Інтэл
анг. Intel | |
Тып | публічная кампанія |
---|---|
Лістынг на біржы | NYSE: Intel NASDAQ: Intel Складнік Dow Jones Складнік S&P 500 |
Заснаваная | 18 ліпеня 1968 (56 гадоў таму) |
Заснавальнікі | Гордан Мур, Робэрт Нойс |
Краіна | |
Разьмяшчэньне | Санта-Клара, Каліфорнія, ЗША (зарэгістравана ў Дэлаўэры) |
Ключавыя фігуры | Амар Ішрак (старшыня), Патрык Гэлсінгер (генэральны дырэктар) |
Галіна | прамысловасьць |
Прадукцыя | працэсары, мікрапрацэсары, флэш-памяць, SSD-назапашвальнікі, чыпсэты, сеткавыя платы, мадэмы, мацярынскія платы, сэрвэры, Wi-Fi, мабільныя тэлефоны |
Абарачэньне | 70.8 млрд (2018)[1] |
Апэрацыйны прыбытак | $23,3 млрд (2018)[1] |
Чысты прыбытак | $21 млрд (2018)[1] |
Лік супрацоўнікаў | 110,200 (2019)[2] |
Даччыныя кампаніі | Mobileye (Ізраіль) |
Аўдытар | Ernst & Young |
«Інтэл»[3][4][5] — амэрыканская транснацыянальная карпарацыя, якая вырабляе шырокі спэктар электронных прыладаў і кампутарных кампанентаў, уключаючы мікрапрацэсары, наборы сыстэмнай лёгікі (чыпсэты) і інш. Штаб-кватэра месьціцца ў горадзе Санта-Клара, што ў Каліфорніі, ЗША.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Робэрт Нойс і Гордан Мур былі ў ліку 8 сузаснавальнікаў Fairchild Semiconductor, заснаванай у 1957 годзе. У гэтай кампаніі яны распрацавалі інтэгральную схему і вырашылі заснаваць уласную кампанію. 18 ліпеня 1968 году яна была зарэгістраваная пад назвай NM Electronics, але неўзабаве пераназваная ў «Інтэл» (скарачэньне ад інтэгральная электроніка). Неўзабаве да іх далучыўся Эндру Стывен Гроўв, яшчэ адзін супрацоўнік Fairchild, які распрацаваў і ўкараніў мэтад карпаратыўнага кіраваньня OKR, які эфэктыўна выкарыстоўваецца ў мэнэджмэнце. Бізнэс-плян кампаніі, раздрукаваны Робэртам Нойсам на друкаванай машынцы, займаў адну старонку. Прадставіўшы яго вэнчурнаму фінансісту Артуру Року, дапамагаўшаму стварыць Fairchild, «Інтэл» атрымаў стартавы крэдыт у 2,5 мільёны даляраў ЗША[6][7].
Свае намаганьні кампанія накіравала на распрацоўку паўправадніковай памяці, першым прадуктам была мікрасхема 3101 Schottky bipolar memory, высакахуткасная памяць з адвольным доступам на транзыстарах Шоткі, у 1969 годзе была прадстаўлена мікрасхема 1101 на аснове мэтал-аксіднага паўправадніка. У 1970 годзе кампанія пачала выпуск чыпа 1103, дынамічнай памяці аб’ёмам 1 кілябайт, першай рэальнай альтэрнатывы распаўсюджанай у той час памяці на магнітных сардэчніках[6][7].
У 1971 «Інтэл» атрымаў заказ на дванаццаць адмысловых мікрасхем для калькулятараў ад японскай кампаніяй Busicom, але па прапанове інжынэра Тэда Хофэ было вырашана сабраць усе элемэнты ў адзін чып; так кампанія распрацавала першы ў сьвеце камэрцыйна пасьпяховы мікрапрацэсар «Інтэл 4004». Ён уключаў 2300 транзыстараў і амаль не саступаў па прадукцыйнасьці ЭВМ ENIAC з 38 тысячамі электронных лямпаў. Неўзабаве быў распрацаваны «Інтэл 8008». Ён быў 8-разрадны, таму мог апрацоўваць ня толькі лічбы, але і літары і іншыя сымбалі. У 1974 годзе быў прадстаўлены першы па-сапраўднаму ўнівэрсальны мікрапрацэсар «Інтэл 8008». Пры кошце ў $ 360 ён мог замяніць ЭВМ, якія каштавалі некалькі тысячаў даляраў. У 1971 годзе акцыі «Інтэла» былі разьмешчаныя на Нью-Ёрскай фондавай біржы. Таксама ў гэтым годзе кампаніяй былі распрацаваны праграмуемыя мікрасхемы (erasable programmable read-only memory, EPROM)[6].
