Перайсьці да зьместу

Глеб Лабадзенка

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Глеб Лабадзенка
лац. Hleb Łabadzienka
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 9 ліпеня 1986(1986-07-09) (38 гадоў)
Сужэнец Тацяна Шапуцька
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці журналіст
Гады творчасьці З 2000 г.
Жанр паэзія
Мова беларуская
Прэміі «Залаты апостраф» (2004), «Вольнае слова» за 2008 г. (2009), «Дэбют» імя Максіма Багдановіча (2013)
Узнагароды Галоўная ўзнагарода конкурса «Я маю твор» на фэстывалі «Дзень Зямлі» (2004)
labadzenka.by

Глеб Паўлавіч Лабадзенка (нарадзіўся 9 ліпеня 1986 году; Менск, цяпер Беларусь) — беларускі журналіст і паэт. Ляўрэат адной журналісцкай прэміі І ступені («Вольнае слова-2008» 2009 г.) і дзьвюх пісьменьніцкіх («Залаты апостраф» 2004 г. і «Дэбют» імя Максіма Багдановіча 2013 г.). Ляўрэат прэміі «За свабоду думкі» імя Васіля Быкава (2018). Напісаў вершы і беларускія пераклады для песьняў шматлікіх выканаўцаў і музычных гуртоў: HandmadE, Rahis, «The Stokes», Дакота, Макс Лорэнс, Аляксандар Рыбак[1].

Зь верасьня 1993 г. навучаўся ў сярэдняй школе № 126 Менску (вул. Янкі Маўра, д. 35)[2], дзе атрымаў базавую адукацыю (8 клясаў, чэрвень 2002 г.). У 2000 г., у 13-гадовым узросьце, пачаў працаваць журналістам. У 2002 г., у 16-гадовым узросьце, стаў сябрам Беларускай асацыяцыі журналістаў. Зь верасьня 2001 г. навучаўся ў Беларускім гуманітарным ліцэі імя Якуба Коласа, які скончыў у чэрвені 2004 году. 4 траўня 2003 г. атрымаў ганаровую грамату ў якасьці фіналіста літаратурнага конкурсу імя Натальлі Арсеньневай, які ладзіў Беларускі ПЭН-цэнтар[3]. У якасьці ўзнагароды яго творы ўвайшлі ў зборнік «12+1».

25 сакавіка 2004 г. атрымаў літаратурную прэмію «Залаты апостраф» у намінацыі «Дэбют» ад часопіса «Дзеяслоў»[4] за цыкль празаічных мініятураў «Запісы ў нататніку Манэ»[5]. 23 красавіка атрымаў галоўную ўзнагароду літаратурнага конкурса «Я маю твор» на фэстывалі «Дзень Зямлі», які ладзілі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя Рэспублікі Беларусь і грамадзкае аб’яднаньне «Беларускі зялёны крыж». 2 траўня перамог у конкурсе маладых літаратараў «Твор пра каханьне» імя Франчэска Пэтраркі, які ладзіў Беларускі ПЭН-цэнтар[6]. У якасьці ўзнагароды яго творы ўвайшлі ў зборнік «Формула каханьня».

Зь верасьня 2004 г. навучаўся на факультэце журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту (БДУ), які скончыў у чэрвені 2009 году. Адначасна ў 2004—2008 гг. працаваў журналістам у расейскамоўнай газэце «Камсамольская праўда ў Беларусі». На пачатку лістапада 2005 г., у 19-гадовым узросьце выдаў уласную кнігу «Пагер-вершы», якую 7 сьнежня прадставіў у Менску ў Доме літаратара[7]. У 2006 г. стаў сябрам Саюза беларускіх пісьменьнікаў. У 2007 г. скончыў аддзяленьне філязофіі і літаратуры Беларускага калегіюма. 4 сьнежня пачаў весьці ўласны блог. У 2008 г. стаў сябрам Беларускага ПЭН-цэнтру, адкуль быў выключаны ў 2019 годзе.

У 2009—2011 гг. працаваў журналістам беларускамоўнай газэты «Зьвязда». 4 траўня 2009 г. атрымаў журналісцкую прэмію за 2008 год I ступені за найлепшы інфармацыйны матэрыял[8] пра сучасных прадстаўнікоў роду Радзівілаў, 10 прадстаўнікоў якога прывёз у Беларусь. У чэрвені 2010 г. паступіў у магістратуру Інстытута журналістыкі БДУ[9], якую скончыў у чэрвені 2011 году. 13 жніўня 2010 г. у Фарным касьцёле Божага Цела ў Нясьвіжы (Менская вобласьць) абвянчаўся з 20-гадовай Тацянай Шапуцькай. Адмысловымі гасьцямі былі княгіня Эльжбета Радзівіл, сьпевакі Лявон Вольскі і Кася Камоцкая[10]. У шлюбе мае двух сыноў і дачку.

