Нью-Ёрская фондавая біржа
Нью-Ёрская фондавая біржа | |
анг. New York Stock Exchange | |
Фасад біржы (2008) | |
Тып | Фондавая біржа |
---|---|
Разьмяшчэньне | Нью-Ёрк, ЗША |
Заснаваная | 8 сакавіка 1817 (207 гадоў таму) |
Уладар | «Міжкантынэнтальная біржа»(en) (Атланта, штат Джорджыя, ЗША) |
Ключавыя асобы | Томас Фарлі(en) |
Валюта | Амэрыканскі даляр |
Колькасьць лістынгаў | 2417 (2016) |
РынКап | $25,607 трыльёнаў (2016)[1] |
Аб'ём | $33,287 трлн (2015)[2] |
Індэксы | НЁФБ Кампазіт, Прамысловы індэкс Доў-Джонза |
Сайт | nyse.com |
Нью-Ёрская фондавая біржа (НЁФБ; анг. NYSE) — фондавая біржа, заснаваная ў сакавіку 1817 г. у Нью-Ёрку (ЗША). Ажыцьцяўляе дзённы гандаль з панядзелка па пятніцу ад 9:30 да 16:00[3] па мясцовым часе (17:30–00:00 па менскім часе)[4]. Прадметам гандлю выступаюць акцыя, аблігацыя і вытворны інструмэнт(pl) (ф'ючарс, апцыён і індэксавая адзінка(pl)). Знаходзіцца ў нью-ёрскай гарадзкой акрузе Мангэтан па вул. Мура (Сьцяны; анг. Ўол-стрыт), д. 11 і ёсьць адным з найбольш славутых месцаў Нью-Ёрку.
Брокеры
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На 2012 г. на біржы налічвалася 274 брокеры ў складзе 169 маклерскіх дамоў, у тым ліку ў складзе 97 электронных, 65 брокерскіх(en) і 7 рынкаўтваральных[5]. На 2016 г. існавала 6 рынкаўтваральнікаў(en), якія спалучалі ручны і аўтаматызаваны аўкцыёны на біржы: «Баркліз»(en) (Лёндан, Ангельшчына), «Брэндан Краян», «Вірту Фінансавы»(en), «Джозэф Штрайхэр», «Міжнароднае спалучэньне рынкаўтваральнікаў»(en) (Амстэрдам, Нідэрлянды) і «Найт Капітал Груп»(en) (Джэрзі-Сіці, штат Нью-Джэрзі). Цякучасьць рынку(en) забясьпечвалі 9 электронных, высокачастотных гандляроў(en): «Баркліз» (Лёндан), «Вірту Фінансавы», «Голдман-Сакс»(en), «Гудзон-Рака Трэйдынг»(en), «Латур Трэйдынг», банк Амэрыкі «Мэрыл-Лінч»(en), «Найт Капітал Груп» (Джэрзі-Сіці), «Трэйдбот»(en) (Канзас-Сіці, штат Мізуры) і фонд «Цытадэль»(en) (Чыкага, штат Іліной)[6]. На 2016 г. маклерскія дамы плацілі з кожнай $1000 выручкі па $0,12 (12 цэнтаў) і з ручнога гандлю кожнай акцыяй коштам звыш $1 па $0,0006 (0,06 цэнту) біржавога збору[7].
Лістынг
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Паводле Дапаможніка сьпісавага прадпрыемства, на 2016 г. для разьмяшчэньня акцыяў на біржы прадпрыемства мела належаць прынамсі 400 акцыянэрам, валодаць рынкавай вартасьцю акцыяў у прынамсі $40 млн. Выручка мела складаць прынамсі $10 млн за папярэднія 3 гады, цягам якіх падаюцца справаздачы перад біржавым дэбютам (разьмяшчэньнем акцыяў)[8]. Таксама прадпрыемства абавязвалася разьмяшчаць на ўласным вэб-сайце вынікі штогадовага аўдыту грашовай справаздачнасьці на ангельскай мове[9]. На люты 2016 г. у лістынгу Нью-Ёрскай біржы знаходзіліся 2417 прадпрыемстваў з агульнай рынкавай вартасьцю(en) ў $25,607 трыльёнаў, зь іх 1892 прадпрыемствы ЗША (78,3%) з рынкавай вартасьцю ў $17,5 трлн (68,3%). Сярод біржаў ЗША на Нью-Ёрскую прыпадала 72% рынкавай вартасьці айчынных прадпрыемстваў і 90% — замежных: Азія — 91% (120 прадпрыемстваў рынкавай вартасьцю ў $2,1 трлн), Афрыка — 98% (7 прадпрыемстваў на $34,5 млрд), Канада — 96% (129 прадпрыемстваў на $1,1 трлн), Лацінская Амэрыка — 95% (114 прадпрыемстваў на $772,8 млрд) і Эўропа — 89% (155 прадпрыемстваў на $4,1 трлн). У 2015 г. Нью-Ёрская біржа стала найбольшай у сьвеце паводле аб’ёму гандлю, што склаў 19% ад агульнага аб’ёму гандлю за год на 64 фондавых біржах Сусьветнага саюзу біржаў (Лёндан, Ангельшчына). Сярэдні дзённы аб’ём гандлю акцыямі ў 2015 г. перавысіў $123 млрд[1]. У 2015 г. гадавы аб’ём гандлю акцыямі прадпрыемстваў у лістынгу Нью-Ёрскай біржы перасягнуў $33,287 трлн[2].
