Пётар Бяссонаў
Пётар Бяссонаў | |
Пётр Бессонов | |
Дата нараджэньня | 4 (16) чэрвеня 1828 |
---|---|
Месца нараджэньня | Масква |
Дата сьмерці | 22 лютага (6 сакавіка) 1898 (69 гадоў) |
Месца сьмерці | Харкаў |
Месца вучобы | Маскоўскі ўнівэрсытэт |
Занятак | мовазнавец, бібліятэкар, прафэсар, філёляг, славіст, фальклярыст, прафэсар унівэрсытэту |
Навуковая сфэра | славістыка, фальклярыстыка |
Месца працы | Віленскае рэальнае вучылішча Віленская I гімназія Харкаўскі ўнівэрсытэт |
Вядомы як | складальнік зборнікаў народных песень, дасьледчык фальклёру |
Сябра ў | Таварыства сэрбскай пісьменнасьці[d], Сэрбскае навуковае таварыства[d] і Сэрбская акадэмія навук і мастацтваў[d] |
Пё́тар Аляксе́евіч Бяссо́наў (4 (16) чэрвеня 1828, г. Масква — 22 лютага (6 сакавіка) 1898, Харкаў) — расейскі славянафіл, гісторык літаратуры, публікатар славянскага, у тым ліку беларускага фальклёру, этноляг і публіцыст. Прафэсар Харкаўскага ўнівэрсытэту (1879)[1]. Належаў да адэптаў ідэалёгіі заходнерусізму[2]».
Жыцьцяпіс
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Пётар Бяссонаў нарадзіўся ў Маскве, ў сям’і сьвятара. У 1846 годзе скончыў Маскоўскую духоўную сэмінарыю і паступіў на гісторыка-філялягічны факультет Маскоўскага ўнівэрсытэту[1], дзе праўляе прыхільнасьць да расейскай гісторыі, літаратуразнаўства і этнаграфіі, пачынае зьбіраць народныя песьні[3]. Скончыў унівэрсытэт у 1851 годзе. Пасьля атрыманьня адукацыі служыў у Маскоўскім архіве Міністэрства замежных спраў (1855—1857), Маскоўскай сынаідальнай друкарні (з 1858). Член Таварыства аматараў расейскай славеснасьці пры Маскоўскім унівэрсытэце, яго сакратар (1869—1878), член-каррэспандэнт Сэрбскага навуковага таварыства, член Расейскага геаграфічнага таварыства.
Па ініцыятыве папячыцеля Віленскай вучэбнай акругі Івана Карнілава быў пераведзены ў Вільню, дзе вясной 1865 быў прызначаны на пасаду старшыні Віленскай археаграфічнай камісіі, дырэктарам Віленскага рэальнага вучылішча і дырэктарам Віленскай I гімназіі. Аднак пры ім праца ў Археаграфічнай камісіі замерла. Расчараваны Карнілаў дамогся ягонага звальненьня ў 1866 годзе. Пасьля выгнаньня зь Вільні Бяссонаў служыў бібліятэкарам у Маскоўскім унівэрсытэце (1867—1878). У 1879 годзе атрымаў званьне ганаровага доктара ад Казанскага ўнівэрсытэту, і стаў прафэсарам катэдры славянскіх «гаворак» Харкаўскага ўнівэрсытэту.
Ідэйныя перакананьні
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Пётар Бяссонаў быў прадстаўніком ідэй панславізму, сфармаванага ў 1840—1850-я ў рускіх славянафільскіх гуртках. У навуковых поглядах Бяссонаў зьяўляўся ідэалістам, яго разважаньні ў галіне этналёгіі, міталёгіі й гісторыі славянства належаць да спэцыфічнага славянафільскага «народнага напрамку», яны, аднак, па словах дасьледчыкаў, нанесьлі непапраўную страту расейскай фалькларыстычнай навуцы, бо знаходзяцца ў такім поўным падпарадкаваньні сьмелай і пладавітай фантазіі аўтара, што крытыкі нават рэдка лічаць патрэбным спрачацца зь ім[4]. Крытыка Бяссонава не сьціхала доўгія гады.
