Крэмніцкая мынца
Тып | дзяржаўнае прадпрыемства |
---|---|
Заснаваная | 1328 |
Заснавальнікі | Карл I Робэрт |
Краіна | |
Разьмяшчэньне | Крэмніца |
Ключавыя фігуры | старшыня праўленьня Власьціміл Калінец |
Галіна | мынца |
Прадукцыя | манэты эўра |
Апэрацыйны прыбытак | €17,237 млн (2011)[2] |
Чысты прыбытак | €1,426 млн (2011)[2] |
Лік супрацоўнікаў | 201 (2011)[2] |
Матчына кампанія | Міністэрства фінансаў Славаччыны |
Дзяржа́ўнае прадпрые́мства «Крэ́мніцкая мы́нца» (па-славацку: Mincovňa Kremnica, па-вугорску: Körmöcbányai pénzverde) — дзяржаўная мынца Славаччыны, знаходзіцца ў Крэмніцы. Зьяўляецца адной з найстарэйшых дзейных прадпрыемстваў і найстарэйшай мынцай у сьвеце.
З 2008 року тут выпускаюцца славацкія эўра.
Мінуўшчына
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Разам са статусам вольнага каралеўскага шахцёрскага места ад вугорскага караля Карла I Робэрта 17 лістапада 1328 Крэмніца атрымала прывілей на працу мынцы. Першыя манэты біліся паводле ўзору мынцы ва Флярэнцыі і называліся флорыны. У 1499 у Крэмніцы аднымі зь першых пачалі біць срэбныя талеры. Прыкладна гэты часам датаваныя першыя вядомыя крэмніцкія мэдалі.
Пазьней пачалося біцьцё дукатаў. Яны былі вельмі вядомыя ў Эўропе праз сваю высокую якасьць, дакладную масу (3,49 г) і чысьціню (986‰) золата. Паводле ацэнак, за час сваёй дзейнасьці мынца выбіла 21,5 млн дукатаў[3].
Да пачатку XX стагодзьдзя абсталяваньне мынцы значна састарэла, зьявіліся нават прапановы па пераносе яе ў Будапэшт. Аднак да заканчэньня Першай сусьветнай вайны гэтага не адбылося. Пасьля таго, як чэскія войскі ўвайшлі ў Паўночную Вугоршчыну, урад Кароі загадаў перавезьці абсталяваньне і запас высакародных мэталаў у сталіцу. Вугорскі ўрад пачаў біць першыя манэты на зношаных станках і штампах у Чэпелі (цяпер раён Будапэшту).
Чэхаславацкаму ўраду давялося пачынаць мынцу спачатку, паколькі ў Крэмніцы засталіся адно пустыя будынкі. Усталяваньне новага абсталяваньня пачалося ў 1921. З таго часу Крэмніцкая мынца біла манэты для патрэбаў чэхаславацкай дзяржавы і 25 іншых краінаў. Напрыканцы Другой сусьветнай вайны нацысты ўзарвалі ўсё абсталяваньне, аднаўленьне адбывалася да лета 1946 року.
У 1955 року мынца занесеная ў сьпіс нацыянальных культурных славутасьцяў. У 1986 року вытворчасьць перанесеная ў новы будынак па-за межамі места, а ў старым будынку ў гістарычным цэнтры засталася вытворчасьць мэдалёў.
Сучаснасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]27 чэрвеня 1988 року Фэдэральнае міністэрства мэталюргіі, мэханічнай і электроннай інжынэрыі заснавала Дзяржаўнае прадпрыемства «Крэмніцкая мынца». З 31 сьнежня 1996 паўнапраўным уласьнікам зьяўляецца Міністэрства фінансаў Славаччыны[4].
Паколькі мынца была адзінай на тэрыторыі Чэхаславаччыны, пасьля падзелу Чэхаславаччыны незалежная Чэская рэспубліка заснавала ў 1990-х роках уласную мынцу. З 23 студзеня 1993 на Крэмніцкай мынцы распачатае біцьцё славацкіх манэтаў.
У цяперашні час мынца працягвае біць манэты для некалькіх краінаў сьвету[5], славацкія эўра, памятныя манэты. Выпускае таксама мэдалі, значыкі і інш.
Крыніцы і заўвагі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ https://data.gov.sk/dataset
- ^ а б в Annual report 2011 (анг.) (pdf). Mincovňa Kremnica. Праверана 19 студзеня 2013 г.
- ^ Ducat — the strongest currency in Central Europe (анг.) // Annual report 2011. — С. 9.
- ^ Foundation Deed, founder and property participation (анг.) // Annual report 2011. — С. 21.
- ^ References (анг.)
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Крэмніцкая мынца — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
- Афіцыйная бачына (славацк.) (анг.) (ням.)
- Кароткая гісторыя Крэмніцкай мынцы (славацк.)