Індэксы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На 2016 г. Нью-Ёрская біржа выдавала 9 уласных індэксаў акцыяў прадпрыемстваў:
1) 5 асноўных —
- НЁФБ Кампазіт (анг. NYSE Composite). Біржавы індэкс, які пачалі адлічваць з 31 сьнежня 1965 г. ад пачатковай вартасьці ў 50 пунктаў. 31 сьнежня 2002 г. індэкс ператварылі з цэнавага(en) ў даходны(en) пасьля заканчэньня дзённага гандлю (акцыі + дывідэнды), паставіўшы вартасьць у 5000 пунктаў. Рынкавую капіталізацыю сталі вылічаць ад акцыяў у вольным абарачэньні(en) замест усіх акцыяў прадпрыемстваў. Складовымі часткамі засталіся звычайныя акцыі прадпрыемстваў ЗША, амэрыканскія дэпазітарныя расьпіскі(en) (для акцыяў замежных прадпрыемстваў), мэтавыя акцыі(en) і фонды нерухомасьці(en) без ранейшага ўліку вытворных інструмэнтаў (вытворнікаў)[10]. На 15 лютага 2016 г. налічваў 9229,68 пунктаў[11].
- НЁФБ ЗША 100 (анг. NYSE U.S. 100). Цэнавы індэкс, што вылічаюць з 31 сьнежня 1995 г. ад пачатковай вартасьці ў 3000 пунктаў. Улучаў 100 найбольшых паводле рынкавай капіталізацыі прадпрыемстваў ЗША на біржы[12]. На 16 лютага 2016 г. налічваў 7728,18 пунктаў[13].
- НЁФБ Міжнародны 100 (анг. NYSE International 100). Цэнавы індэкс, што вылічаюць з 31 сьнежня 1995 г. ад пачатковай вартасьці ў 3000 пунктаў. Улучаў 100 найбольшых паводле рынкавай капіталізацыі замежных прадпрыемстваў на біржы. На 16 лютага 2016 г. налічваў 4296,14 пунктаў[14].
- НЁФБ Сусьветныя лідэры 100 (анг. NYSE World Leaders). Цэнавы індэкс, што вылічаюць з 31 сьнежня 1995 г. ад пачатковай вартасьці ў 3000 пунктаў. Спалучае па 100 найбольшых паводле рынкавай капіталізацыі прадпрыемстваў ЗША і замежжа на біржы (200 разам). На 16 лютага 2016 г. налічваў 6333,49 пунктаў[15].
- НЁФБ ТВС (НЁФБ Тэхналёгія Вяшчаньне Сувязь; анг. NYSE TMT). Цэнавы індэкс, што вылічаюць з 31 сьнежня 1995 г. ад пачатковай вартасьці ў 3000 пунктаў. Улучаў 100 найбольшых паводле рынкавай капіталізацыі прадпрыемстваў на біржы ў галіне тэхналёгіяў, вяшчаньня і сувязі. У індэксе дапускалася прысутнасьць да 40% прадпрыемстваў ад адной галіны. На 16 лютага 2016 г. налічваў 6811,64 пунктаў[16].
2) 3 галіновыя —
- НЁФБ Энэргія (анг. NYSE Energy). Цэнавы індэкс, што вылічаюць з 31 сьнежня 2002 г. ад пачатковай вартасьці ў 5000 пунктаў. Улучаў акцыі прадпрыемстваў энэргетыкі. Рынкавая капіталізацыя вылічалася ад акцыяў у вольным абарачэньні[17]. На 16 лютага 2016 г. налічваў 8650,9 пунктаў[18].
