Чалавек, які нарадзіўся 4 ліпеня (фільм)
«Чалавек, які нарадзіўся 4 ліпеня» (па-ангельску: Born on the Fourth of July) — амэрыканскі біяграфічны антываенны драматычны фільм 1989 году, заснаваны на аднайменнай аўтабіяграфіі Рона Ковіка 1976 году. Рэжысэрам фільму выступіў Олівэр Стоўн. Сцэнар распрацавалі сумесна Стоўн і Ковік. У галоўных ролях зьявіліся Том Круз, Кіра Сэджўік, Рэйманд Джон Бэры, Джэры Левайн, Фрэнк Ўэйлі і Ўілем Дэфо. Фільм адлюстроўвае жыцьцё Ковіка на працягу 20-гадовага пэрыяду, падрабязна расказваючы пра ягонае дзяцінства, ягоную вайсковую службу і параліч падчас вайны ў Віетнаме, а таксама ягоны пераход да антываеннай дзейнасьці. Гэта другая сэрыя ў трылёгіі Стоўна пра вайну ў Віетнаме пасьля фільму «Ўзвод» (1986) і перад фільмам «Неба і Зямля» (1993). Прадусар Мартын Брэгман набыў правы на экранізацыю кнігі яшчэ ў 1976 годзе і наняў Стоўна, таксама вэтэрана вайны ў Віетнаме, дзеля напісаньня сцэнара разам з Ковікам. Меркавалася, што галоўную ролю выканае Аль Пачына. Тым ня менш, напісаньне сцэнару захрасла, а пасьля сыходу з праекту Брэгмана і Аль Пачына, праца над фільмам была адкладзеная. Работа была зноўку запушчаная ў распрацоўку пасьля выхаду фільму «Ўзвод» у 1986 годзе. Вытворчы бюджэт фільму перавысіў першапачатковы бюджэт у 14 мільёнаў даляраў, а пасьля пераздымкаў кошт сягнуў 17,8 мільёнаў даляраў. Фільм зьведаў посьпех у пракаце, паколькі сабраў больш за 161 мільён даляраў ва ўсім сьвеце, стаўшы дзясятым паводле прыбытку фільмам 1989 году. Дзякуючы фільму Стоўн атрымаў прэмію Оскар за найлепшую рэжысуру, а таксама прэмію Залаты Глёбус у той жа катэгорыі. Апошнюю прэмію атрымаў і Том Круз, а таксама сам фільм і фільмавы сцэнар.
Сюжэт
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Фільм пачынаецца ў 1956 годзе ў горадзе Масапікве, штат Нью-Ёрк, дзе 10-гадовы Рон Ковік (Браян Ларкін як хлопчык і Том Круз у сталасьці) гуляе са сваімі сябрамі ў лесе. У свой дзень нараджэньня чацьвёртага ліпеня ён разам са сваёй сям’ёй і найлепшай сяброўкай Доннай (Джэсыка Пранэл як дзяўчынка і Кіра Сэджўік у сталасьці) наведвае парад у Дзень незалежнасьці. У 1961 годзе інаўгурацыйная прамова прэзыдэнта Джона Кенэдзі натхніла падлетка Рона далучыцца да корпусу марской пяхоты войска Злучаных Штатаў. Пасьля наведваньня лекцыі, якую правялі два запрошаныя наймальнікі з марской пяхоты, хлопец паступіў на вайсковую службу. Ягонае рашэньне атрымлівае падтрымку з боку маці (Каралайн Кава), але засмучае бацьку (Рэйманд Джон Бэры), вэтэрана Другой сусьветнай вайны. Рон ідзе на выпускны вечар і танчыць з Доннай перад ягоным ад’ездам на базавую падрыхтоўку.
На кастрычнік 1967 году Рон зьяўляецца сяржантам марской пяхоты ў выведвальнай місіі ў Віетнаме, падчас свайго другога службовага тэрміну. Ён і ягонае падразьдзяленьне забіваюць шэраг віетнамскіх вяскоўцаў, прыняўшы іх за варожых жаўнераў. Сутыкнуўшыся з варожым агнём, яны ўцякаюць зь вёскі і пакідаюць ейнага адзінага выжылага дзіцяці, які натужна плача. Падчас адступленьня Рон выпадкова забівае Ўілсана (Майкл Капматара), маладога шарагоўца свайго ўзводу. Пра гэта ён паведамляе свайму начальніку, які ігнаруе прэтэнзіі і раіць яму больш нічога не казаць. У студзені 1968 году Рон быў цяжка паранены падчас страляніны, але яго выратаваў марскі пяхотнік. Паралізаваны ад сярэдзіны грудзей да ніжніх канцавінаў, ён праводзіць некалькі месяцаў на аднаўленьні ў шпіталі вэтэранаў у Бронксе ў Нью-Ёрку. Умовы ў больніцы ёсьць дрэннымі, бо лекары і мэдычныя сёстры ігнаруюць пацыентаў, злоўжываюць наркотыкамі і працуюць з выкарыстаньнем старога абсталяваньня. Насуперак просьбе лекараў, Рон адчайна спрабуе зноў навучыцца хадзіць, выкарыстоўваючы клямкі і мыліцы, але траўмуе сябе і назаўсёды прывязваецца да інваліднага вазку.
