Менскае пагадненьне (2015)
Менскае пагадненьне | |
Комплекс захадаў выкананьня Менскіх пагадненьняў | |
А. Лукашэнка і «нармандзкая чацьвёрка» перад перамовамі (11 лютага 2015 г., Менск) | |
Тып дамовы | пагадненьне пра спыненьне вагню |
---|---|
Падрыхтаваная | 11—12 лютага 2015 |
Падпісаная | 12 лютага 2015 |
· месца | Менск, Палац незалежнасьці |
Набыла моц | 15 лютага 2015 |
· умовы | адвод артылерыі на 50 км, вывад з Украіны расейскіх войскаў, аднаўленьне ўрадам Украіны кантролю над расейска-ўкраінскай мяжой |
Тэрмін дзеяньня | бестэрміновы |
Падпісанты | Гайдзі Тальявіні (пасярэдніца), Леанід Кучма Міхаіл Зурабаў |
Бакі | (АБСЭ) Украіна Расея |
Статус | дзейны |
Мова | расейская |
osce.org/ru/cio/140221?download=true |
Комплекс захадаў выкананьня Менскіх пагадненьняў — паўторнае пагадненьне аб спыненьні агню між урадамі Расеі і Ўкраіны[1] ад 12 лютага 2015 г. пры пасярэдніцтве Арганізацыі бясьпекі і супрацы ў Эўропе, якая мела ажыцьцяўляць нагляд за адводам цяжкага ўзбраеньня і вывадам з Украіны расейскіх вайсковых злучэньняў і ўзбраеньня. Падпісаны ў ходзе пашырэньня расейскай вайсковай інтэрвэнцыі на ўсходзе Украіны і ўкраінскага адказу на яе ў выглядзе антытэрарыстычнай апэрацыі. Складаўся з 13 пунктаў, у тым ліку прадугледжваў «абмен усіх закладнікаў» і «аднаўленьне поўнага кантролю» ўрадам Украіны над расейска-ўкраінскай мяжой. Падрыхтоўку пагадненьня ажыцьцявілі прэзыдэнты Расеі і Ўкраіны Ўладзімер Пуцін і Пятро Парашэнка адпаведна, пры пасярэдніцтве канцлеркі Нямеччыны Ангелы Мэркэль і прэзыдэнта Францыі Франсуа Алянда на саміце ў Менску (Беларусь) 11—12 лютага 2015 року ў фармаце «нармандзкай чацьвёркі». Акрамя ўдзельнікаў Трохбаковай кантактнай групы, пад подпісам расейскага амбасадара ўласныя подпісы без пазначэньня прыналежнасьці паставілі Аляксандар Захарчанка і Ігар Платніцкі, якія ўдзельнічалі ў кіраваных расейскімі дывэрсантамі[2] тэрарыстычных арганізацыях «Данецкая» і «Луганская народныя рэспублікі». У 2-ым пункце адмыслова ўдакладняўся адвод гарматаў на адлегасьць іх найбольш далёкай стральбы. У тым ліку згадвалася рэактыўная сыстэма залпавага агню (РСЗА) «Тарнада», што стаяла на ўзбраеньні выключна расейскага войска («Тарнада-С»).
Удзельнікі кантактнай групы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- АБСЭ: Гайдзі Тальявіні, прадстаўніца старшыні АБСЭ ў пытаньнях урэгуляваньня сытуацыі ва Ўкраіне[3] (швайцарская дыпляматка).
- Украіна: Леанід Кучма, упаўнаважаны прадстаўнік прэзыдэнта Ўкраіны (былы прэзыдэнт Украіны).
- Расея: Міхаіл Зурабаў, упаўнаважаны прадстаўнік прэзыдэнта Расеі і амбасадар Расеі ва Ўкраіне.
Умовы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]1. Неадкладнае і ўсёабдымнае спыненьне агню ў асобных раёнах Данецкай і Луганскай вобласьцяў Украіны і яго строгае выкананьне ад 00 г. 00 хв. (кіеўскі час) 15 лютага 2015 году.
