Перайсьці да зьместу

Гародня (фартыфікацыя)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Верхні і Ніжні замкі ў Слуцку ў XVIII ст. На Верхнім замку зьлева — старая драўляная сьцяна з гародняў

Гародня (гарадня) — прастакутны драўляны зруб зь бярвён ці брусоў, частка сьцяны драўлянага абарончага збудаваньня (грода, замка і інш.).

Гародні ставіліся ў шэраг тарцамі адзін да аднае, утвараючы такім чынам сьцяну. Да прыкладу сьцяна Аршанскага замка ў 1560 годзе складалася са 101 гародні, а ў невялікім Глускім замку ў 1571 годзе было 35 гародняў і 3 вежы. Наверсе сьцяны з гародняў звычайна клаўся насьціл і месьцілася баявая галерэя, якая магла мець дах, або адкрытую баявую галерэю з шэрагам зубцоў.

У даўжыню гародня звычайна мела 3 сажані ці прыкладна 5,84[1] або 5,34[2] мэтры. Ніжняя частка гародні, або яе ніжні зруб называўся ізьбіца. Апошняя ў час вайсковай небясьпекі магла выкарыстоўвацца пад жытло насельніцтвам, якое зьбягалася ва ўмацаваньне. Для ўзмацненьня сьценаў гародні маглі рабіць у дзьве ці тры сьцяны, а ўнутраную прастору засыпаць зямлёй, друзам ці каменьнем. У ізьбіцах маглі ўладкоўвацца вагнявыя пазыцыі для гарматаў для чаго ў пярэдняй сьцяне прабіваліся байніцы.

Верхні паверх гародняў, як правіла, крыху высоўваўся наперад ўтвараючы т. зв. абламы, ці байніцы для абстрэлу падножжа сьцяны. Звонку драўляныя сьцены гародняў маглі абмазвацца глінай з мэтай абароны ад запальваньня ворагам. Вядома, што падобным чынам апрацоўваліся сьцены замкаў у Магілёве і Віцебску.

Для тэрыторыі Беларусі гародні былі характэрны ў XV—XVI стагодзьдзях, а ў XVII стагодзьдзі часткова саступілі месца больш прагрэсіўным канструкцыям — тарасам.

  1. ^ Ткачев, М. Замки Белоруссии. Мн., 1987. - С.107.
  2. ^ Тарасаў, С.В. Полацк ІХ-XVII стст.: Гісторыя і тапаграфія. Мн., 2001. ISBN 985-08-0453-X — С. 44.
  • Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Менск: Беларус. энцыкл., 1993. — 620 с.: іл. ISBN 5-85700-078-5.