52-і пошукавы батальён

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Каардынаты: 54°57′53″ пн. ш. 28°48′59″ у. д. / 54.96472° пн. ш. 28.81639° у. д. / 54.96472; 28.81639

52-і спэцыялізаваны пошукавы батальён
Гады існаваньня з 1 сакавіка 1995 году
Краіна Беларусь
Падпарадкаваньне Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь
Уваходзіць у Узброеныя сілы Рэспублікі Беларусь
Тып пошукавая вайсковая частка
Функцыя палявыя пошукі загінулых на вайне
Колькасьць 200 чалавек (2018 г.)
Дысьлякацыя вёска Бароўка (Лепельскі раён, Віцебская вобласьць)
Дзейны камандзір Аляксандар Трубека

52-і асобны спэцыялізаваны пошукавы батальён (52 аспб) — вайсковая частка Ўзброеных сілаў Рэспублікі Беларусь, створаная ў сакавіку 1995 году.

Вайсковая частка 28443 месьціцца ў вёсцы Бароўка (Лепельскі раён, Віцебская вобласьць)[1]. Задачамі 52-га батальёну ёсьць: 1) пошук загінулых і зьніклых бязь вестак у гады войнаў вайскоўцаў і цывільных ахвяраў войнаў; 2) узаеміны са службовымі асобамі мясцовых органаў улады і вайсковых камісарыятаў у раёнах правядзеньня пошуку; 3) усталяваньне зносінаў са службовымі асобамі архіваў і музэяў, грамадзкіх аб’яднаньняў і грамадзянамі дзеля выяўленьня месцаў няўлічаных вайсковых пахаваньняў; 4) вызначэньне імёнаў загінулых вайскоўцаў і цывільных ахвяраў войнаў[2].

Мінуўшчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

30 лістапада 1994 г. прэзыдэнт Беларусі А.Лукашэнка падпісаў Указ № 231 «Аб паляпшэньні працы па ўвекавечаньні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяраў войнаў у Рэспубліцы Беларусь», паводле 2-га пункту якога даручыў: «Міністэрству абароны Рэспублікі Беларусь у месячны тэрмін ... за кошт колькасьці войскаў сфармаваць спэцыялізаванае вайсковае фармаваньне (батальён да 200 чалавек) для правядзеньня пошукавай працы, зьвязанай з увекавечаньнем памяці абаронцаў Айчыны і ахвяраў войнаў, і арганізаваць яго дзейнасьць»[3]. 16 студзеня 1995 г. начальнік Галоўнага штаба Ўзброеных сілаў Рэспублікі Беларусь падпісаў Дырэктыву № 5/03, паводле якой 1 сакавіка 1995 г. стварылі 52-і асобны спэцыялізаваны пошукавы батальён. Першы пошукавы пэрыяд правялі з 23 сакавіка па 30 кастрычніка 1995 году. Да 2002 году 3 спэцыялізаваныя пошукавыя роты 52-га батальёну месьціліся ў Горадні, Віцебску і Менску. У 2002 г. склад скарацілі да 2 ротаў. У 2003 г. 52-і батальён разьмясьцілі ў вёсцы Заслонава (Лепельскі раён, Віцебская вобласьць)[4]. У 2004 годзе ў склад 52-га батальёну дадалі 2 рэкагнасцавальныя пошукавыя групы.

5 траўня 2004 г. міністар абароны Беларусі Леанід Мальцаў падпісаў Пастанову Мінабароны № 21 «Аб зацьвярджэньні Інструкцыі аб парадку аказаньня платных паслугаў вайсковымі часткамі па пошуку няўлічаных пахаваньняў замежных вайскоўцаў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь». Паводле 17-га пункту Інструкцыі, прыбытак ад аказаньня платных паслугаў выкарыстоўваецца: «40% — на ўдасканаленьне матэрыяльна-тэхнічнай базы вайсковай часткі; 30% — на ўдасканаленьне матэрыяльна-тэхнічнай базы кіраўніцтва ўвекавечаньня памяці абаронцаў Айчыны і ахвяраў войнаў Узброеных сілаў; 30% — на матэрыяльнае заахвочваньне і сацыяльную падтрымку вайскоўцаў і цывільнага пэрсаналу вайсковай часткі і кіраўніцтва ўвекавечаньня памяці абаронцаў Айчыны і ахвяраў войнаў Узброеных сілаў»[5]. 4 красавіка 2005 г. міністар абароны Л.Мальцаў падпісаў Загад Мінабароны № 12 «Аб зацьвярджэньні Палажэньня аб асобнай спэцыяльнай пошукавай вайсковай частцы», прызначэньнем якой паводле 3-га пункту ёсьць «пошук няўлічаных вайсковых пахаваньняў з мэтай увекавечаньня памяці абаронцаў Айчыны і ахвяраў войнаў». Паводле 6-га пункту Палажэньня, «Пошукавая вайсковая частка складаецца з: кіраўніцтва; спэцыялізаваных пошукавых ротаў (спэцыялізаваныя пошукавыя ўзводы, узводу забесьпячэньня); рэкагнасцавальных пошукавых групаў»[6]. У жніўні 2005 г. 52-і пошукавы батальён знайшоў каля вёскі Селішча (Вялейскі раён, Менская вобласьць) парэшткі 224 францускіх жаўнераў Напалеона (Вайна 1812 году). У лістападзе 2006 году рэшткі аднаго зь іх пахавалі каля помніка Бакура на Брылёўскім полі (Барысаўскі раён, Менская вобласьць). У лістападзе 2007 г. парэшткі астатніх 223 францускіх жаўнераў перапахавалі на могілках вёскі Сьцюдзёнка (Барысаўскі раён)[7].

