Расейская народная добраахвотніцкая армія
Расейская народная добраахвотніцкая армія | |
Русская народная добровольческая армия | |
Гады існаваньня | лістапад 1920 — 1921 |
---|---|
Уваходзіць у | Войска БНР |
Уключае ў сябе |
1-я пяхотная дывізія сьмерці 2-я пяхотная дывізія 3-я пяхотная Волжская дывізія Кавалерыйская дывізія Сялянская брыгада і іншыя |
Функцыі | змаганьне з бальшавікамі, вызваленьне Беларусі |
Колькасьць | 20 тысячаў |
Дысьлякацыя | Палесьсе |
Войны | Палескі паход |
Вядомыя камандзіры |
Станіслаў Булак-Балаховіч Язэп Булак-Балаховіч |
Расе́йская наро́дная до́браахво́тніцкая а́рмія[1] (па-расейску: Русская народная добровольческая армия) — армія Станіслава Булак-Балаховіча, створаная напярэдадні Палескага паходу. Па заняцьці Мазыру армія стала называцца Саю́знай наро́днай до́браахво́тніцкай а́рміяй[1].
Перадумовы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]2 кастрычніка 1920 году ў Рызе было падпісанае савецка-польскае замірэньне і папярэднія ўмовы міру, якімі тэрыторыя Беларусі падзялялася на дзьве часткі: Заходняя Беларусь і маленькая БССР з шасьці паветаў былой Менскай губэрні.
Станіслаў Булак-Балаховіч цьвёрда стаяў за далейшую барацьбу з бальшавізмам. Пры падтрымцы начальніка Польскай дзяржавы Ю. Пілсудзкага старшыня Расейскага палітычнага камітэту ў Польшчы Барыс Савінкаў яшчэ 27 ліпеня заключыў з Булак-Балаховічам пагадненьне аб сумесным наступе расейскіх (сфармаваных збольшага з ваеннапалонных) і беларускіх вайсковых часьцей у глыбіню Беларусі і Расеі, каб падняць масавае сялянскае паўстаньне супраць бальшавікоў. Камандоўцам прызначаўся Булак-Балаховіч. 12 кастрычніка 1920 году ён заключыў пагадненьне з Паўлам Алексюком зь Беларускага палітычнага камітэту ў Варшаве (які займаў прапольскія пазыцыі), што цывільная ўлада ў Беларусі будзе перададзеная Алексюку і ягонаму камітэту.
Станіслаў Булак-Балаховіч выйшаў у паход з наступнай праграмай (была апублікаваная ў «Свабодзе» 17 кастрычніка 1920 г., № 79, стар. 1.):[2]
1) Змаганьне з бальшавізмам;
2) Ззмаганьне разам зь іншымі народамі не за аднаўленьне ранейшай Расеі, а за прызнаньне тых дзяржаваў, якія ўжо ўзьніклі. Ваенная кааліцыя супраць бальшавікоў;
3) Змаганьне «супраць паняцьця» Савецкая Расея», якое зьяўляецца гняздом самадзяржаўя, суполкай захопнікаў. Змаганьне «ня супраць Чырвонай Арміі, якая складаецца з гвалтоўна змабілізаванага народу, а супраць тых, хто зладзіў гэтую мабілізацыю, супраць камісараў, камуністаў і іх паслугачоў»;
4) «Зьнішчэньне савецкай ўлады… выключна на добраавхотным пачатку. Гэта падразумее поўную свабоду выбару – ісьці з намі або не»;
5) Стварэньне часовага кіраўніцтва ў «ачышчаных ад бальшавікоў абласьцях». Стварэньне на месцах устаноўчых сходаў, якім даецца ўся ўлада.