У канцы 1970-х гадоў кампанія пачала губляць пазыцыі на рынку мікрасхем памяці, з 82,9% ў 1974 годзе да 1,3% у 1984 годзе, што, аднак, кампэнсавалася замацаваньнем лідзіруючых пазыцыяў на рынку працэсараў[7]. У 1978 годзе быў прадстаўлены 16-разрадны працэсар Intel 8086, але яго продажы спачатку саступалі канкуруючаму працэсару Motorola 68000. Сытуацыя зьмянілася, калі ў 1980 годзе IBM абрала працэсары «Інтэл 8088» для свайго першага пэрсанальнага кампутара. У сьнежні 1982 году IBM за $ 250 млн купіла 12-адсоткавую долю «Інтэла», такім чынам замацаваўшы партнэрства; гэтая доля была прададзеная ў 1987 годзе, значна больш трывалым аказалася іншае партнэрства, з карпарацыяй «Майкрасофт», празванае «Ўінтэл» (ад «Ўіндоўз» і «Інтэл»). У 1983 годзе абарачэньне кампаніі ўпершыню дасягнула мільярда даляраў, да гэтага часу колькасьць супрацоўнікаў перавысіла 15 тысячаў (з 12 ў 1968 годзе). У 1985 годзе пачалося прасоўваньне на рынак працэсара 80386, які дазваляў апрацоўваць некалькі праграм адначасова, меў 32-бітную архітэктуру і ўмяшчаў 275 тысячаў транзыстараў. Наступная мадэль, 80486, прадстаўленая ў 1989 годзе, мясьціла за 1,2 млн транзыстараў і мела ўбудаваны матэматычны супрацэсар. Другая палова 1980-х гадоў была адзначаная зацяжнымі судовым разглядамі паміж «Інтэлам» і «Электрычнай кампаніяй Японіі». «Інтэл» сьцьвярджаў, што «Электрычная кампанія Японіі» парушыла аўтарскія правы на мікракод чыпаў 8086 і 8088 пры вытворчасьці сваіх мікрасхем; суд адхіліў пазоў[6].
У пачатку 1990-х гадоў пачалася рэклямная кампанія «Інтэл унутры» (налепка з такім надпісам зьявілася на ўсіх пэрсанальных кампутарах з працэсарам «Інтэл»), акрамя гэтага кампанія пачала пашыраць сфэру дзейнасьці ў сеткавае і тэлекамунікацыйнае абсталяваньне, пачала выпускаць мацярынскія платы, дзякуючы чаму чысты прыбытак ў 1992 годзе перавысіў мільярд даляраў. У 1993 годзе быў прадстаўлены працэсар пятага пакаленьня Pentium з 3,1 млн транзыстараў і хуткадзейнасьцю больш за 100 млн апэрацыяў у секунду (ў 1500 разоў хутчэй за «Інтэл 4004»). Неўзабаве пасьля яго прэзэнтацыі быў выяўлены дэфэкт, водгук абыйшоўся кампаніі $ 450 млн, але, нягледзячы на гэта, у гэтым годзе выручка кампаніі склала $ 8,78 млрд, а чысты прыбытак — $ 2,3 млрд. З пачаткам продажаў ў 1995 годзе працэсара Pentium Pro абарачэньне ў 1996 годзе перасягнула $ 20 млрд, кампанія выйшла на першае месца ў сьвеце па вытворчасьці мацырынскіх платаў (10 млн або 40% рынку), якое захоўвала да пачатку 2000-х гадоў. У 1999 годзе «Інтэл» быў уключаны ў Прамысловы індэкс Доў-Джонза. У 2000 годзе на рынак былі выпушчаныя працэсары Pentium III з частасьцю 1 Ггц і Itanium, першы 64-разрадны працэсар кампаніі[6]. Да гэтага часу ва ўсіх кампутарах, за выключэньнем Apple, былі працэсары «Інтэл» або сумяшчальныя зь імі працэсары вытворчасьці AMD. Apple з 1984 году выкарыстоўвала працэсары Motorola, але ў 2005 годзе абвясьціла аб пераходзе на «Інтэл»[7].
