Рада бясьпекі Рэспублікі Беларусь
Рада бясьпекі Рэспублікі Беларусь | |
наркам. Савет бяспекі Рэспублікі Беларусь | |
Абрэвіятура | РБ РБ |
---|---|
Дата ўтварэньня | 15 лістапада 1991 (33 гады таму) |
Тып | выканаўчая |
Юрыдычны статус | дзяржаўная ўстанова |
Месцазнаходжаньне | Менск |
Дзейнічае ў рэгіёнах | Беларусь |
Сяброўства | 20 чалавек |
Афіцыйныя мовы | беларуская, расейская |
Дзяржаўны сакратар | Аляксандар Вальфовіч |
Ра́да бясьпе́кі Рэспу́блікі Белару́сь[1] — міжведамасная нарада Беларусі, упаўнаважаная распрацоўваць узгодненыя захады падтрыманьня бясьпекі дзяржавы. Разглядае ўнутраныя і зьнешнія справы дзяржавы датычна зацікаўленасьцяў бясьпекі і абароны. Ухваляе пастановы аб бясьпецы дзяржавы і грамадзянаў.
Узначальваецца і ўтвараецца прэзыдэнтам, які падпісвае яе пастановы. У яе склад уваходзяць 20 асобаў: прэзыдэнт, прэм’ер, старшыні Палаты прадстаўнікоў і Савету рэспублікі, старшыня Вярхоўнага суду, кіраўнік Адміністрацыі прэзыдэнта, дзяржаўны сакратар, генэральны пракурор, старшыня Нацыянальнага банку, старшыні Камітэтаў дзяржаўнай бясьпекі і дзяржаўнага кантролю, міністры абароны, замежных і ўнутраных справаў, па надзвычайных сытуацыях, старшыні сьледчага, дзяржаўных ваенна-прамысловага і памежнага камітэтаў, начальнік Генэральнага штабу Ўзброеных сілаў і старэйшы сын прэзыдэнта Віктар Лукашэнка ў якасьці памочніка па нацыянальнай бясьпецы. Дзейнасьць забясьпечвае сакратарыят[2].
Пры Радзе бясьпекі Беларусі дзейнічаюць камісіі па: 1) абароне дзяржаўных таямніцаў; 2) вайскова-тэхнічнай супрацы; 3) радыёчастасьцях.
Паўнамоцтвы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Паводле Закону аб абароне, Рада бясьпекі Беларусі мае паўнамоцтвы на:
- унясеньне прапановаў прэзыдэнту аб напрамках кіраваньня войскам і разьвіцьці Ўзброеных сілаў, зьменах ваеннай дактрыны;
- забесьпячэньне ўстойлівага дзеяньня войска;
- унясеньне на зацьвярджэньне прэзыдэнту будовы і ліку Ўзброеных сілаў;
- прапанову прэзыдэнту аб увядзеньні, падаўжэньні і скасаваньні ваеннага і надзвычайнага становішчаў;
- узгадненьне пераводу гаспадаркі на працу ва ўмовах ваеннага часу;
- заслухоўваньне справаздачаў кіраўнікоў ведамстваў аб абароне;
- вызначэньне напрамкаў міжнароднай вайсковай дзейнасьці і задачаў па разьвіцьці хаўрусьніцкіх дачыненьняў зь іншымі дзяржавамі[3].
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]15 лістапада 1991 г. Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь (ВС) ухваліў Пастанову № 1249, якой утварыў Раду бясьпекі ў складзе 14 асобаў: старшыня ВС, яго першы намесьнік і старшыня Камісіі ВС па нацыянальнай бясьпецы, старшыня ўраду, генэральны пракурор, старшыня КДБ, міністры абароны, замежных і ўнутраных справаў, сувязі і транспарту, начальнікі Беларускай чыгункі і ўправы цывільнай авіяцыі, загаднік войскаў Беларускай вайсковай акругі. Старшыня ВС займаў пасаду старшыні Рады бясьпекі і прызначаў сабе памочніка ў якасьці кіраўніка апарату Рады бясьпекі, які налічваў 4 супрацоўнікі. Паседжаньні склікаліся двойчы на год[4]. У 1992—1994 гг. СБ узначальваў Станіслаў Шушкевіч, затым Мечыслаў Грыб. Паводле прынятай у 1994 г. Канстытуцыі СБ ачоліў прэзыдэнт[5]. 5 жніўня 1994 г. А.Лукашэнка ўвёў Указам № 24 у склад Рады бясьпекі Беларусі кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта і дзяржаўнага сакратара Рады бясьпекі замест старшыні ВС і старшыні камісіі ВС па нацыянальнай бясьпецы. Паседжаньні сталі праводзіцца кожныя 3 месяцы[6]. У 1997 г. апарат СБ, на чале якога стаяў прызначаны прэзыдэнтам дзярж. сакратар, пераназвалі ў сакратарыят.
