Мікалай Малдрык
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | 1380-я |
Памёр | да 1439 |
Род | Малдрыкі |
Дзейнасьць | дзяржаўны дзяяч, дыплямат |
Мікалай Малдрык (1380-я — да 1439) — дзяржаўны дзяяч Вялікага Княства Літоўскага. Пісар (1425—1430) і канцлер вялікі літоўскі (1429).
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Прадстаўнік зьбяднелага шляхецкага роду Малдрыкаў з Радамскага павету. Мяркуецца, што кар’еру пачаў як каморнік каралевы польскай Ядвігі.
У пачатку XIV ст. уладкаваўся ў канцылярыю вялікага князя Вітаўта. У 1412 склаў прывілей Вітаўта аб наданьні Віленскаму капітулу воласьці Убарць, па чым да 1430 несупынна выступаў як вялікакняскі пісар і сакратар канцылярыі. Займаў першынства сярод іншых сакратароў канцылярыі (фактычна быў канцлерам, пра што сьведчыць дакумэнт 1429).
Выконваў дыпляматычныя місіі: праводзіў перамовы з крыжакамі пра пагранічныя праблемы, у 1429 разам з панамі Румбальтам і Гаштольдам быў паслом да Ягайлы ў справе каранацыі Вітаўта.
Часта наведваў Польшчу, дзе валодаў шэрагам вёсак і дзе жыла ягоная жонка. Атрымліваў ад Вітаўта заможныя падарункі (пазычаў грошы нават Ягайлу), што выклікала незадаволенасьць у вялікай княгіні Ульяны Гальшанскай. Памёр, заняты гаспадарчымі клопатамі ў сваіх маёнтках у Польшчы[1].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Малдрык Мікалай // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2010 Т. 3. С. 331.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2010. — Т. 3: Дадатак А — Я. — 690 с. — ISBN 978-985-11-0487-7