Барыс Кіт
Барыс Кіт лац. Barys Kit | |
Барыс Кіт | |
Дата нараджэньня | 24 сакавіка (6 красавіка) 1910 |
---|---|
Месца нараджэньня | |
Дата сьмерці | 1 лютага 2018[1] (107 гадоў) |
Месца сьмерці |
|
Прычына сьмерці | пнэўманія |
Месца пахаваньня | |
Месца вучобы |
|
Занятак | матэматык, хімік, фізык |
Навуковая сфэра | фізыка, матэматыка, астранаўтыка, хімія |
Месца працы | |
Вядомы як | канструктар ракетнай тэхнікі |
Сябра ў | Беларускае навуковае таварыства |
Навуковы кіраўнік | Антоні Зыгмунд |
Бары́с Уладзі́меравіч Кіт (6 красавіка [ст. ст. 24 сакавіка] 1910, Пецярбург — 1 лютага 2018, Франкфурт-на-Майне) — беларускі і амэрыканскі грамадзкі дзяяч, настаўнік, матэматык, фізык, хімік. Доктар філязофскіх навук у галіне матэматыкі і гісторыі навукі.
Жыцьцяпіс
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Сям’я паходзіць зь вёскі Агароднікі Наваградзкага павету (цяпер Наваградзкі раён). У Петраградзе жылі на вуліцы Шамшава(ru)[3]. У 1918 зь Петраграду з бацькамі з эканамічных прычынаў вярнуўся на Наваградчыну. Скончыў народную школу ў Карэлічах (1926), Наваградзкую беларускую гімназію (1928), фізычна-матэматычны факультэт Віленскага ўнівэрсытэту (1933).
Двойчы арыштаваны польскімі ўладамі. З 1931 быў выкладчыкам Віленскай беларускай гімназіі, яе дырэктар у 1939. З восені 1939 стаў дырэктарам адроджанай гімназіі ў Наваградку. Потым школьны інспэктар у Баранавіцкай вобласьці, арганізоўваў пачатковыя і сярэднія беларускія школы.
У 1941 з пачаткам нацысцкай акупацыі Беларусі, каб пазьбегнуць арышту, некаторы час жыў у вёсцы Лебедзева Маладэчанскага раёну, адкуль была родам ягоная жонка і дзе пазьней настаўнічаў у мясцовай народнай школе[4]. У 1943 зладзіў настаўніцкія сэмінарыі ў Маладэчне і Паставах, стаў іх дырэктарам, заснаваў Адміністрацыйна-гандлёвы інстытут у Маладзечне. Пасьля закрыцьця гэтых навучальных установаў у 1944 Барыс Кіт арыштаваны гестапам, ад расстрэлу яго выратавалі былыя вучні А. Дасюкевіч і К. Касяк. У канцы вайны эміграваў у Нямеччыну, у 1945-48 вывучаў мэдыцыну ў Мюнхэнскім унівэрсытэце і адначасова выкладаў матэматыку ў мясцовых гімназіях.
З 1949 году жыў у ЗША. Спачатку прыехаў у Нью-Ёрк, але неўзабаве пераехаў у мястэчка Саўт-Рывэр, дзе жыло шмат беларусаў, уладкаваўся на працу ў фармацэўтычную фірму. Дзякуючы Б. Кіту быў створаны Беларуска-амэрыканскі дапамогавы камітэт, які распачаў сярод беларускіх імігрантаў культурную, сацыяльную, палітычную работу. Барыс Кіт быў старшынём камітэту з 1949 па 1950. Пасьля пераяжджае ў Каліфорнію, дзе таксама арганізоўвае беларускую групу, маючы памочнікам свайго былога вучня Часлава Найдзюка.
З 1972 году жыў у Нямеччыне, месцам свайго сталага жыхарства выбраў горад Франкфурт-на-Майне. Тут вярнуўся да пэдагагічнай працы.
