Іван Саланевіч
Іван Лук’янавіч Саланевіч | |
Иванъ Лукьяновичъ Солоневичъ | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | 13 лістапада 1891 в. Руднікі, Гарадзенская губэрня, Расейская імпэрыя |
Памёр | 27 красавіка 1953 (61 год) Мантэвідэо, Уругвай |
Пахаваны | |
Бацькі | Лук'ян Міхайлавіч Саланевіч[d] |
Літаратурная дзейнасьць | |
Род дзейнасьці | публіцыст, пісьменьнік, выдавец |
Мова | расейская мова[1] |
Іва́н Лук’я́навіч Салане́віч (13 лістапада [ст. ст. 1 лістапада] 1891, вёска Руднікі Пружанскага павету Гарадзенскай губэрні, Расейская імпэрыя — 27 красавіка 1953, Мантэвідэо, Уругвай) — расейскі публіцыст, мысьляр, гістарычны пісьменьнік і грамадзкі дзяяч. Атрымаў шырокую вядомасьць як аўтар кніг пра СССР і тэарэтык манархізму.
Браў удзел у Белым руху і антысавецкім падпольлі. Уцёк з канцлягеру, жыў у эміграцыі ў Фінляндыі, Баўгарыі, Нямеччыне, Аргентыне і Ўругваі. Выдаваў газэту «Голас Расеі» ў Баўгарыі і «Нашая краіна» ў Аргентыне. Арганізаваў «народна-манархічны» рух, прапагандаваў ідэю самабытнай расейскай самадзяржаўніцкай манархіі, крытыкуючы ня толькі сацыялізм, але ўвогуле любыя спробы парадкаваньня дзяржаўнага ладу Расеі шляхам запазычаньня іншых ідэалёгіяў.
Жыцьцяпіс
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Паходжаньне. Жыцьцё да рэвалюцыі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Янка Саланевіч нарадзіўся ў вёсцы Руднікі Пружанскага павету ў беларускай сям’і. Маці — Юлія Вікенцеўна, у дзявоцтве Ярушэвіч, бацька — настаўнік Лук’ян Міхайлавіч. Янка меў трох братоў — Усевалада, Барыса і Яўгена. Пасьля таго, як маці памерла ад запаленьня лёгкіх, Лук’ян Саланевіч ажаніўся другім разам і меў у гэтым шлюбе яшчэ трох дачок — Соф’ю, Зінаіду і Любоў. Пазьней Лук’ян Міхайлавіч стаў статыстычным чыноўнікам у Гародні, а пасьля журналістам, рэдактарам газэты «Гродненские губернские ведомости», выдаўцом газэты «Северо-Западная жизнь» — буйных выданьняў заходнерусісцкага напрамку[2].
Янка Саланевіч навучаўся ў Гарадзенскай гімназіі, займаўся гімнастыкай у польскім «Сокале». Разам зь сябрам Д. М. Міхайлавым спрабаваў стварыць расейскі «Сокал», аднак задума не знайшла падтрымкі ў грамадзтве, і неўзабаве арганізацыя распалася. У 1912 годзе ён экстэрнам здаў іспыты ў 2-й Віленскай гімназіі, дзе і атрымаў атэстат сталеньня. Яшчэ падчас навучаньня Іван пачаў дапамагаць бацьку ў рэдактарскай працы, а пасьля і друкаваць уласныя нататкі на спартовую тэматыку ў газэце «Белорусская жизнь» (з 1911 — «Северо-Западная жизнь»). З 1912 ён стаў зьвяртацца да сур’ёзных праблем у публіцыстычных артыкулах. У гэты пэрыяд быў закладзены сьветапогляд Саланевіча, ягоныя палітычныя і жыцьцёвыя пераканьнані[3]. Сытуацыя ў Паўночна-Заходнім краі ў 1910-х роках была неспакойная. Нягледзячы на тое, што ў ходзе сталыпінскіх рэформаў былі ўведзеныы расейскія выбарчыя курыі, якія дазвалялі расейскім жыхарам абіраць сваіх прадстаўнікоў у Дзяржаўную думу, барацьба за расейскую справу несла некаторую небясьпеку. Як згадваў Саланевіч, двойчы ці тройчы яму даводзілася адстойваць з рэвальверам у руках сваю друкарню ад жыдоўскіх рэвалюцыянэраў[4]. Нягледзячы на гэта, Іван Лук’янавіч ніколі ня быў юдафобам і пасьля асуджаў «заалягічны» антысэмітызм, распаўсюджаны ў правым асяродзьдзі.
Увосень 1913 Саланевіч пераехаў у Петраград. Там ён паступіў на юрыдычны факультэт Пецярбурскага ўнівэрсытэту, дзе сярод ягоных аднакурсьнікаў быў паэт Мікалай Гумілёў. Тады ж Саланевіч ажаніўся з Тамарай Васкрасенскай, выкладчыцай францускай мовы і пачынаючай журналісткай, дачкой палкоўніка В. І. Васкрасенскага, пляменьніцай адваката і журналіста А. С. Шмакава. Не пакідаў Саланевіч і заняткі спортам — займаўся цяжкай атлетыкай[5], стаў віцэ-чэмпіёнам Расеі па гіравым спорце (1914)[6].
Першая сусьветная вайна
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Навучаньне ва ўнівэрсытэце Саланевіч ня здолеў скончыць праз Першую сусьветную вайну. Як ён згадваў, шматлікія студэнты запісваліся дабраахвотнікамі ў афіцэрскія школы, аднак урад намагаўся не пускаць студэнтаў на вайну, бо ніхто не ўяўляў, што вайна зацягнецца, і іх «рэзалі» па здароўі. Саланевіча не ўзялі з-за блізарукасьці. 24 лютага 1915 року ён стаў выдаўцом газэты «Северо-Западная жизнь», рэдакцыя якой была перамешчаная ў Менск. У верасьні праз ускладненьне сытуацыі на фронце выхад газэты быў прыпынены (як апынулася пазьней, назаўжды). Пры судзеяньні А. М. Рэньнікава Янка ўладкаваўся ў газэту «Новое время». Акрамя таго, падпрацоўваў пазаштатным судовым хранікёрам у некалькіх пецярбурскіх газэтах. 15 кастрычніка 1915 у сям’і нарадзіўся адзіны сын Юры. У 1916 року Янка Саланевіч быў выкліканы ў войска і залічаны ратнікам 2-га разраду ў запасны батальён ляйб-гвардыі Кексгольмскага палку, аднак на фронт яго не ўзялі праз слабы зрок і прызначылі ў кравецкую майстэрню. Аднак Саланевіч, незадаволены разьмеркаваньнем, дабіўся дазволу арганізаваць спартовыя заняткі для вучэбнай каманды і спартовыя забавы для астатніх жаўнераў. Адносна вольны графік (з 6-й да 10-й гадзіны) дазваляў яму працягваць журналісцкую працу. У студзені 1917 Саланевіча камісавалі з-за прагрэсуючай блізарукасьці[7].
Вярнуўшыся ў штат «Новага часу», Саланевіч на загад Б. А. Суворына займаўся зборам інфармацыі пра становішча ў сталіцы[8].