Палескі паход
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У раёне Мікашэвічаў — Турава на пачатку лістапада сабралася армія, падпарадкаваная генэралу Булак-Балаховічу. У ёй налічвалася 20 тысячаў чалавек[1]. У складзе арміі былі 3 пяхотныя і 1 кавалерыйская дывізіі, сялянская пяхотная брыгада, асобны «туземны» кавалерыйскі полк, полк данскіх казакаў і іншыя[1]. Каб прыцягнуць да гэтай акцыі і жыдоўскае насельніцтва, у Пінску[2] быў створаны асобны «габрэйскі эскадрон» на чале з паручнікам Цэйтліным[1]. Пры спрошчаным наборы ў армію Балаховіча трапілі і яго ранейшыя жаўнеры, і добраахвотнікі, якія ня мелі баявога досьведу. Былі і палонныя чырвонаармейцы, і нават разбэшчаныя вайной людзі, і крымінальныя элемэнты, якія жылі вайной і рабавалі насельніцтва. Выпадкі гвалту і забойстваў змусілі генэрала выдаць загад перад паходам ува Ўсходняе Палесьсе, што камандоўцы, чые жаўнеры займаюцца пагромамі і рабункам, будуць зьнятыя з камандаваньня, пастаўленыя перад трыбуналам і асуджаныя «паводле законаў ваеннага часу». «А злоўленых на гарачым учынку як жаўнераў, так і афіцэраў расстрэльваць на месцы. Пагромаў не павінна быць, і яны ня будуць мець больш месца».
С.Булак-Балаховіч даў дазвол жыдоўскаму насельніцтву мястэчак ствараць узброеныя атрады самаабароны, каб бараніцца ад пагромаў.
6 лістапада 1920 г. з Турава армія Балаховіча ідзе наступленьнем на ўсход па абодвух баках Прыпяці. Галоўны ўдар народнай арміі абрынуўся на 10-ю стралковую дывізію 16-й Савецкай арміі, якая панесла значныя страты і вымушаная была адступаць. 8 лістапада войскі Булак-Балаховіча занялі Петрыкаў, 9 — мястэчка Скрыганаў.
Пасьля цяжкага бою Пскоўскі полк 1-й дывізіі «сьмерці» палкоўніка Мацьвеева 10 лістапада ў 16 гадзін 40 хвілінаў заняў Мазыр. Празь дзьве гадзіны ў Мазыр уступіла і кавалерыйская дывізія палкоўніка Паўлоўскага. Паўлоўскі сфармаваў з палонных Мазырскі полк. У гэты ж дзень, 10 лістапада, Остраўскі полк 1-й дывізіі Балаховіча заняў Каленкавічы. Камэндант Мазыру генэрал-маёр Яраслаўцаў адразу аддаў загад вывесіць у мястэчку на будынках бел-чырвона-белыя беларускія сьцягі[1].
14 лістапада Станіслаў Булак-Балаховіч выдаў загад пра фармаваньне беларускай арміі зь беларусаў і ўраджэнцаў Беларусі. Ён абвясьціў сябе галоўным камандоўцам усімі ўзброенымі сіламі на тэрыторыі Беларусі. Камандаваньне Расейскай народнай арміяй Булак-Балаховіч перадаў свайму брату Язэпу, надаўшы яму годнасьць генэрал-маёра. Кваліфікацыйная камісія пацьвердзіла гэтае наданьне. Але фактычна С. Булак-Балаховіч па-ранейшаму камандаваў усёй Саюзнай (як яна цяпер называлася) народнай добраахвотніцкай арміяй.
Армія Балаховіча працягвала наступаць. 2-я пяхотная дывізія і група Язэпа Балаховіча, раней намесьніка галоўнага камандоўца, наступалі на Рэчыцу, другая частка арміяў — на Оўруч і Чарнобыль. 16 лістапада атрады Станіслава з трох бакоў падышлі да Рэчыцы і пачалі баі на яе ўскраінах.
Адступленьне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Камандаваньне Чырвонай Арміі кінула на фронт новыя сілы, якія праз тыдзень ужо мелі колькасную перавагу. З боку Жлобіна контранаступленьне 16-й арміі Заходняга фронту пачалося 16 лістапада. Агульны ж плян палягаў на тым, каб абкружыць армію Балаховіча і зьнішчыць яе. Ужо 17 лістапада часьці 16-й арміі з баямі занялі Каленкавічы. Пазьбягаючы абкружэньня, С.Булак-Балаховіч спыніў далейшы наступ у глыб Палесься. 19 лістапада пачалося агульнае адступленьне. 2-я пяхотная дывізія балахоўцаў упарта абараняла Мазыр, але 20 лістапада і ён быў захоплены бальшавікамі.
