Перайсьці да зьместу

Эканоміка Беларускай ССР

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Эканоміка Беларускай ССР — складовая частка эканомікі СССР, разьмешчаная на тэрыторыі Беларускай ССР. Складала адзіны Беларускі эканамічны раён.

Кіроўныя галіны прамысловасьці:

  • машынабудаўнічая і мэталаапрацоўчая
  • лёгкая
  • харчовая

Энэргетыка Беларусі грунтавалася на газе, нафце (мазуце), торфу, вугле. Вялася здабыча нафты і торфу. Найбуйнейшыя прадпрыемствы электраэнэргетыкі рэспублікі: Лукомская ДРЭС, Бярозаўская ДРЭС імя 50-годзьдзя БССР, Смалявіцкая ДРЭС. Вядучае месца па аб’ёме валавой прадукцыі займалі машынабудаваньне і мэталаапрацоўка, асабліва аўта- і трактарабудаваньне (Менск, Жодзін, Магілёў) і станкабудаваньне (Менск, Віцебск, Гомель, Пінск, Ворша, Маладэчна). Былі разьвітыя прыборабудаваньне, радыётэхнічная, радыёэлектронная (Менск, Віцебск, Гомель, Мазыр, Берасьце, Ліда і іншыя) галіны прамысловасьці. Прадпрыемствы гэтых галін пастаўлялі: электронна-вылічальныя машыны, аптычныя, электравымяральныя, рэгулюючыя прыборы, кінаапаратуру, тэлевізары, гадзіньнікі і іншае.

Хімічная і нафтахімічная прамысловасьць спэцыялізавалася на вытворчасьці мінэральных угнаеньняў, шын, плястычных мас і сынтэтычных матэрыялаў, галоўным чынам хімічных валокнаў (Шацілавічы, Магілёў, Наваполацак, Горадня, Гомель, Берасьце і іншыя). Створана найбуйнейшая ў СССР вытворчасьць калійных угнаеньняў на базе Старобінскага радовішчы калійных соляў. Нафтаперапрацоўка (Наваполацак, Мазыр). Разьвівалася мікрабіялягічная прамысловасьць (Наваполацак, Мазыр). Мелася вытворчасьць будаўнічых матэрыялаў і шкляная прамысловасьць (Гомель, Барысаў і іншыя). Лясная і дрэваапрацоўчая галіны прамысловасьці былі прадстаўленыя лесанарыхтоўчымі, лесапільнымі, мэблевымі прадпрыемствамі, вытворчасьцю драўляных буддэталяў, фанэры, цэлюлёзна-папяровай, запалкавай галінамі (Бабруйск, Мазыр, Гомель, Магілёў, Менск, Віцебск, Пінск). З галін лёгкай прамысловасьці вылучаліся тэкстыльная (ільняная — Аршанскі ільнокамбінат, баваўняная — Баранавіцкі баваўняны камбінат), трыкатажная, гарбарна-абутковая галіны. Значнай была харчовая прамысловасьць (мясная, масласыраробная, мукамольна-крупяная, кансэрвавая, крухмала-паточная і іншыя).

  • З 1957-га па 1962 год аб’ем ваеннай вытворчасьці павялічыўся ў 12 разоў.

Сельская гаспадарка

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1986 годзе ў рэспубліцы налічалася 913 саўгасаў, 1675 калгасаў. Сельскагаспадарчыя ўгоддзьдзі складалі 9,5 млн га, зь іх:

Плошча абрашаных земляў — 1,33 млн га (1986 год).

Асноўныя сельскагаспадарчыя культуры (валавы збор, 1985 год, млн т): збожжавыя (7,041; жыта, пшаніца і іншае), бульба (13,414), ільновалакно (0,095), цукровы бурак (1,612). Пладаводзтва і агародніцтва. Выгадоўваліся кармавыя культуры (шматгадовая і аднагадовая трава, кукуруза, кармавыя карняплоды). Больш за ½ валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі прыходзілася на жывёлагадоўлю, галоўным чынам малочна-мясная жывёлагадоўля. Пагалоўе (на 1987 год, у млн галоў): буйнае рагатае быдла — 7,5, сьвіньняў — 5,1.

  • Сярэдняя ўраджайнасьць збожжавых па Беларусі складала ў 1960 годзе 8,7 цэнтнэры з гектара.

Асноўны від транспарту — чыгуначны. Эксплюатацыйная даўжыня (на 1986 год):

  • чыгунак — 5,54 тыс. км,
  • аўтадарог — 44,4 тыс. км (у тым ліку з цьвёрдым пакрыцьцём — 40,8 тыс. км).

Разьвіты трубаправодны транспарт. Суднаходзтва па Прыпяці, Дняпроўска-Бускаму каналу, Дняпру, Сожу, Бярэзіне, Заходняй Дзьвіне, Нёману.