23 студзеня 2013 г. прадставіў сваю кнігу «Дзіцячая заМова»[11], якую ў сувязі з посьпехам перавыдаў у 2015 годзе. 21 сакавіка 2013 г. атрымаў за кнігу спэцыяльную прэмію «Дэбют» імя Максіма Багдановіча ад Саюза беларускіх пісьменьнікаў, Беларускага ПЭН-цэнтру і фонда «Вяртаньне»[12]. 13 студзеня 2014 г. у менскай галерэі «Ў» разам з Алеся Літвіноўскай заснаваў бясплатныя штотыднёвыя вечаровыя курсы беларускай мовы «Мова нанова» (пр. Незалежнасьці, д. 37а)[13]. 26 чэрвеня атрымаў на Фэстывалі беларускамоўнай рэклямы і камунікацыі «Аднак» галоўную ўзнагароду ў намінацыі «Грамадзказначныя праекты» за стварэньне курсаў «Мова нанова»[14], якія 27 лістапада атрымалі дзяржаўны ўлік у якасьці юрыдычнай асобы. Зь 1 студзеня 2015 г. пасьля 4-месячнай падрыхтоўкі супрацоўнікаў на курсах «Мова нанова» да абслугоўваньня на беларускай мове перайшла найбольшая ўласнабеларуская прыватная сетка АЗС «А-100» (35 аўтазаправак)[15]. У сакавіку выдаў кнігу «Дзіцячая заМова-2», якую прадставіў 14 красавіка[16]. У кастрычніку 2017 году стаў ініцыятарам усталяваньня першага ў Беларусі помніка Тадэвушу Касьцюшку каля ягонай роднай сядзібы ў Марачоўшчыне (Івацэвіцкі раён). У зборы грошай паўдзельнічала больш за 700 чалавек. Помнік урачыста адкрыты 12 траўня 2018 году на дзяржаўным узроўні, з удзелам старшыні Івацэвіцкага райвыканкаму, прадстаўнікоў Міністэрства культуры і Міністэрства замежных справаў.

  1. ^ «Ненавязьлівы Тузін» ад Глеба Лабадзенкі // Tuzin.fm, 23 ліпеня 2015 г. Праверана 28 кастрычніка 2015 г.
  2. ^ Віталь Краўчанка. Бліжэй да зорак, 2-і сэзон (62-і выпуск, Глеб Лабадзенка) // Радыё «Сталіца», 12 сьнежня 2014 г. Праверана 28 кастрычніка 2015 г.
  3. ^ Кацярына Марголь. Завяршыўся літаратурны конкурс імя Наталлі Арсенневай // Barc News, 8 траўня 2003 г. Праверана 28 кастрычніка 2015 г.
  4. ^ Прэмія «Дзеяслова» // Часопіс «Дзеяслоў», 29 сакавіка 2004 г. Праверана 28 кастрычніка 2015 г.
  5. ^ Глеб Лабадзенка. Запісы ў нататніку Манэ // Дзеяслоў : часопіс. — Сьнежань 2003. — № 7. — ISSN 2076-1309.
  6. ^ Аліса Бізяева. Конкурс для маладых літаратараў «Твор пра каханьне» // Літара.net, 9 лютага 2004 г. Праверана 28 кастрычніка 2015 г.
  7. ^ Кася Сарокіна. Дзень народзінаў Караткевіча і «Пагер-вершы» Лабадзенкі // Пакаленьне Y, 11 сьнежня 2005 г. Праверана 28 кастрычніка 2015 г.
  8. ^ Вынікі «Вольнага слова-2008» // Беларуская асацыяцыя журналістаў, 10 траўня 2009 г. Праверана 28 кастрычніка 2015 г.
  9. ^ Анкета Свабоды: Глеб Лабадзенка // Радыё «Свабода», 26 ліпеня 2010 г. Праверана 28 кастрычніка 2015 г.
  10. ^ Андрэй Маўрукевіч. Вясельле Шапуцькі й Лабадзенкі адбылося ў Нясьвіжы // Наша ніва : газэта. — 18 жніўня 2010. — № 31 (676). — С. 16. — ISSN 1819-1614.
  11. ^ Ксенія Ельяшэвіч. Новую кнігу Глеба Лабадзенкі зьбіралі ў менскім бамбасховішчы // Tut.by, 24 студзеня 2013 г. Праверана 28 кастрычніка 2015 г.
  12. ^ Прэмія «Дэбют» імя Максіма Багдановіча // Беларускі ПЭН-цэнтар, 2015 г. Праверана 28 кастрычніка 2015 г.
  13. ^ Ксенія Ельяшэвіч. У Менску адкрыюцца курсы «Мова нанова» // Tut.by, 8 студзеня 2014 г. Праверана 28 кастрычніка 2015 г.
  14. ^ 10 дыплёмаў Ad.Nak чакаюць сваіх пераможцаў // Фэстываль «Аднак», 26 чэрвеня 2014 г. Праверана 28 кастрычніка 2015 г.
  15. ^ Кліентаў аўтазаправачных станцый «А-100» будуць абслугоўваць па-беларуску // Tut.by, 8 студзеня 2015 г. Праверана 28 кастрычніка 2015 г.
  16. ^ «Дзіцячая заМова» Глеба Лабадзенкі // Радыё «Рацыя», 27 сакавіка 2015 г. Праверана 28 кастрычніка 2015 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]