Перайсьці да зьместу

Панцеляймон Лепяшынскі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Панцеляймон Лепяшынскі
1930 год
Дата нараджэньня 12 сакавіка 1868
Месца нараджэньня Студзянец, Клімавіцкі павет, Магілёўская губэрня, Паўночна-Заходні край, Расейская імпэрыя
Дата сьмерці 30 верасьня 1944
Месца сьмерці Масква, Расейская СФСР, Савецкі Саюз
Месца пахаваньня
Месца вучобы Імпэратарскі Кіеўскі ўнівэрсытэт сьвятога Ўладзімера (1891)
Занятак рэвалюцыянэр, выкладчык, журналіст, пісьменьнік, палітык
Навуковая сфэра гісторыя
Месца працы Маскоўскі дзяржаўны ўнівэрсытэт (1921—1924), Дзяржаўны гістарычны музэй (Масква) (1927—1930)
Вядомы як аўтар успамінаў «На павароце» (1922)
Навуковая ступень доктар навук
Узнагароды
Ордэн Працоўнага Чырвонага Сьцягу
Ордэн Працоўнага Чырвонага Сьцягу

Панцеляймон Мікалаевіч Лепяшынскі (1868, Студзянец, цяпер Касьцюковіцкі раён, Магілёўская вобласьць, Беларусь — 1944, Масква, цяпер Расея) — савецкі гісторык і пісьменьнік беларускага паходжаньня.

Доктар гістарычных навук. Аўтар успамінаў «На павароце» (1922) пра рэвалюцыйную дзейнасьць 1889—1905 гадоў і мастацкага рамана «Змаганьне і творчасьць» (1944), які пісаў каля 20 гадоў[2]. Гарадзкі галава Воршы (1917). Cтаршыня Цэнтральнага камітэту Міжнароднай арганізацыі дапамогі змагарам рэвалюцыі (1925—1927). Кіраўнік Дзяржаўнага гістарычнага музэю (1927—1930) і Музэю рэвалюцыі (1935—1936) у Маскве[3].

Нарадзіўся ў сям'і сьвятара. У 1874 годзе сям'я пераехала ў Ліцьвінавічы (Рагачоўскі павет). У 1877 годзе паступіў Магілёўскую мужчынскую гімназію. У 1886 годзе скончыў гімназію і паступіў у Імпэратарскі Санкт-Пецярбурскі ўнівэрсытэт на фізыка-матэматычны факультэт, дзе ўзначаліў беларускае зямляцтва ўнівэрсытэту. У 1890 годзе быў выключаны, бо студэнтам далучыўся да народніцкага руху, у складзе якога стварыў падпольны гурток. У 1891 годзе здаў выпускныя іспыты экстэрнам у Імпэратарскім Кіеўскім унівэрсытэце сьвятога Ўладзімера і атрымаў дыплём настаўніка. У 1894 годзе ўзначаліў марксісцкі гурток у Санкт-Пецярбургу. У сьнежні 1895 году быў арыштаваны разам зь іншымі за ўступленьне ў «Саюз змаганьня за вызваленьне працоўнай клясы», які заснаваў Уладзімер Ульянаў, і сасланы на 3 гады ў Енісейскую губэрню (Ермакоўскае сяло). Друкаваў артыкулы ў газэтах «Сібірскае жыцьцё» і «Енісей»[3].

У 1897 годзе ажаніўся з фэльчаркай Вольгай Пратапопавай, якая была сяброўкай «Саюзу змаганьня за вызваленьне працоўнай клясы», прыехала да яго ў ссылку і працаўладкавалася ў пасёлку Курагіна (Мінусінскі павет). Падпісаў разам з жонкай і 16-ю іншымі ссыльнымі «Пратэст расейскіх сацыял-дэмакратаў» супраць «эканамістаў» (сярод марксістаў). У 1898 годзе ўступіў у Расейскую сацыял-дэмакратычную работніцкую партыю (РСДРП), якую заснавалі ў сакавіку ў Менску, і быў паўторна сасланы да 1900 году ў Казачынскае сяло Енісейскай губэрні. У сьнежні 1900 годзе ў Пскове стаў карэспандэнтам і распаўсюднікам партыйнай газэты «Іскра», якую Ўльянаў заснаваў у нямецкім Мюнхэне. У 1902 годзе быў сасланы ў Мінусінск (Енісейская губэрня). У 1903 годзе да яго ў ссылку прыехала жонка Вольга Лепяшынская, якая зладзіла іх пабег у Швайцарыю (Жэнэва)[2].

