Перайсьці да зьместу

Народны банк Сэрбіі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Сэрбскі народны банк»)
Народны банк Сэрбіі
сэрб. Народна банка Србије

Эмблема
Абрэвіятура НБС
Дата ўтварэньня 14 ліпеня 1884 (140 гадоў таму)
Тып банк
Юрыдычны статус дзяржаўная ўстанова
Мэта цэнавая ўстойлівасьць
Штаб-кватэра грамада Саўскі вянец, вул. караля Пятра, д. 12[1]
Месцазнаходжаньне Бялград
Каардынаты Каардынаты: 44°49′6″ пн. ш. 20°27′13″ у. д. / 44.81833° пн. ш. 20.45361° у. д. / 44.81833; 20.45361
Дзейнічае ў рэгіёнах Сэрбія
Сяброўства МВФ (ЗША), Банк міжнародных разьлікаў (Швайцарыя)[2]
Афіцыйныя мовы сэрбская
Генэральны сакратар Гойка Бяланавіч
Кіраўніца Ёргаванка Табаковіч
Намесьнікі Жэлька Ёвіч, Ганна Іўкавіч, Драгана Станіч[3]
Старшыня Рады кіраўніцы Нябойша Савіч
Сябры Рады кіраўніцы Стаян Стаменкавіч, Міладзін Кавачэвіч, Нікола Марціновіч, Іван Ніколіч[4]
Кіроўны орган Выканаўчая ўправа
Матчына кампанія Народны сход Сэрбіі
Бюджэт 34,165 млрд дынараў (356,078 млн $)
Колькасьць супрацоўнікаў 2372 (2021 год)[5]
Сайт nbs.rs
Колішняя назва Народны банк Каралеўства сэрбаў, харватаў і славенцаў (1920—1929), Народны банк Югаславіі (1929—1941, 1946—2003), Сэрбскі народны банк (1941—1946)

Народны банк Сэрбіі — галоўны банк Сэрбіі, заснаваны ў ліпені 1884 году.

Паводле 17-га артыкула Статуту 2013 году, меў «Завод банкнотаў і манэтаў» у бялградзкім парку Топчыдэр. Згодна з 18-м артыкулам налічваў 4 аддзяленьні ў «Новым Садзе, Нішы, Крагуеўцы і Вужыцы»[6]. Выступаў апэратарам агульнакраёвых аплатных сыстэмаў[7].

Паводле 4-га артыкула Закону «Аб Народным банку Сэрбіі» 2003 году, НБС меў паўнамоцтвы:

  1. зацьвярджаць і праводзіць манэтарную і валютную палітыку;
  2. кіраваце валютнымі запасамі;
  3. зацьвярджаць і праводзіць дзейнасьць і захады па захаваньні і ўмацаваньні ўстойлівасьці фінансавага ладу;
  4. выпускаць банкноты і манэты ды кіруе патокамі гатоўкі;
  5. рэгуляваць, кантраляваць і паляпшаць бесьперабойнасьць аплатных апэрацыяў;
  6. выдаваць і адклікаць дазволы на банкаўскую дзейнасьць, наглядаць за платаздольнасьцю і законнасьцю справаводзтва банкаў;
  7. выдаваць і адклікаць дазволы на страхавую дзейнасьць, лізінг, кіраваньне добраахвотнымі пэнсійнымі фондамі, паслугі аплаты і выпуск электронных грошай;
  8. бараніць правы і зацікаўленасьці карыстальнікаў банкаўскіх і страхавых паслугаў, лізінгу і добраахвотных пэнсійных фондаў, паслугаў аплаты і электронных грошай;
  9. зацьвярджаць умовы і захады правядзеньня рэструктурызацыі банка;
  10. выдаваць і адклікаць дазвол на дзейнасьць аплатных сыстэмаў і валютны абмен[8].
  • Выканаўчая ўправа. Правамоцная пры ўдзеле большасьці сябраў. Ухваляў пастановы большасьцю галасоў усіх сябраў. Складалася з кіраўніцы і яе намесьнікаў, абраных на 6 гадоў. Народны сход Сэрбіі абіраў кіраўніка на прапанову прэзыдэнта Сэрбіі, а яго намесьнікаў — на прапанову кіраўніка. Вызначаў уліковую стаўку сэрбскага дынара. Выпускаў аблігацыі і выдаваў пазыкі. Выдаваў і адклікаў дазвол на дзейнасьць банкаў і страхаўнікоў, лізінг і кіраваньне прыватным пэнсійным фондам. Зацьвярджаў пастановы аб неплатаздольнасьці і рэструктурызацыі банкаў.
  • Рада кіраўніка. Складалася зь 5 сябраў на 5 гадоў Народным сходам Сэрбіі на прапанову Ўправы фінансаў Народнага сходу. Прызначаў вонкавага рэвізора і разглядаў яго справаздачу. Зацьвярджаў гадавую справаздачу і двойчы за год падае справаздачу ў Народны сход Сэрбіі. Ухваляў Статут НБС і сяброўства ў міжнародных арганізацыях[8].
Будынак Народнага банку Сэрбіі на вуліцы караля Пятра (2018 год)

