Навінкі (газэта)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Навінкі
Тып нерэгулярна
Заснаваная 1998
Мова беларуская
Наклад 299

«Наві́нкі» — беларуская палітыка-сатырычная газэта.

Заснаваная напачатку 1998 актывістамі анархічнай групоўкі «Чырвоны Жонд».

Стылістыка — жорсткі трэшавы сьцёб з палітычных рэаліяў, кліпавы мантаж, палітычная карыкатура на грані непрыстойнасьці, максымальна ангажаваная падача навінаў, сатырычныя коміксы, палітычныя і культуралягічныя правакацыі. За правобраз газэты была ўзятая газэта «Навіны», назва і лягатып якой былі нязначна зьмененыя такім чынам, што новая назва супала з распаўсюджанай назвай рэспубліканскай клінічнай псыхіятрычнай бальніцы «Навінкі», якая знаходзіцца ў аднайменным пасёлку пад Менскам.

Канцэпцыя — сплаў традыцыяў польскай «Nie!», «Памаранчовай альтэрнатывы», францускай Charlie Hebdo, савецкага «Кракадылу» ў мэтах вынаходніцтва новага беларускага контаркультурнага дыскурсу.

Люты 1998 — студзень 1999 — выходзіць штомесяц накладам 299 асобнікаў, на правах самвыдату чорна-белым друкам. Фармат А4. Зь лютага 1999 афіцыйна зарэгістраваная, пераходзіць на фармат А3, двухкаляровы друк. Зь сярэдзіны 2001 году ў газэце зьяўляецца аналітычная ўкладка, прысьвечаная міжнароднай палітыцы, беларускім сацыяльным праблемам. У траўні 2003 году выхад газэты прыпынены на тры месяцы пасьля двух запар папярэджаньняў міністэрства інфармацыі РБ «за парушэньне маральных нормаў грамадзтва» і «абразу прэзыдэнта». Пасьля заканчэньня тэрміну прыпыненьня выхаду заключыць дамову на выданьне не атрымалася з аніводнай беларускай друкарняй. З канца 2003 году выходзіць нерэгулярна накладам 299 асобнікаў у фармаце глянцавага каляровага часопісу.

Пад дахам рэдакцыі «Навінак» створаныя дадатковыя культурныя праекты, у тым ліку «Навінкі Home Video», на рахунку якога — поўнамэтражная палітычная камэдыя «Случай з пацаном» (2001), «Александрыя Шклоўская» (2004) — «гоблін-рымэйк» брэндавай «Анастасыі Слуцкай», а таксама відэакомікс «Гудбай, Бацька!» (2006) — кавэр-вэрсія нямецкай мастацкай стужкі «Гудбай, Ленін!» (быў прэзэнтаваны 26 траўня).

Пры ўдзеле рэдакцыі зарганізаваныя рок-фэсты «Раздавім фашысцкую гадзіну!» і «Рок-гільятына» (2001), а таксама Беларускі Сацыяльны Форум (2004).

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]