Перайсьці да зьместу

Брылі (Барысаўскі раён)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Брылі
трансьліт. Bryli
Помнік-абэліск каля в. Брылі ў гонар расейскіх воінаў, якія змагаліся тут у лістападзе 1812 г.
Помнік-абэліск каля в. Брылі ў гонар расейскіх воінаў, якія змагаліся тут у лістападзе 1812 г.
Краіна: Беларусь
Вобласьць: Менская
Раён: Барысаўскі
Сельсавет: Весялоўскі
Вышыня: 180 м н. у. м.
Насельніцтва: 86 чал. (2010)
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код: +375 177
Паштовы індэкс: 222149
СААТА: 6208813011
Нумарны знак: 5
Геаграфічныя каардынаты: 54°19′26.0″ пн. ш. 28°20′15.0″ у. д. / 54.323889° пн. ш. 28.3375° у. д. / 54.323889; 28.3375Каардынаты: 54°19′26.0″ пн. ш. 28°20′15.0″ у. д. / 54.323889° пн. ш. 28.3375° у. д. / 54.323889; 28.3375
Брылі на мапе Беларусі ±
Брылі
Брылі
Брылі
Брылі
Брылі
Брылі
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы

Брылі́[1] — вёска ў Барысаўскім раёне Менскай вобласьці, за 18 км на паўночны захад ад Барысава, на захад ад ракі Бярэзіна. Брылі ўваходзяць у склад Весялоўскага сельсавету.

Час заснаваньня вёскі Брылі і паходжаньне яе назвы невядомы. Але да нашых дзён дайшло наступнае паданьне. Першыя пасяленцы ў гэтай мясцовасьці сяліліся ўздоўж Бярэзіны. Яны мелі звычай насіць шапкі з шырокімі казыркамі — брылямі. Адсюль і пайшла назва вёскі — Брылі.

Сьведчаньні старажытнасьці

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Узбярэжжа Бярэзіны ў навакольлях Брылёў было заселена яшчэ ў глыбокай старажытнасьці. У 1931 годзе комплексная экспэдыцыя, якая працавала тут і дасьледавала помнікі старых часоў, выявіла на поўдзень ад вёскі на правым беразе Бярэзіны шматлікія крамянёвыя адшчэпы і іншыя сьведчаньні прысутнасьці тут чалавека ў каменным веку.

Сьведчаньнем прысутнасьці людзей у навакольлях Брылёў паўтары — дзьве тысячы гадоў таму можа быць і гарадзішча, якое адзначалася дасьледчыкамі мінуўшчыны ў 1882 годзе. Згодна іх знаходзілася яно ля Брылёў ва ўрочышчы Замчышча на левым беразе Бярэзіны за 250 мэтраў ад хутару. Гарадзішча мела памеры 29×24 сажняў. Дасьледаваньні на ім не праводзіліся. Пасьля 1882 году ніхто з дасьледчыкаў мінулых часоў гэта гарадзішча ня ўзгадвае.

Жылі тут людзі і на мяжы першага і другога тысячагодзьдзяў. Сьведчаньнем таму зьяўляліся курганы, якія існавалі раней на полі ля вёскі. У 1924 і 1931 гадах навукоўцы-гісторыкі адзначалі тут рэшткі курганнай групы. Знаходзіліся яны па ўсім полі. Аднак іх доўгі час разворвалі (пра што казалася яшчэ 70—80 гадоў таму; у той час пры апрацоўцы поля на іх месцах часта знаходзілі чалавечыя косьці) і напрыканцы 50-х — пачатку 60-х гадоў ХХ стагодзьдзя яны перасталі быць бачнымі. Курганы былі зьнішчаны і так і не былі дасьледаваны.

Яшчэ адна курганная група знаходзіцца за кілямэтар на поўнач ад Брылёў ля яра на правым беразе Бярэзіны. Яна была выяўлена і дасьледавана ў 1979 годзе. Група складаецца зь дзевяці курганоў дыямэтрам ад шасьці да васьмі мэтраў і вышынёй ад 0,8 да 1,6 мэтру. Раскопкі курганоў не праводзіліся.

ХVІ — пачатак ХІХ стагодзьдзя

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вёска Брылі вядома ў пачатку 19 стагодзьдзя[2]. У 1812 годзе 2628 лістапада адбывалася пераправа войск Напалеона празь Бярэзіну. Яе наступствы для вёскі былі вельмі цяжкімі. Праз чатыры гады пасьля яе ў Брылях было ўсяго тры мужчыны. У канцы ХІХ стагодзьдзя ў Брылях была ўжо 21 сялянская гаспадарка, якія адносіліся да Стахаўскага сельскага таварыства Бытчанскай воласьці.

На мяжы ХІХ—ХХ стагодзьдзяў Брылі хутка растуць. У 1908 годзе тут ужо было 40 сялянскіх двароў і 301 жыхар, а ў 1917 годзе — 57 двароў і 377 жыхароў.