Падчас паўстаньня 1861—1863 гадоў Бяссонаў, сярод іншых «рупліўцаў славянскай ідэі», быў у 1863 годзе накіраваны ў Паўночна-Заходні край, дзе працаваў у мураўёўскай адміністрацыі (1863—1865), а менавіта ў некалькіх установах Віленскай навучальнай акругі: узначальваў Віленскую археаграфічную камісію, быў у складзе рэфарматараў і прыклаў руку да зьнішчэньня Віленскага музэю старажытнасьцяў, арганізаваў публічную бібліятэку, служыў дырэктарам Віленскай I гімназіі і Віленскага рэальнага вучылішча. У 1866 Бяссонаў накіраваў у III аддзяленьне запіску аб мерах прадухіленьня новага паўстаньня. Ён раіў у першую чаргу аслабіць уплывы рымска-каталіцкага духавенства, перашкаджаючы яму распаўсюджваць каталіцтва і адначасна далучаючы каталікоў да праваслаўя, зрабіць адукацыю народа выключна ўрадавай справай, замяніць усіх «чыноўнікаў-палякаў» расейцамі, прыцягнуць у край магчыма большую колькасьць расейскіх землеўласьнікаў. У гэтай запісцы ён нагадваў, што ў Ковенскай губэрні «асобы расейскага паходжаньня» не набылі яшчэ ніводнага сэквэстраванага маёнтку або маёнтку высланага паўстанца і лічыў гэта недахопам.
У пачатку 1870-х, ужо жывучы ў Маскве бібліятэкар Маскоўскага ўнівэрсытэту Пётар Бяссонаў напісаў працу «Сэпаратызм у Паўночна-Заходнім краі. Аповяд відавочцы.» (па-расейску: Сепаратизм в Северо-Западном крае. Рассказ очевидца) — своеасаблівы роздум-рэмінісцэнцыя пра сваё жыцьцё ў Вільні. Бяссонаўскія замалёўкі ўяўляюць пэўную цікавасьць і могуць быць выдатнымі ілюстрацыямі таго, хто і як займаўся русіфікацыяй Паўночна-Заходняга краю. Успаміны не публікаваліся, рукапіс захоўваецца ў фондах Расейскай дзяржаўнай бібліятэкі.
Навуковая праца
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Апублікаваў зборнік баўгарскіх песень з нарысам баўгарскай граматыкі (Масква, 1860—1874)[5], зборнік духоўных вершаў «Калики перехожие» (Масква, 1861—1863), «Детские песни», куды ўвайшла частка беларускіх песень, сабраных расейскім гісторыкам-фальклярыстам Пятром Кірэеўскім[1] (Масква, 1868). Апошняя зь пералічаных — першы зборнік рускага дзіцячага фальклёру.
Вынікам дзейнасьці Бяссонава ў Вільні стаў зборнік «Белорусские песни», выдадзены празь некалькі гадоў у Маскве (1871). У зборнік увайшлі валачобныя, юр’еўскія, куставыя, мікольскія, пятроўскія, купальскія, калядныя і масьленічныя песьні[1].
Аўтар прац пра харвацкага мысьляра Юрыя Крыжаніча і бібліяграфічнага нарысу пра расейскую актрысу і сьпявачку XVIII стагодзьдзя графіню Праскоўю Шарамецеву.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б в г Бессонов Пётр Алексеевич // Биографический справочник — Минск: «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. — Т. 5. — С. 57. — 737 с. (рас.)
- ^ Я. Трещенок. Две беларусские национальные идеи (католический национал-сепаратизм и православная национальная идея). (рас.)
- ^ Лекции Т. Н. Грановского по истории позднего средневековья (Грановский Т. Н.). (рас.)
- ^ Пыпин А. История русской этнографии. — Спб., 1891. — С. 241. (рас.)
- ^ Болгарские песни из сборников Ю. И. Венелина, Н. Д. Катранова и других болгар (Временник Императорского Московского Общества истории и древностей российских, Кн. XXI, Ч. II:Материалы).Москва, 1855. (рас.)
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Гулак А. Славянафіл думае пра Беларусь // ZAPISY. —Мн.:, № 25. 2001.
- Смалянчук А. Паміж краёвасцю і нацыянальнай ідэяй. Польскі рух на беларускіх і літоўскіх землях. 1864—1917. Гродна, 2001, — 322 с.
- Гулак А. Заходняя Беларусь другой паловы XIX ст.у рукапіснай працы П. Бяссонава // Культура Гродзенскага рэгіёну: праблемы развіцця ва ўмовах поліэтнічнага сумежжа: Зб. навук. пр. / Адк. рэд. А. М. Пяткевіч. — Гродна: ГрДУ, 2003.— 399 с ISBN 985-417-479-4. С. 92—98.
- Н. Н. Владыко. Бессонов // Русские писатели. 1800—1917: Биобиблиографический словарь. Редкол.: П. А. Николаев (гл. ред.) и др. Т. 1: А—Г. Москва: Советская энциклопедия, 1989. С. 253. (рас.)