2. Адвод усіх цяжкіх узбраеньняў абодвума бакамі на роўныя адлегласьці ў мэтах стварэньня зоны бясьпекі шырынёй мінімум 50 км адзін ад аднаго для артылерыйскіх сыстэмаў калібрам 100 мм і больш, зоны бясьпекі шырынёй 70 км для РСЗА і шырынёй 140 км для РСЗА «Тарнада-С», «Ураган», «Сьмерч» і тактычных ракетных сыстэмаў «Кропка» («Кропка У»):
— для ўкраінскіх войскаў: ад фактычнай лініі судакрананьня;
— для ўзброеных фармаваньняў асобных раёнаў Данецкай і Луганскай вобласьцяў Украіны: ад лініі судакрананьня згодна зь Менскім мэмарандумам ад 19 верасьня 2014 г.
Адвод вышэйпералічаных цяжкіх узбраеньняў мае пачацца не пазьней другога дня пасьля спыненьня агню і завяршыцца на працягу 14 дзён. Гэтаму працэсу будзе садзейнічаць АБСЭ пры падтрымцы Трохбаковай кантактныя групы.
3. Забясьпечыць эфэктыўны маніторынг і вэрыфікацыю рэжыму спыненьня агню і адводу цяжкага ўзбраеньня з боку АБСЭ зь першага дня адводу, з выкарыстаньнем усіх патрэбных тэхнічных сродкаў, улучна са спадарожнікамі, БПЛА, радыёлякацыйнымі сыстэмамі і інш.
4. У першы дзень пасьля адводу пачаць дыялёг аб мадальнасьцях правядзеньня мясцовых выбараў у адпаведнасьці з украінскім заканадаўствам і Законам Украіны «Аб часовым парадку мясцовага самакіраваньня ў асобных раёнах Луганскай і Данецкай вобласьцяў», а таксама аб будучыні рэжыму гэтых раёнаў на падставе названага закона. Неадкладна, не пазьней за 30 дзён з даты падпісаньня гэтага дакумэнту, прыняць пастанову Вярхоўнай Рады Ўкраіны з указаньнем тэрыторыі, на якую распаўсюджваецца адмысловы рэжым у адпаведнасьці з Законам Украіны «Аб часовым парадку мясцовага самакіраваньня ў асобных раёнах Данецкай і Луганскай вобласьцяў» на аснове лініі, зафіксаванай у Менскім мэмарандуме ад 19 верасьня 2014 г.
5. Забясьпечыць памілаваньне і амністыю шляхам ўвядзеньня ў сілу закона, які забараняе перасьлед і пакараньне асобаў у сувязі з падзеямі, што мелі месца ў асобных раёнах Данецкай і Луганскай вобласьцяў Украіны.
6. Забясьпечыць вызваленьне і абмен усіх закладнікаў і асобаў, якія ўтрымліваюцца незаконна, на аснове прынцыпу «ўсіх на ўсіх». Гэты працэс мае быць завершаны самае позьняе на пяты дзень пасьля адводу.
7. Забясьпечыць бясьпечны доступ, дастаўку, захоўваньне і разьмеркаваньне гуманітарнай дапамогі людзям, якія маюць патрэбу, на аснове міжнароднага мэханізму.
8. Вызначэньне мадальнасьцяў поўнага аднаўленьня сацыяльна-эканамічных сувязяў, улучна з сацыяльнымі пераводамі, такімі як выплата пэнсіяў і іншых выплатаў (паступленьні і даходы, своечасовая аплата ўсіх камунальных рахункаў, аднаўленьне падаткаабкладаньня ў рамках прававога поля Ўкраіны). Дзеля гэтага Ўкраіна адновіць кіраваньне сэгмэнтам сваёй банкаўскай сыстэмы ў раёнах, закранутых канфліктам, і, магчыма, будзе створаны міжнародны мэханізм для аблягчэньня такіх пераводаў.
9. Аднаўленьне поўнага кантролю над дзяржаўнай мяжой з боку ўраду Ўкраіны ва ўсёй зоне канфлікту, якое мае пачацца ў першы дзень пасьля мясцовых выбараў і завяршыцца пасьля ўсёабдымнага палітычнага ўрэгуляваньня (мясцовыя выбары ў асобных раёнах Данецкай і Луганскай вобласьцяў на падставе Закона Ўкраіны і канстытуцыйнай рэформы) да канца 2015 году пры ўмове выкананьня пункта 11 — у кансультацыях і па ўзгадненьні з прадстаўнікамі асобных раёнаў Данецкай і Луганскай вобласьцяў і ў межах Трохбаковай кантактнай групы.