У 2010 годзе за $ 7,68 млрд была набытая кампанія ў сфэры кампутарнай бясьпекі McAfee, на яе аснове было створанае падразьдзяленьне Група бясьпекі «Інтэл». Акцыянэры палічылі суму недастатковай і падалі пазоў супраць «Інтэла» і былога кіраўніцтва McAfee. У 2017 годзе падразьдзяленьне было вылучана ў самастойную кампанію, якой была вернута назва McAfee[1][8].
У 2015 годзе за $ 16,7 млрд была набытая кампанія Altera[9]. У жніўні 2017 г. была набытая ізраільская кампанія Mobileye, якая займаецца распрацоўкамі ў галіне машыннага назіраньня і самакіраваньня аўтамабіля; кошт зьдзелкі склаў $ 14,9 млрд[1][10].
У ліпені 2019 году было дасягнута пагадненьне аб продажы актываў, зьвязаных з распрацоўкай і вытворчасьцю мадэмаў для смартфонаў кампаніі Apple. Сума ўгоды склала $ 1 млрд, што стала другім найбуйнейшым набыцьцём у гісторыі Apple; актывы ўключаюць вытворчыя магутнасьці, 2200 супрацоўнікаў і шэраг важных патэнтаў. Доўгі час мікрасхемы мадэмаў для сваіх iPhone Apple купляла ў Qualcomm, але ў 2018 годзе з-за рознагалосьсяў у дачыненьні ліцэнзаваньня патэнтаў перайшла на мадэмы «Інтэл»[11].
Дзейнасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]«Інтэл» — найбуйнейшы ў сьвеце вытворца мікрапрацэсараў, які займае на 2008 год 75% гэтага рынку. Акрамя мікрапрацэсараў, «Інтэл» выпускае паўправадніковыя кампаненты для прамысловага і сеткавага абсталяваньня. Прадукцыя ў асноўным прадаецца оптам вытворцам пэрсанальных кампутараў, у 2018 годзе на тройку найбуйнейшых пакупнікоў прыходзілася 39% прыбытку: Dell — 16%, Lenovo — 12% і HP Inc. — 11%. Геаграфічна асноўная частка прыбытку прыпадае на 4 краіны: КНР (уключаючы Ганконг) — $ 18,8 млрд, Сынгапур — $ 15,4 млрд, ЗША — $ Br14,3 млрд, Тайвань — $ за 10,6 млрд[1].
Асноўныя магутнасьці па вытворчасьці паўправадніковых элемэнтаў знаходзяцца ў ЗША (штаты Арэгон, Арызона і Нью-Мэксыка), Ізраілі, Ірляндыі і КНР (10-нанамэтровы тэхпрацэс наладжаны ў Арэгоне і Ізраілі), тэставаньне і зборка ажыцьцяўляюцца ў КНР, Віетнаме і Малайзіі. На канец 2018 гадоў ў кампаніі працавала 107 400 супрацоўнікаў, зь іх 48% у ЗША, 29% у Азіяцка-Ціхаакіянскім рэгіёне, 20% у Эўропе, Блізкім Усходзе і Афрыцы, 3% у Канадзе і Лацінскай Амэрыцы[1].
Асноўныя падразьдзяленьні[1]:
- група спажывецкай электронікі (Client Computing Group) — вытворчасьць камплектуючых для пэрсанальных кампутараў і ноўтбукаў, у першую чаргу цэнтральных працэсараў і чыпсэтаў на іх аснове, а таксама цэлых мацярынскіх платаў, мадэмаў і WiFi-модуляў. Гэта асноўнае падразьдзяленьне, але з 2014 «Інтэл» узяў курс на зьніжэньне яго долі ў прыбытку на карысьць абсталяваньня для дата-цэнтраў (у 2014 годзе на яго даводзілася 62% прыбытку, а ў 2018 годзе — 52%).