Рэвалюцыя і Грамадзянская вайна
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Працуючы журналістам «Новага часу», Саланевіч назіраў Лютаўскую рэвалюцыю і ейныя наступствы. Разам з групай студэнтаў-атлетаў ён паспрабаваў працаваць грузчыкам, бо іхняя праца аплочвалася ў пяць разоў вышэй за журналісцкую. Аднак ягоная група ня здолела наладзіць стасункі з прафэсійнымі грузчыкамі, якія ўспрынялі як зьнявагу адмову студэнтаў ад дэнатурату, які ўжывалі грузчыкі. У Петраградзе пачынаўся голад, і Саланевіч мусіў жыць «чорным рынкам». Ён разам са стрыечным братам Цімохам Сьцяпанавічам (рабочым-мэталюргам, які зарабляў да лютага на заводзе Лесьнера болей, чым Янка журналістыкай) езьдзіў у Лугу, Тосну й іншыя падобныя месцы, дзе выдаткоўваў рэдакцыйныя авансы на набыцьцё ад сялянаў хлеба, мукі, сала. У гэты час ён удзельнічаў у студэнцкай міліцыі, арганізаванай на грамадзкіх пачатках студэнтамі-спартоўцамі. Саланевіч был кіраўніком васілевостраўскага аддзяленьня, а агулам арганізацыя налічвала блізу 700 студэнтаў. Цераз А. М. Рэньнікава Саланевіч зьвязаўся з контарвыведкай, а падчас Карнілаўскага мецяжу зьвярнуўся да атамана А. І. Дутава, чые войскі мелі падтрымаць выступ у Петраградзе, з прапановай дапамогі ад студэнтаў. Аднак Дутаў адмовіў у просьбе выдаць зброю, пра што пасьля Саланевіч вельмі шкадаваў[9].
Пасьля канчатковага захопу ўлады ў Петраградзе бальшавікамі Янка з жонкай і братам Барысам уцёк на белы поўдзень Расеі, у Кіеў, удзельнічаў у Белым руху, неаднакроць мяняў месца жыхарства, выконваючы агентурныя даручэньні, супрацоўнічаючы з І. М. Каліньнікавым, даставаў сакрэтныя зьвесткі, якія, як высьвятлялася, нікому не былі патрэбныя. Працаваў у выдаванай пад эгідай Кіеўскага бюро Саюзу вызваленьня Расеі газэце «Вечерние огни». У якасьці карэспандэнта газэты ён сустракаўся з бальшавіком З. З. Мануільскім, у размове зь якім выказаў думку пра тое, што бальшавізм асуджаны з прычыны адсутнасьці спачуваньня масаў, на што Мануільскі адказаў: «…ды на якога ж нам чорта спачуваньне масаў? Нам патрэбны апарат улады. І мы яго мецьмем. А спачуваньне масаў? У канчатковым выніку — напляваць нам на спачуваньне масаў». Гэтая размова мела вялікае значэньне для фармаваньня поглядаў Саланевіча на Савецкую ўладу[10].
Жыцьцё ў Савецкай Расеі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Янка Саланевіч працягнуў сваю падпольную дзейнасьць у Адэсе, куды ён безь сям’і выехаў апошнім цягніком пад пагрозай наступу чырвоных. Да пачатку 1920 року ён рэдагаваў газэту «Сын Отечества» і намагаўся арганізаваць пераезд жонкі з сынам у Адэсу, каб эвакуявацца разам зь белымі. Падчас эвакуацыі Расейскай арміі Ўрангеля ён захварэў на сыпны тыф і апынуўся ў шпіталі. Тамара Саланевіч зь Юрай прыехалі ўжо пасьля эвакуацыі белых. Саланевічы пасяліліся ў прыватнай хаце, Янка арганізаваў артэль і заняўся рыбнай лоўляй, а ягоная жонка здолела ўладкавацца перакладчыцай на Адэскую радыёстанцыю. Саланевіч зблізіўся з антысавецкай групоўкай, у якую ўваходзіў ягоны стары знаёмы па Кіеве С. Л. Вайцяхоўскі. Па даносе садоўніцы ў пачатку чэрвеня 1920 року Адэская ЧК выйшла на падпольную арганізацыю, у якую ўваходзіў Іван Саланевіч, і яго разам з жонкай і сынам пасадзілі ў турму. Цераз тры месяцы іх, аднак, вызвалілі з прычыны адсутнасьці доказаў ва ўдзеле ў арганізацыі. Як высьветлілася, ім дапамог нейкі жыд Шпігель, якому Саланевіч раней аказаў паслугу. Шпігель выкраў улікі і справы Саланевічаў, маючы адносіны да працы ў ЧК[11].
Саланевічы зьнялі кватэры ў цэнтры Адэсы і зноўку пачалі ўладкоўваць побыт. Тамара атрымала працу ў Амэрыканскай адміністрацыі дапамогі, Янка пайшоў працаваць грузчыкам. Пазьней пераехалі ў Ананьеў пад Адэсай, разам з братам Барысам Янка зладзілі «бадзяжны цырк», гастралявалі па вёсках, ладзячы сілавыя прадстаўленьні, барцоўскія і баксэрскія палтацы. Плату атрымоўвалі харчовымі запасамі. У 1921—1922 Саланевіч загадваў рэальна не існуючым «Першым адэскім спортклюбам», падпарадкаваным Усевабучу, спартовай працай у якім кіравала купка былых «сокалаў»[12], у 1923 року працаваў спартовым інструктарам у Адэскім харчовым губэрнскім камітэце.
Увосень 1926 року Янка Саланевіч зь сям’ёй пераехаў у Маскву. Ён быў вядомы ў спартовым сьвеце, што дапамагло ўладкавацца на працу ў ВЦСПС інспэктарам па фізкультуры і спорце. Жонка працавала перакладчыцай Камісіі зьнешніх стасункаў пры ВЦСПС. Жылі Саланевічы ў пакоі брата Барыса, які быў сасланы на Салаўкі. Акрамя гэтага пакою, у кватэры хаты № 75 на Цьверскай вуліцы было яшчэ шэсьць пакояў, у кожным зь якіх жыло па сям’і, і яшчэ адна зь іх — у ваннай. У такіх умовах Саланевіч зь сям’ёй пераехаў у Салтыкоўку пад Масквой (вуліца Лугавая, 12)[13], дзе зьняў мансарду. Акрамя спартовай працы, займаўся фотарэпартажам, спартовай журналістыкай, напісаў шэсьць кніг і чытаў даклады на спартовую тэматыку. Яго неаднакроць запрашалі ў «Дынама» дзеля кансультацыі трэнэраў. Тамара Саланевіч пасьля працавала рэфэрэнтам Міжнароднага камітэту гарнякоў пры Прафінтэрне, у 1928—1931 у бэрлінскім гандальпрадстаўніцтве, па вяртаньні зь Нямеччыны зноў працавала перакладчыцай, а ў 1932 року заключыла фіктыўны шлюб зь нямецкім грамадзянінам і зьехала ў Нямеччыну. Іван і Барыс канчаткова вырашылі бегчы з Савецкага Саюзу. З 1927 року Янка рэгулярна езьдзіў у Ленінград пад прыкрыцьцем журналісцкай працы і займаўся падрыхтоўкай уцёкаў. На кватэры сям’і Пржыялгоўскіх зьбіралася антысавецкі настроенная суполка, у якую быў укарэнены сакрэтны супрацоўнік Н. А. Бабенка, пасьвечаны ў пляны пераходу граніцы[14].