- НЁФБ Фінансавы (анг. NYSE Financial). Цэнавы індэкс, што вылічаюць з 31 сьнежня 2002 г. ад пачатковай вартасьці ў 5000 пунктаў. Улучаў рынкавую капіталізацыю акцыяў банкаў у вольным абарачэньні. На 16 лютага 2016 г. налічваў 5441,8 пунктаў[19].
- НЁФБ Ахова здароўя (анг. NYSE Health Care). Цэнавы індэкс, што вылічаюць з 31 сьнежня 2002 г. ад пачатковай вартасьці ў 5000 пунктаў. Улучаў рынкавую капіталізацыю акцыяў прадпрыемстваў аховы здароўя ў вольным абарачэньні. На 16 лютага 2016 г. налічваў 11 403,26 пунктаў[20].
3) 1 адмысловы —
- NYSE Century. Цэнавы індэкс, што выдаюць з 17 траўня 2012 году. Вылічаюць ад пачатковай вартасьці ў 57,34 пункту на 29 сьнежня 2000 году. На 8 красавіка 2013 г. улучаў 372 прадпрыемствы ЗША з капіталізацыяй звыш $1 млрд, якія праіснавалі больш чым стагодзьдзе[21].
Таксама выдаваліся 6 індэксаў аблігацыяў скарбу ЗША: бягучых 2-гадовых, бягучых 5-гадовых, 7—10-гадовых, бягучых 10-гадовых, звыш 20-гадовых і бягучых 30-гадовых. Яшчэ выходзілі 4 індэксы ф’ючарсаў на аблігацыі: 2-, 5- і 10-гадовыя, доўгія (20—30-гадовыя).
Беларусь
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- «Эпам Сыстэмз» (Ньютаўн, штат Пэнсыльванія) — вытворца апраграмаваньня, заснаваны ў сьнежні 1993 г. 2 выхадцамі зь Беларусі, дзе дагэтуль знаходзіцца найбольшая колькасьць супрацоўнікаў. 8 лютага 2012 г. правёў першаснае разьмяшчэньне акцыяў на Нью-Ёрскай біржы[22] па $12 за акцыю. На 17 лютага 2016 г. рынкавая капіталізацыя прадпрыемства склала $3,01 млрд, вартасьць за акцыю перавысіла $60[23]. 14 сьнежня 2021 году «Эпам» улучылі ў біржавы індэкс ЗША «Стандарт і Пуэрз 500» для 500 прадпрыемстваў з найбольшай вартасьцю[24].
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Днём заснаваньня NYSE лічыцца 17 траўня 1792 году, калі дваццацю чатырма нью-ёрскімі брокерамі было падпісанае гэтак званае Плятанавае пагадненьне (пад плятанавым дрэвам, што расло на месцы сёньняшняга дому №68 па вуліцы Wall street). У адпаведнасьці з пагадненьнем, гешэфты з каштоўнымі паперамі адгэтуль павінны былі заключацца толькі між чальцамі біржы, пры гэтым усталёўваўся фіксаваны памер камісійных збораў.
8 сакавіка 1817 году біржа ўтварыла юрыдычную асобу і назвалася «Нью-Ёрская фондавая і біржавая рада» (New York Stock & Exchange Board). У 1863 зьявілася сучасная абрывіятура. У той самы год біржа арэндавала сваё сталае памяшканьне па Wall Street, 40 за 200 даляраў за месяц. У 1835 годзе пажар зьнішчыў у Нью-Ёрку больш за 700 будынкаў, у тым ліку і фондавую біржу. Гандаль быў перанесены ў іншыя месцы. У 1844, з вынаходніцтам тэлеграфу, упершыню ў гандлю ўзялі ўдзел інвэстары з па-за Нью-Ёрку. У 1857 годзе адбыўся першы ў гісторыі абвал біржы, пасьля банкруцтва Ohio Life Insurance & Trust Company.
3 ліпеня 1884 годзе ў «Customers' Afternoon Letter» зьявіўся першы ў гісторыі ЗША фондавы індэкс. Ён складаўся з 11 паказьнікаў. Праз год ён стаў базавацца на кошце 14 акцый: 12 акцый чыгуначных кампаній і 2 — прамысловых. 26 траўня 1896 году зьявіўся знакаміты прамысловы індэкс Доў-Джонза. Гандаль быў прыпынены неўзабаве пасьля пачатку Першае сусьветнае вайны (ліпень 1914), аднак быў адчынены зноў 28 лістапада таго году, каб падтрымаць вайну гандлям аблігацыямі.
