Атлянтычная група
Каардынаты: 45°48′7″ пн. ш. 15°58′30″ у. д. / 45.80194° пн. ш. 15.975° у. д.
«Атлянтычная група» | |
харв. Atlantic Grupa | |
Тып | акцыйнае таварыства |
---|---|
Лістынг на біржы | Заграб: ATGR |
Дэвіз | Ствараем водары, якія ўпадабаеце |
Заснаваная | 28 кастрычніка 1991 (33 гады таму)[1] |
Заснавальнікі | Эміль Тэдэскі |
Уласьнікі | Эміль Тэдэскі (50,2%), пэнсійныя фонды (35%) |
Краіна | Харватыя |
Разьмяшчэньне | Заграб |
Адрас | акруга Трнье, Мірамарская дарога, д. 23[2] |
Ключавыя фігуры | Эміль Тэдэскі (старшыня Ўправы)[3], Зоран Вучыніч (старшыня Назіральнай рады)[4] |
Галіна | харчовая прамысловасьць |
Прадукцыя | цукеркі, кава, газаваная вада, сок, сэндвіч і намазкі |
Абарачэньне | ▲987,082 млн эўра (2023 год) |
Апэрацыйны прыбытак | ▲44,68 млн эўра (2023 год) |
Чысты прыбытак | ▲31,22 млн эўра (2023 год)[5] |
Лік супрацоўнікаў | 5274 (2024 год)[6] |
Матчына кампанія | «Мыбэрг» |
Даччыныя кампаніі | «Цэдэвіта», «Штарк» (Сэрбія), «Дарагая Колінская» (Славенія) |
Аўдытар | «Эрнст і Янг» (Ангельшчына) |
«Атлянтычная група» — прыватнае харчовае прадпрыемства Харватыі, заснаванае ў кастрычніку 1991 году пад назвай «Атлянтычны гандаль».
На 2024 год вырабляла газаваную і мінэральную ваду, каву, слодычы і саленьні, намазкі, а таксама валодала сеткай аптэк. Мела ўласную сетку збыту ў Харватыі, Сэрбіі, Славеніі і Паўночнай Македоніі, а таксама ў Аўстрыі і Расеі[7]. Мела даччыныя прадпрыемствы і замежныя прадстаўніцтвы ў 8 краінах Эўропы. Пастаўляла харчаваньне ў 40 краінаў[8].
Будова
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На 2024 год «Атлянтычная група» мела даччыныя прадпрыемствы ў 8 краінах Эўропы.
- Харватыя. Наймалі 2039 супрацоўнікаў. У Заграбе працавалі 2 заводы «Цэдэвіта» і «Мантана», дзе выраблялі распушчальныя вітамінныя напоі, цукеркі і сэндвічы. У Апатаўцы (Капрыўніцка-Крыжэвацкая жупанія) дзейнічаў завод «Крыніцы Кальніка», дзе разьлівалі пітную ваду і газаваную ваду «Кокта». Уласныя таварні месьціліся ў Заграбе, Вараждзіне, Рыецы, Спліце і Осіеку. Таксама дзейнічала найбольшая ў краіне сетка аптэк «Фармацыя»[8].
- Сэрбія. Налічвалася 1968 працаўнікоў. У Бялградзе дзейнічалі даччыныя прадпрыемствы «Штарк»(sr) і «Гранд». Краёвае прадстаўніцтва месьцілася на Кумадраскай(sr) вуліцы, д. 249. У Бялградзе і Любовіі(sr) (Мачванская акруга) выраблялі ласункі і каву. Ваду «Карагеоргі», напоі «Кокта» і «Юпі» выпускалі ў Смэдэрэўскай Паланцы. У Ігрошы(sr) (Расынская акруга) выраблялі сокі. Галоўная таварня месьцілася ў Шыманаўцах(sr) (край Ваяводзіна), а іншыя — ў Новым Садзе, Чачку і Нішы.
- Славенія. Налічвалася 642 супрацоўнікі. У Любляне дзейнічала даччынае прадпрыемства «Дарагая Колінская», што месьцілася па Колінскай вуліцы, д. 1. Завод у Ізоле вырабляў намазкі і каву. У Рагашкай Слаціне (Савінскі край) разьлівалі пітную і газаваную ваду. Уласнымі таварнымі знакамі былі «Баркафэ», «Аргэта», «Кокта» і «Донат».
- Паўночня Македонія. Наймалі 266 працаўнікоў. У Скоп'і мясцовая «Дарагая Колінская» вырабляла каву і мела ўласную таварню.
- Босьнія і Герцагавіна. Працаваў 191 чалавек. Завод намазак «Аргэта» працаваў ў Доні Хаджычы, д. 138 (Сараеўскі кантон). Каву «Гранд» выраблялі Главічыцах(sr) (Рэспубліка Сэрбская) пад Біелінай[8].
Гандлёвыя прадстаўніцтвы працавалі ў Аўстрыі, Расеі і Чарнагорыі[8].
