Перайсьці да зьместу

Вальтэр Гропіюс

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Вальтэр Гропіюс
Фатаздымак 1919 году
Дата нараджэньня 18 траўня 1883
Месца нараджэньня Бэрлін, Нямецкая імпэрыя
Дата сьмерці 5 ліпеня 1969 (86 гадоў)
Месца сьмерці Кембрыдж, Масачусэтс, ЗША
Месца пахаваньня
Занятак архітэктура
Навуковая сфэра архітэктура
Месца працы
Сябра ў Нямецкі Веркбунд[d], Міжнародны кангрэс сучаснай архітэктуры[d], Каралеўская акадэмія мастацтваў, Амэрыканская акадэмія мастацтваў і навук[d], Нацыянальная акадэмія прыгожых мастацтваў Аргенціны[d] і Амэрыканская акадэмія мастацтваў і літаратуры[d]
Плынь Баўгаўс[d] і міжнародны стыль[d]
Узнагароды

Вальтэр Адольф Георг Гропіюс (па-нямецку: Walter Adolph Georg Gropius; 18 траўня 1883, Бэрлін, Нямецкая імпэрыя5 ліпеня 1969, Кембрыдж, Масачусэтс, ЗША) — нямецкі архітэктар, заснавальнік Баўгаўсу. Творчае крэда: «Кожны прадмет павінен да канца адказваць сваёй мэце, гэта значыць выконваць свае практычныя функцыі, быць зручным, танным і прыгожым».

Вальтэр ёсьць сваяком архітэктара Мартына Гропіюса. Ягонымі бацькамі былі Вальтэр Гропіюс, які ў свой час быў патаемным дарадцам па пытаньнях будаўніцтва ў Нямецкай імпэрыі, і Манан Гропіюс, народжаная Шарнвэбэр. У 1903 годзе ён паступіў на навучаньне на архітэктара ў Мюнхэнскі тэхнічны ўнівэрсытэт, а пазьней працягнуў навучаньне ў Бэрлінскім тэхнічным унівэрсытэце[2].

Будынак заводу «Фагус»

У 1907 годзе Гропіюс прыступіў да працы ў майстэрні Пэтэра Бэрэнса, дзе разам зь ім працавалі й іншыя вядомыя архітэктары, як то Людвіг Міс ван дэр Роэ й Лё Карбюзье. У 1910 годзе пасьля трох гадоў працы з Бэрэнсам, Гропіюс пачаў самастойную дзейнасьць у якасьці дызайнэра й архітэктара. Як дызайнэр ён спраектаваў нутранае абсталяваньне, шпалеры, сэрыйную мэблю, аўтакузавы й цеплавоз. Ягонай першай значнай архітэктурнай працай стаў будынак абутковай фабрыкі Фагус у Альфэльд-на-Ляйнэ, якую ён спраектаваў разам з Адольфам Мэерам. Гэты фабрычны будынак можа лічыцца адпраўным пунктам у ягонай далейшай дзейнасьці па разьвіцьці архітэктуры з шкла й сталі, пазьней названай «архітэктурай мадэрнізму», а ў 1920-я гады аб’ядноўвалася пад агульнымі панятамі «Новага будаўніцтва» й «Новая рэчыўнасьці».

Дзеля ўдзелу ў выстаўцы Нямецкага зьвязу рамесных прадпрыемстваў, якая праходзіла ў 1914 годзе ў Кёльне, Гропіюс з Мэерам разам збудавалі «Узорную фабрыку» (ням. Musterfabrik), якая пазьней таксама вырабіла значны ўплыў на сучасную архітэктуру. Асаблівасьцю гэтага будынка зьяўляюцца акруглыя зашклёныя вежы лесьвіцаў, якія пазьней, у 1920-х гадох, сталі папулярным мастацкім элемэнтам у Эрыха Мэндэльзона ў ягоных унівэрсальных магазынах. Доўгія гады Гропіюса злучалі сяброўскія адносіны з Фэліксам Аўэрбахам, прафэсарам фізыкі ў Енскім унівэрсытэце, дзе ён спраектаваў і пабудаваў для Аўэрбахаў жылы дом.