Рыхтуючыся да ўцёкаў з СССР, Саланевіч не спыняў журналісцкую дзейнасьць і вывучэньне савецкай рэчаіснасьці. За даволі кароткі тэрмін ён пасьпеў зьдзейсьніць мноства паездак пад выглядам камандзіровак ад рэдакцый маскоўскіх газэт і часопісаў. Пабываў на Ўрале, у Паволжы, Карэліі, Дагестане, Абхазіі, Сванэціі. Так, сваю паездку ў Кіргізію ён апісаў у некалькіх артыкулах у часопісе «На суше и на море», у завуаляванай форме апавядаючы пра неэфэктыўнасьць савецкай сыстэмы сацыялістычнага будаўніцтва. Схаванай мэтай паездак зьяўлялася выведка магчымасьцяў уцёкаў цераз пэрсыдзкую граніцу, аднак пры бліжэйшым разглядзе Саланевіч прыйшоў да высновы, што ўцёк сямейнай групы па гэтым маршруце зьдзейсьніць немагчыма.
Спробы ўцёкаў, зьняволеньне, уцёкі з СССР
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У верасьні 1932 року Саланевічы прадпрынялі спробу зьдзейсьніць уцёкі праз Карэлію. Усё было падрыхтавана дбайна: распрацаваны маршрут, назапашаная зброя і камандзіровачныя пасьведчаньні, якія сьведчылі, што Саланевіч заняты «зборам матэрыялаў для падрыхтоўкі рэпартажаў пра паўночны край». Групоўка, у якую, акрамя Івана, уваходзілі ягоны сын, брат Барыс з жонкай Ірынай Пелінгер, Е. Л. Пржыялгоўская і С. Н. Нікіцін, выехала ў Карэлію пад выглядам турыстаў-паляўнічых. Ад станцыі Ківач яны дайшлі да ракі Суны. У мясцовага рыбака быў арандаваны човен, на якім уцекачы даплылі да возера Суаярві і церазь лес ад вадаспаду Ківач накіраваліся ў бок фінскай граніцы. Аднак неўзабаве пачаліся дажджы і халоднае надвор’е, а з прычыны знаходжаньня ў зоне магнітнай анамаліі яны ня здолелі зарыентавацца па компасах, заблукалі, Янка сур’ёзна захварэў, і яны мусілі вярнуцца. Яшчэ адна спроба, падрыхтаваная ў траўні 1933, сарвалася праз апэндыцыт сына Юрыя[15].
Трэцяя спроба, заплянаваная на верасень, была яшчэ больш рупліва падрыхтаваная, аднак гэтым разам да іх па пратэкцыі Пржыялгоўскай далучыся ейны каханак, сэксот «Прыцэльны» — Мікалай Бабенка, з-за даносаў якога спроба была сарваная. Усе ўдзельнікі пабегу — Янка з сынам Юрыем, Барыс з жонкай Ірынай, Саланевічаў знаёмы Сьцяпан Нікіцін — былі арыштаваныя ў цягніку па дарозе ў Мурманск. У апэрацыі па затрыманьні ўдзельнічалі 36 супрацоўнікаў ГПУ, пераапранутых у праваднікоў і звычайных пасажыраў. Затрыманых даставілі ў Ленінград і зьмясьцілі ў Дом папярэдняга зьняволеньня на Шпалернай вуліцы. Ім былі выстаўленыя абвінавачаньні ў арганізацыі контррэвалюцыйнае суполкі, вядзеньні агітацыі супраць савецкай улады, шпіянажы і падрыхтоўцы да ўцёкаў за мяжу. Нікіцін, Янка і Барыс былі асуджаныя на 8 гадоў, а Юры — на 3. Іх накіравалі ў Карэлію, у Падпароскае аддзяленьне лягеру «Беламорска-Балтыйскі камбінат» (ББК)[16].
Саланевічаў не аднойчы пераводзілі зь месца на месца, яны зьмянілі шмат спэцыяльнасьцяў, у рэшце рэшт Янка здолеў заняць пасаду спартовага інструктара ў ББК, а Барыс працаваў доктарам у Сьвірлагу. Івану Саланевічу вельмі дапамаглі вядомасьць і сувязі са спартовага мінулага. Па пратэкцыі старых знаёмых ён трапіў у лягернае таварыства «Дынама», а пасьля раптоўнага пераводу ў Маскву ягонага заступніка, намесьніка начальніка ББК В. Радзецкага паўстала пагроза адпраўкі Янкі на Водападзел, за 250 км ад фінляндзкай граніцы. Гэта магло сур’ёзна ўскладніць плянаваныя ўцёкі, і Саланевіч вырашыў прадставіць кіраўніцтву плян правядзеньня «ўселягернай спартакіяды», арганізацыяй якой ён нібы палаў жаданьнем узяцца. Начальства адобрыла прапанаваны плян, і Саланевіч, атрымаўшы шырокія паўнамоцтвы, пачаў паказваць бурлівую дзейнасьць па падрыхтоўцы спартакіяды, адначасна займаючыся зборамі і выведкай маршруту ўцёкаў. Загадзя аформіўшы для прыкрыцьця камандзіроўкі — двухтыднёвую ў Мурманск для сябе і пяцідзённыя ў Павянец і Піндушы для Юрыя, Іван скаардынаваў свае дзеяньні з Барысам. 28 ліпеня 1934 Іван і Юры з розьніцаю тры гадзіны пакінулі лягер, сустрэліся ва ўмоўленым месцы і з ваколіц станцыі Ківач Мурманскай чыгункі рушылі ў кірунку вёскі Койкіры на рацэ Суне. На шаснаццаты дзень бацька і сын перайшлі на тэрыторыю Фінляндыі[17].
Эміграцыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Фінляндыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У першыя дні перабываньня Саланевічаў у Фінляндыі яны трапілі пад падазрэньне ў належнасьці да НКВД. Пасьля допытаў, праведзеных у Іламанці й Ёэнсуу, Янка з сынам былі пераведзеныя ў Гельсынгфорс, дзе па вызваленьні з-пад карантыннага рэжыму трапілі пад назіраньне адразу з трох бакоў — фінскай контрвыведкі, Расейскага агульна-вайсковага саюзу (РАВС) і НКУС, што мела ў Фінляндыі ўласных рэзыдэнтаў і агентаў.
Уцёкі Саланевічаў выклікалі вялікі розгалас у асяродку расейскай эміграцыі. Першымі зь імі зьвязаліся младаросы, да партыі якіх Саланевіч ставіўся скептычна, крытыкуючы іхнюю дваістую пазыцыю адносна савецкай улады і важдзізм, уласьцівы кіраўніку арганізацыі А. Л. Казем-Беку. Неўзабаве Янка Саланевіч пазнаёміўся з Т. В. Чарнавінай, таксама нядаўняй уцякачкай з СССР, церазь якую былі наладжаныя кантакты з эўрапейскай эмігранцкай супольнасьцю. Янка, Юры і Барыс (які пасьля пасьпяховых уцёкаў таксама пераехаў у Гельсынгфорс), узімку 1934—1935 працавалі грузчыкамі ў порце, Янка пісаў кнігу «Расея ў канцлягеры», у якой апісваў уласнае перабываньне ў лягеры і бачаньне жыцьця савецкай дзяржавы.
Занепакоеныя магчымымі наступствамі ад уліваньня Саланевічаў у антысавецкую дзейнасьць эміграцыі, чэкісты распачалі спробы кампрамэтацыі братоў. У пачатку 1935 року праз падвойнага агента пачаўся распаўсюд інфармацыі пра тое, што Саланевічы нібыта зьяўляюцца савецкімі агентамі; гэтыя чуткі хутка сталі распаўсюджвацца сярод эмігрантаў[18].