Асноўнай групоўцы арміі Балаховіча ўдалося прабіцца ў раёне Каплічаў—Якімавічаў (30—40 км на поўнач ад Мазыру) ляснымі дарогамі, праз рэкі ў балоты скрозь заслоны 33-й савецкай Кубанскай казацкай дывізіі і 24 лістапада фарсаваць раку Пціч. Сам генэрал у баях атрымаў рану, але не пакідаў камандаваньня. 26 лістапада яго войскі выйшлі праз Жыткавічы да чыгуначнай станцыі Сінкевічаў ў раён разьмяшчэньня польскіх войскаў. І хаця плян камандаваньня Чырвонай Арміі — зьнішчыць вайсковыя сілы Булак-Балаховіча — не ўдаўся, армія гэтая была раззброена польскімі войскамі.
Склад
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На пачатку свайго фармаваньня (лістапад 1920 году) армія мела наступны склад:[3]
- 1-я пяхотная дывізія сьмерці (палк. Л. Т. Мацьвееў) — каля 4000 чалавек, у тым ліку 2600 штыкоў і шабляў.
- 2-я пяхотная дывізія (палк. Л. І. Мікоша) — каля 4800 чалавек, у тым ліку 3200 штыкоў і шабляў.
- Георгіеўскі пяхотны полк (падпалк. Талат-Келпш)
- Менскі пяхотны полк (палк. Стрыжэўскі)
- Смаленскі пяхотны полк
- Віцебскі пяхотный полк (палк. Эрдман)
- Дзьве артылерыйскія батарэі
- Інжынэрная рота
- 3-я пяхотная Валжанская дывізія (ген.-маёр М. В. Яраслаўцвў) — 2200 чалавек, у тым ліку 1500 штыкоў.
- Яраслаўскі пяхотны полк
- Казанскі пяхотны полк
- Ніжагародзкі пяхотны полк
- Самарскі пяхотный полк
- Артылерыйская батарэя
- Кавалерыйская дывізія (палк. С. Э. Паўлоўскі) — каля 1100 чалавек, у тым ліку 400 штыкоў і 700 шабляў
- Конны полк
- Тульскі драгунскі полк
- Уланскі полк
- Гусарскі полк (ротм. Суйкоўскі)
- Сялянская брыгада (атаман Іскра — І. А. Лахвіцкі) — 1200 штыкоў і шабляў.
- Кіеўскі пяхотны полк
- Наўгародзка-Ўладзімер-Валынскі пяхотны полк
- Пуціўльскі конна-стралковы полк
- Сотня Мяркулава
- Асобныя часьці:
- Данскі казачы полк (палк. Г. Духапельнікаў) — 1200 шабляў
- Туземны конны полк (палк. Мадацьян) — 100 штыкоў и 30 шабляў
- Асабістая сотня генэрала Булак-Балаховіча — 120 шабляў
- Чыгуначны полк
- Бронецягнік «Балаховец»
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б в г д е Анатоль Грыцкевіч. А ЗАГІНУЎ У АНТЫФАШЫСЦКІМ ЗМАГАННІ (бел.) // Народная воля. — 29.02.2008. — № 31-32.
- ^ а б Анатолий Петрович Грицкевич Станислав Булак-Балахович – наш национальный герой (рас.) // Інстытут беларускай гісторыі і культуры.
- ^ Григорий Демовидцев. Боевые действия РНДА в ноябре 1920 г. (рас.).
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Юрка Віцьбіч. Руская (Беларуская) Дабравольная Армія // Антыбальшавіцкія паўстаньні і партызанская барацьба на Беларусі. — Вільня: Gudas, 2006. — С. 125 — 139. — 296 с. — ISBN 998-6952-02-6
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Анатоль Грыцкевіч. А ЗАГІНУЎ У АНТЫФАШЫСЦКІМ ЗМАГАННІ (бел.). — 29.02.2008. — № 31-32.
- Григорий Демовидцев. Боевые действия РНДА в ноябре 1920 г. (рас.).
Гэта — накід артыкула па гісторыі Беларусі. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |