Чорная Русь
Чорная Русь — пачаткова штучная геаграфічная назва, ужываная пераважна ў заходнеэўрапейскім навуковым асяродзьдзі ў дачыненьні да розных рэгіёнаў Усходняй Эўропы. З XVIII стагодзьдзя замацавалася ў гістарыяграфіі датычна земляў на паўночным захадзе сучаснай Беларусі, на якіх у XIII стагодзьдзі ўтварылася Вялікае Княства Літоўскае. Паводле гістарычна-геаграфічных уяўленьняў XVIII—XX стагодзьдзяў, галоўнымі цэнтрамі «Чорнай Русі» былі Наваградак, Горадня, Ваўкавыск, Слонім ды іншыя. Аднак аўтэнтычныя гістарычныя крыніцы не пацьвярджаюць існаваньня на гэтай тэрыторыі гістарычнай краіны з такой назвай[1], таму больш абгрунтавана ўжываць заміж «Чорнай Русі» тэрміны Літва або Панямоньне.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Назва «Чорная Русь», хутчэй за ўсё, узьнікла ў заходнеэўрапейскай літаратуры пэрыяду позьняй схалястыкі і пачаткова ня мела трывалай лякалізацыі. У абсалютнай большасьці выпадкаў XIV—XVII стагодзьдзяў назва ўжывалася заходнімі эўрапейцамі ў дачыненьні да розных тэрыторыяў на ўсход і поўдзень ад сучаснай Беларусі. Адна зь першых крыніц, у якой выступаюць «чорныя русіны», — нямецкамоўная хроніка Вугоршчыны Генрыха Мюгельна (каля 1360 году), якая паведамляла пра перасяленьне старажытных вугорцаў у Панонію праз тэрыторыю сучаснай Украіны. Тэрмін Чорная Русь, хутчэй за ўсё, быў утвораны на ўзор і ў процівагу Белай Русі не раней за XIV стагодзьдзе. Ва ўзнікненьні гэтай назвы сказалася схільнасьць сярэднявечнай сьвядомасьці да пабудовы прымітыўных клясыфікацыяў. Калі існавала Белая Русь, непазьбежна мусіла зьявіцца і Чорная. Такая «каляровая» схема наклалася на падзел Русі паводле іншага прынцыпу: з даўніх часоў выдзялялі «Верхнюю Русь» — рознаэтнічную канфэдэрацыю славянскіх і фінскіх плямёнаў з дамешкам варагаў–«русі» на паўночным захадзе ўсходняй Эўропы — у адрозьненьне ад «Ніжняй», ці «Рускай зямлі» над сярэднім Дняпром з цэнтрам у Кіеве. І калі Russia superior была, як правіла, раўназначнай Белай, дык Russia inferior, адпаведна, з часам пачалі лічыць Чорнай.
Ангельскі дыплямат Джайлс Флетчар у трактаце «Пра Расейскую дзяржаву» (Лёндан, 1591 год) заўважыў: «Расея калісьці называлася Сарматыяй… Гэтая зямля падзялялася на дзьве галоўныя часткі: Белую і Чорную. Белая Сарматыя ўключала ў сябе ўсю прастору, што ляжыць на поўнач і з боку Лівоніі, як вобласьці, якія цяпер называюць Дзьвінскай, Васкай, Усьцюскай, Валагодзкай, Каргопальскай, Наўгародзкай і гэтак далей, сталіцай ці галоўным горадам якіх быў Ноўгарад Вялікі. Чорнай Сарматыяй называлася ўся краіна, што ляжыць на поўдзень, ля мора Эўксінскага, ці Чорнага, як княствы: Уладзімерскае, Маскоўскае, Разанскае ды іншыя». Вельмі падобны на ягоны падзел Русі галяндзкага гісторыка і палітоляга Георга Хорна. У працы «Сьвет дзяржаваў» (1668 год) ён пісаў: «Русь падзялялася на Белую і Чорную. Двума галоўнымі яе княствамі былі Кіеўскае (Kiovia) і Ўладзімерскае (Vladimiria). Той, хто валодаў імі, лічыўся як бы манархам русінаў. Кіеў быў сталіцай Чорнай Русі, Уладзімер — Белай».