10. Вывад усіх замежных узброеных фармаваньняў, ваеннай тэхнікі, а таксама наймітаў з тэрыторыі Ўкраіны пад наглядам АБСЭ. Раззбраеньне ўсіх незаконных групаў.
11. Правядзеньне канстытуцыйнай рэформы ва Ўкраіне з уступленьнем у сілу ў канцы 2015 году новай Канстытуцыі, якая прадугледжвае ў якасьці ключавога элемэнта дэцэнтралізацыю (з улікам асаблівасьцяў асобных раёнаў Данецкай і Луганскай вобласьцяў, узгодненых з прадстаўнікамі гэтых раёнаў), а таксама прыняцьце пастаяннага заканадаўства аб асаблівым статусе асобных раёнаў Данецкай і Луганскай вобласьцяў у адпаведнасьці з захадамі, згаданымі ў заўвазе1, да канца 2015 году[4].
12. На падставе Закона Ўкраіны «Аб часовым парадку мясцовага самакіраваньня ў асобных раёнах Данецкай і Луганскай вобласьцяў» пытаньні, якія тычацца мясцовых выбараў, будуць абмяркоўвацца і ўзгадняцца з прадстаўнікамі асобных раёнаў Данецкай і Луганскай вобласьцяў у рамках Трохбаковай кантактнай групы. Выбары будуць праведзеныя з захаваньнем адпаведных стандартаў АБСЭ пры маніторынгу з боку БДІПЧ АБСЭ.
13. Інтэнсіфікаваць дзейнасьць Трохбаковай кантактнай групы, у тым ліку шляхам стварэньня рабочых групаў па выкананьні адпаведных аспэктаў Менскіх пагадненьняў. Яны будуць адлюстроўваць склад Трохбаковай кантактнай групы.
Дэклярацыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]12 лютага 2016 г. у менскім Палацы незалежнасьці (Беларусь) прэзыдэнты Расеі, Украіны і Францыі У.Пуцін, П.Парашэнка і Ф.Алянд адпаведна і канцлерка Нямеччыны А.Мэркель падпісалі «Дэклярацыю аб падтрымцы Комплекса захадаў выкананьня Менскіх пагадненьняў»[5]. У Дэклярацыі ўдзельнікі «нармандзкай чацьвёркі» адзначылі, што «пацвярджаюць поўную павагу сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны. Яны цвёрда перакананыя ў безальтэрнатыўнасьці выключна мірнага ўрэгуляваньня, цалкам гатовыя прыняць усялякія магчымыя захады як паасобку, так і сумесна з гэтай мэтай». Таксама заяўлялася:
«У гэтым кантэксце лідэры ўхваляюць Комплекс захадаў выкананьня Менскіх пагадненьняў, прыняты і падпісаны ў Менску 12 лютага 2015 году ўсімі, хто таксама падпісаў Менскі пратакол ад 5 верасьня 2014 году і Менскі мэмарандум ад 19 верасьня 2014 году. Лідэры будуць уносіць уклад у гэты працэс і выкарыстоўваць свой уплыў на адпаведныя бакі, каб садзейнічаць выкананьню гэтага Комплексу захадаў. Нямеччына і Францыя акажуць тэхнічную дапамогу ў аднаўленьні сэгмэнта банкаўскай сыстэмы ў закранутых канфліктам раёнах, магчыма, шляхам стварэньня міжнароднага мэханізма для спрыяньня сацыяльным выплатам.
Лідэры перакананыя, што ўмацаваньне супрацы між Эўрапейскім Зьвязам, Украінай і Расеяй будзе садзейнічаць урэгуляваньню гэтага крызісу. З гэтай мэтай яны падтрымліваюць працяг трохбаковых перамоваў між Эўразьвязам, Украінай і Расеяй у энэргетычных пытаньнях, каб ажыцьцявіць крокі з мэтай разьвіцьця «зімовага газавага пакету». Яны таксама падтрымліваюць трохбаковыя перамовы між Эўрапейскім Зьвязам, Украінай і Расеяй з мэтай выпрацоўкі практычнага рашэньня пытаньняў, якія выклікаюць занепакоенасьць Расеі, у сувязі з выкананьнем Пагадненьня аб глыбокай і ўсёабдымнай зоне вольнага гандлю між Украінай і ЭЗ.
