Фонд эканамічнай незалежнасьці (Славаччына)
Фонд эканамічнай незалежнасьці | |
Fond hospodárskej samostatnosti | |
Дата ўтварэньня | 11 ліпеня 1939 году |
---|---|
Дата спыненьня існаваньня | 1945 рок |
Тып | дзяржаўная арганізацыя |
Юрыдычны статус | фонд |
Мэта | падтрымка эканомікі Славаччыны |
Дзейнічае ў рэгіёнах | Славаччына |
Матчына кампанія | Славацкі нацыянальны банк |
Фо́нд эканамі́чнай незале́жнасьці (па-славацку: Fond hospodárskej samostatnosti) — славацкі фонд, які быў створаны, каб падтрымаць эканоміку тады яшчэ нядаўна ўтворанае Першае Славацкае Рэспублікі.
Стварэньне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Намагаючыся дапамагчы эканоміцы Славацкае Дзяржавы, быў абвешчаны збор на т. зв. залаты скарб (па-славацку: zlatý poklad). Верагодна першы штуршок да арганізацыі збору ўжо ў першыя месяцы 1939 году дала Цэнтральная ўправа Славацкае лігі ў Браціславе (па-славацку: Ústredná správa Slovenskej ligy v Bratislave). Каб падтрымаць эканоміку і ажывіць гандаль, яна прапанавала стварыць «Нацыянальны фонд» (па-славацку: Národný fond), у які буйныя кампаніі, дробныя прадпрымальнікі, дзяржаўная адміністрацыя й грамадзяне павінныя былі б зрабіць уклад. Такім чынам, на першым этапе кампанія мусіла сабраць мільён кронаў, а збор павінны быў зьдзяйсьняцца цягам трох этапаў.
Урад Славацкае Рэспублікі, натхнёны гэтай прапановай, пасьля кансультацыяў зь міністэрствамі й абмеркаваньня са Славацкім нацыянальным банкам 11 ліпеня 1939 году ухваліў стварэньне «Фонду эканамічнае незалежнасьці», у які (у адрозьненьне ад першапачатковай прапановы) грамадзяне маглі б добраахвотна ўносіць каштоўныя мэталы , каштоўнасьці й грашовыя сродкі. Аднак ёсьць дакумэнты, якія даказваюць, што першыя ўклады ў фонд паступілі ў СНБ у траўні. Паводле гэтага рашэньня, міністэрствы і кампэтэнтныя органы былі абавязаныя перадаць у фонд усе залатыя вырабы, ювэлірныя вырабы й іншыя каштоўнасьці, якія ім належаць.
Фонд
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Фондам кіраваў СНБ, і міністар фінансаў меў права маніпуляваць рэсурсамі фонду. Матэрыяльныя ахвяраваньні сартаваліся й захоўваліся ў Галоўным офісе СНБ (па-славацку: Hlavnom ústave SNB), дзе іх ацэньвала адмысловая камісія экспэртаў (па-славацку: komisia odborníkov). Кожны ахвярадаўца, які зрабіў уклад ня менш за 100 кронаў, атрымліваў сталёвы пярсьцёнак з надпісам «Славацкая Дзяржава дзякуе» (па-славацку: Slovenský štát ďakuje). Пярсьцёнкі былі вырабленыя ў Дзяржаўнай мынцы ў Крэмніцы.
Існавала таксама прапаганда збору сродкаў. У верасьні 1939 году СНБ наведаў прэм’ер-міністар Войцех Тука ў суправаджэньні чальцоў ураду, каб зрабіць ахвяраваньні ў фонд. Гэтая падзея была зьнятая й выкарыстаная для прасоўваньня ў кінатэатрах. Збор ажыцьцяўляўся ў тры этапы: першы этап скончыўся 31 кастрычніка 1940 году, другі працягваўся да 31 ліпеня 1944 году, а апошні, трэці этап, быў абвешчаны 1 жніўня 1944 року. Частка атрыманых такім чынам сродкаў была выкарыстаная ў пагашэньні дзяржаўнай пазыкі, а астатняе накіроўвалася ў дзяржаўны рэзэрв. Дзякуючы гэтым зборам СНБ сабраў больш за 7 тонаў золата.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Mgr. Miloš Mazúr. SLOVENSKÁ NÁRODNÁ BANKA (1939-1945) (славацк.) // ODBORNÝ BANKOVÝ ČASOPIS. — 1996. — С. 9—10.
|