На 2022 год Народны банк Сэрбіі меў у сваім складзе:

  • 10 аддзелаў — 1) абароны карыстальнікаў фінансавых паслугаў, 2) аплатных сыстэмаў, 3) валютных справаў і пазыковых зносінаў з замежжам, 4) гаспадарчых дасьледаваньняў і статыстыкі, 5) кантролю банкаўскай дзейнасьці, 6) манэтарных і валютных апэрацыяў, 7) нагляду за ажыцьцяўленьнем страхавой дзейнасьці, 8) прымусовай выплаты, 9) справаў з гатоўкай, 10) фінансавай устойлівасьці;
  • 5 асяродкаў — 1) адмысловага кантролю за адмываньнем грошай, 2) кантролю, 3) нагляду за інфармацыйнымі сыстэмамі, 4) рэструктураваньня банкаў, 5) супрацы з айчыннымі і міжнароднымі ўстановамі і фінансавымі арганізацыямі;
  • 6 кіраўніцтваў — 1) агульных справаў, 2) заканадаўча-прававых справаў, 3) інфармацыйна-камунікацыйных тэхналёгіяў, 4) людзкіх рэсурсаў і арганізацыйных пытаньняў, 5) закупак, 6) рахункаводзтва і фінансаў;
  • 4 аддзяленьні ў Вужыцы, Крагуеўцы, Нішы і Новым Садзе;
  • унутраную рэвізію і «Завод банкнотаў і манэтаў» у Топчыдэры[9].
Панарама Народнага банку Сэрбіі (2012 год)

На 31 сьнежня 2020 году сродкі і пасівы Народнага банку Сэрбіі былі роўныя 1,856 трлн сэрбскіх дынараў (19,4 млрд даляраў ЗША). Сродкі, зь якіх 85,5 % прыпадала на золатавалютны запас, пераважна ўлучалі: 1) каштоўныя паперы — 49 % (920,174 млрд дынараў), 2) гатоўку і разьліковыя банкаўскі рахункі — 21 % (394,424 млрд дынараў), 3) золата і іншыя каштоўныя мэталы — 11 % (208,078 млрд дынараў), 4) уклады — 10 % (199,312 млрд дынараў), 5) спэцыяльныя правы запазычваньня ў Міжнароднага валютнага фонду (ЗША) — 5 % (91,475 млрд дынараў). Пасівы падзяляліся на абавязкі, якія складалі 82 % (1,515 трлн дынараў), і сукупны капітал, які складаў 18 % (340,043 млрд дынараў). Абавязкамі ў асноўным былі: 1) уклады банкаў і абавязкі перад імі — 40 % (748,773 млрд дынараў), 2) уклады ўраду і іншых асобаў ды іншыя абавязкі перад імі — 21 % (404,601 млрд дынараў), 3) гатоўка ў абарачэньні — 14 % (266,698 млрд дынараў)[5].

