Ўілем Дэфо

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Ўілем Дэфо
Дата нараджэньня 22 ліпеня 1955(1955-07-22)[1][2][3][…] (68 гадоў)
Месца нараджэньня
Месца вучобы
Занятак кінаактор, актор агучваньня, сцэнарыст, мадэль, кінапрадусар, выканаўца, тэатральны актор, тэлевядовец, актор
Узнагароды
IMDb ID nm0000353

Ўілем Джэймз «Ўілем» Дэфо (па-ангельску: William James (Willem) Dafoe; нар. 22 чэрвеня 1955) — амэрыканскі актор. Чатырохразовы намінант на прэмію «Оскар» (1987, 2001, 2018, 2019), чатырохразовы намінант на прэмію Амэрыканскай Гільдыі кінаактораў (1997, 2001, 2015, 2018), трохразовы намінант на прэмію «Залаты Глёбус» (2001, 2018, 2019), намінант на ўзнагароду Брытанскай кінаакадэміі (2018) і ўладальнік Кубка Вольпі за найлепшую мужчынскую ролю (2018).

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дэфо нарадзіўся ў горадзе Эплтан, штат Вісконсін, у сямʼі хірурга Ўільяма Альфрэда Дэфо й мэдычнай сястры Мюрыель Ізабэль. У актора анґельскія, францускія, нямецкія, ірляндзкія й шатляндзкія карані. Дэфо быў сёмым з васьмі дзецей, але толькі ён адзін вырашыў абраць артыстычную сьцежку — астатнія сталі адвакатамі або мэдыкамі. Вывучаў драматычнае мастацтва ў Вісконсінскі ўнівэрсытэце ў Мілўокі, але не давучыўшыся, выправіўся на гастролі з авангардным тэатрам «Theatre X». Пасьля чатырох гадоў гастроляў па ЗША й Эўропе спыніўся ў Нью-Ёрку й далучыўся да тэатральнай трупы «The Performance Group», пазьней ператворанай у Ўустэрскую групу.

Першую ролю Дэфо выканаў у 1980 годзе ў фільме Майкла Чыміна «Брама раю», аднак кадры зь ягоным удзелам былі выразаныя. Па-сапраўднаму першым зьяўленьнем на вялікім экране для Дэфо стала драма Кэтрын Біґелоў «Безь любові», у якой ён выканаў ролю лідэра банды байкераў. Пасьля гэтага рушылі ўсьлед ролі ў «Вуліцах у агні» Ўолтэра Гіла й «Жыць і памерці ў Лос-Анджэлесе» Ўільяма Фрыдкіна. Аднак сусьветную вядомасьць Дэфо прынёс «Узвод» Олівэра Стоўна. Ваенная драма была прызнаная найлепшым фільмам году, а актор атрымаў сваю першую намінацыю на «Оскар». У 1988 году Дэфо згуляў адну з сваіх галоўных роляў — актор паўстаў у вобразе Езуса ў супярэчлівай драме Мартына Скарсэзэ «Апошняя спакуса Хрыста». Таксама ў 1989 годзе Дэфо разглядаўся на ролю Джокера ў фільме Тыма Бэртана «Бэтмэн». Сцэнарыст «Бэтмэна» Сэм Гэма адзначаў, што Дэфо быў народжаны згуляць ролю Джокера. Але ролю ўсё ж аддалі Джэку Нікалсану.

На Канскім кінафэстывалі ў 2005 годзе

У канцы 1980-х і першай палове 1990-х гадоў Дэфо можна было пабачыць як у галоўных ролях, гэтак і ролях другога пляну. На ягоным рахунку працы з такімі рэжысэрамі, як то Алан Паркер, Дэйвід Лінч, Вім Вэндэрс. У 1996 годзе зьняўся ў Энтані Мінґелы ў «Анґельскім пацыенце». Экранізацыя рамана Майкла Андатжэ зарабіла ў сусьветным пракаце звыш 200 мільёнаў даляраў і атрымала дзевяць «Оскараў». Адну з самых яскравых сваіх роляў Дэфо выканаў у культавай крымінальнай камэдыі «Сьвятыя з Бундока». Фільм Троя Дафі атрымаў нізкія ацэнкі крытыкаў і гэтак ня выйшаў у шырокі пракат, аднак пасьля выпуску на відэа зарабіў у ЗША каля 50 млн даляраў і набыў культавы статус. Ягоным першым фільмам у 2000 годзе быў «Амэрыканскі псыхапат», дзе ён зыграў дэтыктыва.