Больш дакладных прыкмет лякалізацыі Чорнай Русі, апроч знаходжаньня яе на поўдзень ад Белай, не было. Таму розныя аўтары разыходзіліся ў даным пытаньні яшчэ больш, чым наконт Белай. Правядзеньне ўмоўнай мяжы паміж гэтымі дзьвюма часткамі, ці «правінцыямі» Русі залежала, хутчэй, ад густу аўтара, а не ад якіх-кольвечы аб’ектыўных крытэраў.
«Кананічны» парадак разьмяшчэньня «каляровых» частак Русі з паўночнага ўсходу на паўднёвы захад — Белая, Чорная, Чырвоная — упершыню сустракаецца на мапе Фра Маўра (1459 год), на якой Чорная Русь паказаная на правабярэжжы Акі. Хаця асобныя часткі гэтай трыяды пазьней перамяшчаліся на мапе, такая іх узаемная арыентацыя, як правіла, захоўвалася нязьменнай. На глёбусе Меркатара (Лувэн, 1541 год) Russia Nigra паказаная на ўсход ад Пскова, як і на мапе Скандынавіі Олаўса Магнуса (1539 год). Польскі пісьменьнік XVII стагодзьдзя Шыман Старавольскі лічыў, што Чорная Русь — гэта «правінцыя Чарнігаўская». Аляксандар Гваньіні ўпамінаў «чорных русінаў, сталіца якіх Львоў». Некаторыя мапы Сансона д’Абэвіля–бацькі паказваюць Чорную Русь паміж Львовам і Халмом. Яшчэ доўга ўсьлед за Дж. Флетчарам Чорнай Русьсю называлі Маскоўскую дзяржаву, напрыклад, Аляксандар Гваньіні ў выданьні 1611 году, Андрэас Келер у 1659 годзе і гэтак далей[2].
У прынятым у гістарыяграфіі XX стагодзьдзя выглядзе падзел на Белую, Чорную і Чырвоную Русь выснаваўся не раней за XVII стагодзьдзе. Шыман Старавольскі ў сярэдзіне XVII стагодзьдзя лічыў, што Белая Русь — частка ВКЛ, Чырвоная — усе ўкраінскія землі Польшчы, а Чорная — Маскоўская дзяржава, гэта значыць ніяк ня зьвязваў Чорную Русь з Панямоньнем — хаця такая лякалізацыя ў тыя часы ўжо сустракалася. У 1622 годзе Козіма дэ Торэс пісаў, што «Русь… падзяляецца на тры часткі: Чырвоную Русь зь местамі Львовам, Перамышлем, да якой належыць і Валынь; Белую Русь, якая працягнулася ад Рыгі, сталіцы Ліфляндыі, да Маскоўскай мяжы, улучна з Полацкам, Воршай, Віцебскам, Магілёвам; Чорную Русь, якая знаходзіцца паміж Літвой і Валыньню, да Кіева зь местамі Пінскам, Наваградкам і Оўручам». У геаграфічным слоўніку базыляніна Іларыёна Карпінскага (Lexykon geograficzny dla gruntownego pojecia gazet i historii z roznych autorow zebrany, Вільня, 1766 год) дачыненьні паміж трыма «каляровымі» часткамі Русі маюць прыняты ў гістарыяграфіі XX стагодзьдзя выгляд:
- Белая — Амсьціслаўскае, Віцебскае, Полацкае, Смаленскае ваяводзтвы;
- Чорная — Наваградзкае і Менскае;
- Чырвоная — усе ўкраінскія землі Польшчы.
Ужо тады такі падзел прапагандавалі як першасны і адвечны, спрабуючы рэтраспэктыўна ўзводзіць яго сама меней да XIV стагодзьдзя. Але ў сапраўднасьці падзел Русі на Белую, Чорную і Чырвоную якраз штучны і ня быў уласьцівы мясцовым жыхарам, пакуль да іх у XVI—XVII стагодзьдзях шырока не пранікла эўрапейская адукаванасьць[3].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Белы А. Чорная Русь // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 745.
- ^ Белы А. Чорная Русь // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 746.
- ^ Белы А. Чорная Русь // ЭГБ. — Мн.: 2003 Т. 6. Кн. 2. С. 168.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Белы А. Хроніка «Белай Русі»: нарыс гісторыі адной геаграфічнай назвы. — Менск, 2000.
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2003. — Т. 6. Кн. 2: Усвея — Яшын. — 616 с. — ISBN 985-11-0276-8
|