У 1969 годзе Рон вяртаецца дадому і прызвычайваецца да алькаголю, адчуваючы сябе ўсё больш занядбаным і расчараваным. Падчас парада на Дзень незалежнасьці Рона просяць выступіць з прамовай, але ён ня можа яе скончыць, пачуўшы плач дзіцяці ў натоўпе і ўспамінаючы Віетнам. Рон наведвае Донну ў Сырак’юс, штат Нью-Ёрк, дзе яны бавяць час разам. Падчас акцыі ў гонар ахвяраў расстрэлаў у штаце Кент яны выпадкова разлучаюцца, калі Донну і іншых дэманстрантаў забірае ў пастарунак паліцыя з-за дэманстрацыі супраць вайны ў Віетнаме. У Масапікве п’яны Рон горача спрачаецца са сваёй маці, і бацька вырашае выправіць яго ў Вільля-Дульсэ, то бок мэксыканскі прытулак дзеля зьнявечаных вэтэранаў Віетнаму. Тамака хлопец зьведвае першы сэксуальны досьвед з прастытуткай, якую пачынае кахаць, але потым ён бачыць яе зь іншым кліентам. Рон распачынае сяброўства з Чарлі (Вілем Дэфо), іншым інвалідам, і яны вырашаюць паехаць у іншую вёску пасьля таго, як іх выгналі з бару. Пасварыўшыся з кіроўцам таксі, яны абодвух застаюцца на абочыне ў пустэльні, дзе спрачаюцца ўжо адзін з адным. Іх забірае кіроўца цяжкавіка, які адвозіць іх назад у Вільля-Дульсэ.
Рон едзе ў Армстранг, штат Тэхас, дзе знаходзіць надмагільле Ўілсана. Затым ён наведвае сям’ю загінулага жаўнера ў штаце Джорджыя, каб прызнацца ім аб сапраўдных абставінах сьмерці. Удава Ўілсана Джэймі (Лілі Тэйлар) кажа герою, што ня зможа дараваць Рону ягоную віну, але ейныя бацькі больш спагадлівыя да яго. У 1972 годзе Рон далучаецца да арганізацыі «Вэтэраны Віетнаму супраць вайны» і едзе на Нацыянальны зьезд рэспубліканцаў у Маямі, штат Флорыда. У той час, як Рычард Ніксан выступае з прамовай аб выстаўленьні сваёй кандыдатуры ў прэзыдэнты, Рон выказвае рэпартэру сваю нянавісьць да вайны і ўраду за тое, што ён адмовіўся ад амэрыканскага народу. Ягоныя камэнтары разьюшылі прыхільнікаў Ніксана, і ягонае інтэрвію абрываецца, калі паліцыя спрабуе выдаліць яго і ягоных паплечнікаў з залі і арыштаваць. Рону ды іншым вэтэранам атрымоўваецца вырвацца з-пад ціску афіцэраў, перагрупавацца і зноўку атакаваць залю, але гэтым разам беспасьпяхова. У 1976 годзе Рон выступае з публічным зваротам на Нацыянальнай канвэнцыі Дэмакратычнай партыі ў Нью-Ёрку пасьля публікацыі ягонай аўтабіяграфіі.
Крытыка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На падставе 48 рэцэнзіяў фільм у цяперашні час мае 85% ухваленьня на агрэгатары аглядаў Rotten Tomatoes зь сярэднім балам 7,44/10. На думку кінакрытыкаў парталу, рэжысэр Олівэр Стоўн поруч зь незабыўным выступам Тома Круза з амбіцыйным энтузіязмам выкрываюць тэму, якая прымушае задумацца[12]. Metacritic, іншы агрэгатар аглядаў, прысвоіў фільму ўзважаную адзнаку ў сярэдніх 75 балаў з 100 магчымых, грунтуючыся на 16 рэцэнзіях крытыкаў, што выяўляе ў цэлым пазытыўныя водгукі[13]. Аўдыторыя, апытаная CinemaScore, паставіла фільму сярэднюю адзнаку А- паводле шкалы ад A+ да F.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б в http://www.imdb.com/title/tt0096969/
- ^ https://www.filmaffinity.com/en/film349399.html
- ^ а б http://www.metacritic.com/movie/born-on-the-fourth-of-july
- ^ а б в http://www.filmaffinity.com/es/film349399.html
- ^ а б в г http://stopklatka.pl/film/urodzony-4-lipca
- ^ а б в г д е ё ж з і к л м н о п р с т у ф х ц ч ш э ю я аа http://www.imdb.com/title/tt0096969/fullcredits
- ^ http://www.allocine.fr/film/fichefilm_gen_cfilm=5455.html
- ^ а б в г д е http://www.virtual-history.com/movie/film/216/born-on-the-fourth-of-july
- ^ IMDb (анг.) — 1990.
- ^ https://catalog.afi.com/Film/57927-BORN-ONTHEFOURTHOFJULY
- ^ http://boxofficemojo.com/movies/?id=bornonthefourthofjuly.htm
- ^ «Born on the Fourth of July (1989)». Rotten Tomatoes.
- ^ «Born on the Fourth of July Reviews». Metacritic.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Чалавек, які нарадзіўся 4 ліпеня (анг.) на сайце IMDb
- Чалавек, які нарадзіўся 4 ліпеня на сайце «Rotten Tomatoes» (анг.)
- Чалавек, які нарадзіўся 4 ліпеня на Metacritic