Марш свабоды

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Марш свабоды
Марш Свободы
Марш Свободы
Дата17 кастрычніка 1999 (20 гадоў таму)
МесцаМенск
ПрычыныМарш супраць інтэграцыі з Расеяй у падтрымку Незалежнасьці
МэтыСупыніць працэс інтэграцыі з Расеяй
ВынікМасавыя сутычкі з міліцыяй, разгон дэманстантаў. Часовае супыненьне працэсу інтэграцыі
Удзельнікі канфлікту
Дзяржаўны сьцяг Беларусі Беларускія ўлады
Сьцяг Беларусі Аб’яднаная апазыцыя
Ключавыя асобы
Сілы бакоў
служачыя МУС
дэманстранты
Колькасьць
да 5000
да 40 000
Страты
Параненыякаля 50 міліцыянтаў
Арыштаваныякаля 100 дэманстрантаў

Марш свабо́ды — шэсьце, якое зладзіла беларуская апазыцыя 17 кастрычніка 1999 году ў Менску. Мерапрыемства скончылася масавымі сутыкненьнямі дэманстрантаў зь міліцыянтамі і салдатамі ўнутраных войскаў і шматлікімі арыштамі. У розныя моманты шэсьця колькасьць удзельнікаў вагалася ад 20 да 40 тысячаў чалавек.

Кроніка падзей[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Перадумовы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1999 годзе паўстала пытаньне страты незалежнасьці Беларусі. Слабы і хворы Ельцын у Маскве шукаў сабе замену, і ў Менску ў кулюарах усур’ёз абмяркоўвалі аб’яднаньне краінаў і перайманьне ў Крамлі ўлады[1].

Беларуская апазыцыя вырашыла правесьці шэсьце ў падтрымку незалежнасьці. Ініцыятыва правядзеньня Маршу належала так званай «новай хвалі» лідэраў апазыцыі: Лябедзьку, Статкевічу, Вячорку, Данэйку, Бандарэнку ды іншым[1].

Менскі гарвыканкам правядзеньне шэсьця ад плошчы Якуба Коласа да плошчы Незалежнасьці забараніў, дазволіўшы правесьці толькі мітынг на плошчы Бангалор, нягледзячы на тое, што кіраўнік КНГ АБСЭ спадар Ганс-Георг Вік зьвярнуўся ў гарвыканкам з просьбай дазволіць правядзеньне мітынгу на плошчы Незалежнасьці[2].

Пачатак шэсьця[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Удзельнікі Маршу зьбіраліся на плошчы Якуба Коласа. Акцыя пачалася з таго, што на плошчы Якуба Коласа амапаўцы забралі ў людзей чорнага казла. На ім было напісана «лукашэнка», і яго вялі наперадзе калёны[3].

А 13-й гадзіне адсюль у напрамку плошчы Бангалор рушыла калёна з 5—7 тысячаў чалавек. Міліцыянтаў на іх шляху было мала. Да калёны пачалі далучацца людзі. У кароткім мітынгу на плошчы Бангалор ужо ўдзельнічала каля 20 тысячаў чалавек. З плошчы Бангалор калёна дэманстрантаў накіравалася ў бок плошчы Незалежнасьці, каб занесьці туды 25-мэтровыя бел-чырвона-белыя сьцягі і сіня-зорны сьцяг Эўразьвязу. Лік удзельнікаў шэсьця ўвесь час рос, і да праспэкту Скарыны падыходзіла ўжо калёна з 30 тысячаў чалавек. Дэманстранты паводзілі сябе прыстойна, спакойна, паварочваючы па прапанове міліцэйскіх кардонаў і не ўступаючы зь імі ў канфлікт. Так, міліцыянты не пусьцілі дэманстрантаў ў бок плошчы Перамогі, а скіравалі на вуліцу Казлова і далей на Першамайскую.

На вуліцы Зьмітрака Бядулі адбылася самая буйная правакацыя таго дня: нехта кінуў у пад’езд, дзе месьціцца 34-е паштовае аддзяленьне, пэтарду, і пошта загарэлася. Мужчыны з калёны кінуліся ў агонь і загасілі яго, хаця самі атрымалі апёкі[3].

Наступны кардон амапаўцаў прычакаў шэсьце на рагу Фрунзэ й Першамайскай. Амапаўцаў было толькі пара дзясяткаў. Іх зьмялі і зьбілі. Шлёмы ж павыкідалі за плот холадакамбінату. Адзін з амапаўцаў, якому ў кароткай сутычцы разьбілі галаву, страціў прытомнасьць, і яму дэманстранты аказалі першую дапамогу, пасьля чаго таго на руках зьнесьлі калегі[3].