Тым часам Янка Саланевіч пачаў публікаваць кнігу «Расея ў канцлягеры» па частках у газэце «Апошнія навіны», паступова атрымоўваючы вядомасьць і аўтарытэт. Перабываючы ў Фінляндыі, Саланевічы ўсьведамлялі — каб праводзіць актыўную антыбальшавіцкую барацьбу, ім неабходна перабірацца ў Заходнюю Эўропу, аднак усе спробы атрымаць візы ў Францыю, Нямеччыну, Ангельшчыну, Бэльгію і нават Югаславію былі безвыніковыя. НКУС актыўно супрацьдзейнічаў пераезду Саланевічаў, карыстаючыся дзеля гэтага ўласнай агентурнай сеткай. У верасьні 1935 року таварыш Барыса па гімназіі, ад’ютант начальніка 3-га аддзелу РАВС у Баўгарыі генэрала Ф. Ф. Абрамава Клаўдый Фос запрасіў братоў перабрацца ў Сафію, абяцаючы пасадзейнічаць у атрыманьні віз. У 1936 року візы былі выдадзеныя, і Саланевічы выехалі ў Баўгарыю[19].
Баўгарыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Неўзабаве ў Баўгарыі Саланевічы пазнаёміліся з такімі ўплывовымі асобамі баўгарскай эміграцыі, як начальнік расейскага аддзелу таемнай паліцыі А. А. Браўнэр і протапрэсьбітар Г.І. Шавельскі, а таксама былі ўзятыя «ў распрацоўку» рэзыдэнтам НКУС В. Т. Якаўлевым[20].
Янка Саланевіч адразу заняўся арганізацыяй выданьня газэты. Ён здолеў атрымаць ва ўласнае распараджэньне стратную газэту «Голос Труда», і першы нумар газэты, перайменаванай у «Голос России», выйшаў 18 чэрвеня 1936. Адкрыты, бескампрамісны стыль газэты неўзабаве прыйшоўся даспадобы простым чытачам, і надалей Саланевіч выпрацаваў уласную канцэпцыю таго, для каго, на ягоную думку, прызначаная ягоная асьветніцкая праца. Ва ўяўленьні Саланевіча асноўная маса ягоных прыхільнікаў — гэта нейкія эмігранты, якіх ён называў «штабс-капітанамі», што сьвядома адхіліліся ад палітычнай барацьбы, ад партыйных звадак і амбіцыяў эмігранцкіх правадыроў, але зьяўляюцца гарачымі патрыётамі Расеі і гатовыя аддаць усе сілы барацьбе з бальшавізмам. У хуткім часе наклад газэты вырас з 2000 да 10 000 асобнікаў, і выданьне стала акупацца[21].
Бачачы посьпех газэты сярод звычайных эмігрантаў, Саланевіч пачаў задумляцца пра нейкую арганізацыю, здольную аб’яднаць людзей для дзеяньня ў выпадку вяртаньня ў Расею. Напрыканцы ліпеня 1936 року ён прапанаваў супрацоўніцтва начальніку аддзелу прапаганды РНСД барону А. У. Мельлер-Закомельскаму. Той ухвальна выказваўся пра газэту, пагадзіўся на распаўсюд яе па ўсіх аддзяленьнях РНСД, але адмовіўся ад стварэнья «Антыбальшавіцкай кааліцыі», бо, на ягоную думку, «час для такіх кааліцый не надышоў». У адказ на заклік газэты пра салідарнасьць у розных краінах пачалі стыхійна паўставаць гурткі адзінадумцаў. Саланевіч пачаў распрацоўку «ідэі Белай імпэрыі», што пасьля вылілася ў дактрынальную працу «Белая імпэрыя». Акрамя гэтага, Саланевіч займаўся выданьнем «Расеі ў канцлягеры». Першыы наклад у 2000 асобнікаў быў выдадзены на грошы Нацыянальнага саюзу новага пакаленьня, другі на такіх самых умовах, а трэці, у 3000 асобнікаў, — ужо на ўласныя сродкі[22].
Тым часам, па меры аддаленьня Саланевіча ад РАВС, у РАВСе ўзмацняліся падазрэньні наконт Саланевічаў. Падазрэньні выклікалі ўсе зьнешнія кантакты братоў, пераезд Тамары Саланевіч у Сафію й іншае. Дайшло да таго, што за імі было ўсталяванае вонкавае назіраньне. НКУС, таксама займаючыся сачэньнем за Саланевічамі, распрацаваў плян апэрацыі па іхняй кампрамэтацыі перад РАВСаў. У савецкіх часопісах, якія атрымоўваў Саланевіч, былі зробленыя «наколкі», што імітавалі шыфр. 13 ліпеня 1936 была арганізаваная нібыта выпадковая сустрэча на вуліцы Барыса Саланевіча з супрацоўнікам савецкай амбасады, дагэтуль зь ім не знаёмым, на вачох у «вонкаўкі» РАВСа. Генэрал Мілер не ўспрынял інфармацыю пра сустрэчу катэгарычна, аднак баевікі РАВСу нават безь ягонай санкцыі прадпрынялі спробу ліквідацыі Саланевічаў, якая была прадухіленая паліцыяй. Актыўна далучылася да дыскрэдытацыі братоў партыя младаросаў, іхні орган «Бодрость» практычна ў кожным выпуску друкаваў матэрыялы выкрывальніцкага характару. Гэта зацікавіла НКУС, і рэзыдэнтура камісарыяту ў Празе атрымала ўказаньне паспрыяць ініцыятыве младаросаў, што і было выканана — у праскай друкарні Младарасейскай партыі была выдадзеная брашура Чарнавіна «У саюзе з Троцкім: праўда пра бр. Саланевічаў»[23]. Зь недаверам да Саланевічаў ставіліся і ва Ўсерасейскай фашысцкай партыі Раздаеўскага. У Сафіі паўпрад СССР Ф. Ф. Раскольнікаў паставіў баўгарскае кіраўніцтва ў вядомасьць пра тое, што патураньне правакацыйнай дзейнасьці «Голасу Расеі» можа стаць прычынай пагаршэньня савецка-баўгарскіх стасункаў. Іван і Барыс былі выкліканыя на допыт. У эмігранцкім асяродзьдзі падазрэньні на адрас Саланевічаў узмацніліся, калі, вярнуўшыся з паездкі ў Францыю, Янка па просьбе Ф. Ф. Абрамава выказаўся ў падтрымку Скобліна і Н. В. Плявіцкай, якіх ужо практычна ўсе адкрыта вінавацілі ў супрацоўніцтве з бальшавікамі пасьля выкраданьня генэрала Мілера[24].
У пачатку 1937 была распачатая падрыхтоўка да ліквідацыі Янкі Саланевіча. У Кіеве амаль дзесяць месяцаў рыхтавалі бомбу. 3 лютага 1938 яна была дастаўленая ў хату на бульвары цара Івана Асеня II, дзе пражывала сям’я Саланевічаў і знаходзілася рэдакцыя газэты, пад відам кніг для Івана. Арганізатары выбуху спадзяваліся, што пасылку будзе адчыняць сам рэдактар, аднак ён у гэты час спаў. Ад выбуху загінуў сакратар Мікалай Міхайлаў, які адчыніў пасылку, і Тамара Саланевіч. Паліцыя не змагла высьветліць, хто прынёс бомбу. Знаходзячыся ў стане скрайняй прыгнечанасьці і баючыся пагрозы новых пакушэньняў, Янка Саланевіч скарыстаўся магчымасьцю атрымаць візу ў Нямеччыну (дзе пасьля выбуху і гібелі Тамары падазрэньні адносна Саланевічаў былі зьнятыя) і 19 сакавіка 1938 року з сынам пакінуў Баўгарыю (Барыс да гэтай пары ўжо пражываў у Бэльгіі)[25].
