Перайсьці да зьместу

Рада бясьпекі Рэспублікі Беларусь

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Савет бясьпекі РБ»)
Рада бясьпекі Рэспублікі Беларусь
наркам. Савет бяспекі Рэспублікі Беларусь
Абрэвіятура РБ РБ
Дата ўтварэньня 15 лістапада 1991 (33 гады таму)
Тып выканаўчая
Юрыдычны статус дзяржаўная ўстанова
Месцазнаходжаньне Менск
Дзейнічае ў рэгіёнах Беларусь
Сяброўства 20 чалавек
Афіцыйныя мовы беларуская, расейская
Дзяржаўны сакратар Аляксандар Вальфовіч

Ра́да бясьпе́кі Рэспу́блікі Белару́сь[1] — міжведамасная нарада Беларусі, упаўнаважаная распрацоўваць узгодненыя захады падтрыманьня бясьпекі дзяржавы. Разглядае ўнутраныя і зьнешнія справы дзяржавы датычна зацікаўленасьцяў бясьпекі і абароны. Ухваляе пастановы аб бясьпецы дзяржавы і грамадзянаў.

Узначальваецца і ўтвараецца прэзыдэнтам, які падпісвае яе пастановы. У яе склад уваходзяць 20 асобаў: прэзыдэнт, прэм’ер, старшыні Палаты прадстаўнікоў і Савету рэспублікі, старшыня Вярхоўнага суду, кіраўнік Адміністрацыі прэзыдэнта, дзяржаўны сакратар, генэральны пракурор, старшыня Нацыянальнага банку, старшыні Камітэтаў дзяржаўнай бясьпекі і дзяржаўнага кантролю, міністры абароны, замежных і ўнутраных справаў, па надзвычайных сытуацыях, старшыні сьледчага, дзяржаўных ваенна-прамысловага і памежнага камітэтаў, начальнік Генэральнага штабу Ўзброеных сілаў і старэйшы сын прэзыдэнта Віктар Лукашэнка ў якасьці памочніка па нацыянальнай бясьпецы. Дзейнасьць забясьпечвае сакратарыят[2].

Пры Радзе бясьпекі Беларусі дзейнічаюць камісіі па: 1) абароне дзяржаўных таямніцаў; 2) вайскова-тэхнічнай супрацы; 3) радыёчастасьцях.

Паводле Закону аб абароне, Рада бясьпекі Беларусі мае паўнамоцтвы на:

  • унясеньне прапановаў прэзыдэнту аб напрамках кіраваньня войскам і разьвіцьці Ўзброеных сілаў, зьменах ваеннай дактрыны;
  • забесьпячэньне ўстойлівага дзеяньня войска;
  • унясеньне на зацьвярджэньне прэзыдэнту будовы і ліку Ўзброеных сілаў;
  • прапанову прэзыдэнту аб увядзеньні, падаўжэньні і скасаваньні ваеннага і надзвычайнага становішчаў;
  • узгадненьне пераводу гаспадаркі на працу ва ўмовах ваеннага часу;
  • заслухоўваньне справаздачаў кіраўнікоў ведамстваў аб абароне;
  • вызначэньне напрамкаў міжнароднай вайсковай дзейнасьці і задачаў па разьвіцьці хаўрусьніцкіх дачыненьняў зь іншымі дзяржавамі[3].

15 лістапада 1991 г. Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь (ВС) ухваліў Пастанову № 1249, якой утварыў Раду бясьпекі ў складзе 14 асобаў: старшыня ВС, яго першы намесьнік і старшыня Камісіі ВС па нацыянальнай бясьпецы, старшыня ўраду, генэральны пракурор, старшыня КДБ, міністры абароны, замежных і ўнутраных справаў, сувязі і транспарту, начальнікі Беларускай чыгункі і ўправы цывільнай авіяцыі, загаднік войскаў Беларускай вайсковай акругі. Старшыня ВС займаў пасаду старшыні Рады бясьпекі і прызначаў сабе памочніка ў якасьці кіраўніка апарату Рады бясьпекі, які налічваў 4 супрацоўнікі. Паседжаньні склікаліся двойчы на год[4]. У 1992—1994 гг. СБ узначальваў Станіслаў Шушкевіч, затым Мечыслаў Грыб. Паводле прынятай у 1994 г. Канстытуцыі СБ ачоліў прэзыдэнт[5]. 5 жніўня 1994 г. А.Лукашэнка ўвёў Указам № 24 у склад Рады бясьпекі Беларусі кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта і дзяржаўнага сакратара Рады бясьпекі замест старшыні ВС і старшыні камісіі ВС па нацыянальнай бясьпецы. Паседжаньні сталі праводзіцца кожныя 3 месяцы[6]. У 1997 г. апарат СБ, на чале якога стаяў прызначаны прэзыдэнтам дзярж. сакратар, пераназвалі ў сакратарыят.

9 траўня 2021 году А. Лукашэнка падпісаў Дэкрэт № 2 «Аб абароне сувэрэнітэту і канстытуцыйнага ладу», паводле якога ў выпадку сьмерці прэзыдэнта Беларусі ў выніку замаху, тэрарызму і зьнешнай агрэсіі ўсе дзяржаўныя органы і службовыя асобы дзейнічаюць у адпаведнасьці з рашэньнямі Рады бясьпекі Беларусі. На яго паседжаньнях старшынюе прэм'ер-міністар Беларусі. Пры гэтым безадкладна ўводзіцца надзвычайнае або ваеннае становішча. Таксама Рада бясьпекі з удзелам старшыняў абласных выканкамаў прымае рашэньне аб правядзеньні выбараў[7].

Дзяржаўныя сакратары

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  1. ^ Лукашэнка ўзмацняе ролю Рады бясьпекі // Партал «Наша ніва», 5 чэрвеня 2021 г. Праверана 13 чэрвеня 2021 г.
  2. ^ Анатоль Тозік. Савет бясьпекі Рэспублікі Беларусь // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 2002. — Т. 14. — С. 52. — 512 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0238-5
  3. ^ Станіслаў Шушкевіч. Закон Рэспублікі Беларусь ад 3 лістапада 1992 г. аб абароне (рас.) // Нацыянальны цэнтар прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь, 22 сьнежня 2011 г. Праверана 13 красавіка 2014 г.
  4. ^ Станіслаў Шушкевіч. Пастанова Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь ад 15 лістапада 1991 г. № 1249 (рас.) // Валер Леванеўскі, 5 лютага 2009 г. Праверана 13 красавіка 2014 г.
  5. ^ Мечыслаў Грыб. Канстытуцыя 1994 году // НЦПІ Беларусі Праверана 13 красавіка 2014 г.
  6. ^ А.Лукашэнка. Указ прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь ад 5 жніўня 1994 г. № 24 (рас.) // Беларускі прававы партал, кастрычнік 2009 г. Праверана 13 красавіка 2014 г.
  7. ^ Лукашэнка падпісаў дэкрэт аб абароне суверэнітэту і канстытуцыйнага ладу // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 9 траўня 2021 г. Праверана 12 чэрвеня 2021 г.
  8. ^ Лукашэнка - новаму дзяржсакратару Савета бяспекі: часы няпростыя, хістаць і разгойдваць нас будуць // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 26 студзеня 2021 г. Праверана 26 студзеня 2021 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]