Улетку 2007 году 52-і пошукавы батальён правёў паўторныя раскопкі даваенных пахаваньняў у Шчакатоўскім лесе (Гомельскі раён)[8]. У 1930-я гады атрады Народнага камісарыяту ўнутраных справаў БССР расстрэльвалі там асуджаных, ва ўрочышчы Тры Слупы і Баркі (Рэпрэсіі ў БССР)[9]. У 2010 годзе 52-і пошукавы батальён раскапаў і перадаў мясцовым органам улады для перапахаваньня парэшткі 1302 загінулых, устанавіў імёны 133 загінулых вайскоўцаў і цывільных ахвяраў войнаў, знайшоў 464 выбухованебясьпечныя прадметы, 329 патронаў, 6 адзінак стралковай зброі, 4 узнагароды, 47 мэдальёнаў і 763 рэліквіі, абазначыў межы пахаваньняў 213 загінулых у Нямецка-савецкай вайне. Таксама 52-і батальён рэкагнасцаваў 53 будучых месцы пошуку і правёў палявы пошук на 71 няўлічаным вайсковым пахаваньні. Агулам пошук правялі ў 112 мясьцінах ва ўсіх абласьцях Беларусі і ў 2 мясьцінах у Падляскім ваяводзтве Польшчы. На Падляшшы знайшлі парэшткі 15 чырвонаармейцаў, загінулых у чэрвені 1941 году (Беластоцкая вобласьць, Беларуская ССР). За 15 гадоў 52-і батальён правёў пошук у 1887 мясьцінах у 109 са 118 раёнаў Беларусі, знайшоў і перадаў для перапахаваньня парэшткі 16 770 загінулых вайскоўцаў і цывільных ахвяраў войнаў. За гэты ж час вызначылі імёны 1878 загінулых падчас войнаў, знайшлі 266 мэдальёнаў і 39 узнагародаў, абясшкодзілі 3696 выбухованебясьпечных прадметаў[10]. Пры пошуку выкарыстоўвалі мэталадэтэктары, спадарожнікавыя навігатары і лічбавыя фотакамэры[11].

На 2012 год, за 17 гадоў, 52-і спэцыялізаваны пошукавы батальён у супрацы зь мясцовымі ўладамі правёў пошук у 1907 мясьцінах на землях 110 са 118 раёнаў Беларусі. Адмыслоўцы батальёну знайшлі і перадалі для перапахаваньня рэшткі 19 682 загінулых вайскоўцаў, абазначылі межы пахаваньняў 312 973 загінулых, пацьверджаныя архіўнымі зьвесткамі. У выніку палявых пошукаў удалося вярнуць імёны 2262 загінулых падчас войнаў і абясшкодзіць 4175 выбухованебясьпечных прадметаў. У выніку архіўна-дасьледчай працы ўстанавілі 79 893 імені загінулых вайскоўцаў. На 2012 год на дзяржаўным уліку стаяла 7233 вайсковыя пахаваньні, што склала ўдвая больш за паказьнік 2003 году[12]. У 2014 г. 52-і пошукавы батальён правёў пошук у 127 мясьцінах у 40 са 118 раёнаў усіх вобласьцяў Беларусі, раскапаў і перадаў уладам для перапахаваньня парэшткі 3041 загінулага, вызначыў імёны 53 зь іх. Таксама 52-і батальён выявіў 8 адзінак стралковай зброі 4859 патронаў, 542 выбухованебясьпечныя прадметы і 2 узнагароды. За 20 гадоў 52-і пошукавы батальён абазначыў межы пахаваньняў 313 025 асобаў, выявіў парэшткі звыш 69 000 чалавек, правялі пошукі ў амаль 2000 мясьцінах, абясшкодзілі звыш 5000 выбухованебясьпечных прадметаў, выявілі 186 адзінак стралковай зброі, звыш 25 000 патронаў, 560 мэдальёнаў, 58 узнагародаў і звыш 13 500 рэліквіяў[2].