Збытавая сетка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На 2024 год «Атлянтычная група» мела 17 таварняў і звыш 1000 самаходаў, якімі спажывецкія тавары дастаўлялі больш як 70 000 крамаў. Гэта рабіла прадпрыемства 3-м найбольшым на Балканах у галіне дастаўкі тавараў[9].
- Харватыя. На 4-х складах зь месцам для 20 960 паддонаў працавала 716 чалавек, зь іх 270 кіравалі ланцугамі паставак. Аўтапарк налічваў 289 самаходаў.
- Сэрбія. Дастаўка дзейнічала зь 2001 году. На 4-х таварнях для 24 847 паддонаў працавала 603 чалавекі, зь іх 212 кіравалі ланцугамі паставак. Налічваўся 381 самаход.
- Босьнія і Герцагавіна. Падразьдзяленьне існавала з 1994 году з галаўной сядзібай у Шырокім Брыегу. На 5 таварнях маглі захоўваць да 13 700 паддонаў. Сярод 422 супрацоўнікаў 141 кіраваў ланцугамі паставак.
- Славенія. Таварню ў Любляне заснавалі ў 2004 годзе. Плошчы ставала на 9600 паддонаў. Налічвалася 189 супрацоўнікаў і 139 самаходаў.
- Паўночная Македонія. На таварні ў Скоп'і працавала 213 чалавек, зь іх 81 кіраваў ланцугамі паставак. Месца ставала на 3000 паддонаў. Аўтапарк налічваў 100 самаходаў.
- Чарнагорыя. У Данілаўградзе склад на 2550 кв. м дзейнічаў зь 2007 году. Налічвалася 63 самаходы і 89 працаўнікоў, сярод якіх 30 загадвалі ланцугамі паставак.
- Аўстрыя. У 2015 годзе стварылі таварню ў Вене. Сярод 25 супрацоўнікаў 4 кіравалі ланцугамі паставак[9].
Уласьнікі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На пачатак 2024 году кантрольным пакетам паёў «Атлянтычнай групы» ў 50,2 % валодаў заснавальнік прадпрыемства і старшыня яго Ўправы Эміль Тэдэскі праз утворанае ў 2022 годзе прадпрыемства «Мыбэрг». Іншымі 9 найбольшымі пайшчыкамі былі:
- абавязковы пэнсійны фонд (АПФ) «Райфайзэн» (Аўстрыя) — 10,9 %;
- АПФ «Альянц-Заграбскі банк» — 8,6 %;
- АПФ «Эрстэ» (Аўстрыя) — 7,4 %;
- Лада Тэдэскі-Фьёрыё — 5,8 %;
- АПФ «Харвацкія каштоўныя паперы Прадпрымальніцкага банка Заграбу» — 4,2 %;
- добраахвотны пэнсійны фонд (ДПФ) «Райфайзэн» — 1,6 %;
- скарбніцкі зборны рахунак кліентаў «Прадпрымальніцкага банка Заграбу» — 1,2 %;
- прыбытковы ДПФ «Альянц-Заграбскі банк» — 0,7 %;
- Невен Вранкавіч — 0,7 %[6].
Мінуўшчына
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]28 кастрычніка 1991 году кіраўнік мілянскага падразьдзяленьня (Італія) ангельскага цэлюлёзнага холдынгу «Мэтэор» Эміль Тэдэскі (нар. 1967, Спліт) заснаваў таварыства з абмежаванай адказнасьцю «Атлянтычны гандаль» у Харватыі. Спачатку гандлявалі амэрыканскімі жуйкамі «Рыглі» (штат Іліной) і батончыкамі «Марс». У 1992 годзе адчынілі таварню ў Спліце. У 1994 годзе дадалі склады ў Осіеку і Рыецы. У 1996 годзе пачалі прадаваць амэрыканскія прылады для галеньня «Джылет» (штат Масачусэтс) і батарэйкі «Дзюрасэл». У 1997 годзе ўклалі ў басьнійскае прадпрыемства дастаўкі «Атако». У 1998 годзе ў Харватыі запусьцілі вытворчасьць сэндвічаў «Мантана». У 1999 годзе пачалі прадаваць амэрыканскія лекі ад карпарацыі «Джонсан і Джонсан» (штат Нью-Джэрзі)[6].
У 2001 годзе адчынілі даччынае прадпрыемства дастаўкі ў Сэрбіі і набылі харвацкага вытворцу напояў «Цэдэвіта». Таксама пачалі прадаваць італьянскі шакаляд «Фэрэро» (край П’емонт). У 2002 годзе ўтварылі холдынг «Атлянтычная група». У 2003 годзе паглынулі харвацкага вытворцу касмэтыкі «Нэва», а ў Македоніі адчынілі даччынае прадпрыемства дастаўкі. У 2004 годзе прадпрыемства дастаўкі адчынілі ў Любляне (Славеніі). Таксама паглынулі вытворчасьць касмэтыкі пад таварным знакам «Мэлем». У 2005 годзе «Атлянтычная група» паглынула нямецкага вытворцу спартовага харчаваньня «Галеко» і «Мультыпаўэр». У 2006 годзе адчынілі гандлёвае прадстаўніцтва ў Расеі і пераўтварылі ТАА «Атлянтычная група» ў акцыйнае таварыства. У 2007 годзе паглынулі харвацкага вытворцу харчовых дадаткаў «Фідыфарм» у Ракіце пад Заграбам і птушкагадоўчую фабрыку «Мультывіта» ў Джакаве (Осіецка-Баранская жупанія)[6].
