок у скачку, у той час як ейная суперніца павалілася на падлогу.

Кідок у баскетболе — спроба зарабіць пункты для каманды шляхам закідваньня мяча ў кошык. Пры гэтым мэтады вар’ююцца ў залежнасьці ад гульца і сытуацыі.

Зазвычай, гулец стаіць тварам і целам павернутым да кошыка. Ён трымае мяч на кончыках пальцаў домінантнай рукі, ток бок той рукі, якая і кідае мяч, трымаючы яе крыху вышэй за галаву, а іншай рукой падтрымлівае мяч. Кідок звычайна робяць у скачку, але не заўсёды, выцягваючы домінантную руку. Прыдалоньне звычайна трымаецца нерухома скурчаным на імгненьне пасьля выкіду мяча. Бракуе агульнага погляду на ідэальную траекторыю кідка, але рэкамэндуецца кідаць спартовую прыладу паводле слушнай дугі. Гульцы могуць кідаць у кошык наўпрост або выкарыстоўваць шчыт, каб перанакіраваць мяч у кошык.

Мяч праходзіць праз кошык пасьля выніковага кідку.

Двума найбольш распаўсюджанымі тыпамі кідкоў ёсьць кідок зь месца і кідок у скачку. Абодвум тыпам папярэднічае прысяданьне, якое нагружае цягліцы і тым самым павялічвае моц кідку. Пры кідку зь месца бакетбаліст выпростваецца і кідае з становішча стоячы, жадная нага не адрываецца ад падлогі. Такі кідок звычайна выкарыстоўваецца дзеля штрафных кідкоў. Кідок у скачку выконваецца, калі спартовец знаходзіцца ў паветры, пры гэтым мяч выпускаецца толькі ў верхняй частцы скачка. Гэта забясьпечвае значна большую моц і далёкасьць, а таксама дазваляе гульцу ўзвысіцца па-над абаронцам. Калі мяч ня будзе кінуты альбо перададзены іншаму гульцу да таго, як ногі гульца даткнуцца падлогі, будзе зафіксаваная прабежка.

Іншы распаўсюджаны кідок называецца лэй-ап. Гэты кідок патрабуе, каб гулец рухаўся да кошыка і «паклаў» мяч у кошык, звычайна з адбіцьцём ад шчыта. Найбольш відовішчным кідком з высокім адсоткам дакладнасьці ёсьць слэм-данк, у якім гулец вельмі высока скача і «кладзе» мяч уніз у кошык, часам усчапіўшыся на ім. Іншы кідок, які сустракаецца радзей, бо ў тым ліку мае малую выніковасьць, — цыркавы кідок. Ён звычайна робіцца калі гулец страчвае раўнавагі, знаходзіцца ў паветры і вымушаны пазбавіцца мяча, або падае на падлогу. Кідок, у выніку якога мяч безвынікова не кранаецца нават кошыка і шчыта, называецца эйр-болам.

На красавік 2023 году ў Беларусі налічвалася 1971 баскетбольная пляцоўка[26].

  1. ^ Большой Энциклопедический словарь (БЭС; 1992; 2-е изд., 1998)
  2. ^ They think it's all over. The Guardian (2008-12-06)
  3. ^ «Leather Head Naismith Style Lace Up Basketball». The New York Times.
  4. ^ «Inflatable ball, Inventor: Frank Dieterle, Patent: US 1660378 A (1928)». Google.
  5. ^ Naismith, James (1941). «Basketball: its origin and development». New York: Association Press.
  6. ^ «James Naismith Biography». Naismith Museum.
  7. ^ Golden, Daniel (23.07.2012). «Three Seconds at 1972 Olympics Haunt U.S. Basketball». Bloomberg Business Week.
  8. ^ «Everything You Need to Know About Basketball Court Dimensions». Proformance Hoops.
  9. ^ «Official Rules of the National Basketball Association 2013—2014». NBA.
  10. ^ «FIBA Official Basketball Rules (2010)». Rule 4, Section 8.1. FIBA.
  11. ^ «NBA Official Rules (2009—2010)». Rule 5, Section II, a. Turner.
  12. ^ «2009—2011 Men’s & Women’s Basketball Rules». Rule 5, Section 6, Article 1. NCAA Publications.
  13. ^ «NCAA panel approves women’s basketball rules changes». ESPN.
  14. ^ Struckhoff, Mary, ed. (2009). «2009—2010 NFHS Basketball Rules». Indianapolis, Indiana: National Federation of High Schools. — С. 41. — Rule 5, Section 5, Article 1.
  15. ^ Stewart, Mark (25.06.2015). «Varsity basketball games will have two 18-minute halves next season». Journal Sentinel.
  16. ^ «NBA Official Rules (2009—2010)». Rule 5, Section II, b. Turner.
  17. ^ «FIBA Official Basketball Rules (2010)». Rule 4, Section 8.7. FIBA.
  18. ^ «FIBA Official Basketball Rules (2010)». Rule 3, Section 4.2.2. FIBA.
  19. ^ «NBA Official Rules (2009—2010)». Rule 3, Section I, a. Turner.
  20. ^ «2009–2011 Men’s & Women’s Basketball Rules». Rule 10, Section 2, Article 6. NCAA Publications.
  21. ^ Struckhoff, Mary, ed. (2009). «2009—2010 NFHS Basketball Rules». Indianapolis, Indiana: National Federation of High Schools. — С. 59. — Rule 10, Section 1, Article 6.
  22. ^ «Official Rules of the National Basketball Association 2013—2014». NBA.
  23. ^ Lynch, William. «What Are the Different Types of Basketball Court Surfaces?». Live Strong.
  24. ^ «Official Rules, RULE NO. 1: Court Dimensions — Equipment». NBA.
  25. ^ Marshall, John (1.11.2014). «Positionless basketball taking hold in college».
  26. ^ Надзея Нікалаева. Спорт ці масавая фізычная культура // Газэта «Зьвязда», 22 красавіка 2023 г. Праверана 26 красавіка 2023 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]