Барыс Кіт зьяўляўся фундатарам многіх эміграцыйных беларускіх выданьняў, кніг Майсея Сяднёва. У 1990-я гады наведваў Беларусь. Аўтар успамінаў.
У апошні час жыў у Франкфурце-на-Майне ў доме для састарэлых.
Памёр 1 лютага 2018 году ў Франкфурце-на-Майне[5].
Навуковая дзейнасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У Лос-Анджэлесе Барыс Кіт працаваў у фірме North American Aviation, дзе ажыцьцяўляліся касьмічныя праекты: стратэгічныя ракеты Navaho, праект падарожжа чалавека на Марс Apollo, чаўночны карабель Shuttle. Першай яго навуковай працай было пасьпяховае дасьледаваньне якасьцяў вадкага вадароду як будучага касьмічнага паліва.
У 1958 Барыса Кіта запрасілі ў горад Вашынгтон, дзе ён пачаў працаваць у аддзеле касманаўтыкі Міністэрства паветраных сілаў ЗША. Выконваў абавязкі экспэрта ў разьвіцьці міжнароднай касманаўтыкі, перадусім савецкай.
У 1960 з выхадам навукова-папулярнай кнігі «Дапаможнік па ракетных палівах» пачынаецца літаратурная дзейнасьць Барыса Кіта. У 1964 ён напісаў сваю другую кнігу «Гісторыя і сучасны стан савецкай касманаўтыкі».
З 1963 Барыс Кіт працаваў у аддзеле касманаўтыкі карпарацыі IT&T, дзе дасьледвалі й будавалі спадарожнікі сувязі, што зьяўлялася першым этапам у справе падрыхтоўкі падарожжа амэрыканцаў на Месяц. Займаўся матэматычнай распрацоўкай сродкаў сувязі ў праектах касьмічных караблёў.
Барыс Кіт выступаў з рэфэратамі, пісаў і публікаваў артыкулы, чытаў даклады на міжнародных кангрэсах па касманаўтыцы. Напрыканцы 1960-ых ён наведаў зь лекцыямі Японію, Індыю, Мэксыку, Гішпанію, Канаду, Ангельшчыну, Швэцыю, Фінляндыю, Нарвэгію, Нямеччыну й інш.
Па пераезьдзе ў Нямеччыну Барыс Кіт стаў прафэсарам Эўрапейскага аддзелу Мэрылэндзкага ўнівэрсытэту (ЗША) ў Франкфурце-на-Майне (яшчэ ў Вашынгтоне ён выкладаў матэматыку ў Мэрылэндзкім унівэрсытэце). Тэмай доктарскай дысэртацыі ён выбраў жыцьцё і навуковую дзейнасьць польскага матэматыка Антоні Зыгмунда, свайго колішняга прафэсара ў Віленскім унівэрсытэце. Дысэртацыю «Антоні Зыгмунд, ягонае жыцьцё і фундуш у матэматыку XX стагодзьдзя» Барыс Кіт пасьпяхова абараніў у 1982 на вучонай радзе Рэгензбургскага ўнівэрсытэту і атрымаў за гэтую працу навуковае званьне доктара філязофіі ў галіне матэматыкі і гісторыі навукі. У 1987 яму ўручылі дыплём заслужанага прафэсара, а ў 1990 — дыплём ганаровага прафэсара.
У 1991 яму быў уручаны дыплём акадэміка Міжнароднай акадэміі астранаўтыкі. Барыс Кіт — сябра многіх навуковых таварыстваў сьвету.
Узнагароды
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Доктар філязофіі ў галіне матэматыкі і гісторыі навукі, заслужаны прафэсар Мэрылэндзкага ўнівэрсытэту (ЗША), акадэмік Міжнароднай акадэміі астранаўтыкі, ганаровы доктар навук Гарадзенскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Янкі Купалы.
