Перайсьці да зьместу

Альбінас Жукаўскас

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Альбінас Жукаўскас
лет. Albinas Žukauskas
Асабістыя зьвесткі
Імя пры нараджэньні Альбін Пранавіч Жукоўскі
Нарадзіўся 25 студзеня 1912(1912-01-25)
Памёр 10 жніўня 1987(1987-08-10) (75 гадоў)
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці паэт, пісьменьнік
Гады творчасьці 1927—1987
Жанр паэзія
Мова летувіская мова
Дэбют 1927 г. (часопіс «Новае жыцьцё»(lt))
Узнагароды

Альбінас Жукаўскас (бел. Альбін Жукоўскі; 1912, в. Бубэле, цяпер Сейненскі павет, Падляскае ваяводзтва, Польшча — 1987, Вільня, цяпер Летува) — летувіскі пісьменьнік і перакладнік. Заслужаны дзяяч культуры Беларускай (1973 г.) і Летувіскай ССР (1972)[1].

Нарадзіўся і вырас у летувіскай вёсцы. Меў 2 братоў і 4 сястры. У 1918—1919 г. у роднай в. Бубэле адвучыўся год у летувіскай пачатковай школе, якую ў 1915 г. пад нямецкай акупацыяй у часе Першай сусьветнай вайны заснаваў летувіскі журналіст Стасіс Ціюнайціс(lt) (1888—1966). 7 верасьня 1919 г. у выніку Сейненскага паўстаньня, якое пачалося 22 жніўня 1919 г., урад Польскай рэспублікі зачыніў летувіскую школу ў в. Бубэле (Сейненскі павет, Беластоцкае ваяводзтва). З 1919 г. жыў у прытулку сейненскай гімназіі «Сьвятло», заснаванай летувіскім каталіцкім сьвятаром Мацеюсам Густайцісам(lt) (1870—1927). У 1927 г. упершыню выдаў свае творы ў часопісе «Новае жыцьцё»(lt) (Коўна, Летува), які належаў Летувіскай сацыял-дэмакратычнай партыі. У 1928 г. паступіў у летувіскую гімназію імя Вітаўта Вялікага(lt) ў Вільні (Польская рэспубліка) і пачаў друкавацца ў мясцовым летувіскім друку. Тамсама пасябраваў зь беларускім пісьменьнікам-аднагодкам Максімам Танкам (1912—1995), які ў 1929—1931 гг. навучаўся ў Віленскай беларускай гімназіі і першым пераклаў вершы Жукаўскаса на беларускую мову. У сваю чаргу Жукаўскас перакладаў вершы М. Танка для летувіскага друку[2]. У 1935 г. скончыў гімназію і паступіў у Варшаўскі ўнівэрсытэт, дзе вывучаў права. У 1936—1937 гг. таксама навучаўся ў Вышэйшай журналісцкай школе ў Варшаве, адчыненай у 1917 г. і зачыненай у 1937 годзе. У 1937—1939 гг. друкаваў свае творы ў дадатку «Творчасьць і крытыка» летувіскай газэты «Віленскае слова»(lt). У 1938 г. выдаў у Вільні першы зборнік уласных вершаў «Час і людзі» (лет. Laikai ir žmonės).

У 1940—1941 гг. — рэдактар штодзённай летувіскай газэты «Віленскі голас»(lt) (Вільня, Летувіская ССР). У 1945—1953 гг. — галоўны рэдактар выдавецтва «Нацыянальная мастацкая літаратура»(lt) (Вільня). У 1953—1959 гг. — галоўны сцэнарыст «Летувіскай кінастудыі»(lt). У 1965—1972 гг. — кіраўнік Літаратурнага фонду Летувы. У 1974 г. стаў ляўрэатам летувіскай прэміі «Паэзія вясны» за зборнік вершаў «Рэфлексіўны» (лет. Sangrąžos) 1973 году.

Напісаў 20 кніг уласных вершаў. Пераклаў зь беларускай на летувіскую мову і выдаў 7 кніг твораў беларускіх пісьменьнікаў. Выдаў зборнік вершаў Максіма Танка «Сьлед маланкі» (1961) і пераклаў кнігу яго ўспамінаў «Лісткі календара» (1969). Таксама пераклаў аповесьць Зьмітрака Бядулі «Сярэбраная табакерка» (1956) і раман Максіма Гарэцкага «Віленскія камунары» (1965). Быў перакладнікам і рэдактарам «Анталёгіі беларускай прозы», анталёгіяў «Зь беларускай паэзіі» і «Па Нёмане песьня плыве». Таксама пераклаў некалькі твораў Янкі Купалы, Якуба Коласа, Аркадзя Куляшова, Петруся Броўкі і Пятра Глебкі. У 1974 г. у Менску на беларускай мове выйшаў зборнік яго вершаў «Бяздомная любоў», што складаўся зь перакладаў беларускіх пісьменьнікаў[2].

Таксама выдаў летувіскія пераклады зборнікаў вершаў польскіх пісьменьнікаў Мацея Сарбеўскага (1595—1640), Юльюша Славацкага (1809—1849) і Тадэвуша Канвіцкага (1926—2015), расейскага Аляксея Мікалаевіча Талстога (1883—1945).

Беларускія пераклады

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На беларускую мову яго вершы перакладалі Алесь Разанаў, Мікола Хведаровіч[3].

  1. ^ Даведка - Жукаўскас, Альбінас (пісьменьнік, 1912—1987) // Нацыянальная бібліятэка Беларусі, 2015 г. Праверана 16 чэрвеня 2016 г.
  2. ^ а б Вітаўт Жэймант. Трывалыя масты сяброўства // Зьвязда : газэта. — 28 лютага 2012. — № 39 (27154). — С. 4. — ISSN 1990-763x.
  3. ^ Галасы з-за небакраю: анталогія паэзіі свету ў беларускіх перакладах ХХ ст. Склад. М. Скобла. — Мн.: Лімарыус 2008. — 896 с.