24 кастрычніка 1929 адбыўся найбуйнейшы ў гісторыі біржавы крах. Гэты дзень увайшоў у гісторыю як «Чорны чацьвер». Праз тыдзень Амэрыка цалкам пагрузілася ў эканамічную крызу, празваную пазьней «Вялікая Дэпрэсія», якую спыніла толькі зьмена агульнае канцэпцыі эканамічнае палітыкі амэрыканскае дзяржавы з манэтарызму на кейнсіянства. 1 кастрычніка 1934 году Камісія па каштоўных паперах і біржах (анг. Securities and Exchange Commission, SEC) зарэгістравала Нью-Ёрскую фондавую біржы ў якасьці агульнанацыянальнае фондавае біржы.
14 ліпеня 1966 году стварылі індэкс NYSE Composite. 18 лютага 1971 году біржа была ператвораная ў некамэрцыйную арганізацыю, колькасьць яе чальцоў была скарочаная да 25. Была зацьверджаная структура кіраваньня біржаю: галоўны орган — Рада Дырэктараў з 26 чалавек: старшыня, прэзыдэнт, 12 прадстаўнікоў грамадзкасьці і 12 прадстаўнікоў прафэсійных удзельнікаў рынка каштоўных папераў. У 1979 годзе для правядзеньня тэрміновых гешэфтаў была створаная «дачка» NYSE — New York Futures Exchange (NYFE). Праз тры гады аб’ём гандлю на NYFE перавысіў 100 мільёнаў даляраў.
У 1996 г. Нью-Ёрская біржа саступіла першынство паводле аб’ёму гандлю біржы НАПДАК (NASDAQ)[25]. З 11 верасьня па 17 верасьня 2001 году біржа была зачыненая ў сувязі з тэрарыстычным актам. 17 верасьня 2003 году старшыня NYSE Рычард Ґраса зышоў у адстаўку ў сувязі з скандалам датычна памераў яго ўзнагароджаньня. Замест яго старшынём стаў Джон Тэйн, былы прэзыдэнт ґрупы Goldman Sachs. 17 сьнежня 2003 году SEC зацьвердзіла папраўкі да Канстытуцыі NYSE, закліканыя зьмяніць структуру кіраваньня біржаю і ўзмацніць функцыю самарэгуляваньня. Першапачаткова на NYSE гандляваліся пераважна дзяржаўныя пазыковыя абавязальніцтвы, але паступова асноўным інструмэнтам гандлю сталіся акцыі. Паводле зьвестак на канец студзеня 2004 году, рынкавы кошт усіх кампаній, ліставаных на NYSE, дасягнула $17,8 трлн. Па стане на канец 2003 году сярэдні аб’ём штодзённага гандлю на NYSE складаў прыкладна 1,663 млрд. акцыяў.
На ліпень 2004 г. на біржы гандляваліся каштоўныя паперы больш за 3000 кампаніяў, агульнай капіталізацыяй у прыкладна 20 трыліёнаў амэрыканскіх даляраў. На ліпень 2004 году ўсе кампаніі з прамысловага індэкса Доў-Джонза, акрамя дзьвюх («Інтэл» і «Майкрасофт»), гандляваліся на Нью-Ёрскай біржы. Гандаль на гэтай біржы працягвалі весьці рукамі і голасам, у адрозьненьне ад электронных біржаў (як NASDAQ). Акцыі кожнага эмітэнта гандляваліся брокерам ў пэўным месцы, жадаючыя набыць ці прадаць гэтыя акцыі зьбіраліся вакол гэтага месца. Паводле стану на 2004 год, рынкавая капіталізацыя складала $19,7 трыліёнаў [26], на біржы было 1366 удзельнікаў[27]. 21 красавіка 2005 NYSE абвесьціла аб плянах зьліцьця з электроннай гандлёвай пляцоўкаю Archipelago, што прывяло да пераходу да пераважна электроннага гандлю замест ручнога. Паводле стану на 2005 год, колькасьць ліставаных кампаній складала 2758[28]
11 лютага 2007 году зачынілі пятую гандлёвую пляцоўку па вул. Шырокая, д. 30.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б Міжнародныя лістынгі (анг.) // Нью-Ёрская фондавая біржа, 2016 г. Праверана 15 лютага 2016 г.
- ^ а б Супольны аб'ём сьпісавых выпускаў НЁФБ (анг.) // Рынкавыя дадзеныя НЁФБ, 2016 г. Праверана 16 лютага 2016 г.