3-і і 5-ы кіраўнік НБС Джорджэ Вайфэрт

18 студзеня 1883 году быў ухвалены Закон «Аб Народным банку Сэрбіі» (НБС). 29 жніўня 1883 году зацьвердзілі Статут НБС. 20 сакавіка 1884 году сэрбскі кароль Мілан Абрэнавіч падпісаў Указ аб прызначэньні 1-м кіраўніком НБС Алекса Спасіча. 13 красавіка 1884 году Народны банк Сэрбіі заключыў з братамі Куманудзі(sr) ўгоду аб арэндзе ў Бялградзе будынка на рагу вуліцы князя Міхайлы(sr) і Дубровацкай вуліцы. 14 ліпеня 1884 году НБС адчыніў касы і распачаў дзейнасьць. 26 сакавіка 1890 году НБС перамясьцілі ў будынак па Дубровацкай вуліцы. 13 студзеня 1909 году аплачаны капітал НБС склаў 7,5 млн сэрбскіх дынараў золатам. У сьнежні 1913 году Народны банк Сэрбіі адчыніў аддзяленьні ў Бітале і Скоп’і. 28 сьнежня 1915 году НБС накіраваў сваю маёмасьць у Марсэльскі порт (Францыя). У сьнежні 1918 году кіраўнік НБС Джорджэ Вайфэрт правёў 1-е паседжаньне Ўправы пасьля вяртаньня ў Бялград з Марсэлю. 26 студзеня 1920 году ўхвалілі Закон «Аб Народным банку Каралеўства сэрбаў, харватаў і славенцаў». 24 студзеня 1925 году зацьвердзілі Пастанову «Аб спагнаньні выплатаў і збораў»[10]. У 1928 годзе ў Аддзяленьні гаспадарчых дасьледаваньняў Народнага банку стварылі бібліятэку. Пазьней яго кнігазбор папоўнілі выданьнямі са збораў Міністэрства фінансаў Югаславіі і Дзяржаўным інвэстыцыйным банку Югаславіі. У бібліятэцы зьмясьцілі сэрбскія газэты 1871—1918 гадоў і «Народныя навіны» 1919—1941 гадоў[11]. 26 студзеня 1930 году адчынілі Завод банкнотаў у бялградзкім парку Топчыдэр. 29 траўня 1941 году нямецкія акупацыйныя ўлады зацьвердзілі Пастанову аб закрыцьці Народнага банку Каралеўства Югаславія, замест якога 1 чэрвеня пачаў дзейнічаць Сэрбскі народны банк[10].

Унутры будынку НБС па вуліцы караля Пятра (2014 год)

15 студзеня 1946 году ўхвалілі Закон «Аб зьмяненьні Закону аб Народным банку Каралеўства Югаславія», які перайменавалі ў Народны банк Фэдэратыўнай Народнай Рэспублікі Югаславія. 1 сакавіка 1961 году зацьвердзілі Закон «Аб крэдытных і іншых банкаўскіх справах». У красавіку 1963 году банк перайменавалі ў Народны банк Югаславіі. 12 траўня 1972 году ўхвалілі Закон «Аб Народным банку Югаславіі», паводле якога стварылі галоўныя банкі рэспублік і краёў Югаславіі. 25 чэрвеня 1993 году ўхвалілі новы Закон аб Народным банку Югаславіі, які працягнуў дзейнічаць у рамках Саюзнай Рэспублікі Югаславія. 24 студзеня 1994 году кіраўнік Народнага банку Драгаслаў Аўрамавіч зацьвердзіў Праграму спыненьня гіпэрінфляцыі югаслаўскага дынара. 15 траўня 2002 году Міжнародны валютны фонд (ЗША) прызнаў канвэртаванасьць югаслаўскага дынара ў міжнародным гандлі. 4 лютага 2003 году банк перайменавалі ў Народны банк Сэрбіі. 18 ліпеня 2003 году ўхвалілі Закон «Аб Народным банку Сэрбіі», паводле якога ўтварылі Манэтарную ўправу і Раду[10].