- Група дата-цэнтраў (Data Center Group) — другое па значнасьці падразьдзяленьне, якое дало ў 2018 годзе 32% прыбытку; займаецца вытворчасьцю абсталяваньня для дата-цэнтраў; прадукцыя рэалізуецца правайдэры паслуг воблачных вылічэньняў, тэлекамунікацыйныя кампаніі, карпарацыі і ўрадавыя арганізацыі. Рынак такой прадукцыі ацэньваецца ў $ 70 млрд (зь іх на «Інтэл» прыходзіцца $ 23 млрд), прагназуецца, што да 2022 году ён вырасьце да $ 90 млрд.
- Група Інтэрнэт рэчаў (Internet of Things Group) — збор, захоўваньне і апрацоўка вялікіх аб’ёмаў інфармацыі для розных кампаніящ і арганізацыящ. На гэта падразьдзяленьне прыпадае 5% прыбытку кампаніі.
- Група энэрганезалежнай памяці (Non-Volatile Memory Solutions Group) — вытворчасьць цьвёрдацельных назапашвальнікаў (энэрганезалежнай памяці) па тэхналёгіях Intel Optane і Intel 3D NAND. Гэта падразьдзяленьне прыносіць 6% прыбытку.
- Група праграмуемых рашэньняў (Programmable Solutions Group) — вытворчасьць праграмуемых паўправадніковых прыладаў; на яго прыходзіцца 3% прыбытку.
Паказчыкі дзейнасьці
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]2000 | 2001 | 2002 | 2003 | 2004 | 2005 | 2006 | 2007 | 2008 | 2009 | 2010 | 2011 | 2012 | 2013 | 2014 | 2015 | 2016 | 2017 | 2018 | |
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
Абарачэньне | 33,73 | 26,54 | 26,76 | 30,14 | 34,21 | 38,83 | 35,38 | 38,33 | 37,59 | 35,13 | 43,62 | 54,00 | 53,34 | 52,71 | 55,87 | 55,36 | 59,39 | 62,76 | 70,85 |
Чысты прыбытак | 10,54 | 1,291 | 3,117 | 5,641 | 7,516 | 8,664 | 5,044 | 6,976 | 5,292 | 4,369 | 11,46 | 12,94 | 11,01 | 9,620 | 11,70 | 11,42 | 10,32 | 9,601 | 21,05 |
Актывы | 47,95 | 44,40 | 44,22 | 47,14 | 48,14 | 48,31 | 48,37 | 55,65 | 50,72 | 53,10 | 63,19 | 71,12 | 84,35 | 92,36 | 90,01 | 101,5 | 113,3 | 123,2 | 128,0 |
Уласны капітал | 37,32 | 35,83 | 35,47 | 37,85 | 38,58 | 36,18 | 36,75 | 42,76 | 39,09 | 41,70 | 49,43 | 45,91 | 51,20 | 58,26 | 55,87 | 61,09 | 66,23 | 69,02 | 74,56 |
Супрацоўнікі, тыс. чал. | 86,1 | 83,4 | 78,7 | 79,7 | 85,0 | 99,9 | 94,1 | 86,3 | 83,9 | 79,8 | 82,5 | 100,1 | 105,0 | 107,6 | 106,7 | 107,3 | 106,0 | 102,7 | 107,4 |
Акцыянэры
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На канец 2018 году карпарацыя «Інтэл» выпусьціла $ 4,43 млрд акцыяў, іх агульны кошт (рынкавая капіталізацыя) на ліпень 2019 году складала $ 186 млрд. З агульнай колькасьці акцыяў 67,62% належаць інстытуцыянальным інвэстарам. Найбуйнейшыя зь іх[15]:
Назва акцыянэра | Колькасьць акцыяў млн | Адсотак | Кошт пакету |
---|---|---|---|
The Vanguard Group, Inc. | 361,41 | 8,16 | $15,17 млрд |
BlackRock, Inc. | 292,11 | 6,59 | $12,26 млрд |
State Street Corporation | 196,38 | 4,43 | $8,25 млрд |
Capital World Investors | 131,30 | 2,96 | $5,51 млрд |
Capital International Investors | 118,43 | 2,67 | $4,97 млрд |
Capital Research Global Investors | 98,27 | 2,22 | $4,13 млрд |
Wellington Management Company LLP | 73,48 | 1,66 | $3,08 млрд |
Geode Capital Management, LLC | 64,65 | 1,46 | $2,71 млрд |
Invesco Ltd. | 61,87 | 1,40 | $2,60 млрд |
Northern Trust Corporation | 61,72 | 1,39 | $2,59 млрд |