Нямеччына
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Першыя тыдні Янка Саланевіч правёў у санаторыі ў ваколіцах места Обінг. Ацаліўшыся пасьля псыхалягічнай траўмы, ён заняўся ўзнаўленьнем выдавецкай і рэдактарскай дзейнасьці. У Сафіі выданьнем газэты займаўся Левашоў і «Таварыства сяброў Голасу Расеі», але неўзабаве выдавецтва стала мець непераадольныя цяжкасьці. Баўгарскі ўрад, баючыся пагаршэньня стасункаў з СССР, забараніў выхад «Голасу Расеі». Былі прадпрынятыя спробы аднавіць выданьне пад назовам «Наша газета» (забароненая пасьля савецкай ноты) і ў выглядзе часопісу «Родина», які спыніў існаваньне пасьля шасьці нумароў[26].
Янка Саланевіч займеў шырокую вядомасьць у Нямеччыне дзякуючы сваёй кнізе «Расея ў канцлягеры», якая выйшла на нямецкай мове ў траўні 1937 году ў эсэнскім выдавецтве пад назвай «Die Verlorenen — Eine Chronik namenlosen Leidens» (Страчаныя: хроніка невядомых пакутаў). Кніга хутка стала папулярная, у тым ліку і ў нямецкай інтэлектуальнай эліты і кіраўніцтва НСДАП. Так, кнігай зацікавіўся сам Гітлер, яе высока адзначылі Ёзэф Гёбэльс, Герман Герынг, граф Герман Аляксандар Кайзэрлінг і іншыя. Саланевіч выступаў зь лекцыямі і дакладамі як на расейскай, так і на нямецкай мовах[27].
Неўзабаве кіраўніцтва РАВСа і іншых эмігранцкіх арганізацыяў, абураныя крытыкай, якой падвяргаў Саланевіч усю старую эміграцыю, пачало новую кампанію супраць Саланевіча. Выкрывальніцкія матэрыялы супраць яго былі апублікаваныя ў «Галлиполийском вестнике», «Царском вестнике», «Новом слове», «Последних новостях» і іншых эўрапейскіх выданьнях. Ад гневу абураных чальцоў РАВСу пастрадаў Левашоў у Сафіі — нейкі «малады мужчына з вайсковай выпраўкай» нанёс яму магутны ўдар кастэтам у твар[28].
Праз пэўны час Янка перабраўся з Бэрліну ў Кляйнмахнаў, дзе таксама замешкаў Юры з жонкай Інгай. Аднак і тут іхняе жыцьцё падвяргалася небясьпецы. Пад іхнюю машыну была закладзеная бомба, дом падвергнуты ператрусу і разгрому. З гэтае хаты давялося зьехаць на новую кватэру ў Бэрліне. Спробы ўнесьці разлад у адносіны Саланевіча зь іншымі эмігрантамі не перапыняліся, у 1939 року непрыемным сыгналам стаў артыкул «Жыдоўскі найміт», апублікаваная ў газэце «Der Stürmer». Для Саланевіча гэта, разам з узмацненьнем ціску на расейскія правыя арганізацыі з боку НСДАП, паслужыла повадам задумацца пра пераезд у іншую краіну[29].
18 траўня 1938 быў створаны «Нацыянальны расейскі фронт» (НРФ), пакліканы аб’яднаць правыя эмігранцкія арганізацыі. Саланевіч ідэйна падтрымліваў стварэньне фронту, у які ўвайшлі Расейскі фашысцкі саюз, Расейскі нацыянальны саюз удзельнікаў вайны, Расейскі нацыянальны і сацыяльны рух, гурткі «сяброў „Галасы Расеі“», Расейскі нацыянальны саюз у Амэрыцы, а таксама ячэйкі «новапакаленцаў», парыскі гурток Ларыёнава «Белая ідэя», некаторыя казацкія арганізацыі і рэдакцыя «Возрождения». Але НРФ быў закрыты нямецкім урадам, не пасьпеўшы нават праявіць сябе ў якой-кольвек дзейнасьці. Гэта яшчэ болей расчаравала Саланевіча ў эмігранцкіх арганізацыях, і ён канстатаваў: «Ніводнай сапраўды актыўнай, сапраўды манархічнай арганізацыі мы ня маем». Ягоныя публікацыі з высьвядчэньнямі ў бок эмігранцкіх партыяў і іхніх лідараў выклікалі абурэньне нават у ягонага брата Барыса. Публікацыя ў 1939 року Барысам у Парыжы брашуры «Не магу маўчаць» спрычынілася да канчатковага разрыву і так вельмі нацягнутых адносін між братамі[30].
Напрыканцы 1939 року Іван Саланевіч быў запрошаны фінскім урадам для ўдзелу ў арганізацыі антысавецкай прапаганды ў савецка-фінскай вайне. Гэтая паездка дала Саланевічу ўяўленьне пра характар будучай вайны на Ўсходзе. У гэты пэрыяд ён яшчэ верыў у выкарыстаньне нямецкіх магчымасьцяў для зрынаньня бальшавізму і аднаўленьня манархіі ў Расеі. Ён прыкладаў вялікія намаганьні, каб пераканаць немцаў у тым, што спробы пакарэньня Расеі і зьнішчэньня расейскага народу асуджаныя на правал, і што адзіная магчымасьць перамогі над бальшавізмам — гэта вайна супраць камуністаў у супрацоўніцтве з антысавецкімі сіламі і расейскім народам, у масе сваёй настроеным у патрыятычным, антысавецкім духу. У гэтым выпадку, на думку Саланевіча, яшчэ магчымыя былі б добрыя адносіны між адроджанай нацыянальнай Расеяй і Нямеччынай, у адваротным жа выпадку Нямеччыну чакае параза[31].
У гэты ж час Саланевіч пачаў актыўна працаваць над галоўнай працай свайго жыцьця — «Белай імпэрыяй» (пазьней гэтая праца, дапоўненая і выпраўленая, была выдадзеная пад назвай «Народная манархія»). Асобныя артыкулы, якія павінны былі скласьці кнігу, былі апублікаваныя ў часопісе «Родина» да яго закрыцьця ў 1940 року, іх распаўсюджвалі сярод паплечнікаў Саланевіча. Да ягоных тэзаў пра пабудову незалежнай манархічнай Расеі праяўляла цікавасьць і гестапа. Некалькі разоў супрацоўнік гэтае ўстановы наведваў Саланевіча для канфідэнцыйных размоў, а ў часе візыту ў Бэрлін В. М. Молатава 10—12 лістапада 1940 року Саланевіч быў узяты пад арышт, па тлумачэньні гестапа, каб яго не зьвінавацілі, калі раптам з Молатавым што-небудзь здарыцца. Апошняя спроба перацягнуць Саланевіча на свой бок была прадпрынятая немцамі пасьля акупацыі Беларусі. Адзін з чыноўнікаў Міністэрства па ўсходніх тэрыторыях прапаноўваў яму працу ў акупацыйнай адміністрацыі ў Беларусі. Саланевіч адмовіўся (пазьней стала вядома, што прапанаваны яму пост заняў Фабіян Акінчыц)[32].
