Перайсьці да зьместу

Славацкае ўварваньне ў Польшчу

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Славацкае ўварваньне ў Польшчу
Дата: 1–16 верасьня 1939
Месца: Польшча
Вынік:
Тэрытарыяльныя
зьмены:
Славаччына захапіла спрэчныя тэрыторыі
Супернікі
Сьцяг Славаччыны СлаваччынаСьцяг Польшчы Польшча
Камандуючыя
Сьцяг Славаччыны Фэрдынанд Чатлаш
Колькасьць
3 дывізіі
Страты
37 забітыя

114 параненыя

11 зьніклыя
2 самалёты
невядомыя, прынамсі 1 самалёт
Спрэчныя тэрыторыі з Польшчай. Землі, пазначаныя чырвоным, адышлі ў 1920 да Польшчы, зялёныя — да Чэхаславаччыны

Славацкае ўварваньне ў Польшчу — узброены канфлікт у часе нападу нацысцкай Нямеччыны на Польшчу ў верасьні 1939. Наваствораная Славацкая рэспубліка выставіла армію з 3 дывізіяў колькасьцю 50 000 жаўнераў. Паколькі асноўныя сілы польскага войска супрацьстаялі нямецкай арміі на поўначы, напад славакаў з боку паўднёвае мяжы не сустрэў асаблівага супраціву і скончыўся зь мінімальнымі стратамі. Славаччына захапіла землі, страчаныя Чэхаславаччынай у 1920—1924 і 1938 роках.

14 сакавіка 1939 на тэрыторыі Чэхаславаччыны была абвешчаная незалежнасьць сатэлітнай(en) Нямеччыне Славацкай рэспублікі. Яшчэ раней, 2 лістапада 1938, частка тэрыторыі Славаччыны зь вялікай колькасьцю вугорскага насельніцтва была захопленая Вугоршчынай па ўмовах першага Венскага арбітражу. Невялікія часткі гэтых спрэчных тэрыторыяў са зьмяшаным польска-славацкім насельніцтвам трапілі ў склад Нямеччыны і Польшчы.

Адразу ж па абвяшчэньні незалежнасьці Славаччына была атакаваная вугорскім войскам, якое заняло 1,7 тысячаў кв. км ейнае тэрыторыі. У гэтых умовах Славацкая рэспубліка была вымушаная 23 сакавіка заключыць з Трэцім райхам дамову пра абарону. На сакрэтных перамовах зь Нямеччынай 20-21 ліпеня 1939 славацкі ўрад пагадзіўся ўзяць удзел у агрэсіі ў Польшчу і абавязаўся дазволіць нямецкім войскам вольны праход праз сваю тэрыторыю.

Афіцыйнай палітычнай нагодай для ўдзелу Славаччыны ў польскай кампаніі была спрэчка за невялікую тэрыторыю на польска-славацкай мяжы. Польшча экспрапрыявала гэтую тэрыторыю 1 сьнежня 1938 року па выніках Мюнхэнскае змовы.

26 жніўня Славацкая рэспубліка мабілізавала свае ўзброеныя сілы і стварыла палявую армію з кодавай назвай «Бэрналак», якая налічвала 51 306 жаўнераў. Акрамя таго, былі прызваныя яшчэ 160 000 рэзэрвістаў.

Напад распачаўся 1 верасьня 1939 а 5:00 гадзіне. Асноўныя баявыя дзеяньні прыйшліся на долю 1-й дывізіі пад камандаваньнем генэрала Антона Пуланіча. Яна заняла вёску Яварына і места Закапанэ, пасьля чаго перайшла ў бок Новага Таргу, прыкрываючы 2-ю горнастралковую дывізію зь левага флянгу. 4-5 верасьня яна ўдзельнічала ў бітвах з рэгулярнымі аддзеламі польскага войска. 7 верасьня дывізія заняла абарону, зайшоўшы на 30 км ўглыб польскай тэрыторыі. Пазьней яна адышла, пакінуўшы адзін батальён у ваколіцах Закапанэ, Юргава і Яварыны да 29 верасьня.

2-я дывізія знаходзілася ў рэзэрве і ўдзельнічала толькі ў зачыстках тэрыторыі. 3-я дывізія «Разус» палкоўніка Аўгустына Малармэ абараняла 170 км славацкае граніцы ад Старое Любаўні да мяжы з Вугоршчынай. Паўдзельнічаўшы ў некалькіх сутычках, яна без аніякага супраціву прайшла на польскую тэрыторыю, дзе спынілася 11 верасьня.

Два ці тры славацкія паветраныя швадроны выкарыстоўваліся для выведкі, бамбаваньня і падтрымкі нямецкіх зьнішчальнікаў. Два летакі былі страчаныя (адзін зьбіты проціпаветраным агнём, другі разьбіўся), зьбіты адзін польскі самалёт. Агульныя страты славацкай пяхоты склалі 37 чалавек забітымі, 114 параненымі і 11 страчанымі бязь вестак.

Радасныя нямецкія і славацкія жаўнеры разам з украінскім насельніцтвам у Каманчы (1939)
Славаччына пасьля кампаніі

Усе славацкія войскі да канца верасьня 1939 пакінулі польскую тэрыторыю. 5 кастрычніка ў Попрадзе прайшоў парад перамогі. Паступова войскі былі дэмабілізаваныя, і 7 кастрычніка армія «Бэрналак» была распушчаная. Прэстыж славацкага войска, страчаны падчас славацка-вугорскай вайны, быў часткова адноўлены.

Падчас нападу славакі захапілі 1350 цывільных палякаў, 1200 зь якіх у лютым 1940 перадалі Нямеччыне, пэўную частку Саветам, астатнія ўтрымліваліся ў лягеры ваеннапалонных у Лешці.

Усе спрэчныя тэрыторыі, якія адышлі да Польшчы ў 1920 і 1938 роках, былі вернутыя Славаччыне. Гітлер прапаноўваў Цісу таксама й Закапанэ, аднак той адмовіўся са словамі, што там не жывуць славакі і тая тэрыторыя ніколі не належала Славаччыне. 20 траўня 1945, па сканчэньні Другой сусьветнай вайны, граніца была вернутая на пазыцыі да 1920 року.

  • Charles K. Kliment and Břetislav Nakládal: Germany’s First Ally, Schiffer Publishing, 1998, ISBN 0-7643-0589-1. The book covers the Slovak Armed Forces in World War II. 2003 Czech edition, ISBN 80-206-0596-7.
  • Igor Baka: Slovensko vo vojne proti Poľsku v roku 1939, Vojenská história, 2005, No 3.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]