Bank of America Corporation | 50,92 | 1,15 | $2,14 млрд |
Dimensional Fund Advisors | 50,84 | 1,15 | $2,14 млрд |
Norges Bank Investment Management | 45,64 | 1,03 | $1,92 млрд |
Bank of New York Mellon Corporation | 41,72 | 0,94 | $1,75 млрд |
Даччыныя кампаніі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Асноўныя даччыныя кампаніі на канец 2018 году і іх юрысдыкцыя[16]:
- Intel International, Inc. (Каліфорнія)
- Intel Commodities Limited (Кайманавы астравы)
- Intel European Finance Corporation (Кайманавы астравы)
- Intel Capital Corporation (Дэлаўэр)
- Intel Overseas Funding Corporation (Кайманавы астравы)
- Cyclops Holdings, LLC (Дэлаўэр)
- Intel Americas, Inc. (Дэлаўэр)
- Intel Technology (US), LLC (Каліфорнія)
- Altera Corporation (Делавэр)
- Intel Benelux B.V. (Нідэрлянды)
- Intel Holdings B.V. (Нідэрлянды)
- Intel Finance B.V. (Нідэрлянды)
- Intel Corporation (UK) Ltd. (Вялікабрытанія)
- Intel Technologies, Inc. (Дэлаўэр)
- Intel Ireland Limited (Кайманавы астравы)
- Intel Electronics Ltd. (Ізраіль)
- Mobileye Vision Technologies Ltd. (Ізраіль)
- Intel Semi Conductors Ltd. (Ізраіль)
- Intel Semiconductor (Dalian) Ltd. (КНР)
- Intel Semiconductor (US) LLC (Дэлаўэр)
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б в г д е ё ж з Annual Report 2018 on SEC Filing Form 10-K (анг.). Intel Corporation (2019-02-01). Праверана 2019-07-28 г.
- ^ Intel company profile
- ^ «Інтэл» пакажа на CES 2009 свае найноўшыя распрацоўкі // Беларускія навіны IT, 25 сьнежня 2008 г. Праверана 21 студзеня 2023 г.
- ^ Сяргей Шупа. На хвалі Свабоды: Год 1997 // Беларуская служба Радыё «Свабода», 3 траўня 2014 г. Праверана 21 студзеня 2023 г.
- ^ Уладзімер Макавецкі. Інтэл // Адваротны слоўнік «Старнік», 2023 г. Праверана 21 студзеня 2023 г.
- ^ а б в г д Intel Corporation (анг.) Company-Histories.com. International Directory of Company Histories, Vol. 36. St. James Press, 2001. Праверана 30 ліпеня 2019 г.
- ^ а б в г Mark Hall Intel (анг.). Encyclopædia Britannica. Праверана 30 ліпеня 2019 г.
- ^ Intel in $7.68bn McAfee takeover (анг.) // BBC 19 жніўня 2010 г. Праверана 19 жніўня 2010 г.
- ^ Intel Completes $16.7 Billion Altera Deal (анг.) 28 сьнежня 2015 г. Праверана 29 сьнежня 2015 г.
- ^ Intel buys driverless car technology firm Mobileye (анг.) // BBC 13 сакавіка 2017 г. Праверана 13 сакавіка 2017 г.
- ^ Stephen Nellis (25 ліпеня 2019) Apple pays $1 billion for Intel unit in push for chip independence (анг.). Reuters. Праверана 30 ліпеня 2019 г.
- ^ Annual Report 2003 on SEC Filing Form 10-K (анг.). Intel Corporation (2004-02-23). Праверана 2019-07-28 г.
- ^ Annual Report 2008 on SEC Filing Form 10-K (анг.). Intel Corporation (2009-02-23). Праверана 2019-07-28 г.
- ^ Annual Report 2013 on SEC Filing Form 10-K (анг.). Intel Corporation (2014-02-14). Праверана 2019-07-28 г.
- ^ [https://www.nasdaq.com/symbol/intc/institutional-holdings Intel Corporation (INTC) Institutional Ownership & Holdings] (анг.). NASDAQ.com. Праверана 2019-07-28 г.
- ^ Annual Report 2018 (Exhibit 21) (анг.). Intel Corporation (2019-02-01). Праверана 2019-07-28 г.