Маскаль
Маскалі́ — адна з назваў расейцаў у беларускай мове[1][2][3]. Гістарычна ўжывалася датычна жыхароў Маскоўскай дзяржавы побач з назвамі масквіцін, масква, масквіч, масквічанін[4]. Часам пад расейскім уплывам разглядаецца як пагардлівая назва[5].
Гісторыя тэрміна
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У гэтым разьдзеле няма спасылак на якія-небудзь крыніцы.
|
Гістарычна ўжываўся ў дачыненьні да жыхароў Масквы, Масковіі, якая часта ў летапісах і гістарычных тэкстах згадваецца як Маскоўшчына, а таксама ў дачыненьні да васалаў Масквы.
Назва «маскаль» першапачаткова выкарыстоўвалася ў Вялікім Княстве Літоўскім і Польшчы для азначэньня маскоўскага (суч. расейскага) служылага люду, вайскоўцаў і ўжывалася разам са словамі «маскаві́т», «маскалік», «маскоўскія людзі», «масковец» і г. д.
Слова «маскаль» часта сустракаецца ў летапісах, напрыклад: «егожъ был обжаловал москал о бой і зраненье сваё» (1582), ці вось гэткі: «Онъ давно зъ жонкою моею знявшісь, такій учынокъ не пооднокротъ чынілъ і цужоложылгъ, бо москалікъ хлопецъ его не зараз іхъ сходілъ» (1617)[6].
Вобраз маскаля захаваўся і ў вуснай народнай творчасьці. У батлейцы маскаль размаўляў на расейскай мове, паводзіў сабе нахабна, груба, часам бязьлітасна. Зьнешні яго выгляд меў праявы нечага «нячыстыга», чужога для тутэйшага насельніцтва. З часам вобраз маскаля стаў зьяўляцца і ва ўсіх праявах беларускага фальклёру: песьнях, загадках, прыказках ды анэкдотах. У песьнях адзначалася, што «маскаль ваяваў на нашу старонку, паланіў нашую дзяўчонку…» Тут быў накладзены новы вобраз на стары сюжэт, месца якога раней займаў татарын. З тых часоў слова «маскаль» пачынае прымаць у народа нэгатыўную афарбоўку.
Захавалася спадчына ўжываньня слова «маскаль» і ад рыцарскага саслоў’я Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай. Напрыклад, беларускі паэт Андрэй Рымша ў «Дзесяцігадовай аповесьці ваенных справаў князя Кшыштафа Радзівіла», выдадзенай ім у 1585 годзе ў Вільні па-польску, апавядае пра ваенныя падзеі 1580 году супраць Масковіі:
- Рыцарства ўсё сышлося слаўнае залатое
- Да князя Радзівіла ў Селішча Ямское
- Дым ужо за агнішчам ўгору слупом нясецца
- Кроў ужо маскавітаў струмянём ліецца
- Тры пасткі па ўзьлесьсі ворагі прыхавалі
- Скеміўшы тое ліцьвіны з коней пасьсядалі
- Ворагаў у засадах, гэтых ды парубілі
- Як сьвіней калолі, у балоце тапілі.
- Але ж наперад паімчаў, гуф літоўскі лепшы
- Трапіў у пастку да стральцоў, да стральцоў пярвейшых
- Дружныя залпы стральцы, па ліцьвінах пусьцілі
- Потым нашых вершнікаў на канях парубілі.
- Палеглі слаўны рыцары, Зянкевіч ды Ціхінскі
- Быў жа яшчэ забіты там, рыцар Ян Тымінскі
- Ўсе яны служылі ў Ёрдановай роце
- Доўг свой Айчыне аддалі рыцарскі ў годнай цноце
- Многія князя рыцары праз ворага падманы
- Зьведалі ран крывавых, цяжкія мелі раны.
- Ды Радзівіла слугі, раны ператрывалі
- За кроў забітых ліцьвінаў ворага пакаралі
- Шмат хто у бітве з ворагаў там галавы пазбыўся
- Ці пад ударам дзіды навек угаманіўся
- Секлі баярскія ілбы, секлі і білі многа
- Там жа вязалі у палон маскаля ліхога.
