Рагвалод-Васіль Барысавіч
Рагвалод-Васіль Барысавіч лац. Rahvałod-Vasil Barysavič | |
Авэрс пячаці Рагвалода Васіля | |
полацкі князь | |
Папярэднік | Васілька Сьвятаславіч |
Наступнік | Расьціслаў Глебавіч |
Асабістыя зьвесткі | |
Нарадзіўся | 1110-я |
Памёр | 1171 або 1180 |
Нашчадкі | Глеб, Барыс |
Дынастыя | Рагвалодавічы |
Жонка | Алена Ізяслаўна |
Бацька | Рагвалод-Барыс Усяславіч |
Рагвалод-Васіль Барысавіч, Рагвалод III (1110-я — 1171/1180) — князь полацкі (сярэдзіна 1128 — лета 1129; 1144—1151; 1159—1162) і друцкі (1158—1171/1180). Сын Рагвалода-Барыса.
Паводле літоўскага (беларускага) перакладу пачатку XVII стагодзьдзя «Хронікі» Мацея Стрыйкоўскага, «...бо Феафіл Полацак узяў <...> па Васілю Рагвалодзе, каторы тэж быў ліцьвін, і па Глебе, сыне яго, і застаў князем полацкім»[1].
Імя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Асноўны артыкул: Рагвалод (імя)
Рагнвальд або Рагвальд (Ragnvald, Ragvald) — імя германскага паходжаньня[2][3]. Іменная аснова -раг- (-рэг-) / раган- (імёны ліцьвінаў Рагла, Рагін, Рагайла; германскія імёны Ragilo, Ragenus, Ragel) паходзіць ад гоцкага raginon 'гаспадарыць, судзіць, выракоўваць', ragin 'вырак'[4], а аснова -валд- (-алд, -олт) (імёны ліцьвінаў Геральт, Левалт, Рамвольт; германскія імёны Gerwald, Lewolt, Romuald) — ад гоцкага і германскага waldan 'валодаць, гаспадарыць' або wulþus 'слава, мажнасьць'[5]. Такім парадкам, імя Рагвалод азначае «вырак улады»[6].
Варыянты імя князя ў гістарычных крыніцах: Рогьволодъ Борисовичь (1144, 1158 і 1171 гады)[7].
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Па сьмерці Рагвалода-Барыса ў пачатку 1128 году полацкі пасад перайшоў паводле тагачаснага права да яго малодшага брата Давыда князя ізяслаўльскага. Але палачане чымсьці незадаволеныя вельмі хутка выгналі Давыда з Полацку, узяўшы сабе князем маладога Рагвалода-Васіля. Гэта натуральна выклікала змаганьне паміж Давыдам і Рагвалодам-Васілём у якую ўмяшаўся вялікі князь кіеўскі Мсьціслаў, учыніўшы вялікае вайсковае ўварваньне ў Полацкую зямлю. Палачане разам з Рагвалодам-Васілём наведаліся да Мсьціслава і ўпэўнілі яго зацьвердзіць Рагвалода-Васіля полацкім князем у супярэчнасьці з правам старшынства. За гэта, відаць, Рагвалод-Васіль мусіў прызнаць вярхоўную ўладу Кіева над Полацкам, чаго не было з часоў яго прадзеда Брачыслава Ізяславіча.
У 1129 годзе Мсьціслаў зьбіраўся ў выправу супраць полаўцаў і заклікаў да ўдзелу ў ёй і полацкіх князёў. Але Рагвалод-Васіль, зь іншымі полацкімі князямі, відаць не надаючы значнасьці свайму леташняму прызнаньню кіеўскай улады ў кплівых словах адмовіўся ад удзелу ў гэтай выправе. Больш таго, у час калі Мсьціслаў ваяваў з полаўцамі, Рагвалод-Васіль вёў міжусобную вайну з Давыдам і нападаў на ўладаньні нейкіх Мсьціслававых родзічаў. Вярнуўшыся з выправы на полаўцаў Мсьціслаў адправіў сваіх ваяводаў ў Полацкую зямлю, яны захапілі амаль ўсіх полацкіх князёў, ў тым ліку Рагвалода-Васіля з братам Іванам, і прывезьлі іх у Кіеў. У 1130 годзе над полацкімі князямі адбыўся так званы «суд рускіх князёў» па выраку якога іх разам зь сем’ямі выслалі ў Бізантыю.