У Брылях на могілках на пачатку ХХ стагодзьдзя была невялічкая драўляная каплічка. Праводзіўся ў вёсцы кірмаш. Ён ладзіўся на Прачыстую. У гэты дзень у Брылях зьбіралася шмат людзей, каб памянуць сваіх продкаў.

Час войнаў і пераменаў

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Зь сярэдзіны другога дзесяцігодзьдзя ХХ стагодзьдзя спакойнае жыцьцё ў Брылях спыняецца. Адна за адной Брылі закранаюць войны. Спачатку зь немцамі, потым з палякамі. Затым была калектывізацыя, рэпрэсіі. Тым ня менш вёска ў гэты час працягвае жыць і разьвівацца. У 1926 годзе тут было 74 двары і 376 жыхароў.

У 30-х гадах ХХ стагодзьдзя, калі ішла кампанія па зьліквідаваньні хутароў, Брылі пашыраліся за кошт перасяленьня ў яе жыхароў невялічкай вёскі Ісьцьмужніц (яна знаходзілася справа перад лесам, калі ехаць па Брылёўскім полі з Касьцюкоў у бок Вялікага Стахава). Свае хаты перасяленцы будавалі па вуліцы ў бок Касьцюкоў.

У час Другой сусьветнай вайны вёска цалкам згарэла.

У 1960 годзе ў Брылях было 408 жыхароў. Працягваўся рост вёскі яшчэ пэўны час і ў далейшым. Цяпер у вёсцы меней за сто двароў і прыблізна столькі ж пастаянных жыхароў. Вёска памірае. Шмат хат у ёй закінуты, многія пераўтвораны ў лецішчы, частка занята бамжамі.

  • 1816 — тры мужчыны
  • 1908 — 40 двароў, 301 жыхар
  • 1917 — 57 двароў, 377 жыхароў
  • 1926 — 74 двары, 376 жыхароў
  • 1960 — 408 жыхароў
  • 1988 — 181 жыхар[3]
  • 1999 — 98 жыхароў
  • 2008 — 55 двароў, 100 жыхароў
  • 2010 — 86 жыхароў

Інфармацыя для турыстаў

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Непасрэдна ў Брылях не захавалася нічога старога. Капліца на могілках была закрыта савецкай уладай. За ёй ніхто не сачыў. Капліца разбуралася пад узьдзеяньнем часу. Пасьля апошняй вайны яна яшчэ пэўны час стаяла бяз даху, пакуль зусім не струхнела.

Традыцыя правядзеньня кірмашоў, якая яшчэ падтрымлівалася ў 50-х гадах, у 60-х пайшла на спад. Да 70-х гадоў ХХ стагодзьдзя яна практычна ўжо зьнікла.

Сувязь з падзеямі 1812 году, якая магла б існаваць у перадачы ўспамінаў тутэйшых жыхароў — відавочцаў падзеяў або іх наступстваў з пакаленьняў у пакаленьні, у вёсцы адсутнічае. І толькі старыя могілкі нагадваюць пра багатую гісторыю вёскі. На іх маецца досыць вялікая частка старых пахаваньняў. Найбольш старыя зь іх, на якіх выразна чытаецца надпіс, адносяцца да ХІХ стагодзьдзя. Пра час узьнікненьня старых пахаваньняў, на якіх маюцца толькі невялікія неапрацаваныя камяні, можна толькі здагадвацца.

Яшчэ ў 1912 годзе І. Каладзеевым да 100-годзьдзя падзеяў на пераправе празь Бярэзіну на Брылёўскім полі быў усталяваны першы помнік, які ўшаноўваў памяць расейскіх войскаў. Аднак прастаяў ён нядоўга. У 1920 годзе падчас вайсковых дзеяньняў ён быў разбураны. У 1962 годзе да 150-годзьдзя падзеяў на Брылёўскім полі быў усталяваны яшчэ адзін помнік. Тады ж быў закладзены і мэмарыяльны гай.

У 1992 годзе помнік І. Каладзеева быў адноўлены ў першапачатковым выглядзе, а ў 1995 годзе на Брылёўскім полі быў пастаўлены помнік салдатам, якія змагаліся на францускім баку і загінулі падчас пераправы праз Бярэзіну ў 1812 годзе.

Ужо амаль пятнаццаць гадоў штогод на Брылёўскім полі ладзяцца рэканструкцыі падзеяў 1812 году. Найбольш маштабныя зь іх праводзіліся ў 2002 годзе.

Аднак усё гэта ніякім чынам не адбілася на жыцьці вёскі, яе пэрспэктывах. Вёска Брылі, якая цяпер магла б пасьпяхова жыць і разьвівацца за кошт турызму, занепадае.

Страчаная спадчына

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  • Капліца
  1. ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (djvu) С. 66
  2. ^ С. В. Марцэлеў і інш. Брылі // Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 8. Кн. 1. — Менск, 2010. С. 74
  3. ^ С. В. Марцэлеў і інш. Брылі // Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 8. Кн. 1. — Менск, 2010. С. 75

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]