- Гетман аплакаў палеглых, годна іх пахаваўшы
- Славу героям навякі, гонар ім абяцаўшы
- Рыцараў ды герояў, войска суправаджала,
- Славаю іх апошні шлях годна аздабляла.
- Гетман зноў загадаў трубіць, коней зноў асядлаці
- Прагне ў сечы лютай зноў маскоўца спаткаці.
Увесну 1794 году ліцьвіны (беларусы) і жамойты разам з палякамі падняліся на паўстаньне, якім кіраваў Андрэй Тадэвуш Банавентура Касьцюшка. Ніжэй прыведзеныя радкі з ананімнага звароту[7], напісанага на беларускай мове:
«Помнім добра, што рабілі,
Як нас дзёрлі, як нас білі.
Докуль будзем так маўчаці?
Годзе нам сядзець у хаце!
Нашто землю нам забралі?
Пашто ў путы закавалі?
Дочкі, жонкі нам гвалцілі.
Трэ, каб мы ім заплацілі!
Коней нам пазаязджалі,
Што хацелі, то і бралі.
Пойдзем жыва да Касьцюшкі,
Рубаць будзем маскалюшкі!»
- Песьня беларускіх жаўнераў
У 1863 годзе на тэрыторыі Польшчы, Літвы і Жамойці разгарнулася чарговае агульнанароднае вызваленчае паўстаньне супраць Расейскай імпэрыі. У Літве (Беларусі) кіраваў гэтым паўстаньнем Кастусь Каліноўскі. Пасьля краху паўстаньня Каліноўскі быў прысуджаны да сьмерці праз павешаньне. У сваёй перадсьмяротнай прамове Каліноўскі зьвяртаўся да народу:
«Бо я табе з-пад шыбеніцы кажу, Народзе, што тады толькі зажывеш шчасьліва, калі над табой маскаля ўжо ня будзе!»
Пасьля захопу Рэчы Паспалітай Маскоўскай дзяржавай і пачатку палітыкі расеізацыі слова «маскаль» пачало ўсё больш пашырацца і мела адносіны ўжо да ўсіх расейцаў — пасаднікаў, настаўнікаў, сьвятароў. Адданы Расеі Язэп Сямашка пісаў расейскаму ўраду ў 1827 г.: «Моладзь у публічных школах (у Беларусі) адзываецца пра Расею з пагардаю — ня ведаючы расейцаў, яна ўважае іх за народ барбарскі, і слова маскаль засталося звычайным выяўленьнем пагарды».
Складанасьць беларуска-расейскіх адносінаў адлюстравалася ў беларускім фальклёры ХІХ-ХХ стагодзьдзяў. Расейцы ў фальклёры прысутнічалі пад назвамі «расейцы» ды «маскалі». «Расейцамі» называлі беглых старавераў, а «маскалямі» — пасаднікаў, памешчыкаў, вайскоўцаў, настаўнікаў і г. д. Аналіз фальклёрнага матэрыялу сьведчыць пра талерантныя адносіны ліцьвінаў да «расейцаў»-старавераў. А вось у адносінах да «маскалёў» прысутнічала выразная варожасьць: «Не за тое маскаля б’юць, што ўкраў, а за тое, што дрэнна схаваў»; «— Тату, тату! Лезе чорце ў хату! — Дарма! Абы не маскаль» і г. д.
Выкарыстоўваў слова «маскаль» і польска-беларускі паэт Адам Міцкевіч.
У 1914 годзе Янка Купала напісаў свой верш «Сваякі», у якім ён кажа:[8]
«Раз абселі Беларуса
Маскалі ды Ляхі,
І давай яму сваяцтва
Тыкаці з-пад пахі:
— Ты мой ісціны браточак! —
Маскалёк бармоча;
— Ты мой хрэснік, мой сыночак!
Юда-Лях сакоча.»
За часамі Першай Сусьветнай вайны маскалямі называлі ўсіх расейцаў, незалежна ад іх нацыянальнасьці. З таго часу ў люду засталося шмат жартаў, у якіх высьмейвалася няўменьне маскаля весьці гаспадарку (капаць бульбу, жаць жыта, касіць сена і г. д.) і тое, як яны прыкрывалі сваё махлярства («Махнаты цуд у Хойніках»), злаўчайства («Прададзенае сала», «Рыбалка на жыўцы») і нахвальбу («Маскальскія пчолы»)[Крыніца?].