9 траўня 2021 году А. Лукашэнка падпісаў Дэкрэт № 2 «Аб абароне сувэрэнітэту і канстытуцыйнага ладу», паводле якога ў выпадку сьмерці прэзыдэнта Беларусі ў выніку замаху, тэрарызму і зьнешнай агрэсіі ўсе дзяржаўныя органы і службовыя асобы дзейнічаюць у адпаведнасьці з рашэньнямі Рады бясьпекі Беларусі. На яго паседжаньнях старшынюе прэм'ер-міністар Беларусі. Пры гэтым безадкладна ўводзіцца надзвычайнае або ваеннае становішча. Таксама Рада бясьпекі з удзелам старшыняў абласных выканкамаў прымае рашэньне аб правядзеньні выбараў[7].
Дзяржаўныя сакратары
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Віктар Шэйман (1994—2000)
- Урал Латыпаў (27 лістапада 2000 — 2001)
- Генадзь Нявыглас (12 верасьня 2001 — 6 студзеня 2006)
- Віктар Шэйман (20 сакавіка 2006 — 8 ліпеня 2008)
- Юры Жадобін (15 ліпеня 2008 — 2009)
- Леанід Мальцаў (4 сьнежня 2009 — 2013)
- Аляксандар Мяжуеў (5 сьнежня 2013 — 24 чэрвеня 2015)
- Станіслаў Зась (1 ліпеня 2015 — 3 студзеня 2020)
- Андрэй Раўкоў (20 студзеня 2020 — 3 верасьня 2020)
- Валеры Вакульчык (3 верасьня 2020 — 26 студзеня 2021)
- Аляксандар Вальфовіч (з 26 студзеня 2021 году)[8]
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Лукашэнка ўзмацняе ролю Рады бясьпекі // Партал «Наша ніва», 5 чэрвеня 2021 г. Праверана 13 чэрвеня 2021 г.
- ^ Анатоль Тозік. Савет бясьпекі Рэспублікі Беларусь // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 2002. — Т. 14. — С. 52. — 512 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0238-5
- ^ Станіслаў Шушкевіч. Закон Рэспублікі Беларусь ад 3 лістапада 1992 г. аб абароне (рас.) // Нацыянальны цэнтар прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь, 22 сьнежня 2011 г. Праверана 13 красавіка 2014 г.
- ^ Станіслаў Шушкевіч. Пастанова Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь ад 15 лістапада 1991 г. № 1249 (рас.) // Валер Леванеўскі, 5 лютага 2009 г. Праверана 13 красавіка 2014 г.
- ^ Мечыслаў Грыб. Канстытуцыя 1994 году // НЦПІ Беларусі Праверана 13 красавіка 2014 г.
- ^ А.Лукашэнка. Указ прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь ад 5 жніўня 1994 г. № 24 (рас.) // Беларускі прававы партал, кастрычнік 2009 г. Праверана 13 красавіка 2014 г.
- ^ Лукашэнка падпісаў дэкрэт аб абароне суверэнітэту і канстытуцыйнага ладу // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 9 траўня 2021 г. Праверана 12 чэрвеня 2021 г.
- ^ Лукашэнка - новаму дзяржсакратару Савета бяспекі: часы няпростыя, хістаць і разгойдваць нас будуць // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 26 студзеня 2021 г. Праверана 26 студзеня 2021 г.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Мяжуеў Аляксандар Веньямінавіч // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 29 студзеня 2014 г. Праверана 13 красавіка 2014 г.