Панцеляймон Лепяшынскі (1905 год)

Браў удзел у падрыхтоўцы 2-га зьезду РСДРП, які пачаўся 30 ліпеня 1903 году ў Брусэлі (Бэльгія) і быў перанесены ў жніўні ў Лёндан (Ангельшчына). Па выніках зьезду далучыўся да фракцыі бальшавікоў, якую стварыў Ульянаў на тым зьезьдзе. У студзені 1905 году стаў працаваць у бальшавіцкай газэце «Наперад», якую выдавалі ў Жэнэве. Удзельнічаў у падрыхтоўцы 2-га зьезду РСДРП, які бальшавікі зладзілі ў красавіку 1905 году ў Лёндане. У 1905 годзе пераехаў у Екацярынаслаў (Расейская імпэрыя) для ўдзелу ў партыйнай суполцы падчас рэвалюцыі 1905—1907 гадоў. У 1907—1909 гадох выкладаў матэматыку ў Аршанскай рэальнай вучэльні (Магілёўская губэрня). На Аршанскім чыгуначным вузьле аднавіў суполку РСДРП. У 1909 годзе ўладкаваўся ў статыстычнае бюро Маскоўскай гарадзкой управы і ўвайшоў у бальшавіцкую літаратурную групу. У 1916 годзе вярнуўся ў Воршу. Пасьля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 году стаў гарадзкім галавою Воршы[3].

Увосень 1918 году заснаваў у Ліцьвінавічах досьледна-паказальную працоўную школу-камуну. У 1918—1919 гадох быў сябрам калегіі Народнага камісарыяту асьветы Расейскай СФСР, дзе займаў пасаду загадніка аддзелу школы. У 1919 годзе напісаў драму «Чырвоным па чырвонаму». У 1921—1924 гадох быў сябрам Камісіі вывучэньня гісторыі Расейскай камуністычнай партыі (бальшавікоў) і выкладаў у Маскоўскім унівэрсытэце, а таксама ў Сацыялістычнай акадэміі. У 1922 годзе выдаў у Петраградзкім дзяржаўным выдавецтве кнігу ўспамінаў «На павароце» (237 c.) з падзагалоўкам «Спадарожныя ўражаньні ўдзельніка рэвалюцыйнага змаганьня ад канца (18)80-х гадоў да 1905-га». Пазьней кнігу ўспамінаў тройчы перавыдавалі ў 1925, 1935 і 1955 гадох. У 1924 годзе напісаў аповесьць «У зелянях». Пазьней стаў аўтарам навуковых працаў пра расейскіх пісьменьнікаў Аляксандра Грыбаедава і Міхаіла Салтыкова-Шчадрына[3].

У 1925—1927 гадох быў старшынёй Цэнтральнага камітэту Міжнароднай арганізацыі дапамогі змагарам рэвалюцыі, заснаванай у сьнежні 1922 году 4-м зьездам Камуністычнага інтэрнацыяналу ў Маскве. У сьнежні 1927 году быў дэлетам XV зьезду Ўсесаюзнай камуністычнай партыі (бальшавікоў) (УКП(б)), які абвясьціў курс на індустрыялізацыю і калектывізацыю. У 1927—1930 гадох загадваў Дзяржаўным гістарычным музэем у Маскве. Улетку 1930 году быў дэлегатам XVI зьезду УКП(б). У студзені 1934 году стаў дэлегатам XVII зьезду, звыш паловы ўдзельнікаў якога рэпрэсавалі ў 1937—1938 гадох. У 1935—1936 гадох узначальваў Музэй рэвалюцыі. У сакавіку 1939 году ўзяў удзел у XVIII зьезьдзе УКП(б). 21 красавіка 1943 году быў узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сьцягу. У верасьні 1944 году скончыў раман «Змаганьне і творчасьць», які пісаў каля 20 гадоў[2].

Імя Панцеляймона Лепяшынскага насілі вуліцы ў 4-х местах Беларусі: Воршы і Гомлі, Магілёве і Чэрыкаве. У Расеі яго імя насіла вуліца ў Пскове. У Ліцьвінавічах (Кармянскі раён) дзейнічаў Кармянскі раённы мэмарыяльны музэй імя Панцеляймона Лепяшынскага. У 1967 годзе заснавалі Дзяржаўную прэмію Беларусі імя Лепяшынскага за найлепшы публіцыстычны твор[3]. У 1976—1997 гадох «Далёкаўсхоўняе марское параходзтва» (Уладзівасток) мела цеплаход «Панцеляймон Лепяшынскі». У 1986 годзе рэжысэр Валеры Панамароў зьняў на кінастудыі «Беларусьфільм» мастацкую тэлекарціну «Нецярпеньне душы» пра стварэньне Лепяшынскім школы-камуны ў Ліцьвінавічах.

  1. ^ https://zviazda.by/sites/default/files/pdf/2014/03/ZV_20140312_8.pdf
  2. ^ а б в Даты, падзеі, людзі // Зьвязда : газэта. — 12 сакавіка 2014. — № 45 (27655). — С. 8. — ISSN 1990-763x.
  3. ^ а б в г д Ёсіф Хаўратовіч. Лепяшынскі Панцейляймон Мікалаевіч // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1999. — Т. 9: Кулібін — Малаіта. — С. 211. — 560 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0155-9