У вершы беларускага паэту XIX стагодзьдзя Паўлюка Багрыма ёсьць радкі — «Каб я каршуном радзіўся, я бы без паноў абыўся: у паншчыну б не пагналі, у рэкруты б не забралі і ў маскалі не аддалі.». У творы паняцьці «рэкрут» і «маскаль» разьмежаваныя і адпавядаюць тэрмінам «навабранец» і «салдат»[Крыніца?].
Назва «маскаль» у Беларусі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Беларускія прыказкі[9]
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Ад жыда адкупіся, ад д’ябла адмаліся, а ад маскаля палы ўрэж і ўцякай.
- Ад чорта адхрысьцішся, а ад маскаля не адмолішся, ад маскаля палы ўразай ды хутчэй уцякай.
- З дурням не вадзіся, з маскалём не мірыся.
- Калі маскаль кажа суха, то паднімайся да вуха, бо ён брэша.
- Маскавіты такія — на грош амуніцыяў ды на дзесяць амбіцыяў.
- Маскаль ад працы памірае, ад гарэлкі акрыяе.
- Маскаль у труне — сьвята на сяле.
- Мы не маскалі, каб сьпяваць «Госпадзі, памілуй».
- Не за тое маскаля б'юць, што ўкраў, а за тое, што дрэнна схаваў.
- — Тату, тату! Лезе чорце ў хату! — Дарма! Абы не маскаль.
- Цыган падмане, а маскаль заб’е.
- Як ліцьвін шабляю блісьне, так маскаль у нагавіцы дрысьне.
Беларускія жарты
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Існуе вялікая колькасьць беларускіх жартаў, дзе прама ці ўскосна згадваецца маскаль.[10]
Забарона крычалкі «Хто ня скача, той маскаль!»
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У кастрычніку 2018 г. крычалка «Хто ня скача, той маскаль!», якая атрымала пэўную папулярнасьць пад уплывам украінскіх футбольных фанатаў пасьля расейска-ўкраінскай вайны, рашэньнем суда Цэнтральнага раёну Менска была прызнаная экстрэмісцкай, яе нанясеньне на візуальныя інфармацыйныя носьбіты, а таксама прайграваньне гукам і выкрыкваньне былі прызнаныя праявамі экстрэмізму[11].
Назва «москаль» ва Ўкраіне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У гэтым разьдзеле няма спасылак на якія-небудзь крыніцы.
|
Ва Ўкраіне слова «маскаль» таксама выкарыстоўваецца для азначэньня расейцаў, але ўжываецца разам зь іншай, уласнаўкраінскай назвай — каца́п (ад слова «как цап», у сэнсе «як казёл», маецца на ўвазе барадаты «як казёл»). Маскаль зафіксаваны і ва ўкраінскай народнай творчасьці ў якасьці героя разнастайных прыказак, прымавак, жартаў ды анэкдотаў.
Слова «маскаль» выкарыстоўваецца і ўкраінскімі пісьменьнікамі і паэтамі, такімі як Тарас Шаўчэнка, які ніколі ў сваёй творчасьці не называў расейцаў «рускімі» альбо «расіянамі», а толькі «маскоўцамі» альбо «маскалямі». У творах Тараса Шаўчэнка выраз — па-ўкраінску: «забрали в москалі» азначае «забралі служыць у войска» (на 25 гадоў).
У творах Нечуя-Лявіцкага ў маскалі таксама набіралі па ўкраінскіх сёлах як у войска на 5 гадоў. Вядома, мясцовае насельніцтва такіх не любіла. Але ў іх былі перавагі: яны і ўся іхняя сям’я былі вольнымі, не прыгоннымі. Праўда ў любы момант іх маглі зноў заклікаць у войска ў сувязі з паўстаньнямі або вайсковымі дзеяньнямі. Украінскіх дзяўчын, якія выйшлі замуж за «маскаля», у творах Нечуя-Лявіцкага звалі «маскоўкамі».