У 2015 г. 52-пошукавы батальён правёў палявыя працы ў 119 мясьцінах часоў абедзьвюх сусьветных войнаў і вайны 1812 году, перадаў у мясцовы органы ўлады для перапахаваньня парэшткі звыш 2000 чалавек[13]. У кастрычніку 2015 году 52-і пошукавы батальён правёў раскопкі ў лесе каля вёсак Хайсы і Дрыкольле (Мазалаўскі сельсавет, Віцебскі раён), дзе знайшоў некалькі пластоў парэшткаў мужчынаў і жанчынаў, расстраляных у 1930-я гады[14]. У большасьці раскапаных парэшткаў каля 200 чалавек былі адтуліны ад куляў у патылічнай і цемянной частках чарапоў. Іх перапахавалі ў брацкай магіле на станцыі «Лужасна»[15].

Пры канцы 2017 году 52-і асобны пошукавы батальён разьмясьцілі ў вёсцы Бароўка (Лепельскі раён, Віцебская вобласьць)[16].

Камандзіры[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ 52-і асобны спэцыялізаваны пошукавы батальён (рас.) // Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь, 2018 г. Праверана 15 сакавіка 2018 г.
  2. ^ а б 52 асобнаму спэцыялізаванаму пошукаваму батальёну – 20 гадоў // Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь, 25 лютага 2015 г. Праверана 20 сакавіка 2018 г.
  3. ^ А.Лукашэнка. Указ прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь ад 30 лістапада 1994 г. № 231 «Аб паляпшэньні працы па ўвекавечаньні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяраў войнаў у Рэспубліцы Беларусь» (рас.) // Юрыдычная бібліятэка «Навіны Беларусі», 1 кастрычніка 2008 г. Праверана 15 сакавіка 2018 г.
  4. ^ а б Н. Міхайлава. На Дзятлаўшчыне вяліся палявыя пошукавыя работы // Перамога : газэта. — Дзятлава: жнівень 2013. — № 62.
  5. ^ Разьдзел 8-ы. Пастановы Нацбанка, міністэрстваў, іншых рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіраваньня (с. 38) (рас.) // Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь, 26 траўня 2004 г. Праверана 20 сакавіка 2018 г.
  6. ^ Леанід Мальцаў. Загад Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь ад 4 красавіка 2005 г. № 12 «Аб зацьвярджэньні Палажэньня аб асобнай спэцыяльнай пошукавай вайсковай частцы» (рас.) // Прававы партал Валерыя Леванеўскага, 28 сакавіка 2007 г. Праверана 20 сакавіка 2018 г.
  7. ^ На Барысаўшчыне пройдзе жалобная цырымонія па жаўнерах Напалеона // Эўрарадыё, 23 лістапада 2008 г. Архіўная копія ад 23 лістапада 2008 г. Праверана 20 сакавіка 2018 г.
  8. ^ Тацяна Ўласенка. Гомельскія Курапаты // Новы час : газэта. — 21 студзеня 2011. — № 3 (226). — С. 15. — ISSN 2218-2244.
  9. ^ Фотафакт: кадры з дакумэнтальнага фільма «Лес сьмерці», які расказвае пра ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў // БелаПАН, 4 студзеня 2008 г. Праверана 20 сакавіка 2018 г.
  10. ^ Вячаслаў Будкевіч. У 2010 годзе ваеннаслужачыя 52-га пошукавага батальёна знайшлі астанкі больш чым 1.300 загінулых падчас войнаў на тэрыторыі Беларусі // БелаПАН, 30 лістапада 2010 г. Праверана 20 сакавіка 2018 г.
  11. ^ Канстанцін Антановіч. Батальён і мэдальёны // Культура : газэта. — 18 чэрвеня 2011. — № 25 (996). — С. 15. — ISSN 2218-2244.
  12. ^ Алена Дзядзюля. Невядомым салдатам вяртаюцца імёны // Зьвязда : газэта. — 22 чэрвеня 2012. — № 119 (27234). — С. 2. — ISSN 1990-763x.
  13. ^ Тэлеканал «Беларусь 1». Пошукавы батальён узброеных сіл пачынае новы сэзон // Белтэлерадыёкампанія, 1 сакавіка 2016 г. Праверана 20 сакавіка 2018 г.
  14. ^ 15 фактаў пра «віцебскія Курапаты», адкрытыя 3 гады таму // Радыё «Свабода», 13 лістапада 2017 г. Архіўная копія ад 13 лістапада 2017 г. Праверана 20 сакавіка 2018 г.
  15. ^ Ігар Мацьвееў. Грэка-каталіцкі сьвятар адслужыў паніхіду па невядомых ахвярах, расстраляных пад Віцебскам // Газэта «Царква», 29 красавіка 2017 г. Праверана 20 сакавіка 2018 г.
  16. ^ Васіль Матырка. Прысяга на вернасьць «Я, грамадзянін Рэспублікі Беларусь» // Газэта «Лепельскі край», 28 сьнежня 2017 г. Праверана 20 сакавіка 2018 г.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]