У кастрычніку 1941 Янку Саланевіча выклікалі ў гестапа і загадалі цягам трох содняў зьехаць з Бэрліну і пасяліцца ў Памяраніі. Саланевіч для сваёй ссылкі абраў Тэмпельбург, а неўзабаве пераехаў у яго прадмесьце, вёску Альт Драгайм, дзе пазнаёміўся з Рут Бэтнэр, маладой удавой нямецкага обэр-лейтэнанта. Ён браў у яе ўрокі нямецкай мовы, а пасьля яны ажаніліся. Некалькі разоў Саланевіч выяжджаў у Бэрлін, падчас чаго гутарыў з А. А. Уласавым, Г. М. Жылянковым і Ф. І. Трухіным, якія пакінулі па сабе ня лепшыя ўражаньні і ня здолелі пераканаць яго далучыцца да Расейскай вызвольнай арміі. Нягледзячы на тое, што нямецкае кіраўніцтва страціла надзею на супрацоўніцтва з Саланевічам, ягоныя працы і надалей выкарыстоўваліся ў якасьці антысавецкай прапаганды, распаўсюджваліся на акупаванай тэрыторыі, публікаваліся ў нямецкіх газэтах[33].
У сярэдзіне студзеня 1944 року Саланевіч зь сям’ёй сына ўцёк зь месца сваёй ссылкі пад пагрозай савецкага палону. Спыніліся яны ў Вінсэне ля Гамбургу, дзе працавалі на фэрмах. У рэшце рэшт паводле рэгістрацыйных сьпісаў перамешчаных асобаў былі прыпісаныя да лягеру ў Гальдэнаў, аднак дабіліся дазволу на пасяленьне ў маёнтку Апэльбэк Галендштацкага раёну Ратэнбурскае акругі[34].
Увосені 1946 року Саланевіч сустракаўся з П. В. Скаржынскім, старшынём Найвышэйшага манархічнага савету (НМС). Яны дамовіліся пра выданьне кнігі Саланевіча на сродкі НМС, аднак гэты праект так і застаўся нязьдзейсьненым. Уваходзіў Саланевіч і ў кантакт з НПС, у якім меў нямала адзінадумцаў, аднака яго адштурхоўвала імкненьне НПС да задушэньня іншых эмігранцкіх арганізацыяў, у тым ліку манархічных. Цяжкая нястача, голад і пастаянная пагроза выдачі ў СССР падштурхоўвалі Саланевіча да пераезду. Зь вялікімі намаганьнямі ён здолеў праз IRO атрымаць візу ў Аргентыну[35].
Аргентына
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У Аргентыну Саланевіч з сынам і ягонай сям’ёй прыбыў 29 ліпеня 1948. Па першым часе іх падтрымалі паплечнікі ў Буэнас-Айрэсе — прадаставілі пакой, дапамаглі ўзнавіць выдавецкую дзейнасьць. Першы нумар газэты пад назвай «Наша страна» выйшаў 18 верасьня. Неўзабаве да газэты далучыўся В. Левашоў з жонкай, які пераехаў у Аргентыну пад прозьвішчам Дуброўскі. На той час Саланевічы ўжо жылі на кінце ў Дэль-Віса, а церазь некалькі месяцаў да іх далучылася Рут Саланевіч. Неўзабаве вакол «Нашей страны» сабраліся аўтары народна-манархічнага напрамку[36].
Саланевіч ня вельмі быў задаволены становішчам у аргентынскай эміграцыі, аднак браў удзел у грамадзкім жыцьці. 5 верасьня 1948 ён удзельнічаў у эмігранцкім сходзе, на якім быў заснаваны «Саюз расейскіх людзей імя генэрал-фэльдмаршала А. В. Суворава» пад кіраўніцтвам генэрала Б. А. Хольмстан-Смыслоўскага. Саланевіч уваходзіў у склад праўленьня арганізацыі «Государево служилое земство», і ў той самы час не паслабляў крытыкі ў бок Расейскага агульна-вайсковага саюзу, Народна-працоўнага саюзу, Славянскага саюзу і манархістаў-«рэакцыянэраў». У адказ на гэта па эміграцыі распаўзьліся старыя чуткі пра супрацоўніцтва пісьменьніка з савецкімі спэцслужбамі. У Таемную паліцыю былі пададзеныя даносы ад шэрагу непрыяцеляў Саланевіча. У ліпені 1950 року Саланевіч атрымаў прадпісаньне зьехаць з Аргентыны ў трохдзённы тэрмін, і ён выехаў ва Ўругвай[37].
Уругвай
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Па першым часе Янка Саланевіч мешкаў у Мантэвідэо, скуль перабраўся на курыную фэрму ў ваколіцах Сарыяна, што належала В. Е. Леантовіч-Няелавай. Фінансавую падтрымку яму аказваў амэрыканскі камэрсант В. С. Макараў. Саланевіч прысьвяціў свой час даробку «Народнай манархіі», працы над раманам «Дзьве сілы», а таксама асьвятленьню рэчаіснасьці і прагнозах на будучыню ў артыкулах на актуальныя тэмы пра Расею й ейную ролю ў сусьветнай палітыцы. Апошнія гады жыцьця яны з жонкай правялі ў месьце Атлянтыда. Саланевіч спадзяваўся ў хуткім часе пераехаць у ЗША і ўжо атрымаў адпаведны дазвол[38].
Аднак гэтым плянам не было дадзена зьдзейсьніцца. Саланевіч пакутаваў на анэмію і запушчаны рак страўніку. 14 красавіка 1953 на сродкі ахвярадаўцаў ён быў зьмешчаны ў шпіталь у Мантэвідэо, дзе перанёс апэрацыю, аднак дактары не маглі дапамагчы. Янка сканаў 24 красавіка 1953 і быў пахаваны на Ангельскіх могілках Мантэвідэо[39].
Рэабілітаваны 20 ліпеня 1989 Вайсковай пракуратурай Ленінградзкай вайсковай акругі[13].
Погляды
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Зьяўляючыся «стоадсоткавым беларусам», Саланевіч быў цьвёрда перакананы ў адзінстве расейскага народу ў трох яго галінах — беларускай, вялікарускай і маларускай[40]. У гэтым яго можна лічыць працягвальнікам традыцый «заходнерусізму» — беларускага грамадзка-палітычнае плыні, які адстойвае агульнарасейскія ідэалы.
Іван Саланевіч быў прыхільнікам самаўладнай манархіі (адрознай ад абсалютнай і канстытуцыйнай манархіяў заходняга ўзору). Гэтаму пытаньню прысьвечаная асноўная праца Саланевіча «Народная манархія», дзе ён выразна разьмяжоўвае абсалютызм і самаўладзьдзе. Ягонае станаўленьне як аўтара адбывалася пад уплывам такіх манархічных ідэолухаў, як Леў Ціхаміраў, Міхаіл Меншыкаў і Васіль Розанаў. Ён был перакананы, што народная манархія — адзіная форма дзяржаўнага ладу, якая пасуе Расеі.
Ніякія меркі, рэцэпты, праграмы й ідэалёгіі, запазычаныя адкуль ні было б звонку, — непрымяняльныя для расейкай дзяржаўнасьці, расейскай нацыянальнасьці, расейскай культуры… Палітычнай арганізацыяй Расейскага народу на ягоных нізах было самакіраваньне, а палітычнай арганізацыяй народу ў яго цэлым было Самадзяржаўе… Цар ёсьць найперш грамадзкая раўнавага. Пры парушэньні гэтае раўнавагі прамыслоўцы створаць плютакратыю, вайскоўцы — мілітарызм, духоўныя — клерыкалізм, а інтэлігенцыя — любы «ізм», які толькі будзе ў кніжнай модзе ў пэўны гістарычны момант.