- ^ Дэніэл Ўілсан, Джон Томпсан. Умацоўваньне будовы рынка акцыяў, каб лепей спраўляцца з крайняй зьменлівасьцю (анг.) // Нью-Ёрская фондавая біржа, 28 студзеня 2016 г. Праверана 16 лютага 2016 г.
- ^ Час працы і асаблівасьці рэгіянальных рынкаў Форэкс // Тэлетрэйд(en), 2016 г. Праверана 15 лютага 2016 г.
- ^ Гандлёвыя зьвесткі (анг.) // Нью-Ёрская фондавая біржа, 2016 г. Праверана 16 лютага 2016 г.
- ^ Сяброўства на НЁФБ (анг.) // Нью-Ёрская фондавая біржа, 2016 г. Праверана 15 лютага 2016 г.
- ^ Сьпіс цэнаў 2016 г. на НЁФБ (анг.) // Нью-Ёрская фондавая біржа, 5 лютага 2016 г. Праверана 16 лютага 2016 г.
- ^ Новая эканамічная палітыка // Беларускі інстытут стратэгічных дасьледаваньняў, 25 траўня 2007 г. Праверана 15 лютага 2016 г.
- ^ Разьдзелы (1, 2) (анг.) // Дапаможнік сьпісавага прадпрыемства НЁФБ, 2 верасьня 2015 г. Праверана 16 лютага 2016 г.
- ^ Даведнік мэтадалёгіі індэкса «НЁФБ Кампазіт» (анг.) // Нью-Ёрская фондавая біржа, 2016 г. Праверана 16 лютага 2016 г.
- ^ Расцэнка NYA (Кампазітны індэкс Нью-Ёрскай фондавай біржы) (анг.) // Блумбэрг ТБ, 15 лютага 2016 г. Праверана 15 лютага 2016 г.
- ^ Даведнік мэтадалёгіі для індэксаў НЁФБ (анг.) // Нью-Ёрская фондавая біржа, люты 2004 г. Праверана 16 лютага 2016 г.
- ^ Індэкс «НЁФБ ЗША 100» (анг.) // Яху!, 16 лютага 2016 г. Праверана 16 лютага 2016 г.
- ^ Індэкс «НЁФБ Міжнародны 100» (анг.) // Яху!, 16 лютага 2016 г. Праверана 16 лютага 2016 г.
- ^ Індэкс «НЁФБ Сусьветныя лідэры 100» (анг.) // Яху!, 16 лютага 2016 г. Праверана 16 лютага 2016 г.
- ^ Індэкс «НЁФБ ТВС» (анг.) // Яху!, 16 лютага 2016 г. Праверана 16 лютага 2016 г.
- ^ Даведнік мэтадалёгіі галіновых індэксаў НЁФБ (анг.) // Нью-Ёрская фондавая біржа, студзень 2004 г. Праверана 16 лютага 2016 г.
- ^ Індэкс «НЁФБ Энэргія» (анг.) // Яху!, 16 лютага 2016 г. Праверана 16 лютага 2016 г.
- ^ Індэкс «НЁФБ Фінансавы» (анг.) // Яху!, 16 лютага 2016 г. Праверана 16 лютага 2016 г.
- ^ Індэкс «НЁФБ Ахова здароўя» (анг.) // Яху!, 16 лютага 2016 г. Праверана 16 лютага 2016 г.
- ^ Індэкс «НЁФБ Век» (анг.) // Нью-Ёрская фондавая біржа, 2016 г. Праверана 16 лютага 2016 г.
- ^ Аляксей Арэшка. Кампанія EPAM Systems аб’явіла пра пачатак IPO // БелаПАН, 1 лютага 2012 г. Праверана 17 лютага 2016 г.
- ^ Эпам Сыстэмз (Нью-Ёрская расцэнка акцыяў) (анг.) // Блумбэрг ТБ, 17 лютага 2016 г. Праверана 17 лютага 2016 г.
- ^ «Эпам» уключаць у індэкс «СіП 500» // Партал «Наша ніва», 9 сьнежня 2021 г. Праверана 16 сьнежня 2021 г.
- ^ Параўнальны графік
- ^ Market Information Архіўная копія
- ^ https://web.archive.org/web/20050520142356/http://www.nyse.com/about/members/1089312755132.html
- ^ NYSE Market Statistics (анг.) Архіўная копія
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Рынкавыя зьвесткі НЁФБ (анг.)