Перайсьці да зьместу

Уладзімер Карызна (паэт)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Уладзімер Іванавіч Карызна»)
Уладзімер Карызна
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 25 траўня 1938(1938-05-25) (86 гадоў)
Дзеці Уладзімер Карызна
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці перакладнік, паэт, пісьменьнік, дзіцячы пісьменьнік, кампазытар, журналіст
Жанр дзіцячая літаратура[d]
Мова беларуская мова
Узнагароды
Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Карызна.

Уладзі́мер Іва́навіч Кары́зна (25 траўня 1938, вёска Закружка, Менскі раён Менскай вобласьці) — беларускі паэт-песеньнік, перакладчык. Адзін з аўтараў тэксту дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусі.

Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. У Другую сусьветную вайну вёску Закружку спалілі немцы, сям’я вымушаная была жыць у лесе.

Па школе паступіў на філялягічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту (скончыў у 1961[1]), падчас навучаньня наведваў заняткі для самадзейных кампазытараў пры Саюзе кампазытараў БССР[2].

Працаваў выкладчыкам беларускай і расейскай мовы і літаратуры ў Опсаўскай сярэдняй школе на Браслаўшчыне (1961—1967), адначасна ўзначальваў літаратурнае аб’яднаньне пры раённай газэце «Браслаўская звязда».

З 1967 року ў Менску. Рэдактар, старшы рэдактар, загадчык аддзелу беларускай музыкі Рэспубліканскага радыё. З 1980 — рэдактар аддзелу навукі і мастацтва часопісу «Полымя». У 1981 перайшоў у выдавецтва «Юнацтва»: старшы рэдактар, загадчык рэдакцыі літаратуры для дашкольнікаў выдавецтва (1981—2001). З 2002 року — намесьнік галоўнага рэдактара часопісу «Крыніца» (2002).

Сябра Саюзу пісьменьнікаў СССР (1970).

Першы верш напісаў у чацьвертым клясе, захапіўшыся паэзіяй Янкі Купалы, Якуба Коласа й іншых беларускіх паэтаў[3].

Друкавацца пачаў у 1956 року (газэта «Чырвоная змена»). Аўтар зборнікаў паэзіі «Край мой сінявокі» (1963), «Жураўліны досьвітак» (1969), «Сьвятло ліўня» (вершы і паэма, 1972), «Цеплыня» (паэма, вершы, песьні, 1977), «Цішыня баразны» (вершы і паэма, 1981), «Шумяць вербы…» (вершы, песьні, 1982), «Музыка ў сьвеце» (1985), «Расколіна на Звоне Свабоды» (1986), «Душы разгуканай мэлёдыя» (вершы, паэмы, песьні, 1988), «Хвіліна сьвятла» (Выбранае, 2003), «Доля Русь наша Белая» (выбранае ў сэрыі «Беларуская паэзія ХХІ стагодзьдзя», 2007), «Зарніцы дзяцінства» (Выбранае, 2014).

Аўтар кніжак вершаў для дзяцей «На сяле ў бабулі» (1975), «Кыонг і яго сябры» (1982), «Малююць дзеці» (з А. Вольскім, 1984), «Зямля — два паўшар’і» (1988), «Мір і сонейка для ўсіх» (1990), «Насьціна кніжка» (1995), «Іграй, жалейка, не змаўкай…» (1998), «На азёрах сініх» (2000), «Лепяць ластаўкі гнязьдзечкі» (2010).

Пераклаў зборнік вершаў Анзэльмаса Матуціса(d) «Мамін пірог» (1986), шматлікія вершы дзіцячых пісьменьнікаў для сэрыі «Бібліятэка дзіцячай літаратуры народаў СССР».

Аўтар музыкі і словаў больш пяцідзесяці песьняў. Набыў вядомасьць найперш як паэт-песеньнік: у 1960 року ў выкананьні Дзяржаўнага хору БССР пад кіраўніцтвам Генадзя Цітовіча ўпершыню прагучала ягоная песьня «Беларусь мая сінявокая»[3].

Больш за дзьве сотні вершаў пакладзеныя на музыку беларускімі кампазытарамі: Юрыем Семянякам, Эдуардам Зарыцкім, Яўгенам Глебавым, Зьмітром Смольскім, Ігарам Лучанком, Эдуардам Ханком, Леанідам Захлеўным, Уладзімерам Карызнам-малодшым. Песьні выконвалі Валянціна Пархоменка, Тамара Раеўская, Якаў Навуменка, гурты «Песьняры»[4], «Сябры», «Верасы», «Бяседа».

Выйшлі зборнікі песьняў «Клюбныя вечары» (1979), «Люблю цябе, Белая Русь» (1984), «Салавей сьпявае» (1990), «Гэта нашая Радзіма» (1998).

Аўтар словаў да гімна Беларусі.

Прэміі і ўзнагароды

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Жонка — Ала Іванаўна, пазнаёміліся падчас працы Ўладзімера Карызны на Браслаўшчыне[2]. Сын Уладзімер — кампазытар, сябра Беларускага саюзу кампазытараў. Унук Іван — віялянчэліст.

  1. ^ Карызна Уладзімер Іванавіч Выпускнікі. Філялягічны факультэт БДУ. Праверана 1 лютага 2021 г.
  2. ^ а б Сьвірко, Ірына (25 траўня 2018) Віншаваньні зь юбілеем прымае вядомы паэт-песеньнік Уладзімер Карызна. Советская БелоруссіяПраверана 1 лютага 2021 г.
  3. ^ а б Карызна Уладзімер. 80 гадоў з дня нараджэньня. Мазырская цэнтралізаваная бібліятэчная сыстэма (2018). Праверана 1 лютага 2021 г.
  4. ^ Каризна Владимир Иванович (рас.). «Песьняры». Праверана 1 лютага 2021 г.
  5. ^ Кур’яновіч, Аляксандар (1 студзеня 2018) Карызна супраць Карэнды і неўміручы Сакалоўскі Повязь часоў. «Новы час». Праверана 1 лютага 2021 г.
  6. ^ Карызна Ўладзімер Іванавіч Узнагароды Беларусі Праверана 1 лютага 2021 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]