Перайсьці да зьместу

Трасьцянец

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Трасьцянецкі лягер сьмерці»)
Канцэнтрацыйны лягер
Трасьцянец
Мэмарыял
Мэмарыял
Краіна Беларусь
Месцазнаходжаньне Менская вобласьць
Каардынаты 53°51′4″ пн. ш. 27°42′17″ у. д. / 53.85111° пн. ш. 27.70472° у. д. / 53.85111; 27.70472Каардынаты: 53°51′4″ пн. ш. 27°42′17″ у. д. / 53.85111° пн. ш. 27.70472° у. д. / 53.85111; 27.70472
Дата заснаваньня Лістапад 1941
Дата скасаваньня 28 чэрвеня 1944 (80 гадоў таму)
Статус Гісторыка-культурная каштоўнасьць Рэспублікі Беларусь
Трасьцянец на мапе Беларусі
Трасьцянец
Трасьцянец
Трасьцянец
Трасьцянец на Вікісховішчы

Мапа нацысцкіх лягероў на тэрыторыі райхскамісарыяту «Остлянд»
Мэмарыяльны знак на месцы спальваньняў
Плян будучага мэмарыяльнага комплексу
Мэмарыяльны знак на месцы расстрэлаў
Братэрская магіла савецкіх вояў

Трасьцяне́ц (Малы́ Трасьцяне́ц) — найбуйнейшы нацысцкі лягер сьмерці на тэрыторыі Беларусі і акупаваных раёнаў СССР, створаны ў лістападзе 1941 г. ля вёскі Малы Трасьцянец Менскага раёну. Агульнай плошчай 120 гектараў, займае чацьвертае месца сярод усіх лягероў Трэцяга райху паводле колькасьці зьнішчаных людзей пасьля Асьвенцыму, Майданэку і Трэблінкі. У Трасьцянцы зьнішчалі мірных жыхароў, ваеннапалонных з СССР, а таксама грамадзянаў Польшчы, Аўстрыі, Нямеччыны, Чэхаславаччыны.

Створаны СД увосені 1941 року на тэрыторыі калгасу імя Карла Маркса пад Менскам, на месцы сталінскіх расстрэлаў. Спачатку прызначаўся для ўтрымліваньня савецкіх вайскоўцаў. Палонныя працавалі на прымусовых працаў дзеля забесьпячэньня нямецкіх вайскоўцаў прадуктамі: вырошчвалі бульбу, гародніну, нарыхтоўвалі мяса[1].

Зь лістапада 1941 року ў лягер сталі звозіць жыдоў з Эўропы. У сакавіку 1942 ягоная тэрыторыя была абгароджаная калючым дротам і пастаўленая ахова. Расстрэлы пачаліся з траўня 1942 року, калі прыбыла чарговая партыя жыдоў з Аўстрыі, Нямеччыны ды Чэхаславаччыны[1]. Аднак галоўнай задачай лягеру сьмерці стала зьнішчэньне значнай жыдоўскай грамады Менску і ваколіцаў.

Агульны кантроль над функцыянаваньнем лягеру зьдзяйсьняў обэрштурмбанфюрэр СС Эдуард Штраўх, камэндант нямецкай службы бясьпекі і паліцыі бясьпекі. Функцыі камэнданта лягеру выконвалі обэрштурмфюрэр Герхард Майвальд (травень — кастрычнік 1942) ды унтэршарфюрэр Гайнрых Айхе (кастрычнік 1942 — восень 1943).

28 чэрвеня 1944, з падыходам Чырвонай Арміі, нацысты ў межах Sonderaktion 1005 узарвалі лягер, каб зьнішчыць сьляды злачынстваў. З усяго лягеру здолелі ацалець толькі некалькі чалавек. У 1946 годзе камісія на чале зь Міхасём Лыньковым падала першаму сакратару Камуністычнай партыі Беларусі Панцеляймону Панамарэнку справаздачу аб выяўленьні забойства на месцы лягеру 504,5 тыс. чалавек[2], у тым ліку 65 тыс. жыдоў (12,9%). Пазьнейшы ўдакладнены падлік выявіў забойства ў лягеры менавіта нямецкімі акупантамі 206,5 тыс. чалавек (40,9% ад агульнага ліку забітых на тым месцы). Паводле таго пазьнейшага падліку 150 тыс. чалавек (29,7% ад агульнага ліку на 1946 г.) расстралялі ва ўрочышчы Благаўшчына да кастрычніка 1943 г., затым звыш 50 тыс. (9,9% ад падліку 1946 г.) — у яме-пячы ва ўрочышчы Шашкоўка (ля вёскі Шабаны, цяпер у межах Менску) і 6,5 тыс. (1,3% ад ліку на 1946 г.) загубілі пры канцы чэрвеня 1944 г. ў былым калгасным хляве ў в. Малы Трасьцянец[3].