Лідэры захоўваюць адданасьць бачаньню агульнай гуманітарнай і эканамічнай прасторы ад Атлянтычнага да Ціхага акіяна на аснове поўнай павагі міжнароднага права і прынцыпаў АБСЭ. Лідэры захоўваюць адданасьць выкананьню Менскіх пагадненьняў. З гэтай мэтай яны пагадзіліся стварыць назіральны мэханізм у "нармандзкім фармаце", які зьбірацьмецца на рэгулярнай аснове, як правіла, на ўзроўні старшых службовых асобаў міністэрстваў замежных справаў»[6].
Нагляд АБСЭ
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]21 сакавіка 2014 г. Пастаянная рада АБСЭ зацьвердзіла Рашэньне № 1117 «Аб разьмяшчэньні Спэцыяльнай маніторынагавай місіі АБСЭ ва Ўкраіне», якім упаўнаважыла «100 цывільных назіральнікаў» ажыцьцяўляць кругласодневае назіраньне «ў Херсоне, Адэсе, Львове, Івана-Франкоўску, Харкаве, Данецку, Днепрапятроўску, Чарнаўцах, Луганску». Місія працягваецца кожныя 6 месяцаў на запыт Украіны і мае галаўную сядзібу ў Кіеве[7]. Пры канцы 2016 г. Місія працягвала выдаваць штодзённыя зводкі аб парушэньні спыненьня агню ў Данецкай і Луганскай абласьцях Украіны[8]. За 2016 г. расейскія інтэрвэнты забілі на ўсходзе Ўкраіны 211 вайскоўцаў Узброеных сілаў Украіны[9] насуперак паўторнаму Менскаму пагадненьню аб спыненьні агню ад 12 лютага 2015 году.
Глядзіце таксама
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ БелТА. У Менску дамовіліся аб спыненьні агню // Газэта «Петрыкаўскія навіны», 13 лютага 2016 г. Праверана 30 лістапада 2016 г.
- ^ СБУ назвала сапраўднае прозьвішча галоўнага расейскага дывэрсанта ва Ўкраіне // Эўрарадыё, 28 красавіка 2014 г. Архіўная копія ад 28 красавіка 2014 г. Праверана 30 лістапада 2016 г.
- ^ Менскія дамоўленасьці прынесьлі мір Украіне // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 5 верасьня 2014 г. Архіўная копія ад 5 верасьня 2014 г. Праверана 12 лістапада 2014 г.
- ^ Комплекс мер па выкананьні Менскіх пагадненьняў // Эўрарадыё, 12 лютага 2015 г. Архіўная копія ад 12 лютага 2015 г. Праверана 30 лістапада 2016 г.
- ^ Вольга Макей, тэлеканал «Беларусь 1». «Нармандская чацьвёрка» ў Менску, гавораць палітыкі, каб змоўклі гарматы // Белтэлерадыёкампанія, 15 лютага 2016 г. Праверана 30 лістапада 2016 г.
- ^ Лідэры «нармандскай чацьвёркі» выкарыстаюць свой уплыў для выкананьня Менскіх пагадненьняў - Дэклярацыя // БелТА, 12 лютага 2016 г. Архіўная копія ад 12 лютага 2016 г. Праверана 30 лістапада 2016 г.
- ^ Рашэньне Пастаяннай рады АБСЭ ад 21 сакавіка 2014 г. № 1117 «Аб разьмяшчэньні Спэцыяльнай маніторынагавай місіі АБСЭ ва Ўкраіне» (укр.) // Арганізацыя бясьпекі і супрацы ў Эўропе, 21 сакавіка 2014 г. Праверана 30 лістапада 2016 г.
- ^ Штодзённыя і апэратыўныя справаздачы Спэцыяльнай маніторынгавай місіі ва Ўкраіне (укр.) // АБСЭ, 28 лістапада 2016 г. Праверана 30 лістапада 2016 г.
- ^ У 2016 годзе на Данбасе загінулі 211 украінскіх вайскоўцаў // Радыё «Свабода», 1 студзеня 2017 г. Праверана 1 студзеня 2017 г.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Дэклярацыя аб падтрымцы Комплекса захадаў выкананьня Менскіх пагадненьняў, ухваленага ў Менску 12 лютага 2016 году (укр.) // Адміністрацыя прэзыдэнта Ўкраіны, 12 лютага 2016 г. Праверана 30 лістапада 2016 г.