Вуліца Першамайская на схіле была перакрытая пустымі УАЗікамі, але людзі не перакульвалі іх, як у 1996 годзе.

Людзей спыніў толькі трайны кардон АМАПу пры мосьце церазь Сьвіслач на Першамайскай. Паводле словаў камэнтатараў Беларускага тэлебачаньня, Лукашэнка ўвесь час назіраў за разгортваньнем падзеяў у цэнтры Менску і ў тры гадзіны дня аддаў загад спыніць рух калёны[2].

Сутычкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Уздоўж вуліцы Янкі Купалы, у двары Дзяржцырку, у дварах бліжэйшых дамоў было сканцэнтравана да пяці тысячаў міліцыянтаў і службоўцаў унутраных войскаў. Мірнае шэсьце падышло да кардону, што быў выстаўлены на мосьце празь Сьвіслач. Дэманстранты падышлі да міліцэйскага кардону на мосьце і спыніліся. Людзі пастаялі, пакрычалі міліцыянтам. Пасьля 15-хвілінных перамоваў з амапаўцамі Мікола Статкевіч заклікаў дэманстрантаў вярнуцца на плошчу Якуба Коласа[3]. Калю людзі сталі адыходзіць, шчыты рассунуліся, і адтуль выскачылі АМАПаўцы ды пачалі зьбіваць, хапаць і цягнуць дэманстрантаў. Людзі пачалі адбівацца. Спачатку дрэўкамі ад сьцягоў, а потым камянямі. На месцы падзей якраз адбываліся дарожныя работы і ляжала шмат дарожнай пліткі. Пачалася жорсткая сутычка, якая цягнулася каля 40 хвілінаў[2].

Дэманстранты, адбіўшы першыя атакі, спрабавалі разагнаць у бок шыхтоў АМАПу трамвай, але важаты не пусьціў іх да стырна. У адказ міліцыянты кінулі ў бок дэманстрантаў сьлезацечныя шашкі, але паўночны вецер панёс дым назад на іх[3].

У выніку сутыкненьня зьявіліся першыя параненыя з абодвух бакоў. Удзельнікі шэсьця адбілі тры «атакі» міліцыянтаў. Большасьць дэманстрантаў сталі разьбягацца. Пачаўся хапун. Затрыманых моцна зьбівалі ў аўтазаках[3][4].

Спэцслужбы высадзілі дзьверы кватэры Статкевіча й арыштавалі яго. Была затрыманая і дэпутатка расейскай Дзярждумы ад сацыял-дэмакратаў Вольга Беклямішава. Лідэры апазыцыі нейкі час хаваліся. Супрацоўніка газэты «Навінкі» Міколу Салаўя схапілі ўжо каля ўнівэрмага «Беларусь» і моцна зьбілі (ён усё шэсьце ішоў у белым халаце санітара, прадаючы сваё выданьне)[3].

Праз год супрацоўнік МУС лейтэнант Батурын папросіць палітычнага прытулку ў ЗША. Ён раскажа, што ўлада адмыслова рыхтавала правакатараў у цывільным да Маршу Свабоды, каб дыскрэдытаваць апазыцыю. Маўляў, ён і сам быў сярод тых, хто падбухторваў беспарадкі. Менавіта гэтыя шпегі падпалілі пошту на вуліцы Зьмітрака Бядулі па шляху шэсьця. У меркаванае месца сутыкненьняў дэманстрантаў зь сіламі спэцпрызначэньня загадзя даставілі паддоны з тратуарнай пліткай, а іншыя шляхі для руху калёны былі перакрытыя[1].

Вынікі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паводле папярэдніх зьвестак, у выніку сутыкненьняў пацярпела больш за 50 міліцыянтаў і салдатаў, арыштавана больш за 100 удзельнікаў «Маршу Свабоды»[2]. Пазьней у Менску адбылося яшчэ некалькі Маршаў Свабоды: — «Марш Свабоды-2» 15 сакавіка 2000 году, на які прыйшло 40 тысячаў удзельнікаў, «Марш Свабоды-3» адбыўся 1 кастрычніка 2000 году і сабраў каля 15 тысячаў. Пасьля ў 2007 годзе быў заяўлены «Эўрапейскі марш».

Разгон Маршу астудзіў гарачыя галовы. Такіх сьмелых дэманстрацыяў больш не было аж да Плошчы 2006 году. Але пасьля Маршу скачком вырасьлі продажы незалежных газэтаў. Адбылася палітызацыя моладзі, якая пачала далучацца да апазыцыі[1].

Улады вымушаныя былі лічыцца з настроямі менскай вуліцы і студэнцкіх інтэрнатаў. Час зацягнуўся, і нарэшце ў Маскве на паверхню вынырнуў Пуцін. Пагроза незалежнасьці Беларусі часова мінула[1].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]