Славацкая акупацыя Оравы і Сьпішу
Славацкая акупацыя Оравы і Сьпішу — землі Польшчы, якія знаходзілася пад кіраваньнем Першае Славацкае Рэспублікі пад час Другое сусьветнае вайны. Фармальна гэтыя землі дасталіся Славаччыне 21 лістапада 1939 году паводле дамовы Чэрнака-Рыбэнтропа. Таксама Гітлер прапанаваў перадаць пад славацкую адміністрацыю Закапаны, аднак Ёзэф Ціса адмовіўся ад гэтага.[1]
Напярэдадні
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Пададзеныя тэрытарыяльныя прэтэнзіі Польшчы Браціслава зусім не чакала. Польшча да гэтага разглядалася як сяброўская дзяржава. Аўтаномны ўрад неадкладна накіраваў у Варшаву Караля Сідара, самага вялікага палянафіла ГСНП. Аднак падчас свайго візыту 19-21 кастрычніка ён ня здолеў зьмяніць погляд польскага ўраду. Больш за тое, 25 кастрычніка польскі ўрад пашырыў свае першапачаткова мінімалістычныя патрабаваньні таксама на іншыя тэрыторыі, у тым ліку й на Яварыну.
1 лістапада пасьля ўзмацненьня ціску Славаччына неахвотна прыняла польскія патрабаваньні. Аднак мяжа канчаткова ўрэгулявалася толькі да 1 сьнежня пасьля карэкцыі дэлімітацыйнай камісіяй. Славаччына згубіла агулам 226 км² тэрыторыі з 4280 жыхарамі. Хоць гэтая тэрытарыяльная страта і не была вялікай, у Славаччыне яна адчувалася вельмі балюча. Прайшоў толькі месяц пасьля таго, як Вугоршчына захапіла значную частку славацкай тэрыторыі на поўдні. Польскі падыход лічыўся здрадай, бо польскі ўрад неаднаразова заяўляў, што мае карэктныя дачыненьні са славакамі й паважае тэрытарыяльную цэласнасьць Славаччыны. Польская заява пра польскі характар славацкага памежжа была відавочна адхіленая грамадзтвам Славаччыны.
У Славаччыне пасьля гэтага ў цэлым панавалі антыпольскія настроі, якія толькі ўзмацняліся паводзінамі польскіх уладаў на акупаванай тэрыторыі: «Ў Лесьніцы і Яварыне адбывалася жорсткая калянізацыя як у школьным, так і ў царкоўным пляне. Славацкі сьвятар з капэлянам былі выгнаныя, а славацкая школа закрытая. З-за агульнага супраціву насельніцтва польскі рэжым у Яварыне нават абвясьціў забарону на якія-кольвек згуртаваньні.»
Гэтыя падзеі прывялі да ўдзелу Славаччыны ў наступленьні на Польшчу дзеля вяртаньня сваіх земляў.
Акупацыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Па абодва бакі Другой сусьветнай вайны існуюць розныя погляды.
Польскі погляд
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Згодна з польскай інтэрпрэтацыяй, гэта быў час настойлівай славакізацыі й тэрарызацыі польскіх сьвятароў на акупаванай тэрыторыі: «Урад Славаччыны зрабіў вялікі акцэнт на царкоўнай палітыцы на акупаваных тэрыторыях. Сьвятары, якія прыбылі зь іншых польскіх рэгіёнаў, былі дэпартаваныя ў Генэрал-губэрнатарства ў 1939 годзе, а частка пазьней, на мяжы 1940 і 1941 гадоў, у Славаччыну. Пазьней многія пайшлі ў канцлягеры... Польскія сьвятары, якія пазьбеглі дэпартацыі, абралі тактыку пасіўнага супраціву. Яны адмовіліся прысягнуць славацкай дзяржаве, заявіўшы, што ўжо прысягнулі на вернасьць польскай дзяржаве. Акрамя таго, хоць і было дазволена чытаць пропаведзі толькі па-славацку, яны спрабавалі пазьбегнуць гэтага.»
Менавіта з гэтым кругабегам польская гістарыяграфія зьвязвае зьяўленьне славацкай меншасьці на тэрыторыі паўночнага Сьпішу й паўночнай Оравы. Паводле яе, гэта палякі, якія так ці інакш славакізаваліся.
Славацкі погляд
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Паводле славацкіх запісаў, жыхары з энтузіязмам сустракалі славацкую армію як вызваліцеляў. Таксама абвяргаюцца польскія сьцьверджаньні пра дзеяньні супраць польскага духавенства. Наадварот, насельніцтва актыўна дапамагала дзеяньням польскай падпольнай Арміі Краёвай, але таксама прымала ўдзел у падзеях Славацкага нацыянальнага паўстаньня.
Канец акупацыі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Славацкая аргумэнтацыя адносна славацкага насельніцтва на спрэчных тэрыторыях таксама грунтуецца на паваенных падзеях: «Пасьля вызваленьня савецкай арміяй нацыянальныя камітэты правялі плебісцыт, у адпаведнасьці зь якім 98 адсоткаў насельніцтва ўважалі сябе за славакаў.» Таму гэтыя ўлады пераканалі прадстаўнікоў савецкай арміі, што гэтая тэрыторыя належаць да Чэхаславаччыны. Аднак 5 траўня 1945 году ўрад Чэхаславаччыны, які знаходзіўся ў Кошыцах, вырашыў вярнуць гэтыя землі Польшчы. Іх перадача была зацьверджаная прадстаўнікамі Славацкае нацыянальнае рады ў Трсьцене 20 траўня 1945 году.
Глядзіце таксама
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Slovensko a začátek druhé světové války (чэс.) // Plus. — 2009-09-04.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Martin Habčák. Poľsko-slovenský pohraničný konflikt pohľadom vybraných tlačených médií (1920-1938-1939) (славацк.). — Брно: MASARYKOVA UNIVERZITA V BRNĚ, 2010.
- Michal Chorvát. Historické a právne medzníky vývoja štátnej hranice na severe Kysúc, Oravy a Spiša (славацк.). — Právnická fakulta Masarykovej univerzity, 2015.
|