Перайсьці да зьместу

Юры Юр’евіч Алелькавіч

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Юры Юр’евіч Алелькавіч
Юры Юр’евіч Алелькавіч[1]
па-ўкраінску: Юрій Юрійович Олелькович
Слуцкі князь
1542 — 1578
Папярэднік Юры Сямёнавіч Алелькавіч
Наступнік Юры Юр’евіч Алелькавіч малодшы
Сябра Рады Вялікага Княства Літоўскага
1542 — 1569
Папярэднік Юры Сямёнавіч Алелькавіч
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся1531(1531)
Слуцкае княства, Вялікае Княства Літоўскае
Памёр9 лістапада 1578
Слуцкае княства, Вялікае Княства Літоўскае
Сужэнец жонка Кацярына Тэнчынская (з 1558 году)
Дзеці 3 сыны: Юры Юр’евіч Алелькавіч малодшы, Аляксандар Алелькавіч, Ян Алелькавіч
Бацька Юры Сямёнавіч Алелькавіч[2]
Маці Алена Мікалаеўна Радзівіл
Род Алелькавічы

Юры Юр’евіч Алелькавіч (1531—1578) — слуцкі князь і палкаводзец Вялікага Княства Літоўскага.

Сябра Рады Вялікага Княства Літоўскага (1542—1569).

Як старэйшы сын Юрыя Сямёнавіча Алелькавіча стаў слуцкім князем. Таксама яму належалі маёнткі Ванева ў Падляскім ваяводзтве Вялікага Княства Літоўскага, Весічы ў Гарадзенскім павеце і Тонава ў Менскім павеце ВКЛ. У траўні 1558 году ажаніўся з 14-гадовай Кацярынай Тэнчынскай, якая была дачкой сандамірскага ваяводы Станіслава Тэнчынскага. Атрымаў у пасаг Сямяцічы і Орлю ў Падляскім ваяводзтве Вялікага Княства Літоўскага, а таксама Батаж і Красьнік у Люблінскім ваяводзтве Польскага каралеўства. Набыў настолькі значнае багацьце, што пазычаў вялікаму князю літоўскаму Жыгімонту Аўгусту пад заклад буйных зямельных уладаньняў. У 1559 годзе пазычыў 7000 копаў літоўскіх грошай пад заклад Пінскага княства. У 1561 годзе ўзяў Бабруйскае староства за пазыку ў 12 000 копаў літоўскіх грошай. У 1564 і 1567 гадох браў удзел у Інфлянцкай вайне на чале ўласнага атраду з 4000 ваяроў. У 1560-я гады даў прытулак маскоўскаму вальнадумцу Арцемію і ягоным вучням[3].

У Маладэчне ў складзе 18 паноў Рады Вялікага Княства Літоўскага, якія склалі адказ падканцлеру вялікаму кароннаму Пятру Мішкоўскаму наконт уніі з Польскім каралеўствам. Пасьля Люблінскай уніі 1569 году страціў месца ў Радзе Вялікага Княства Літоўскага, якое займалі слуцкія князі. Меў пры двары бібліятэку, якой у 1576—1578 гадох карыстаўся гісторык Мацей Стрыйкоўскі для напісаньня «Хронікі польскай, літоўскай, жамойцкай і ўсёй Русі»[4].

Пахаваны ў Кіева-Пячэрскай лаўры[4].