Блізьняты (сузор’е)
Блізьняты | |
Лацінская назва | Gemini |
---|---|
· у родным склоне | Geminorum |
· скарот | Gem |
Простае ўзьняцьцё | 7г |
Схіленьне | +20° |
Квадрант | NQ2 |
Плошча | 514 кв. гр. (30-е) |
Зорак паводле Баера/Флэмстыда | 80 |
Зорак з плянэтамі | 8 |
Зорак ярчэй за 3.00m | 4 |
Зорак у 10 пк (32,62 сьв. г.) | 4 |
Найярчэйшая зорка | β Gem (1,15m) |
Найбліжэйшая зорка | Глізэ 251 (17,99 сьв. г., 5,52 пк) |
Аб’екты Мэсье | 1 |
Мэтэорныя патокі | Гемініды |
Памежныя сузор’і | Рысь Возьнік Цялец Арыён Адзінарог Малы Пёс Рак |
Назіраецца ў шыротах паміж +90° і −60°. Найлепш назіраецца ў 21:00 на працягу лютага. |
Блізьняты (па-лацінску: Gemini, Gem) — задыякальнае сузор’е ў паўночным паўшар’і. Гэта адно з 48 сузор’яў, апісаных Пталемэем у II стагодзьдзі нашай эры. Назва паходзіць ад Дыяскураў, сыноў-блізьнятаў Леды Кастара і Палідэўка (ў лацінізаванй форме Полюкс). Сымбалем сузор’я зьяўляецца (Юнікод ♊).
Палажэньне на небе
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Блізьняты знаходзяцца паміж Цяльцом на захадзе і Ракам на ўсходзе, на поўнач ад Блізьнятаў ляжаць Возьнік і Рысь, а на поўдні — Адзінарог і Малы Пёс. Сонца праходзіць праз задыякальнае сузор’е Блізьнятаў з 21 чэрвеня да 21 ліпеня кожны год.
Лепей за ўсё за Блізьнятамі назіраць ноччу на працягу студзеня-лютага. У красавіку-траўні сузор’е можна назіраць акурат па заходзе сонца на захадзе. У сярэдзіне жніўня раніцай, да ўзыходу Сонца, Блізьнятаў можна пабачыць над гарызонтам на ўсходзе.
Лягчэй за ўсё знайсьці сузор’е можна, знайшоўшы спачатку дзьве яго найярчэйшыя зоркі — Кастар і Полюкс: яны ляжаць на ўсход ад характэрнага астэрызму ў Цяльцы ў форме літары V. У лякацыі сузор’я таксама могуць дапамагчы тры блізкаразьмешчаныя зоркі з пояса Арыёна. Таксама можна правесьці ўяўную лінію паміж Плеядамі у сузор’і Цяльца і Рэгулам, найярчэйшай зоркай Ільва, прыкладна ўздоўж экліптыкі — лінія будзе праходзіць проста пад Кастарам і Полюксам.
Адметнасьці
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Зоркі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Найярчэйшымі зоркамі Блізьнятаў зьяўляюцца Кастар і Полюкс. Паводле баераўскіх абазначэньняў Кастар зьяўляецца «альфай», але насамрэч найярчэйшай зоркай зьяўляецца Кастар, а ўжо потым Полюкс. Кастар — 6-кратная зорная сыстэма за 49,8 сьв. гадоў ад Зямлі, якая выглядае для наўзброенага вока як сіне-белая зорка зорнай велічыні 1,6. У гэтай сыстэме можна знайсьці дзьве спэктральна-падвойныя зоркі (зорныя велічыні 1,9 і 3,0) з пэрыядам у 470 гадоў. Аддалены чырвоны карлік таксама зьяўляецца часткай гэтай складанай сыстэмы — гэта зацьменна-падвойная зьменная тыпу Альголя з пэрыядам у 19,5 гадзін, зорная велічыня вагаецца ў дыяпазоне 9,8—9,3. Бэта Блізьнятаў — Полюкс — найярчэйшая зорка Блізьнятаў, не зважаючы на абазначэньне. Гэта аранжавы гігант зорнай велічыні 1,2 за 34 сьв. гады ад Зямлі. Неадпаведнасьць яскравасьці і абазначэньняў Кастара і Полюкса вынікае з памылкі, зробленай самім Ёганам Баерам, калі ён надаваў зоркам свае абазначэньні ў 1603 годзе.[1]
Акрамя вышэй памянутых, у сузор’і месьцяцца і іншыя зоркі, у тым ліку кратныя сыстэмы. Так, Гама Блізьнятаў з традыцыйнай назвай Альгена — сіне-белая зорка з зорнай велічынёй 1,9 за 105 сьв. гадоў ад Зямлі. Дэльта Блізьнятаў (Васат) — доўгапэрыядычная падвойная зорка за 59 сьв. гадоў ад Зямлі. Першасны кампанэнт ёсьць белай зоркай зь велічынёй 3,5, а другасны — аранжавы карлік з зорнай велічынёй 8,2. Пэрыяд складае больш як 1000 гадоў, а кампанэнты можна адрозьніць у сярэдні аматарскі тэлескоп. Эпсылён Блізьнятаў — аптычная падвойная зорка. Першасны кампанэнт — жоўты звышгігант зорнай велічыні 3,1 за 900 сьв. гадоў ад Зямлі. Аптычны яе спадарожнік з зорнай велічынёй 9,2 бачны ў біноклі і малыя тэлескопы.[1]
Дзэта Блізьнятаў таксама ёсьць аптычнай падвойнай зоркай. Першасная зорка ўваходзіць у клясу Цэфэідаў і зьяўляецца жоўтым звышгігантам з пэрыядам у 10,2 дня і зорнай велічынёй ад 4,2 да 3,6, знаходзіцца за 1200 сьв. гадоў ад Зямлі. Яе кампаньён з зорнай велічынёй 7,6 бачны ў біноклі і малыя аматарскія тэлескопы. Эта Блізьнятаў — падвойная зорка са зьменным кампанэнтам. Маючы пэрыяд абарачэньня, роўны 500 гадам, і знаходзячыся за 350 сьв. гадоў ад Зямлі, зорку можна разьмеркаваць на кампанэнты, маючы хіба вялікі аматарскі тэлескоп.
Глядзіце таксама
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Блізьняты — знак задыяку
- Джэміні — праграма пілятаваных караблёў NASA з магчымасьцю выхаду ў адкрыты космас. Назва супадае з лацінскай назвай сузор’я Блізьняты — Gemini
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б Ridpath & Tirion 2001. С. 150—152.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Ridpath, Ian; Tirion, Wil Stars and Planets Guide. — Princeton University Press, 2001. — ISBN 0-691-08913-2
- Ridpath, Ian; Tirion, Wil Stars and Planets Guide. — Princeton University Press, 2007. — ISBN 978-0-691-13556-4
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Блізьняты (сузор’е) — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
|