Бонда
Бонда | |
Гады | 1980—1989 |
---|---|
Месца ўтварэньня | Менск, Беларусь |
Жанр | рок |
Зьвязаныя праекты | Крама, ULIS |
Удзельнікі | Ігар Варашкевіч Слава Корань Іван Маркаў Сяргей Кныш Сяргей Краўчанка |
Былыя ўдзельнікі | Вячаслаў Сьцяпанаў Сяргей Дарожка Сяргей Брыкса Сяргей Зелянкевіч Георгі Воўчак Андрэй Хмяльніцкі Віктар Смольскі Віктар Шот Сяргей Антонаў Аркадзь Юшын |
«Бонда» — адзін зь першых беларускіх рок-гуртоў, які праіснаваў з 1980 па 1989 год. Пасьля распаду даў пачатак такім гуртам, як «Крама», «Рокіс», ULIS і The Little Blues Band.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Гурт быў заснаваны ў 1980 годзе студэнтамі Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытуту Іванам Маркавым, Сяргеем Кнышам, а таксама студэнтам Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі Вячаславам Сьцяпанавым (першапачатковы вакаліст).
Гурт пачаў пісаць песьні на вершы расейскіх паэтаў і першапачаткова меў назву «Студыя 7». Увосень да гурту далучаецца бас-гітарыст Сяргей Дарожка, а праз год зьяўляецца Ігар Варашкевіч, які стаў другім вакалістам і граў на губным гармоніку. Прыблізна ў той жа час у якасьці сьветарэжысэра да гурта далучаецца Валер Цініцкі, а гукарэжысэра — Клаўс (Aляксандар Беразяк). У 1982 годзе да музыкаў у якасьці другога гітарыста далучаецца Слава Корань, які раней граў у гурце «Ліфт». У канцы 1983 году гурт стварае сваю першую песьню на беларускай мове — «Соль жыцьця». Праз год у складзе адбываюцца зьмены: з гурту сыходзяць Сьцяпанаў і Дарожка, а на месца басіста прыходзіць Сяргей Краўчанка. Ігар Варашкевіч робіцца асноўным вакалістам. З гэтага кроку пачынаецца гісторыя гурта «Бонда».
У 1986 годзе на самаробнай студыі ў Менску «Бонда» запісвае першы альбом пад назвай «Месца пад сонцам» (але афіцыйна альбом выйшаў на касэтах толькі ў 1996 годзе). У 1988 годзе гурт здымае першы ў Беларусі відэакліп: «Ура!», у 1989 — «На станцыі Койданава» рэжысэра Генадзя Шувагіна на словы паэта Адама Глёбуса.
У сярэдзіне 1988 году Бонду пакідаюць Слава Корань разам зь Сяргеем Краўчанкам і ствараюць гурт ULIS (а пазьней да іх далучаецца і Сяргей Кныш), і ў 1989 годзе гурт распадаецца. Ігар Варашкевіч пачынае сьпяваць у гурце «Рокіс», які пазьней стаў называцца «Крама». Іван Маркаў у 1991 годзе стварае гурт The Little Blues Band.
У 1999 выходзіць складанка «Бонда» на двух дысках з амаль усімі песьнямі гурту.
Удзельнікі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Ігар Варашкевіч — сьпеў, губны гармонік, акустычная гітара
- Слава Корань — гітара
- Іван Маркаў — гітара
- Сяргей Кныш — ударная ўстаноўка (з 1983)
- Сяргей Краўчанка — бас-гітара (з 1984)
- Валер Цініцкі — сьветарэжысэр
- Клаўс (Aляксандар Беразяк) — гукарэжысэр (1982—1989)
Былыя ўдзельнікі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Вячаслаў Сьцяпанаў — вакал, фартэпіяна (да 1984)
- Сяргей Дарожка — бас-гітара (да 1984)
- Сяргей Брыкса — бубны (1986)
- Сяргей Зелянкевіч — бубны (1986—1988)
- Георгі Воўчак — акардэон (1987—1988)
- Андрэй Хмяльніцкі — гітара (1988—1989)
- Віктар Смольскі — гітара (1989)
- Віктар Шот — бас-гітара (1989)
- Сяргей Антонаў — гітара (1989)
- Аркадзь Юшын — гітара (1989)
Дыскаграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Альбомы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Месца пад сонцам (1996, MC)
- Бонда (2CD, 1999)
Удзел у складанках
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Генералы айчыннага року (2004) — «Прыйдзе іх дзень»
- Чарнобыльскі вецер (2006) — «Радыёактыўны блюз»
Кліпы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- «Ура» (1988)
- «На станцыі Койданава» (1989)
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Д. П. «БОНДА» // Энцыклапедыя беларускай папулярнай музыкі / уклад. Дз. Падбярэзскі і інш. — Мінск: Зміцер Колас, 2008. — С. 40–41. — 368 с. — 2000 ас. — ISBN 978-985-6783-42-8