Пасьля Першай сусьветнай вайны Гропіюс стаўся заснавальнікам «Баўгаўса». Школа Баўгаўс (Дзяржаўны дом будаўніцтва) была ўтворана ў Ваймары ў 1919 годзе ў выніку аб’яднаньня Саксонска-Ваймарскай вышэйшай школы выяўленчых мастацтваў і заснаванай Анры Ван дэ Вэльдэ Саксонска-Ваймарскай школы прыкладнога мастацтва. Зьяўляючыся ініцыятарам стварэньня новай навучальнай установы, на пасаду кіраўніка Ван дэ Вэльдэ прапанаваў кандыдатуру маладога бэрлінскага архітэктара Вальтэра Гропіюса. Гропіюс займаў пасаду дырэктара спачатку ў Ваймары да 1926 году й пасьля гэтага ў Дэсаў. У 1928 годзе ён перадаў пост швайцарскаму горадабудаўніку Маеру, які быў адпраўлены ў адстаўку па палітычных прычынах у 1930 годзе. Людвіг Міс ван дэр Роэ кіраваў Баўгаўсам аж да ягонага закрыцьця ў 1933 годзе.

З 1926 году Гропіюс інтэнсіўна займаўся жыльлёвым масавым будаўніцтвам, рашэньнем горадабудаўнічых і сацыяльных праблемаў, выступаў за рацыяналізацыю будаўніцтва. Ён выконваў шматлікія праекты жылых дамоў: паселішча Дэсаў-Тэртэн (у 1926—1931 гады), Дамершток (у 1928—1929 гады), жылы квартал у бэрлінскім раёне Зымэнсштат (1929—1930 гады) і праекце «Берагавая забудова возера Ванзэ» ў Бэрліне (1930—1931 гады).

Амэрыканскі пэрыяд

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1934 годзе пасьля нападак нацыянал-сацыялістаў на Баўгаўс, якія звалі яго «царквой марксізму», Гропіюс эміграваў спрачатку ў Ангельшчыну, а ў 1937 годзе пераехаў у Кембрыдж у ЗША, дзе працаваў прафэсарам архітэктуры ў «Graduate School of Design» Гарўардзкага ўнівэрсытэту.

Жылы дом у Ганзе, 1950-я

У 1946 годзе Гропіюс засноўваў групу «The Architects Collaborative, Inc.» (TAC). Вынік працы гэтай групы — Адукацыйны цэнтар Гарўардзкага ўнівэрсытэту ў Кембрыджы. Сярод гарўардзкіх вучняў Гропіюса — пладавіты Еа Міні Пі. У апошнія гады жыцьця Гропіюс вярнуўся ў Бэрлін, дзе спраектаваў дзевяціпавярховы жылы квартал у раёне Ганзы ў 1957 годзе ў рамках будаўнічай выставы «Інтэрбаў» (па-нямецку: Interbau). Увагнуты паўднёвы фасад і адкрыты першы паверх лічыцца тыповым прыкладам гэтак званага позьняга мадэрну. У 1963 годзе Гропіюс стаў ганаровым доктарам Свабоднага ўнівэрсытэту Бэрліна. Памёр 5 ліпеня 1969 году ў ЗША.

  1. ^ https://blackmountaincollegeproject.org/Biographies/GROPIUS%20walter%20BIO/GROPIUS%20walter%20BIO.htm
  2. ^ У разьдзеле «Асноўныя даты жыцьцё й творчасьці В. Гропіюса», у кнізе «В. Гропиус. Границы архитектуры. — М.: Искусство, 1971», пазначана іншая пасьлядоўнасьць навучаньня Гропіюса: 1903—1904 — Бэрлін, 1904—1907 — Мюнхэн.
  • Вальтер Гропиус. Границы архитектуры (серия: Проблемы материально-художественной культуры). — под ред. В.И.Тасалова. — М.: Искусство, 1971. — 286 с.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вальтэр Гропіюссховішча мультымэдыйных матэрыялаў