Назва «Трасьцянец» аб’ядноўвае некалькі месцаў масавага зьнішчэньня людзей:

Расстрэльвалі ля загадзя падрыхтаваных доўгіх равоў, трупы закопвалі і ўтрамбоўвалі гусенічным трактарам. Увосень 1943 году, калі стаў відавочны вынік вайны, гітлераўцы пачалі работы па зьнішчэньні сьлядоў сваіх злачынстваў.

Асаблівая каманда СД, выкарыстоўваючы працу зьняволеных Менскай турмы, раскапала і спаліла ў лістападзе-сьнежні 1943 году каля 100 тыс. трупаў расстраляных ва ўрочышчы Благаўшчына. Жыхары бліжэйшых вёсак павінны былі даставіць да прызначанага месца некалькі тысячаў кубічных мэтраў дроваў.

У ліпені 1944 году Менская абласная камісія судзейнічаньня ў працы НДК па раскрыцьці злачынстваў нямецкіх захопнікаў выявіла ў Благаўшчыне 34 ямы-магілы. Некаторыя ямы дасягалі ў даўжыню 50 мэтраў. Пры частковым раскрыцьці некалькіх магіл на глыбіні 3 мэтраў былі знойдзеныя абвугленыя чалавечыя косьці і слой попелу таўшчынёй ад 0,5 да 1 мэтру.

За савецкім часам на гэтым месцы ўлады стварылі звалку бытавых адкідаў.

Баракі лягеру стаялі ўздоўж сучаснай вуліцы Сяліцкага ў Менску.

У канцы чэрвеня 1944 году, за некалькі дзён да ўваходу ў Менск Чырвонай Арміі, на тэрыторыі лягеру Трасьцянец у былым калгасным гумне было расстраляна, а затым спалена 6500 зьняволеных, прывезеных з турмы па вуліцы Валадарскага і лягеру па вуліцы Шырокай.

Агулам у Трасьцянцы гітлераўцы закатавалі, расстралялі ды спалілі звыш 206 500 грамадзянаў.

На цяперашні час у мікрараёне Менску Шабаны вядомая г.зв. Дарога сьмерці, якая часткова перацінаецца разьмешчанай паблізу ад Малога Трасьцянцу вуліцай Сяліцкага.

Восеньню 1943 году за паўкілямэтры ад вёскі Малы Трасьцянец гітлераўцы пабудавалі печ для спальваньня трупаў расстраляных людзей. Яна ўяўляла сабой выкапаную ў зямлі яму з пакатым падыходам да яе. На дне ямы былі пакладзеныя раўналежна шэсьць рэек даўжынёй 10 мэтраў, па-над рэйкамі — жалезная крата. Месца, дзе знаходзілася печ, было абнесена калючым дротам і ахоўвалася. Да печы быў зроблены спэцыяльны спуск для аўтамашын. Ахвяры дастаўляліся альбо ў крытых грузавіках, спэцыяльна абсталяваных для забойства людзей газам (газэнвагенах ці, у прастамоўі, «душагубках»), альбо на адкрытых машынах з прычэпамі.

Печ працавала штодзённа. У ёй было спалена 50 тысячаў чалавек.

Ушанаваньне памяці

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1963 року даволі далёка ад сапраўдных месцаў зьнішчэньняў і самога лягеру быў адкрыты абэліск зь вечным агнём. Дадаткова пастаўленыя два надмагільлі ў памяць загінулых у хляве ў апошнія дні акупацыі і спаленых у крэмацыйнай яме-печцы ў Шашкоўцы.

