Вастрабрамская вуліца
Вастрабрамская лац. Vastrabramskaja | |
вуліца | |
Агульная інфармацыя | |
---|---|
Гістарычны раён | Старое Места |
Былыя назвы | Максіма Горкага |
Даўжыня | 700 м |
Паштовыя індэксы | LT-01047, LT-01303, LT-01304, LT-02100 |
На мапе | |
Вуліца Вастрабрамская ў Вікісховішчы |
Вастрабра́мская ву́ліца[a][1] (лет. Aušros Vartų gatvė) — вуліца ў цэнтральнай частцы Вільні, у Старым Месьце. Працягвае вуліцу Вялікую. Зьвязвае скрыжаваньне вуліцаў Субач і Гетманскай з скрыжаваньнем Чыгуначнай і Друйскай. Працягваецца гістарычным Лідзкім гасьцінцам (цяпер Ліпагорская вуліца).
Архітэктурныя дамінанты вуліцы — Вострая брама з капліцай Маці Божай, ансамбль базылянскіх манастыроў з Траецкай царквой і брамай у стылі віленскага барока, царква і манастыр Сьвятога Духа, комплекс кляштару кармэлітаў з касьцёлам Сьвятой Тэрэзы, помнікі архітэктуры XVI—XVIII стагодзьдзяў.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Вялікае Княства Літоўскае
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Назва вуліцы ўтварылася ад яе кірунку да Вострай брамы, адзінай захаванай да нашага часу брамы гарадзкога мура.
Пад уладай Расейскай імпэрыі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У XIX ст. з мэтай маскалізацыі колішняга Вялікага Княства Літоўскага ўлады Расейскай імпэрыі перайначылі назву вуліцу на расейскі манер (рас. Островратная улица). Па адыходзе расейскіх войскаў зь Вільні вуліцы вярнулі традыцыйную гістарычную назву.
Найноўшы час
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У першай палове ХХ ст. раён вуліцы стаў палітычным і культурным цэнтрам беларусаў[2], тут дзейнічалі шматлікія беларускія ўстановы. У доме № 1 на рагу з Гетманскай вуліцай[3]. з 1926 году працавала беларуская кнігарня.
У 1939 годзе назву вуліцы перайначылі на летувіскі манер. Па Другой сусьветнай вайне савецкія ўлады перайменавалі частку вуліцы ў імя расейскага пісьменьніка Максіма Горкага. У 1987 годзе вуліцы вярнулі гістарычную назву, але ў летувізаванай форме.
Агульныя зьвесткі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Даўжыня каля 700 м. Мае брукаваную праезную частку ў Старым Месьце да Вострай Брамы, далей — асфальтавую. Нумарацыя дамоў пачынаецца ад рогу з Гетманскай вуліцай. З правага заходняга боку вуліцы дамы зь няцотнымі нумарамі, зь левага ўсходняга боку — цотная нумарацыя.
З правага боку адыходзяць вуліца Гетманская і Гасьціны завулак, зь левага — вуліца Субач. Мае скрыжаваньне з вуліцамі Базылянскай (направа) і Даўкшты (налева).
Будынкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Няцотны бок
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- № 5 — будынак Мескай залі, збудаваны ў 1902 годзе. Цяпер тут месьціцца Нацыянальная філярмонія Летувы.
- № 7 — Базылянскія муры[4]. У склад комплексу ўваходзяць царква Сьвятой Тройцы, званіца, будынкі жаночага і мужчынскага манастыроў, паўночная і паўднёвая брамы і бурса. Па Берасьцейскай уніі (1596) манастыр стаў галоўным цэнтрам пашырэньня Уніі і асяродкам, дзе ствараўся ордэн базылянаў. У 1604 годзе Язафат Кунцэвіч прыняў тут манаскі пострыг. У наш час пра гэты факт сьведчыць памятная шыльда. У 1823 годзе расейскія ўлады перарабілі першы паверх паўднёвага корпуса пад вязьніцу, дзе ўтрымлівалі паэта Адама Міцкевіча, пазьней — удзельнікаў вызвольнага паўстаньня 1830—1831 гадоў. У першай палове ХХ ст. у будынках манастыра знаходзіўся палітычны і культурны цэнтар беларусаў: Беларускі музэй імя Івана Луцкевіча і беларуская бібліятэка, Віленская беларуская гімназія, дзьве беларускія пачатковыя школы, Беларускае навуковае таварыства, Беларускі нацыянальны камітэт, Беларускія настаўніцкія курсы, Беларуская школьная рада Віленшчыны, духоўная сэмінарыя Траецкай царквы.