Арыгінальны тэкст (рас.)Никакие мерки, рецепты, программы и идеологии, заимствованные откуда бы то ни было извне, — неприменимы для русской государственности, русской национальности, русской культуры… Политической организацией Русского народа на его низах было самоуправление, а политической организацией народа в его целом было Самодержавие… Царь есть прежде всего общественное равновесие. При нарушении этого равновесия промышленники создадут плутократию, военные — милитаризм, духовные — клерикализм, а интеллигенция — любой «изм», какой только будет в книжной моде в данный исторический момент.— И.Л. Солоневич. Народная монархия
Не падтрымліваючы этнічны («заалягічны») нацыяналізм, Саланевіч у той самы час пагаджаўся з тым, што расейская нацыянальная ідэя ёсьць вызначальная ідэя расейскай дзяржаўнасьці.
Расейская Імпэрыя з часоў «пачатковага летапісу» будавалася паводле нацыянальнага прызнаку. Аднак, у адрозьненье ад нацыянальных дзяржаваў астатняга сьвету, расейкая нацыянальная ідэя заўжды перарастала пляменныя рамкі і станала звышнацыянальнай ідэяй, як расейская дзяржаўнасьць заўсёды была звышнацыянальнай дзяржаўнасьцю, — аднак, пры той умове, што менавіта расейская ідэя дзяржаўнасьці, нацыі і культуры зьяўлялася, зьяўляецца і цяпер, вызначальнай ідэяй усяго нацыянальнага дзяржаўнага будаўніцтва Расеі.
Арыгінальны тэкст (рас.)Русская Империя со времен «начальной летописи» строилась по национальному признаку. Однако, в отличие от национальных государств остального мира, русская национальная идея всегда перерастала племенные рамки и становилась сверхнациональной идеей, как русская государственность всегда была сверхнациональной государственностью, — однако, при том условии, что именно русская идея государственности, нации и культуры являлась, является и сейчас, определяющей идеей всего национального государственного строительства России.— И. Л. Солоневич. Народная монархия.
У «Народнай манархіі» Саланевіч падвяргаў крытыцы адарваную ідэю чалавецтва, падкрэсьліваючы, што не існуе ўсеабдымных гістарычных законаў, і ў кожную эпоху для розных грамадаў і народаў існавалі свае асаблівыя («тут і цяпер») заканамернасьці. Кожны з чалавечых народаў самастойна творыць свой лёс у мінуўшчыне. Вышэйшай гістарычнай мэтаю для расейскага народу Саланевіч лічыў стварэньне імпэрыі. Ён меркаваў, што самую незвычайную імпэрыю ў гісторыі стварыў расейскі народ, і ў гэтым заключалася сусьветная роля расейскага народу і «сусьветнасьць» расейскай ідэі. Увасьлед за славянафіламі і почвеньнікамі Саланевіч даваў адмоўную ацэнку пятроўскім пераўтварэньнем, з-за якіх Расея ўсё далей адыходзіла ад ідэалу народнай манархіі, а пад уплывам Захаду эліта — дваранства і пасьля інтэлігенцыя — адрываліся ад народнай глебы; а ўсеагульная «эўрапеізацыя» абярнулася трагедыяй для простага расейскага народу, які страціў натуральную сувязь з уласным інтэлектуальным слоем, што прывяло ў канчатковым выніку да падзеньня манархіі ў Расеі. Выхадам Саланевіч лічыў зьвярненьне расейскага народу да сваіх вытокаў пасродкам аднаўленьня «народнай», «сацыяльнай» манархіі ва ўсёй яе паўнаце «ад царскага стальцу да вясковага сходу»[41].
Ва ўласных артыкулах «Вялікая фальшыўка лютага» і «Міф пра Мікалая II», разглядаючы прычыны лютаўскіх падзей 1917 року, пазначае на іх амаль за паўстагодзьдзя да «Разважаньняў пра лютаўскую рэвалюцыю» А. І. Салжаніцына. У тэзах гэтых мысьляроў ёсьць шмат агульнага, але Янка Саланевіч практычна не крытыкуе цара (падобна Салжаніцыну ў «Разважаньнях…»), а большую ўвагу надае аналізу працэсаў, якія адбываліся ў грамадзтве, задачаў, якія стаялі перад царом, здрадзе кіроўнага «слою», які паставіў уласныя інтарэсы вышэй за інтарэсы Расеі, што прывяло да ізаляцыі цара, і ў канчатковым выніку — да чырвонага тэрору.
Гісторыя ўсклала на Мікалая II задачу звышчалавечай цяжкасьці: патрэбна было змагацца і з рэшткамі дваранскіх прывілеяў, і з усёй ці амаль з усёй інтэлігенцыяй. Маючы ў тылы інтэндантаў і інтэлігентаў, патрэбна было змагацца зь Японіяй і зь Нямеччынай. І між «царом і народам» існавала толькі адна — адна-адзіная сувязь, чыста маральная.
Арыгінальны тэкст (рас.)История возложила на Николая II задачу сверхчеловеческой трудности: нужно было бороться и с остатками дворянских привилегий, и со всей или почти со всей интеллигенцией. Имея в тылу интендантов и интеллигентов, нужно было бороться с Японией и с Германией. И между «царем и народом» существовала только одна — одна единственная связь, чисто моральная.— И. Л. Солоневич. Миф о Николае II
«Трагічныя супярэчнасьці расейскага жыцьця», у якіх, паводле словаў С. Альдэнбурга, імпэратар Мікалай II абсалютна выразна ўяўляў сабе справу, маглі быць разьвязаныя: а) рэвалюцыйным шляхам — па сыстэме Івана Жахлівага; б) эвалюцыйным шляхам — па сыстэме імпэратара Мікалая II. Эвалюцыйны шлях не атрымаўся не з прычыны прынцыповых памылак Гаспадара Імпэратара, а ў выніку здрады. Гэтую здраду можна было б паставіць у дакор Гаспадару Імпэратару: навошта ён не прадугледзеў? З цалкам такой самаю ступеньню лягічнасьці можна был бы паставіць у дакор Цэзару: навошта ён не прадугледзеў Брута зь ягоным кінжалам? <…> Ня вельмі сярэднім чалавекам быў і Напалеон — тое-сёе не прадугледзеў і ён. Наогул кажучы, «непрадбачлівасьць» становіцца абсалютна зразумелая пасьля таго, як «непрадбачанае» ўжо зьдзейсьнілася.
Арыгінальны тэкст (рас.)«Трагические противоречия русской жизни», в которых, по словам С. Ольденбурга, Император Николай II отдавал себе совершенно ясный отчет, могли быть разрешены : а) революционным путем — по системе Ивана Грозного; б) эволюционным путем — по системе Императора Николая II. Эволюционный путь не удался не вследствие принципиальных ошибок Государя Императора, а вследствие предательства. Это предательство можно было бы поставить в укор Государю Императору: зачем он не предусмотрел? С совершенно такой же степенью логичности можно было бы поставить в упрек Цезарю: зачем он не предусмотрел Брута с его кинжалом? <…> Не очень средним человеком был и Наполеон — кое-что не предусмотрел и он. Вообще говоря, «непредусмотрительность» становится совершенно ясна после того, как «непредусмотренное» уже свершилось.— И. Л. Солоневич. Ещё о феврале
Саланевіч вывучаў камуністычную ідэю, ейную якасьць (разьдзел «Пра казанскую сірату і пра якасьць прадукцыі» «Расеі ў канцлягеры»), гістарычную пэрспэктыву і мэтады (гэтай тэме прысьвечана некалькі разьдзелаў «Расеі ў канцлягеры»).