Разам з тым, вершы Шаўчэнкі па-ўкраінску: «Кохайтеся, чорнобриві, та не з москалями, бо москалі — чужі люде (варыянт: люди зліє), роблять лихо з вами.» (улюбляйцеся, чарнабровыя, але не ў маскалёў, яны чужыя людзі, робяць вам бяду)[12], хутчэй за ўсё, ставіцца да ўсіх расейцаў (хоць у дадзенай паэме расейцам, які спакусіў гераіню і які прынёс ёй бяду, быў менавіта салдат).
- Таксама пра маскалёў верш Шаўчэнкі:
Дніпро — брат мій висихає, мене покидає,
І могили мої милі москаль розриває.
Що він розкопує, не своє шукає?
Выраз «москаля везть» (Гогаль) азначае «хлусіць»[Крыніца?].
У папулярнай культуры
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У цэнтральнай і заходняй Украіне, асабліва пасьля «аранжавай рэвалюцыі» 2004 г., даволі папулярныя футболкі, суколкі, постэры і сувэніры расейскафобскага характару, утрымоўвальныя слова «маскаль».
Прыклады надпісаў (у перакладзе на беларускую):
- Дзякуй Табе, Божа, што я не маскаль — варыянт каляровай гамы ад аранжавага да жоўта-сіняга; малюнкі розныя. Зьявіўся ў канцы 1990-х гадоў.
- Не мачыся ў пад'езьдзе, аж ты не маскаль (2004).
- Маскальшчына не мінуе (2004).
- Маскалі мацюком не лаюцца. Яны на ім размаўляюць (2006).
- Мацюкі ператвараюць цябе ў маскаля (пачатак 2007).
- Маскаль, на Ўкраіну зубы ня шчэр (Маякоўскі).
- Уставай, Украіна, маскаль ужо гадзіну ня сьпіць (2000-я).
- Маскалюга варэнікаў хоча?.. — жаночая футболка (2000-я).
- Кахаеце, чарнабровых, але не маскалёў (2004, іншы варыянт 2007) — з рознымі малюнкамі, на адным зь якіх няшчасная шаўчэнкаўская Кацярына.
- Гэты «перасічны» («радавы», «звычайны», «сярэднестатыстычны») жыхар не разумее маскальскі дыялект украінскай мовы (пасьля 2005).
Назва «moskal» у Польшчы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У гэтым разьдзеле няма спасылак на якія-небудзь крыніцы.
|
Слова маскаль шырока ўжывалася польскімі сялянамі і выкарыстоўвалася ў традыцыйным сьвеце — маскалі выглядалі ў якасьці рабаўнікоў ды гвалтаўнікоў.
Шмат слова «маскаль» выкарыстоўваў і польска-беларускі паэт Адам Міцкевіч.
Арыгінальны тэкст «Мазуркі Дамброўскага» ўключаў у сябе дзьве дадатковыя строфы (у афіцыйным тэксьце дзяржаўнага гімна Польшчы яны адсутнічаюць):
Niemiec, Moskal nie osiędzie, | Не сяліцца [у краі нашым] ні немцу, ні маскалю, |
Gdy jąwszy pałasza | Калі, пад шатамі палашоў(?), |
Hasłem wszystkich zgoda będzie | Нашым заклікам стануць згода |
I Ojczyzna nasza | І Айчына наша |
Геаграфічныя назвы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Маскаленскі раён — адміністрацыйная адзінка на паўднёва-захадзе Омскай вобласьці Расеі.
- Маскаленкі/Маскалёнкі — некалькі населеных пунктаў у Беларусі, Расеі і Ўкраіне.
- Маскалёўка — вёска ў Нараўлянскім раёне Гомельскай вобласьці.
- Маскалёўка — гістарычная частка г. Харкава.
- Маскалёўцы — вёска ў Зьдзецельскім раёне Гарадзенскай вобласьці.
- Маскалёўшчына — некалькі населеных пунктаў у Беларусі і Ўкраіне.
- Маскалі — дзьве вёскі ў Беларусі.
- Маскалішкі — вёска ў Пастаўскім раёне Віцебскай вобласьці.
- Маскаль — горны хрыбет на Паўднёвым Урале.
- Маскальва — порт на Сахаліне.