- № 7a — корпус манастыра, у якім месьцілася Віленская беларуская гімназія і Беларускі музэй. Гімназія дзейнічала з 1 студзеня 1919 да чэрвеня 1944 году. Сярод настаўнікаў гімназіі былі Антон і Іван Луцкевічы, Максім Гарэцкі, Вінцэнт Жук-Грышкевіч, Барыс Кіт, Рыгор Шырма. Пры ўваходзе ў былую гімназію вісяць памятныя шыльды Максіму Гарэцкаму і Натальлі Арсеньневай. Беларускі музэй месьціўся на першым паверсе паўднёвага крыла будынка. Тут захоўваліся сярэднявечныя пячаткі, манэты, слуцкія паясы, прадметы этнаграфіі, галасьнікі Гарадзенскай Калоскай царквы, рукапісныя кнігі і старадрукі (выданьні Францішка Скарыны, татарскі Аль-Кітаб, Літоўскі Статут 1588 году). Паводле інвэнтару 1941 году, музэй налічваў 13 450 адзінак захаваньня. У архіве музэю было больш за 9 тыс. адзінак захаваньня. Бібліятэка налічвала больш за 14 тыс. тамоў[5].
- № 7b — Траецкая царква. У 1347 годзе на гэтым месцы заснавалі першую драўляную царкву. У 1514—1516 гадох па пераможнай Аршанскай бітве князь Канстантын Астроскі ў падзяку Богу і ў гонар перамогі над маскоўскімі войскамі збудаваў на месцы драўлянай новую мураваную царкву. Па скасаваньні Берасьцейскай уніі ў 1839 годзе ўлады Расейскай імпэрыі гвалтоўна адабралі царкву і манастыр у Сьвятога Пасаду і перадалі ў валоданьне Маскоўскага патрыярхату, пазьней царкву перабудавалі ў маскоўскім стылі. У 1919 годзе будынак перадалі каталікам. У 1940 годзе савецкія ўлады зачынілі царкву. У 1991 годзе сьвятыню вярнулі грэка-каталікам.
Цотны бок
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- № 2 — 3-павярховы дом. Каля 1801 году будынак рэканструявалі паводле праекту архітэктура Міхала Шульца, пазьней на фасад дадалі эклектычную ляпніну.
- № 6 — дом, дзе з 1926 году правацаў Беларускі інстытут гаспадаркі. Установа займалася падтрымкай і разьвіцьцём сельскай гаспадаркі, народных рамёстваў, беларускай духоўнай культуры, беларускай асьветы і мовы. Пры ім дзейнічала тэатральная сэкцыя Пятра Булгака, працавала бібліятэка. З дапамогай беларускай друкарні імя Францішка Скарыны Інстытут выдаў больш за дзесяць кніг вядомых беларускіх аўтараў. Сёньня будынак займае адзін з найбольш дарагіх гатэляў Вільні[6].
- № 8 — адзіны захаваны ў Вільні будынак гаспадарчага прызначэньня (склад), збудаваны ў XV—XVI стагодзьдзях. У 1970—1974 гадох на помніку праводзіліся рэстаўрацыйныя працы.