Асноўныя працы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На расейскай мове
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Решительный бой // Вечерние огни : газэта. — Киев: 12 (25) октября 1919.
- Народная монархия. — Буэнос-Айрес: Наша страна, 1973. — ISBN 0503020200-009 — Репринтное воспроизведение: М.: Изд. и рекламно-инф. фирма «Феникс» ГАСК СК СССР, 1991. — 512 с — ISBN 5-7652-0009-5
- Россия в концлагере. — 3-е изд. — София: Голос России, 1938. — 516 с.
- Миф о Николае Втором // Наша страна. — сакавік — чэрвень 1949.
- Трагедия Царской Семьи // Наша страна. — май 1952. — № 122—123.
- Цареубийцы // Голос России. — 1938 (?).
- Политические тезисы Российского Народно-Имперского (штабс-капитанского) движения. — Шанхай: Белая империя, 1941.
- Идеи — люди — организация // Наша страна. — 25 декабря 1948. — № 8.
- Два занавеса // Наша страна. — 10 декабря 1949. — № 33.
- Самодержавие, конституция и марксизм // Наша страна. — 1950. — № 39.
- Россия, революция и еврейство
- Великая фальшивка февраля
- Белая Империя, статьи 1936—1940 — М., 1997. — ISBN 5-89097-005-4
- Диктатура импотентов. социализм, его пророчества и их реализация
- Диктатура сволочи
- Две силы. Борьба за ядерное владычество над миром. Роман из советской действительности. — Уругвай, с 1948.
На іншых мовах
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Die Verlorenen. — 5. Auf. — Essen: Essener-Verlag, 1937.
- The soviet Paradise Lost. — New York: The Paisley Press, Inc, 1938.
- Russia in Chains. — London: Williams and Norgate Ltd, 1938.
- Het «proletarische» paradijs Russland een concentratiekampf. — Den Haag: W. P. Van Stockum & Zoon N. V, 1937.
- Rosja w obozie koncentracyjnym. — Lwow: Nakladem Sekretariatu Porozumiewawczego Polsckich Organizacyi Spolecznych we Lwowie, 1938.
- Rosko za mrizemi. — Praha: Prapor Ruska.
- Russija u konclogoru / Urednik dr. J. Adric. — Zagreb: Knjiznica dobrich romana, 1937.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Нацыянальная служба Чэскай рэспублікі
- ^ Никандров, 2007, с. 19—23
- ^ Никандров, 2007, с. 21—25
- ^ Смолин М. Б. Монархизм как любовь. Штрихи к портрету Ивана Солоневича // Наша страна. ХХ век : Сб. трудов И. Л. Солоневича; прил. к журналу «Москва». — 2001.
- ^ Никандров, 2007, с. 25—30
- ^ Маракоў, Леанід Саланевіч Іван Лук’янавіч Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія i культурныя дзеячы Беларусі. 1794-1991. Том II Праверана 19 ліпеня 2012 г.
- ^ Никандров, 2007, pp. 30—39
- ^ Никандров, 2007, pp. 39
- ^ Никандров, 2007, pp. 39—47
- ^ Никандров, 2007, pp. 48—52
- ^ Никандров, 2007, pp. 53—58
- ^ Солоневич И. Россия, революция и еврейство.
- ^ а б «Жертвы политического террора в СССР». База данных общества «Мемориал»
- ^ Никандров, 2007, pp. 64—93
- ^ Никандров, 2007, pp. 131—133
- ^ Никандров, 2007, pp. 134—144
- ^ Никандров, 2007, pp. 145—176
- ^ Никандров, 2007, pp. 217—222
- ^ Никандров, 2007, pp. 223—266
- ^ Никандров, 2007, pp. 267—274
- ^ Никандров, 2007, pp. 274—290
- ^ Никандров, 2007, pp. 293—299
- ^ Базанов П. «Фонд „Братья Солоневичи“ в Архиве-Библиотеке Санкт-Петербургского НИЦ „Мемориал“»
- ^ Никандров, 2007, pp. 301—356
- ^ Никандров, 2007, pp. 327—383
- ^ Никандров, 2007, pp. 383—390
- ^ Никандров, 2007, pp. 390—394
- ^ Никандров, 2007, pp. 390—397
- ^ Никандров, 2007, pp. 400—418
- ^ Никандров, 2007, pp. 420—451
- ^ Никандров, 2007, pp. 467—477
- ^ Никандров, 2007, pp. 479—509
- ^ Никандров, 2007, pp. 514—524
- ^ Никандров, 2007, pp. 530—546
- ^ Никандров, 2007, pp. 555—563
- ^ Никандров, 2007, pp. 565—587
- ^ Никандров, 2007, pp. 588—622
- ^ Никандров, 2007, pp. 622—645
- ^ Никандров, 2007, pp. 634—647
- ^ Солоневич И.Л. О сепаратных виселицах // Наша страна : журнал. — 1949.
- ^ И.Л. Солоневич // 500 самых выдающихся людей России / Авт.-сост. Л. Орлова. — Мн.: Харвест, 2008. — С. 346—347. — (Карманная библиотека). — ISBN 978-985-16-5585-0
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Денис Драгунский. Джентльмен в ГУЛАГе // Новое время. — 19 сентября 1999. — С. 30—32.
- Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 2. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9.
- Никандров Н. Иван Солоневич: народный монархист / Под ред. В. Г. Манягина. — М.: Алгоритм, 2007. — 672 с. — (Властители дум). — ISBN 978-5-9265-0442-9
- Нил Никандров. Иван Солоневич возвращается с чужбины… // Латинская Америка : часопіс. — 1997. — № 2.
- Смолин М. Б. Энциклопедия имперской традиции русской мысли. — М.: Имперская традиция, 2005. — С. 303—325. — 448 с. — ISBN 5-85134-078-9
- Смолин М. Б. Монархизм как любовь. Штрихи к портрету Ивана Солоневича // И. Л. Солоневич Наша страна. ХХ век. — М.: 2001.
- Борис Солоневич. Молодежь и Г.П.У. Жизнь и борьба советской молодежи. — София: Голос России, 1937. — 464 с.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Бачына, прысьвечаная жыцьцю і творчасьці Янкі Лук’янавіча Саланевіча (рас.) Праверана 2012-01-24 г. Архіўная копія ад 2012-02-28 г.
- Газэта «Наша страна»
- Смолин М. Б. Русский народный империалист (рас.) Русская государственность. Русское Воскресение. Праверана 24 студзеня 2012 г. Архіўная копія ад 2012-02-28 г.
- Сергей Лабанов. Солоневич Иван Лукьянович (1891-1953) (рас.).
- Нарадзіліся 13 лістапада
- Нарадзіліся ў 1891 годзе
- Памерлі 27 красавіка
- Памерлі ў 1953 годзе
- Нарадзіліся ў Пружанскім раёне
- Удзельнікі Грамадзянскай вайны ў Расеі
- Белы рух
- Расейскія журналісты
- Расейскія публіцысты
- Расейскія літаратары
- Расейскія манархісты
- Расейскія эмігранты
- Расейскія нацыяналісты
- Заходнерусізм
- Рэпрэсаваныя ў СССР
- Памерлі ва Ўругваі
- Памерлі ад раку