Алекса Спасіч — 1-ы кіраўнік Народнага банку Сэрбіі
Радаван Ялашыч — кіраўнік Народнага банку ў 2004—2010 гадох
  1. Алекса Спасіч (сакавік—кастрычнік 1884)
  2. Філіп Хрысьціч (1885—1890)
  3. Джорджэ Вайфэрт (1890—1902)
  4. Ціхаміль Маркавіч (1902—1912)
  5. Джорджэ Вайфэрт (1912—1926)
  6. Любамір Срэчкавіч (сакавік—чэрвень 1928)
  7. Ігнат Байлоні (1928—1934)
  8. Мелка Чынгрыя (красавік 1934 — люты 1935)
  9. Мілан Радаслаўлевіч (1935—1939)
  10. Драгуцін Проціч (1939—1940)
  11. Танасій Здраўкавіч (28 верасьня 1945 — 30 красавіка 1946)
  12. Обрэн Благоевіч (1 траўня 1946 — 31 сьнежня 1948)
  13. Мар’ян Дэрмастыя (1 студзеня 1949 — 25 кастрычніка 1951)
  14. Сергій Крайгер (26 кастрычніка 1951 — 30 чэрвеня 1953)
  15. Воін Гузіна (1 ліпеня 1953 — 20 чэрвеня 1958)
  16. Янка Смоле (21 чэрвеня 1958 — 15 чэрвеня 1962)
  17. Нікола Міляніч (16 чэрвеня 1962 — 31 траўня 1969)
  18. Іва Перышын (1 верасьня 1969 — 31 ліпеня 1971)
  19. Браніслаў Чаланавіч (1 сакавіка 1972 — 2 чэрвеня 1977)
  20. Ксентэ Багоеў (3 чэрвеня 1977 — 25 сьнежня 1981)
  21. Радаван Макіч (26 сьнежня 1981 — 31 траўня 1986)
  22. Душан Улаткавіч (1 чэрвеня 1986 — 14 ліпеня 1992)
  23. Вук Агнянавіч (15 ліпеня 1992 — 15 ліпеня 1993)
  24. Барысаў Атанацкавіч (16 ліпеня — 20 кастрычніка 1993)
  25. Драгаслаў Аўрамавіч (2 сакавіка 1994 — 15 траўня 1996)
  26. Душан Улаткавіч (26 чэрвеня 1997 — 27 лістапада 2000)
  27. Младжан Дзінкіч (28 лістапада 2000 — 22 ліпеня 2003)
  28. Коры Ўдавічкі (23 ліпеня 2003 — 25 лютага 2004)
  29. Радаван Ялашыч (25 лютага 2004 — 28 ліпеня 2010)
  30. Даян Шошкіч (29 ліпеня 2010 — 6 жніўня 2012)[12]
  1. ^ Сувязныя зьвесткі паводле арганізацыйнай будовы (сэрб.) // Народы банк Сэрбіі, 2022 г. Праверана 22 красавіка 2022 г.
  2. ^ Міжнародная супраца (сэрб.) // Народы банк Сэрбіі, 2022 г. Праверана 23 красавіка 2022 г.
  3. ^ Кіраўніцтва (сэрб.) // Народы банк Сэрбіі, 2022 г. Праверана 22 красавіка 2022 г.
  4. ^ Рада кіраўніка (сэрб.) // Народы банк Сэрбіі, 2022 г. Праверана 22 красавіка 2022 г.
  5. ^ а б Ёргаванка Табаковіч. V.1. Фінансавае становішча і вынік // Гадавая справаздача аб дзейнасьці і выніках дзейнасьці Народнага банку Сэрбіі = ГОДИШЊИ извештај о пословању и резултатима рада / Народна банка Србије. — Бялград: Народны банк Сэрбіі, 2021. — С. 171—172. — 210 с. — 100 ас.
  6. ^ Статут Народнага банку Сэрбіі (сэрб.) // Народы банк Сэрбіі, 2022 г. Праверана 23 красавіка 2022 г.
  7. ^ Апэратар аплатных сыстэмаў (сэрб.) // Народы банк Сэрбіі, 2022 г. Праверана 23 красавіка 2022 г.
  8. ^ а б Закон «Аб Народным банку Сэрбіі» (сэрб.) // Народы банк Сэрбіі, 2022 г. Праверана 23 красавіка 2022 г.
  9. ^ Арганізацыйная схема (сэрб.) // Народы банк Сэрбіі, 2022 г. Праверана 23 красавіка 2022 г.
  10. ^ а б в Гісторыя (сэрб.) // Народны банк Сэрбіі, 2022 г. Праверана 21 красавіка 2022 г.
  11. ^ Бібліятэка (сэрб.) // Народы банк Сэрбіі, 2022 г. Праверана 23 красавіка 2022 г.
  12. ^ Гісторыя (сэрб.) // Народны банк Сэрбіі, 2022 г. Праверана 21 красавіка 2022 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]