- № 10 — Духаўская царква і манастыр. Драўляная царква існавала тут з 1567 году. У 1596 годзе ў друкарні Духаўскага брацтва Лаўрэнці Зізані выдаў славянскі лемантар, які ўлучаў беларускі тлумачальны слоўнік (на 1061 слова). У 1618 годзе ў манастыры прыняў пострыг Мялеці Сматрыцкі. У 1638 годзе замест драўлянай збудавалі мураваную сьвятыню. У 1749—1753 гадох царкву перабудавалі паводле праекту архітэктара Ян Гляўбіц ў стылі віленскага барока. У пячорнай царкве пад алтаром, іканастас да якой стварыў мастак Іван Хруцкі, спачыў зьнішчальнік уніяцкай царквы Ёсіф Сямашка[7].
- № 14 — касьцёл Сьвятой Трэзы і кляштар кармэлітаў. Кляштар будаваўся ў 1621—1624 гадох, касьцёл — у 1633—1650 гадох з фундацыі падканцлера Стэфана Паца. У 1783 годзе да кута заходняга фасаду касьцёла прыбудавалі капліцу-пахавальню Пацаў. У 1829 годзе касьцёл злучылі 2-павярховай крытай галерэяй з капліцай Маці Божай на Вострай браме.
Вострая брама
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Асноўны артыкул: Вострая брама
Брама будавалася ў гатычным стылі ў 1503—1522 гадох разам зь пяцьцю іншымі, пазьней колькасьць брамаў дасягала дзевяці. Празь некалькі гадоў над аркай брамы дабудавалі фасад зь пяцьцю амбразурамі і атык у стылі рэнэсансу. Атык мае дэкор з гербам Пагоняй, які падтрымліваюць два крылатыя львы-грыфоны, і рэльефнай галавой Гермэса ў крылатым шлеме.
З боку места над брамай у 1671 годзе манахі-кармэліты збудавалі драўляную капліцу, адмыслова для абраза Маці Божай Вастрабрамскай. 18 траўня 1706 году здарыўся пажар, але капліца ўцалела. Пажар у траўні 1715 году зьнішчыў амаль усё места і капліцу. У 1722 годзе над брамай збудавалі мураваную капліцу. Пры перабудове ў 1829—1830 гадох капліца набыла рысы клясыцызму.
Галерэя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]-
Ю. Азямблоўскі, 1834 г.
-
Ю. Азямблоўскі, 1835 г.
-
Касьцёл Сьвятой Тэрэзы, 1862 г.
-
Духаўская царква, 1888 г.
-
Траецкая царква па маскоўскай перабудове. І. Трутнеў, 1870 г.
-
Вострая брама, 1889 г.
-
Брама базылянскі муроў, 1889 г.
-
Касьцёл Сьвятой Тэрэзы, 1901 г.
Заўвагі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ таксама Вострабрамская вуліца
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Наша Ніва. № 1, 1994. С. 7.
- ^ Корбут В. Па віленскім бруку // Туризм и Отдых. № 32 (667). 14 жніўня 2008.
- ^ Корбут В. Па віленскім бруку. Беларускія вуліцы літоўскай сталіцы // Туризм и Отдых. № 29 (664). 24 ліпеня 2008.
- ^ Базылянскія муры. / Францішак Аляхновіч // Беларускае жыцьцё : часопіс. — Вільня: 21 верасьня 1919. — № 14. — С. 1.
- ^ Лашкевіч К. Страчаная сталіца. Дапаможнік-гід па беларускай Вільні, TUT.BY, 6 жніўня 2009 г.
- ^ Беларускія старонкі Вільні = Vilniaus gudų puslapiai. — Вільня, 2012. С. 103.
- ^ Лашкевіч К. «Страчаная сталіца». Шэсць бажніц, якія варта наведаць беларусу ў Вільні. TUT.BY. Праверана 20 лютага 2017 г.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Беларускія старонкі Вільні = Vilniaus gudų puslapiai / К. Атаманчык і інш. — Вільня, 2012. — 145 с.
- Луцкевіч Л. Вандроўкі па Вільні. — Вільня: Рунь, 1998.— 160 с.: іл. ISBN 9986-9228-2-8.