19 лістапада 2007 году «Атлянтычная група» выпусьціла 31 % паёў у вольнае абарачэньне на «Заграбскай біржы», што стала найбольшым разьмяшчэньнем паёў прыватным прадпрыемствам[10]. У 2008 годзе паглынулі аптэчную сетку «Фармацыя» ў Харватыі. У 2010 годзе паглынулі славенскага вытворцу намазак «Дарагая Колінская» і вытворцу мінэральнай вады «Кальніцкія воды» ў Крыжэўцах (Капрыўніцка-Крыжэвацкая жупанія)[6]. У ліпені 2010 году правялі рэкапіталізаваньне шляхам выпуску 864 305 паёў, што павялічыла іх агульны лік да 3 334 300[10]. У 2013 годзе пачалі прадаваць ангельскае мыла ад прадпрыемства «Юнілевэр». У 2015 годзе паглынулі сэрбскага вытворцу сокаў і джэмаў «Фудланд» і ўзьвялі завод спартовага харчаваньня «Мультыпаўэр» у Харватыі. У 2016 годзе заснавалі прадпрыемствы дастаўкі ў Аўстрыі і Нямеччыне. У 2017 годзе заключылі пагадненьне аб супрацы з бэльгійскім вытворцам спартовага харчаваньня «Аміналабс»[6].
У 2018-м «Атлянтычная група» стала найбольшым прадпрыемствам на «Заграбскай біржы» і прадала вытворцу касмэтыкі «Нэва». У 2019 годзе нямецкага вытворцу ежы «Трыпойнт» (зямля Шлезьвіг-Гальштайн) прадалі таварныя знакі спартовага харчаваньня «Мультыпаўэр», «Чамп» і «Мультабэн». Таксама прадалі прадпрыемства «Фідыфарм» і таварны знак «Мультывіта». Сярод іншага, закрылі прадпрыемства «Біянатура» па бутэляваньні вады і заключылі дамову аб супрацы зь сеткай кавярняў «Вівас». У 2020 годзе прадалі таварны знак дзіцячага харчаваньня «Бэбі» і заключылі дамову зь італьянскім вытворцам ежы «Прокафэ». У 2021 годзе прадалі завод у Мірне (край Паўднёва-Ўсходняя Славенія), а ў 2022-м — на курорце мінэральнай вады ў Смэдэрэўскай Паланцы (Сэрбія)[6]. У ліпені 2022 году паі «Атлянтычнай групы» падзялілі з намінальнай вартасьці ў 40 кунаў да 10 за пай, таму агульны лік паёў вырас да 13 337 200. У 2023 годзе статутны капітал перавялі з кунаў у эўра, пасьля чаго той склаў 106 697 600 эўра з намінальнай вартасьцю па 8 эўра за пай[10]. У 2023 годзе падпісалі дамову аб набыцьці сэрбскага вытворцы кавы «Штраўс Адрыятыкі»[6].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ ТАА «Атлянтычны гандаль» (харв.) // ТАА «Компані Ўол», 2024 г. Праверана 29 красавіка 2024 г.
- ^ Зьвесткі для сувязі (харв.) // АТ «Атлянтычная група», 2024 г. Праверана 29 красавіка 2024 г.
- ^ Управа (харв.) // АТ «Атлянтычная група», 2024 г. Праверана 29 красавіка 2024 г.
- ^ Наглядальная рада (харв.) // АТ «Атлянтычная група», 2024 г. Праверана 29 красавіка 2024 г.
- ^ Фінансавыя вынікі АТ «Атлянтычная група» ў 2023 годзе (харв.) // ТАА «Шэйп 404», 27 лютага 2024 г. Праверана 29 красавіка 2024 г.
- ^ а б в г д е ё ж Справаздача АТ «Атлянтычная група» за 2023 год (харв.) // ТАА «Шэйп 404», 27 лютага 2024 г. Праверана 29 красавіка 2024 г.
- ^ Прадпрыемства (харв.) // АТ «Атлянтычная група», 2024 г. Праверана 29 красавіка 2024 г.
- ^ а б в г Рынкі (харв.) // АТ «Атлянтычная група», 2024 г. Праверана 29 красавіка 2024 г.
- ^ а б Пра распаўсюд (харв.) // АТ «Атлянтычная група», 2024 г. Праверана 29 красавіка 2024 г.
- ^ а б в Выпускі паёў (харв.) // АТ «Атлянтычная група», 2024 г. Праверана 29 красавіка 2024 г.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Навіны (харв.) // АТ «Атлянтычная група», 10 красавіка 2024 г. Праверана 29 красавіка 2024 г.
Гэта — накід артыкула па эканоміцы. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |