Заграбская біржа
Каардынаты: 45°47′54″ пн. ш. 15°58′12″ у. д. / 45.79833° пн. ш. 15.97° у. д.
«Заграбская біржа» | |
харв. Zagrebačka burza | |
Тып | фондавая |
---|---|
Разьмяшчэньне | Заграб, Харватыя |
Заснаваная | 18 красавіка 1991 (33 гады таму) |
Ключавыя асобы | Барыслаў Цэнтнэр[1], Івана Гажыч[2] |
Валюта | харвацкая куна |
Колькасьць лістынгаў | 100 (IV.2021)[3] |
РынКап | 137,359 млрд кунаў (2020 год[4]; 22,374 млрд $) |
Аб'ём | 2,851 млрд кунаў (2020 год[5]; 431,3 млн $)[6] |
Індэксы | «ХарБэкс», «ХарБэкс10» |
Сайт | zse.hr |
«За́грабская бі́ржа» — фондавая біржа Харватыі, заснаваная ў красавіку 1991 году.
На 2021 год месьцілася ў гарадзкой акрузе Трнье па вуліцы Івана Лучыча, д. 2а (квартал Врбік)[7]. Пры Ўправе біржы дзейнічалі 2 дарадчыя рады: 1) вырашэньня сутыкненьня зацікаўленасьцяў, 2) захадаў абароны рынку[8]. У складзе Ўправы працавалі аддзел разьвіцьця рынку і 4 сэктары: 1) інфармацыйных тэхналёгіяў і справавога разьвіцьця, 2) прававых і агульных справаў, 3) рынку і нагляду, 4) справавой падтрымкі[9]. Статутны капітал складаў 46,357 млн кунаў[10] (7,433 млн $). Гандлёвы дзень біржы з панядзелка па пятніцу доўжыўся з 8:00 да 16:25[11]
Уласьнікі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На 31 сакавіка 2021 году пайшчыкамі біржы былі 200 асобаў. Найбольшымі зь іх былі: 1) «Адыко Банк» (Аўстрыя) — 26,4 %, 2) «Прадпрымальніцкі банк Заграбу» — 10,7 %, 3) «Фінансавае агенцтва» («ФінА») — 10 %, 4) «РР Адзін Капітал» — 10 %, 5) «Заграбскі банк» — 8 %, 6) банк «Народная ашчадная каса» (Вугоршчына) — 4,5 %, 7) «Харвацкі паштовы банк» — 4 %, 8) «Райфайзэнбанк» (Аўстрыя) — 3,7 %, 9) «Эрста-Штырыйскі банк» (Аўстрыя) — 3,3 %, 10) Ёсіп Галінец — 2,6 %[12].
Удзельнікі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На 2021 год рынкаўтваральнікамі «Заграбскай біржы» былі «Заграбскі банк» і «Інтэркапітал»[13]. Агулам на біржы працавала 13 брокерскіх дамоў: «Аграм», «Заграбскі банк», «Інтэркапітал», «Істрыйскі крэдытны банк» (Умаг), «Крэдас», банк «Народная ашчадная каса» (Спліт), «Падраўскі банк», «Прадпрымальніцкі банк Заграбу», «Райфайзэнбанк Аўстрыі», «Фіма» (Вараждзін), «Харвацкі паштовы банк», «Хіта» і «Эрста-Штырыйскі банк» (Рыека)[14]. Аднаразовая плата за сяброўства на біржы складала 10 000 кунаў (1600 $), а сяброўская складка 100 000 кунаў[15] (16 000 $).
Рынак
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На 2021 год рэгуляваны рынак «Заграбскай біржы» падзяляўся на 3 сэгмэнты: Вядучы, Афіцыйны і Звычайны[16]. На Звычайны рынак дапускалі прадпрыемствы з 15 % паёў у вольным абарачэньні на біржы, на Афіцыйны — з 25 % паёў у 30 пайшчыкаў і 8 млн кунаў (1,281 млн $) рынкавай капіталізацыі, на Вядучы — з 35 % паёў у вольным абарачэньні, прынамсі 1000 пайшчыкаў, капіталізацыяй ад 500 млн кунаў (80 млн $) і па адным незалежным сябры ў Назіральнай і Рэвізійнай радах[17].
Індэксы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На 2021 год «Заграбская біржа» разьлічвала 11 індэксаў паёў, зь іх 5 галіновых 2013 году, а таксама 2 індэксы аблігацыяў і 1 рэгіянальны індэкс[18].
- «Харвацкі біржавы індэкс» («ХарБэкс»). Цэнавы індэкс, які пачаў вылічацца 1 ліпеня 1997 году ад 1000 пунктаў. Складаецца з паёў 15—25 найбольшых прадпрыемстваў, якімі гандлююць звыш 75 % дзён за год. Грунтуецца на рынкавай капіталізацыі паёў у вольным абарачэньні. Вага аднаго прадпрыемства ў індэксу абмяжоўваецца 10 %. Пераглядаецца кожныя паўгады ў 3-ю пятніцу сакавіка і верасьня, а абнаўляецца ў рэальным часе. На 30 красавіка 2021 году ўлучаў паі 18 прадпрыемстваў і меў вартасьць 1893,51 пунктаў[19].
- «ХарБэксСД». Індэкс сукупнага даходу, які ўлучае налічаныя дывідэнды. Яго пачалі разьлічваць 21 лютага 2014 году ад 1000 пунктаў. На 1 траўня 2021 году ўлучаў паі 18 прадпрыемстваў і меў вартасьць 1287,27 пунктаў[20].
- «ХарБэксВядучы». Даходны індэкс, які сталі вылічаць 18 сьнежня 2018 году ад 1000 пунктаў. Вага аднаго прадпрыемства абмяжоўвалася 30 %. На 1 траўня 2021 году ўлучаў паі 6 прадпрыемстваў на Вядучым рынку і меў вартасьць 1120,26 пунктаў[21].
- «ХарБэкс10». Цэнавы індэкс, які пачаў вылічацца 31 ліпеня 2009 году ад 1000 пунктаў. Улучаў паі 10 найбольшых прадпрыемстваў індэксу «ХарБэкс» паводле рынкавай капіталізацыі і абарачэньня. Вага аднаго прадпрыемства ў індэксе магла складаць да 20 %. На 1 траўня 2021 году меў вартасьць 1177,94 пунктаў[22].
- «ХарБэкс10сд». Даходны індэкс, створаны 29 траўня 2020 году памерам у 1000 пунктаў. На 1 траўня 2021 году меў велічыню 1178,77 пунктаў[23].
- «ХарБэксПлюс». Цэнавы індэкс, які вылічаецца з 21 лютага 2013 году ад 1000 пунктаў. Улучаў паі прадпрыемстваў у вольным абарачэньні з рынкавай вартасьцю звыш 10 млн кунаў, якімі гандлявалі 60 % дзён. ў Вага кожнага прадпрыемства ў індэксе пры паўгадовым пераглядзе была аднолькавай. На 1 траўня 2021 году ўлучаў паі 24 прадпрыемстваў і меў велічыню ў 1227,45 пунктаў[24].
21 лютага 2013 году запусьцілі 5 галіновых цэнавых індэксаў вартасьцю 1000 пунктаў. Гэтыя індэксы зьмяшчалі паі, якімі гандлявалі 60 % дзён. Вылічаліся ў рэальным часе. Пры паўгадовым пераглядзе ў 3-ю пятніцу сакавіка і верасьня паі прадпрыемстваў мелі роўную вагу ў індэксах[25].
- «ХарБэксІндустрыя». На 1 траўня 2021 году ўлучаў паі 6 прадпрыемстваў і вырас да 1121,88 пунктаў[26].
- «ХарБэксБудоўля». На 1 траўня 2021 году ўлучаў паі 3-х прадпрыемстваў і ўпаў да 756 пунктаў[27].
- «ХарБэксХарч». На 1 траўня 2021 году ўлучаў паі 3-х прадпрыемстваў і ўпаў да 695,54 пунктаў[28].
- «ХарБэксТранспарт». На 1 траўня 2021 году ўлучаў паі 3-х прадпрыемстваў і ўпаў да 751,89 пунктаў[29].
- «ХарБэксТурыст». На 1 траўня 2021 году ўлучаў паі 3-х прадпрыемстваў і вырас да 3474,74 пунктаў[30].
Для разьліку аблігацыяў існавала 2 індэксы.
- «ХарАіс». Цэнавы індэкс, які вылічаецца з 30 верасьня 2002 году ад 100 пунктаў. Улучаў дзяржаўныя аблігацыі Харватыі вартасьцю звыш 75 млн эўра, тэрмінам пагашэньня звыш 18 месяцаў і цьвёрдай стаўкай. Вылічаўся па сканчэньні гандлёвага дня. Вага аднаго выпуску аблігацыяў ў індэксе магла складаць да 35 %. Пераглядаўся штоквартал у апошнюю пятніцу лютага, траўня, жніўня і лістапада. На 1 траўня 2021 году ўлучаў 13 выпускаў аблігацыяў і вырас да 111,5842 пунктаў[31].
- «ХарАісСД». Даходны індэкс, які ўлучаў налічаныя дывідэнды і пачаў вылічацца 1 кастрычніка 2011 году ад 100 пунктаў. На 1 траўня 2021 году ўлучаў 13 выпускаў аблігацыяў і вырас да 187,1478 пунктаў[32].
Рэгіянальнальны даходны індэкс «АдрыяВядучы» запусьцілі 30 красавіка 2019 году ад 1000 пунктаў. Улучаў паі Вядучых рынкаў 2-х біржаў — Заграбскай і дачыннай Люблянскай (Славенія). Улічваў рынкавую капіталізацыю ў вольным абарачэньні. Вылічаецца ў рэальным часе ў эўра. Вага аднаго прадпрыемства магла складаць да 15 % індэксу. Яго склад пераглядаўся кожныя паўгады ў 3-ю пятніцу сакавіка і верасьня. На 1 траўня 2021 году ўлучаў паі 15 прадпрыемстваў і вырас да 1208,18 пунктаў[33]. Улучаў 9 прадпрыемстваў Славеніі і 6 прадпрыемстваў Харватыі[34].
Мінуўшчына
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]15 чэрвеня 1907 году ў Гандлёвай палаце Заграбу адчынілі Аддзел абарачэньня дабротаў і тавараў. Яго адкрываў кіраўнік «Першай харвацкай ашчаджальні» Мілівой Црнадак. У выніку пачалі гандляваць паямі мясцовых прадпрыемстваў, валютай і таварамі. У жніўні 1914 году гандаль прыпынілі. 3 сьнежня 1918 году ўхвалілі Правілы «Заграбскай біржы тавараў і каштоўнасьцяў», празь якую паі харвацкіх банкаў сталі набываць укладальнікі з Аўстрыі і Чэхіі. У 1927 годзе біржа пераехала ў новы будынак паводле праекту слыннага дойліда Віктара Кавачыча. У сярэдзіннай біржавой залі зьмясьцілі 52 тэлефонныя будкі для наведнікаў, чым «Заграбская біржа» пераўзышла ўсе біржы Эўропы. У 1945 годзе біржу зачынілі[35].
25 сьнежня 1989 году Ўстаноўчы сход прадстаўнікоў банкаў Сацыялістычнай Рэспублікі Харватыя і «Супольнасьці страхаваньня людзей і маёмасьці Харватыі» пастанавіў распачаць стварэньне акцыянэрнага таварыства «Заграбскі рынак капіталу» («ЗРК»). 19 красавіка 1990 году бакі падпісалі Дамову аб заснаваньні «ЗРК». 18 красавіка 1991 году правялі сход «ЗРК». 31 траўня 1991 году Камісія каштоўных папераў Югаславіі ўхваліла пачатак працы «Заграбскай біржы». 5 ліпеня 1991 году біржу ўнесьлі ў судовы пералік. На пачатку 1992 году першымі разьмешчанымі каштоўнымі паперамі сталі паі АТ «Элкон» са Златар Быстрыцы (Крапінска-Загорская жупанія), а таксама аблігацыі АТ «Арэнатурыст» з Пулы (Істрыйская жупанія) і «Ядранка» з Малага Лошыня (Прыморска-Горная жупанія). 30 сакавіка 1992 году прадалі першыя аблігацыі АТ «Ядранка». У 1992 годзе «Заграбская біржа» пачала ажыцьцяўляць адкрытыя аўкцыёны ад імя Харвацкага фонду прыватызацыі з выкарыстаньнем апраграмаваньня ўласнай распрацоўкі. Кіраўнік аўкцыёну запісваў на кампутары вылучаныя крыкам заяўкі і зьдзелкі. Брокеры маглі гандляваць толькі адной каштоўнай паперай адначасова. У сакавіку 1994 году «Заграбская біржа» ўвяла «Тэлекамунікацыйную сыстэму гандлю» («ТэСГ-1»), што дазволіла брокерам гандляваць аддалена праз пэрсанальны кампутар і мадэм. Гэта дазволіла гандляваць адразу некалькімі каштоўнымі паперамі праз кнігу заказаў. Над распрацоўкай працавалі прафэсар Дзін Розэнцвэйг, біржавы кіраўнік гандлю і тэхналёгіямі Даварын Рушаўлян, магістар навук і сеткавы адмысловец біржы Дарка Перхач, а таксама Даварын Мештрыч[36].
У 1995 годзе «Заграбская біржа» стала 1-й у Эўропе з уласнай вэб-бачынай, на якой разьмясьцілі штодзённыя справадачы аб руху цэнаў і гандлі. Падтрымку ў стварэньні бачыны аказаў першы ў Харватыі пастаўшчык Сеціва — «Харвацкая акадэмічна-дасьледчая сетка» («ХАДС») Міністэрства навукі і адукацыі Харватыі. У 1995 годзе «Заграбскі банк» разьмясьціў свае паі на біржы і ў 1998 годзе стаў 1-м у сьвеце банкам, які выпусьціў глябальныя дэпазытарныя расьпіскі (ГДР) ў эўра. У 1996-м завод лекаў «Пліва» разьмясьціў паі на Афіцыйным рынку «Заграбскай біржы» і стаў 1-м заводам зь Сярэдняй Эўропы, чыімі дэпазытарнымі расьпіскамі сталі гандляваць на «Лёнданскай фондавай біржы» (Ангельшчына). Таксама «Заграбскі банк» разьмясьціў свае ГДР у Лёндане. На пачатку 1997 году «Заграбская біржа» ўвяла электронную сыстэму імгненнага гандлю «ТэСГ-1.5» зь бесьперабойнай сувязьзю і аўтаматычнай дастаўкай усіх новых прапановаў. На біржы налічваўся 51 удзельнік. 1 верасьня 1997 году пачалі вылічаць «Харвацкі біржавы індэкс» («ХарБэкс»). У 1999 годзе ўкаранілі «Шматапэрацыйную сыстэму гандлю» («ШАСГ»), якая дазволіла аўтаматычна заключаць зьдзелкі. У 2000 годзе ўвялі «ШАСГіч», што дазволіла сачыць за гандлем у Сеціве. У 2001 годзе аўкцыёны Харвацкага фонду прыватызацыі сталі праводзіць праз «ШАСГ». У 2002 годзе стварылі «Харвацкі аблігацыйны індэкс» («ХарАІс»). У 2003 годзе ўсе выпускі дзяржаўных аблігацыяў улучылі ў 1-ю расцэнку «Заграбскай біржы». Для абавязковых пэнсійных фондаў стварылі сыстэму «Мастар ШАСГіч». Падпісалі Дамову аб супрацы з «Македонскай біржай» (Скоп'е). Таксама стварылі рынак адкрытых акцыянэрных таварыстваў[36].
За 2004 год абарачэньне паёў вырасла на 75 % параўнальна зь 2003 годам, а індэкс «ХарБэкс» вырас на 1/3. Рынкавая капіталізацыя вырасла на 70 %, гарады і жупаніі ўпершыню разьмясьцілі свае аблігацыі. Таксам біржа пачала вылічаць індэкс пэнсійных фондаў «Пэнэкс». У 2005 годзе праз разьмяшчэньне паёў яшчэ 25 прадпрыемстваў абарачэньне паёў вырасла на 80,6 %. Таксама падпісалі Мэмарандум аб паразуменьні «Венскай біржай» (Аўстрыя). У 2006-м гандаль паямі амаль дасягнуў памеру папярэдніх 5 гадоў разам узятых у сувязі з разьмяшчэньнем паёў найбольшага ў Харватыі прадпрыемства «Індустрыя нафты» («ІНа»). Таксама адбылося паглынаньне фармзаводу «Пліва». «ХарБэкс» вырас на 60,7 %, а рынкавая капіталізацыя падвоілася (+100,3 %) і перавысіла 160 млрд кунаў (27,4 млрд $)[37]. У 2007-м абарачэньне біржы вырасла на 57 %, а рынкавая капіталізацыя на 78 %. «ХарБэкс» вырас за кошт разьмяшчэньня паёў АТ «Харвацкі тэлекам» і «Атлянтычная група». Таксама ў 2007-м адбылося зьліцьцё «Заграбскай біржы» з «Вараждзінскай біржай», заснаванай 18 лютага 1993 году ў якасьці «Вараждзінскага рынку каштоўнасьцяў». Урэшце прынялі Кодэкс карпаратыўнага кіраваньня біржы і ўкаранілі швэдзкую гандлёвую плятформу «Х-паток», распрацаваную на «Біржы апцыённых маклераў» («БАМ»; Стакгольм)[36].
У 2008-м абарачэньне «Заграбскай біржы» ўпала на 25 %, а «ХарБэкс» на 67 %. Капітал біржы павялічылі на 40 млн кунаў (8,1 млн $). У 2009 годзе скасавалі расцэнку ААТ і ўвялі расцэнку Шматбаковай гандлёвай плятформы (ШГП). Тым часам, абарачэньне паёў скарацілася ўдвая. Таксама запусьцілі «Віртуальную біржу» для навучаньня гандлю. У 2010-м стварылі рынкаўтваральніка і Акадэмію Заграбскай біржы, дзе ў 2013-м стварылі праграму дачыненьняў з укладальнікамі. У 2011-м увялі даходны індэкс аблігацыяў «ХарАісСД» і ўлік пазабіржавых зьдзелак з аблігацыямі празь Сеціва. У 2012 годзе пачаўся гандаль вытворнікамі ў выглядзе пасьведчаньняў. У 2013 годзе ўвялі электронны нагляд за выдаўцамі. У 2014 годзе ў Македоніі стварылі сумеснае прадпрыемства «Повязь ЦУЭ» з «Баўгарскай фондавай біржай» (Сафія) і «Македонскай біржай». У 2015 годзе набылі «Люблянскую біржу». У 2016-м паі «Заграбскай біржы» разьмясьцілі на Афіцыйным рынку, ад якога аддзялілі ШГС. Таксама ў 2016 годзе ў Заграбе стварылі прадпрыемства «Фундапрамень ЦУЭ» для гандлю паямі малых прадпрыемстваў праз блокчэйн. У 2017-м падпісалі Мэмарандум аб паразуменьні з «Тайбэйскай біржай» (Тайвань) і ўкаранілі нямецкую гандлёвую сыстэму «Ксэтра». У 2018 годзе «Заграбская біржа» ўступіла ў «Саюз эўрапейскіх фондавых біржаў» («СЭФБ», Бэльгія). Харвацкае агенцтва нагляду за фінансавымі паслугамі (ХАНФП) дазволіла біржы навучаць інвэстыцыйным паслугам. Таксама біржа стала выступаць у якасьці ўпаўнаважанай сыстэмы абвяшчэньня[36]. У 2020 годзе выручка «Заграбскай біржы» вырасла да 26,311 млн кунаў, а прыбытак больш як падвоіўся да 2,152 млн кунаў[38].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Назіральная рада (харв.) // АТ «Заграбская біржа», 2021 г. Праверана 30 красавіка 2021 г.
- ^ Управа таварыства (харв.) // АТ «Заграбская біржа», 2021 г. Праверана 30 красавіка 2021 г.
- ^ Пералікі (харв.) // АТ «Заграбская біржа», 2021 г. Праверана 30 красавіка 2021 г.
- ^ Рынкавая капіталізацыя (харв.) // АТ «Заграбская біржа», 2021 г. Праверана 29 красавіка 2021 г.
- ^ Абарачэньне (харв.) // АТ «Заграбская біржа», 2021 г. Праверана 30 красавіка 2021 г.
- ^ Абменны сьпіс (6,610754 за даляр у сярэднім за 2020 год) (харв.) // Харвацкі народны банк, 2021 г. Праверана 30 красавіка 2021 г.
- ^ Кантакты (харв.) // АТ «Заграбская біржа», 2021 г. Праверана 30 красавіка 2021 г.
- ^ Арганізацыйная будова (харв.) // АТ «Заграбская біржа», 2021 г. Праверана 29 красавіка 2021 г.
- ^ Аддзелы і функцыі (харв.) // АТ «Заграбская біржа», 2021 г. Праверана 29 красавіка 2021 г.
- ^ Агульныя зьвесткі (харв.) // АТ «Заграбская біржа», 2021 г. Праверана 30 красавіка 2021 г.
- ^ Працоўны час (харв.) // АТ «Заграбская біржа», 2021 г. Праверана 29 красавіка 2021 г.
- ^ Уласьніцкая будова (харв.) // АТ «Заграбская біржа», 31 сакавіка 2021 г. Праверана 30 красавіка 2021 г.
- ^ Сьпіс рынкаўтваральнікаў (харв.) // АТ «Заграбская біржа», 2021 г. Праверана 30 красавіка 2021 г.
- ^ Сьпіс сябраў (харв.) // АТ «Заграбская біржа», 2021 г. Праверана 30 красавіка 2021 г.
- ^ Івана Гажыч, Таміслаў Грачан. Цэньнік (харв.) // АТ «Заграбская біржа», 13 сьнежня 2018 г. Праверана 30 красавіка 2021 г.
- ^ Сэгмэнты рынку (харв.) // АТ «Заграбская біржа», 2021 г. Праверана 30 красавіка 2021 г.
- ^ Умовы і правілы ўлучэньня (харв.) // АТ «Заграбская біржа», 2021 г. Праверана 30 красавіка 2021 г.
- ^ Гандаль біржавымі індэксамі (харв.) // АТ «Заграбская біржа», 2021 г. Праверана 30 красавіка 2021 г.
- ^ Індэкс ««ХарБэкс» (харв.) // АТ «Заграбская біржа», 2021 г. Праверана 30 красавіка 2021 г.
- ^ Індэкс «ХарБэксСД» (харв.) // АТ «Заграбская біржа», 2021 г. Праверана 1 траўня 2021 г.
- ^ Індэкс «ХарБэксВядучы» (харв.) // АТ «Заграбская біржа», 2021 г. Праверана 1 траўня 2021 г.
- ^ Індэкс «ХарБэкс10» (харв.) // АТ «Заграбская біржа», 2021 г. Праверана 1 траўня 2021 г.
- ^ Індэкс «ХарБэкс10сд» (харв.) // АТ «Заграбская біржа», 2021 г. Праверана 1 траўня 2021 г.
- ^ Індэкс «ХарБэксПлюс» (харв.) // АТ «Заграбская біржа», 2021 г. Праверана 1 траўня 2021 г.
- ^ Івана Гражыч, Таміслаў Грачан. Рашэньне аб індэксе «ХарБэксПлюс» і галіновых індэксах (харв.) // АТ «Заграбская біржа», 7 лютага 2013 г. Праверана 1 траўня 2021 г.
- ^ Індэкс «ХарБэксІндустрыя» (харв.) // АТ «Заграбская біржа», 2021 г. Праверана 1 траўня 2021 г.
- ^ Індэкс «ХарБэксІндустрыя» (харв.) // АТ «Заграбская біржа», 2021 г. Праверана 1 траўня 2021 г.
- ^ Індэкс «ХарБэксХарч» (харв.) // АТ «Заграбская біржа», 2021 г. Праверана 1 траўня 2021 г.
- ^ Індэкс «ХарБэксХарч» (харв.) // АТ «Заграбская біржа», 2021 г. Праверана 1 траўня 2021 г.
- ^ Індэкс «ХарБэксТурыст» (харв.) // АТ «Заграбская біржа», 2021 г. Праверана 1 траўня 2021 г.
- ^ Індэкс «ХарАіс» (харв.) // АТ «Заграбская біржа», 2021 г. Праверана 1 траўня 2021 г.
- ^ Індэкс «ХарАісСД» (харв.) // АТ «Заграбская біржа», 2021 г. Праверана 1 траўня 2021 г.
- ^ Індэкс «АдрыяВядучы» (харв.) // АТ «Заграбская біржа», 2021 г. Праверана 1 траўня 2021 г.
- ^ Склад індэксу «АдрыяВядучы» (харв.) // АТ «Заграбская біржа», 2021 г. Праверана 1 траўня 2021 г.
- ^ Мінуўшчына да 1945 году (харв.) // АТ «Заграбская біржа», 2021 г. Праверана 1 траўня 2021 г.
- ^ а б в г Найноўшая мінуўшчына (харв.) // АТ «Заграбская біржа», 2021 г. Праверана 1 траўня 2021 г.
- ^ Асноўныя зьвесткі пра Харватыю (5,8392 кунаў да даляра ў 2006 годзе) (харв.) // Бюлетэнь Харвацкага народнага банку : бюлетэнь. — Заграб: Харвацкі народны банк, травень 2008. — № 137.
- ^ Справаздача пра стан і занятасьць за 2020 год (харв.) // АТ «Заграбская біржа», красавік 2021 г. Праверана 30 красавіка 2021 г.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Статут таварыства (харв.) // АТ «Заграбская біржа», 2021 г. Праверана 30 красавіка 2021 г.
- Сьпіс выдаўцоў (харв.)
- Статыстыка 14 індэксаў зь 2010 году(недаступная спасылка)