Перайсьці да зьместу

Эдуард Зарыцкі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Эдуард Зарыцкі
Дата нараджэньня 9 лютага 1946
Месца нараджэньня
Дата сьмерці 6 чэрвеня 2018 (72 гады)
Месца сьмерці
Месца пахаваньня
Месца вучобы
Занятак кампазытар
Месца працы
Узнагароды
ордэн Францішка Скарыны
народны артыст Беларусі
Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Зарыцкі.

Эдуа́рд Бары́савіч Зарыцкі (9 лютага 1946, Красны Кут, Саратаўская вобласьць, РСФСР — 6 чэрвеня 2018, Менск, Беларусь) — беларускі кампазытар. Народны артыст Беларусі[1].

З 1948 року жыў у Менску. У 1964 року скончыў Менскую музычную вучэльню імя Глінкі[2], у 1970 — Беларускую дзяржаўную кансэрваторыю па клясе кампазыцыі Анатоля Багатырова.

Пісаў музыку і гуляў у беларускай зборнай КВЗ[3], зь якой стаў чэмпіёнам СССР[4]. Падчас службы пісаў музыку для вайсковага ансамблю[5].

У 1973—82 роках загадваў музычнай часткай Беларускага рэспубліканскага тэатру юнага гледача. Шмат гадоў працаваў у Нацыянальным акадэмічным канцэртным аркестры пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга. Працаваў пераважна ў галіне інструмэнтальнай музыкі (абапіраўся на клясычныя традыцыі), масавай і эстраднай песьні, тэатральнай і кінамузыкі.

Сябра Саюзу кампазытараў БССР[2] (1971)[6].

Памёр ад анкалягічнага захворваньня ў Менску 6 чэрвеня 2018 року.

Сярод твораў: сымфонія (1970), сюіта (1980), канцэрціна «Пастараль» (1977) для сымфанічнага аркестру; канцэрты для габою (1973) і валторны (1974) і камэрнага аркестра; капрычыё для фартэпіяна з камэрным аркестрам (1978), сюіта на тэмы беларускіх песень (1976); камэрна-інструмэнтальная музыка; сюіты з музыкі да спэктакляў «Дванаццатая ноч», «Сьнежная каралева», «Тэатральная сюіта».

Эдуард Зарыцкі — аўтар больш 600 песень. Напісаў музыку да больш як 30 спэктакляў і фільмаў[2]. Ён аўтар такіх вядомых песень, як «Белыя крылы», «Будзьма», «Замова», «Зорачка», «Лісток календара», «Начныя кастры», «Палыновая ростань», «Пасьпяшайся, кумок», «Пахне чабор». Ягоныя песьні выконвалі Іна Афанасьева, Віктар Вуячыч, Ірына Дарафеева, Яраслаў Еўдакімаў, Філіп Кіркораў, Надзея Мікуліч, Уладзімер Правалінскі, Мікалай Скорыкаў, Натальля Тамела.

Таксама Зарыцкі стварыў цыклі на вершы Максіма Багдановіча, Францішка Багушэвіча, Адама Міцкевіча, Ўладзімера Караткевіча, Якуба Коласа, Янкі Купалы, Міхася Чарота і Яна Чачота[7].

  1. ^ Ва ўзросце 72 гадоў пайшоў з жыцця Эдуард Зарыцкі // Беларускае тэлебачаньне, 7 чэрвеня 2018 г. Праверана 8 чэрвеня 2018 г.
  2. ^ а б в БелаПАН (6 чэрвеня 2018) Памёр кампазітар Эдуард Зарыцкі Грамадзтва. Радыё «Рацыя»Праверана 8 чэрвеня 2018 г.
  3. ^ Вядомы беларускі кампазітар Эдуард Зарыцкі адзначае юбілей // Беларускае тэлебачаньне, 9 лютага 2016 г. Праверана 8 чэрвеня 2018 г.
  4. ^ Пайшоў з жыцця народны артыст Беларусі Эдуард Зарыцкі Культура. Новы час (6 чэрвеня 2018). Праверана 8 чэрвеня 2018 г.
  5. ^ Чэмер, Мікола Эдуард Зарыцкі: «Трэба слухаць музыку, блізкую твайму сэрцу. І лепш не слухаць ніякую, чым дрэнную…» Суботні госць. Рэй. Праверана 8 чэрвеня 2018 г.
  6. ^ а б Эдуард Барысавіч Зарыцкі Композиторы. Беларускі харавы партал.
  7. ^ Сьвірко, Ірына (3 лютага 2016) Канцэрт без скрыпкі з аркестрам. Советская БелоруссияПраверана 8 чэрвеня 2018 г.
  8. ^ Пастанова Савета міністраў Рэспублікі Беларусь 22 сьнежня 2015 №1077. Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусі (25 сьнежня 2015). Праверана 8 чэрвеня 2018 г.