У 2002 року ва ўрочышчы Благаўшчына на месцы самых маштабных расстрэлаў быў усталяваны мэмарыяльны знак. Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь прыняў пастанову пра стварэньне мэмарыяльнага комплексу «Трасьцянец».

У ліпені 2009 Менгарвыканкам абвясьціў конкурс на стварэньне мэмарыяльнай кампазыцыі для будаўніцтва мэмарыяльнага комплексу каля мікрараёну Шабаны[4]. Мэмарыял мае паўстаць да 9 траўня 2015[5].

  1. ^ а б Maly Trostinec (анг.) Aktion Reinhard Camps Праверана 27 ліпеня 2014 г.
  2. ^ Алена Дзядзюля. Сапраўдны твар вайны яшчэ трэба намаляваць // Зьвязда : газэта. — 30 чэрвеня 2011. — № 121 (26985). — С. 5. — ISSN 1990-763x.
  3. ^ Трасьцянецкі лягер сьмерці // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 2002. — Т. 15. — С. 518. — 552 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0251-2
  4. ^ Мингорисполком объявил конкурс на создание мемориальной композиции «Тростенец» (рас.) // Naviny.by, 29 ліпеня 2009 г. Праверана 7 ліпеня 2014 г.
  5. ^ Галіна Абакунчык. (8 ліпеня 2014) Трагедыя ў Трасьцянцы: вачыма ахвяраў і катаў? Палітыка. Радыё «Свабода»Праверана 12 ліпеня 2014 г.
  • Shmuel Spector. Aktion 1005 — Effacing the murder of millions // Holocaust Genocide Studies. — Oxford: 1990. — Т. 5. — С. 157—173. — DOI:10.1093/hgs/5.2.157
  • Paul Kohl, Wolfram Wette. Der Krieg der deutschen Wehrmacht und der Polizei, 1941-1944: Sowjetische Überlebende berichten (ням.). — 5. — Frankfurt am Main: Fischer-Taschenbuch-Verlag, 1995. — ISBN 978-3596123063
  • Christian Gerlach. Kalkulierte Morde: Die deutsche Wirtschafts- und Vernichtungspolitik in Weißrussland 1941 bis 1944 (ням.). — Hamburg: Hamburger Edition, 1999. — 1234 с. — ISBN 978-3930908639
  • Leonid Smilovitsky. Ilya Ehrenburg on the Holocaust in Byelorussia: Unknown Testimony  (анг.) // East European Jewish Affairs. — 1999. — Т. 29. — № 1-2. — С. 61—74.
  • Холокост в Беларуси. Документы и материалы (рас.) / сост., в соавт. с Г. Кнатько и В. Селеменовым. — Мн.: НАРБ, 2002. — 276 с. — 1000 ас. — ISBN 9856372240
  • Лагерь смерти Тростенец. Документы и материалы (рас.) / Сост. В.И. Адамушко, Г.Д.Кнатько, Н.Е. Колесник, В.Д. Селеменев, Н.А. Яцкевич. — Мн.: НАРБ, 2003. — 292 с. — 1000 ас. — ISBN 985-6372-30-5
  • К.І. Козак. Генацыд у Другой сусветнай вайне: праблемы даследавання (у памяць ахвяр Трасцянца): Матэрыялы Міжнар. навук. канф., 25-27 крас. 2002 г., Мінск / Адк. рэд. К.І. Козак, А.М. Літвін, У.Н. Сідарцоў. — Мн.: Выд. цэнтр БДУ, 2003. — 279 с. — 100 ас. — ISBN 985-476-067-7
  • Тростенец = Trostenez / Белорус. гос. арх. кинофотофонодокументов и др.; [Сост.: С.В. Жумарь, Р.А. Черноглазова]. — Мн.: Полиграфоформление, 2003. — 103 с. — 500 ас. — ISBN 985-6351-19-7
  • И. Кузнецов. В поисках правды, или Трагедия Тростенца: до и после // Белорусская деловая газета. — Мн.: 2 красавіка 2004. — № 1416. — С. 12-13.
  • Э.Р. Іофе. Лагер смерці Трасцянец 1941—1944 гг.: памяці ахвяр нацызма ў Беларусі. — Гістарычная майстэрня, 2005. — 315 с.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр  713Д000283