Найстарэйшы сябар Амэрыканскага таварыства астранаўтыкі, ганаровы сябар Брытанскага міжплянэтнага таварыства, чалец камітэту міжнароднай Акадэміі астранаўтыкі (Парыж), уладальнік залатога мэдалю імя Обэрта, многіх прэстыжных міжнародных прэміяў.
Ганаровы грамадзянін Наваградку.
Васіль Быкаў назваў Барыса Кіта беларусам нумар адзін ва ўсім сьвеце[6].
Творы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Kit, Boris and Evered, Douglas S. Rocket Propellant Handbook. — 1st ed. — New York: The Macmillan Company, 1960.
Ушанаваньне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Барысу Кіту прысьвечаныя верш Вольгі Іпатавай «Настаўнік», чатырохрадкоўе Рыгора Барадуліна, дзьве кнігі беларускай пісьменьніцы Лідзіі Савік «Вяртаньне» і «Космас беларуса», карціна Анатоля Крывенкі «Барыс Кіт і Васіль Быкаў» і інш. творы.
Васіль Быкаў напісаў «Аповеды Барыса Кіта, расказаныя ім самім», дапамагаў Барысу Кіту пісаць біяграфію.
Рыгор Барадулін прысьвяціў Барысу Кіту чатырохрадкоўе, якое ўвайшло ў кнігу «Дуліна ад Барадуліна»:
|
Імя Барыса Кіта закладзенае ў «капсуль часу» найлепшых навукоўцаў сусьветнай касманаўтыкі, умураваны ў сьцяну Капітолію ў Вашынгтоне.
Крыніца
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Barys Kit // https://pantheon.world/profile/person/Barys_Kit
- ^ Борис Кит — Беларускі навукова-дасьледчы цэнтар электроннай дакумэнтацыі.
- ^ Каліноўскі, Валер (5 сьнежня 2017) Адмарозіў ногі на Лютаўскай рэвалюцыі, галадаў пасьля Кастрычніцкай, — Барыс Кіт пра падзеі 100 гадоў таму Інтэрвію. Радыё «Свабода». Праверана 5 сьнежня 2017 г.
- ^ Бацькаўшчына — вялікі клопат Барыса Кіта // Новы час, 03 красавіка 2010 г.
- ^ Памёр самы стары беларус сьвету, асьветнік і навуковец Барыс Кіт
- ^ Barys Kit Biography Belarusian Writers Web page
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Галіна Войцік. Барыс Кіт. — Вільня: Выдавецтва беларусаў Летувы «Рунь», 2001. — (Партрэты Віленчукоў). — ISBN 9955-427-12-4
- Савік Л. Вяртанне. Жыццяпіс Барыса Уладзіміравіча Кіта. — Мн.: 1993. — 75 с.
- Савік Л. Космас беларуса: Жыццяпіс Б. Кіта, асветніка, вучонага, патрыёта. — Мн.: 1996. — 381 с.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1997. — Т. 4: Кадэты — Ляшчэня. — 432 с. — ISBN 985-11-0041-2
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Нарадзіліся 6 красавіка
- Нарадзіліся ў 1910 годзе
- Нарадзіліся ў Санкт-Пецярбургу
- Памерлі 1 лютага
- Памерлі ў 2018 годзе
- Памерлі ў Франкфурце-на-Майне
- Пахаваныя ў Вісбадэне
- Выпускнікі ўнівэрсытэту Стэфана Баторыя
- Выпускнікі Мюнхэнскага ўнівэрсытэту
- Выпускнікі Віленскага ўнівэрсытэту
- Выпускнікі Наваградзкай беларускай гімназіі
- Выкладчыкі Віленскай беларускай гімназіі
- Выкладчыкі Наваградзкай беларускай гімназіі
- Асобы Вільні
- Беларускія фізыкі
- Беларускія навукоўцы
- Амэрыканцы беларускага паходжаньня
- Фізыкі ЗША
- Беларускія стогадовыя жыхары
- Беларусы ў ЗША
- Беларусы ў Нямеччыне