У 2001 годзе актор атрымаў сваю другую намінацыю на «Оскар», на гэты раз за ролю Макса Шрэка ў экстравагатнай кінастужцы «Цень вампіру» Эдмунда Эліяса Мэрыджа. Дэфо таксама быў намінаваны на «Залаты Глёбус» і атрымаў прэміі «Сатурн», Fantasporto і «Незалежны дух». Убачыўшы Дэфо ў гэтай карціне, прадусары запрасілі яго на ролю галоўнага злыдня ў фільме «Чалавек-павук». Ролю Зялёнага Гобліна стала адной зь візытовак актору. Пасьля «Чалавека-павука» актор працягнуў чаргаваць буйныя студыйныя праекты й аўтарскае кіно, а таксама галоўныя ролі з эпізадычнымі зьяўленьнямі на экране. У 2000-я гады Ўілем працаваў з такімі пастаноўшчыкамі, як то Абэл Фэрара, Вэрнэр Гэрцаг, Ўэс Андэрсан, Лярс фон Трыер, Спайк Лі, Тэодарас Анґелёпуляс.

Актор на Бэрлінале ў 2018 годзе.

У 2013 годзе Дэфо агучыў, а таксама даў сваю аблічча галоўнаму гэрою відэагульні «Beyond: Two Souls» доктара Нэйтана Докінза. У 2014 годзе ўвайшоў у склад журы 67-га Канскага кінафэстывалю. У гэтым жа годзе з удзелам Ўілема Дэфо выйшла мэлядрама «Вінныя зоркі», дзе ён згуляў выдуманага пісьменьніка, «Гатэль „Ґранд Будапэшт“», баёпік «Пазаліні», у якім ён выканаў ролю леґендарнага італьянскага кінарэжысэра — Пʼера Паолё Пазаліні, шпіёнскі трылер «Самы небясьпечны чалавек» і баявік «Джон Ўік». За ролю ў фільме «Праект „Флорыда“» (2017) Дэфо быў намінаваны на прэмію Оскар ў катэгорыі найлепшай мужчынскай ролі другога пляну. Таксама, у 2017 годзе выйшла карціна «Забойства ва Ўсходнім экспрэсе», вырабленая паводле аднайменнага раману Агаты Крысьці, у якой Дэфо выканаў ролю прафэсара Ґергарда Гардмана, аднаго з пасажыраў цягніка. 3ь верасьня 2018 году ў рамках афіцыйнага конкурсу 75-га Вэнэцыянскага кінафэстывалю адбылася прэмʼера фільму «Ля брамы вечнасьці». За выкананьне ролі Вінцэнта ван Гога, знакамітага мастака, Ўілем Дэфо атрымаў Кубак Вольпі. Акрамя таго, за галоўную ролю ў карціне актор быў намінаваны на «Залаты Глёбус».

У сьнежні 2018 году Дэфо зьявіўся ў фантастычным баевіку «Аквамэн» у кампаніі Джэйсана Мамоа, Эмбэр Герд, Дольфа Люндгрэна й Ніколь Кідман. У 2019 годзе актора можна было ўбачыць у фільмах «Сіраціна Бруклін» і «Маяк». У лютым 2021 году стала вядома, што Дэфо далучыўся да працы над фільмам Ёргаса Лянтымаса «Бедныя-няшчасныя». 12 ліпеня 2021 году на Канскім кінафэстывалі адбылася сусьветная прэмʼера новай карціны Ўэса Андэрсана «Францускі весьнік», у якой Дэфо выканаў невялікую ролю. У 2021 годзе выйшаў трылер Пола Шрэдэра «Халодны разьлік» пры ўдзеле актора. Таксама, ён вярнуўся да ролі Зялёнага Гобліна (Нормана Озбарна) у фільме «Чалавек-павук: Няма шляху дадому».

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]