- Маскаль — рака ў Дняпры.
- Маскальск — горад-крэпасьць.
- Маскаляняты — вёска ў Гарадоцкім раёне Віцебскай вобласьці.
Глядзіце таксама
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Іншыя значэньні
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Маскалямі або маскалікамі ва Ўкраіне называюць клапоў Pyrrhocoris apterus, афарбоўка чорная, пярэднесьпінка і надкрылы з чырвоным малюнкам. Заднія крылы, як правіла, адсутнічаюць, але сустракаюцца і выключэньні. Жыве калёніямі на зямлі, у падстаў ствалоў дрэў, смокча расьлінныя сокі, рэдка ежай служаць дробныя казуркі. У калёніях мае месца канібалізм. У Расеі яны маюць назву клоп-салдацік або чырвонаклоп звычайны.[13][14]
Таксама маскалямі ва Ўкраіне часам завуць звычайных хатніх прусаў. Такая традыцыя характэрная для большасьці славянскіх народаў (у расейцаў — прусак, у чэхаў — šváb, у палякаў — francuz) [15].
Прозьвішчы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Асобы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Генадзь Маскаль — украінскі палітык
- Маскаль (Ігар Маскаленка) — беларускі бубнач
- Робэрт Маскаль — украінскі каталіцкі герарх
Глядзіце таксама
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Глядзіце таксама
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ ЭСБМ. Т. 6. — Мн., 1990. С. 244.
- ^ Беларуска-расійскі слоўнік / Укладальнікі: М. Байкоў, С. Некрашэвіч. — Менск: Дзяржаўнае выдавецтва Беларусі, 1925. Факсімільнае выданьне: Менск: Народная асвета, 1993. ISBN 5-341-00918-5
- ^ Станкевіч Я. Беларуска-расійскі (Вялікалітоўска-расійскі) слоўнік. — Нью-Ёрк, 1989. С. 677.
- ^ ГСБМ. Вып. 18. — Мн.: Беларуская навука, 1999. С. 166—167.
- ^ У Беларусі высьвятлялі, ці зьяўляюцца абразамі словы «бульбаш», «маскаль», «лабус» і «жыд»(недаступная спасылка) (рас.) Newgrodno.by, 26 верасьня 2018 г.
- ^ Гістарычны слоўнік беларускай мовы. Вып. 18. Мн. «Беларуская навука» 1999. ISBN 985-08-0179-5
- ^ https://web.archive.org/web/20140120170043/http://www.gants-region.info/publ/pesnja_belaruskikh_zhawneraw_1794_goda_jak_gistarychnaja_i_kulturnaja_kashtownasc/3-1-0-239 «Песня беларускіх жаўнераў 1794 года» як гістарычная і культурная каштоўнасць
- ^ Сваякі
- ^ Товарищи и граждане!(недаступная спасылка)
- ^ О, брат, где же ты? Белорусы о родстве с русскими
- ^ В Беларуси запретили речовку «Хто не скача, той...» - Хартыя'97, 28 кастрычніка 2018 г.
- ^ Т. Г. Шаўчэнка, «Кацярына (паэма)»
- ^ Верхратський Іван. Початки до уложення номенклатури і термінології природописної, народної. — Т. 1. — Львів, 1864. — С. 7.
- ^ Словар української мови / Упорядкував з додатком власного матеріалу Борис Грінченко. — Т. 2. — К., 1908. — С. 447.
- ^ Мовний та культурний портрет реалій. Таргани
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Беларускі фальклор. Выдавецтва «Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі», 2006, ISBN 985-11-0366-7 (Т. 2)
- Гістарычны слоўнік беларускай мовы. Вып. 18. Мн. «Беларуская навука» 1999. ISBN 985-08-0179-5
- А. Цьвікевіч. Западно-руссизм. Нарысы з гісторыі грамадзкай мысьлі на Беларусі ў ХІХ ст. і пачатку ХХ стг. Менск, 1929
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- У Беларусі высьвятлялі, ці зьяўляюцца абразамі словы «бульбаш», «маскаль», «лабус» і «жыд»(недаступная спасылка) (рас.) - Newgrodno.by, 26 верасьня 2018 г.