У 1139 годзе Рагвалод-Васіль разам з братам Іванам вярнуўся на радзіму, але полацкі пасад у гэты час быў заняты яго стрыечным братам Васількам. Нягледзячы на тое, што Рагвалод-Васіль меў болей правоў на Полацак, чым Васілька, ён, відаць, атрымаў нейкі невялікі ўдзел. Толькі па сьмерці Васількі ў пачатку 1144 году Рагвалод-Васіль стаў полацкім князем. Вясной таго ж году ён ажаніўся з дачкой вялікага князя кіеўскага Ізяслава Мсьціславіча.
Уладарыў да 1151 году, калі палачане схапілі яго і перадалі менскім князям, якія пасадзілі Рагвалода-Васіля ў турму. Замест яго полацкім князям стаў Расьціслаў Глебавіч. Толькі ў 1158 годзе менскія князі пад пагрозай Юрыя Даўгарукага вызвалілі Рагвалода-Васіля з турмы, зь Менску ён паехаў у Слуцак. Але ў Слуцку быў няшмат часу, бо дручане запрасілі яго на княжаньне ў Друцак выгнаўшы адтуль Глеба Расьціславіча. Рагвалод-Васіль пагадзіўся і паехаў у Друцак, а насустрач выехала 300 дручанаў на чаўнах. Выгнаньне Глеба Расьціславіча з Друцку выклікала вайну Глебавічаў з Рагвалодам-Васілём — Глебавічы аблажылі Друцак, але штурмы былі беспасьпяховыя, урэшце яны склалі мірную дамову, паводле якой пакідалі яму Друцак, а ён адмаўляўся на іх карысьць ад Полацку.
У 1159 годзе палачане ў выніку змовы выгналі з Полацку Расьціслава Глебавіча і зноў паклікалі на княжаньне Рагвалода-Васіля папрасіўшы ў яго прабачэньня за тое, што калісьці выдалі ў турму менскім князям. Гэта выклікала новы канфлікт з Глебавічамі, Рагвалод-Васіль правёў супраць іх некалькі вайсковых кампаніяў, але ня вельмі пасьпяховых. У выніку апошняй зь іх у 1162 годзе быў разьбіты ў бітве Валадаром Глебавічам які меў у сваім войску шмат літоўцаў. Параза была вельмі цяжкая, загінула шмат палачанаў, таму ён не рызыкнуў вяртацца ў Полацак, а паехаў у Друцак. Полацкі пасад па ім заняў Усяслаў Васількавіч пры падтрымцы смаленскіх князёў.
Апошні раз упамінаецца на так званым «Рагвалодавым камяні» пад 1171 годам[8], але магчыма жыў недзе да 1180 году, бо толькі пад гэтым годам князем у Друцку ўпамінаецца яго сын Глеб Рагвалодавіч.
Нашчадкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Эўфрасіньня Рагвалодаўна (1145—1243)
- Барыс Рагвалодавіч (канец 1140-х — па 1195)
- Глеб Рагвалодавіч (пачатак 1150-х — па 1180)
- Пад 1159 годам упамінаецца нейкі «Ўсяслаў з Полацку», які Густыньскім летапісам завецца «Ўсяславам Рагвалодавічам». Некаторыя дасьледнікі лічаць яго сынам Рагвалода-Васіля. Напэўна, больш слушныя тыя дасьледнікі якія цьвердзяць, што гэта яго брат — Іван Рагвалодавіч. Таксама Ўсяслаў Друцкі ўпамінаецца пад 1186 годам, гэта верагодна таксама Іван Рагвалодавіч.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ ГСБМ. Вып. 17. — Мн.: Беларуская навука, 1998. С. 66.
- ^ Otterbjörk R. Svenska förnamn. — Svenska språknämnden, 1979.
- ^ Ragvald, Nordic Names
- ^ Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі / Рэц. С. Тарасаў. — Менск, 2019. С. 18.
- ^ Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі / Рэц. С. Тарасаў. — Менск, 2019. С. 17.
- ^ Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі / Рэц. С. Тарасаў. — Менск, 2019. С. 24.
- ^ Урбан П. Старажытныя ліцьвіны: мова, паходжаньне, этнічная прыналежнасьць. — Менск: 2001. С. 184.
- ^ Штыхаў Г. Рагвалод Барысавіч // ЭГБ. — Мн.: 2001 Т. 6. Кн. 1. С. 43.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2001. — Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая. — 591 с. — ISBN 985-11-0214-8