Усебеларускае аб’яднаньне мастакоў

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Гэта састарэлая вэрсія гэтай старонкі, захаваная ўдзельнікам SergeiSEE (гутаркі | унёсак) у 23:47, 16 лістапада 2023. Яна можа істотна адрозьнівацца ад цяперашняй вэрсіі.
«Усебеларускае аб’яднаньне мастакоў»
Дата ўтварэньня 1 студзеня 1927 (97 гадоў таму)
Дата спыненьня існаваньня 1 студзеня 1930 (1930-01-01)
Тып Мастацтва
Юрыдычны статус Грамадзкае аб’яднаньне
Мэта Развіцьцё беларускага мастацтва
Месцазнаходжаньне Менск
Дзейнічае ў рэгіёнах Віцебск, Гомель, Магілёў
Афіцыйныя мовы беларуская
старшыня Аляксандар Грубэ
сакратар Міхась Станюта
Кіроўны орган Сход
Матчына кампанія Інстытут беларускай культуры

«Усебеларускае аб’яднаньне мастакоў» — беларускае мастацкае аб’яднаньне, заснаванае пры мастацкай сэкцыі Інстытута беларускай культуры. У пачатку 1927 году ініцыятыўнай групай мастакоў быў распрацаваны статут Усебеларускага аб’яднаньня мастакоў. Утваранае абʼяднаньне мела мэтай, як было заяўлена, злучыць мастацкія сілы й пашырыць працу па ўтварэньню нацыянальнага па форме й пралетарскага па зьместу беларускага й іншых нацыянальных мастацтваў народаў Беларусі. Абʼяднаньне намячала шэраг дыспутаў і выставак[1]. Старшынём абралі Аляксандра Грубэ, намесьнікам старшыні — Арона Касталянскага, сакратаром — Міхася Станюту[2]. Аб’яднаньне мела свае філіалы ў Менску, Віцебску, Гомелі, Магілёве й, таксама, ў Маскве й Ленінградзе, куды ўваходзілі беларускія студэнты.

Стварэньню «УАМ» папярэднічала «Першая Ўсебеларуская мастацкая выстава», арганізаваная ў 1925 годзе ў Менску па ініцыятыве Інстытута беларускай культуры. Па задуме ў мэты выставы ўваходзіла «выявіць мастацкія групоўкі ці кірункі, на якія мы маглі б надалей абапірацца ў справе культурнага будаваньня Савецкай Беларусі». Пазьней, пры актыўным удзеле аб’яднаньня, у Менску былі арганізаваны 2-я (1927) і 3-я (1929) — «Усебеларускія выставы», а таксама беларускі аддзел выставы «Мастацтва народаў СССР» у Маскве (1927).

У выставах бралі ўдзел чальцы аб’яднаньня: Меер Аксэльрод, Аркадзь Астаповіч, Ян Ахрэмчык, Абрам Бразэр, Гаўрыла Віер, Валянцін Волкаў, Аляксандра Галубкіна, Майсей Горшман, Аляксандар Грубэ, Зьміцер Дваракоўскі, Мікола Дучыц, Барыс Зьвінагродскі, Леў Зевін, Арон Касталянскі, Сяргей Каўроўскі, Зьміцер Комар, Якуб Кругер, Ісак Мільчын, Залман Мірінгоф, Пальміра Мрачкоўская, Рыгор Пархоменка, Тодар Пархоменка, Мікола Пашкевіч, І. М. Рубанаў, Вячэслаў Руцай, Раман Семашкевіч, Майсей Сьляпян, Арон Салавейчык, Міхась Станюта, Якуб Тайц, Мікола Тарасікоў, Анатоль Тычына, Міхась Філіповіч, Уладзмер Хрусталёў, Акім Шаўчэнка, Габрыэль Шульц, Міхаіл Эндэ, Гілель Шыфрын і інш.[3][4].

Склад «УАМ» не быў аднародны. Яго чальцы пільнаваліся розных эстэтычных і ідэалягічных прынцыпаў, што абумовіла раскол, які пачаўся спакваля неўзабаве пасьля «Другой Ўсебеларускай мастацкай выставы» ў 1927 годзе. Частка маладых мастакоў (Меер Аксэльрод, Абрам Бразэр, Майсей Горшман, Аляксандар Грубэ, Леў Зевін, Арон Кашталянскі, Вячэслаў Руцай і інш.) патрабавала клясавага падзелу абʼяднаньня й выступала супраць «буржуазна-нацыяналістычнага» ухілу ў мастацтве. У 1930 гэта група выйшла з «УАМ» і ўтварыла Рэвалюцыйнае абʼяднаньне мастакоў Беларусі (РАМБ). Пасьля расколу дзейнасьць «УАМ» спынілася. У 1931 годзе чальцы аб’яднаньня «РАМБ» прынялі ўдзел у 4-й Усебеларускай мастацкай выставе[5].

Адначасова з аб’яднаньнем «РАМБ» існавала абʼяднаньне «Прамень», якое было створана ў кастрычніку 1928 г. У склад «Праменя» увайшлі мінскія мастакі Павал Гуткоўскі, А. Вало, Анатоль Тычына, Алена Аладава. Чальцы аб’яднаньня прынялі ўдзел у 3-й Усебеларускай мастацкай выставе[4].

Крыніцы

  1. ^ Хроніка беларускай культуры. Тэатр, мастайтва і музыка. // Полымя : часопіс. — 1927. — № 1. — С. 213.
  2. ^ Хроніка. Аб'яднаньне мастацкіх сіл. // Узвышша : часопіс. — 1927. — № 2. — С. 213, 214.
  3. ^ Каталёг 2-й Усебеларускай мастацкай выстаўкі. / Прадмова: П. Капаевіч, Мікола Шчакаціхін, Аляксандар Грубэ, Міхаіл Філіповіч, Арон Кашталянскі; мастак: Анатоль Тычына. — Менск: БДВ, 1927. — С. 11 (№ 192). — 30 с. — 500 ас.
  4. ^ а б Каталёг (Трэцяе) Усебеларускае мастацкае выстаўкі ў Менску — 1929. / Міхайла Грамыка, Уладзімер Кудрэвіч, Мікалай Красінскі, Мікола Шчакаціхін, Міхась Станюта, А. Вало, Мікалай Касьпяровіч, А. Маркоўскі; мастак: Янка Кашкель. — Менск: ФЗВ, 1929. — С. 12 (№№ 143—149). — 17 с. — 500 ас.
  5. ^ Чацьвёртая Ўсебеларуская мастацкая выстаўка, прысвечаная трэцяму рашаючаму году пяцігодкі : Малярства. Скульптура. Графіка. Каталог. — Менск: 1931. — 21 с. — 5000 ас.

Літаратура