Перайсьці да зьместу

Фрэнк Лойд Райт

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Фрэнк Лойд Райт
Імя пры нараджэньні Frank Lincoln Wright
Дата нараджэньня 8 чэрвеня 1867
Месца нараджэньня Рычланд-Сэнтар, Вісконсін, ЗША
Дата сьмерці 9 красавіка 1959 (91 год)
Месца сьмерці Фінікс, Арызона, ЗША
Прычына сьмерці ускладненьне пры хірургічнай апэрацыі[d]
Месца пахаваньня
Месца вучобы
Занятак архітэктура
Навуковая сфэра архітэктура і studio glass[d][2]
Месца працы
Сябра ў Амэрыканская акадэмія мастацтваў і літаратуры[d]
Плынь мадэрн
Працы Робі-Гаўс, Фолінгўотэр, Джонсан-Ўокс-Білдынг, Музэй Гугенгайма, Ўэсткот-Гаўс
Узнагароды
Подпіс Выява аўтографу

Фрэнк Лойд Райт (па-ангельску: Frank Lloyd Wright; 8 чэрвеня 1867, Рычланд-Сэнтар, штат Вісконсін — 9 красавіка 1959, Фінікс, штат Арызона) — амэрыканскі архітэктар, напрамку мадэрн, адзін з найвыбітнейшых архітэктараў ХХ стагодзьдзя. Аркамя таго, Фрэнк Лойд лічыцца дызайнэрам інтэр’ераў, пісьменьнікам і пэдагогам, творчы пэрыяд якога налічваў больш за 70 гадоў. За гэты час Райт спраектаваў больш за тысячу структураў, зь якіх 532 былі пабудаваны.

Райт чэрпаў натхненьне з прыроды, да сваіх працаў ужываў пераважна прыродныя будаўнічыя матэрыялы. І нягледзячы на тое, што ягоную творчасьць адносяць да стылю мадэрн, ён сам сябе зь ім не асацыяваў і не падзяляў захапленьня функцыянальнасьці архітэктурнага мастацтва, яго можна назваць прадвесьнікам арганічнай архітэктуры, ці архітэктуры цесна зьвязанай з прыродай. Такую філязофію ён найлепш увасобіў у створаным у 1935 годзе доме «Фолінгўотэр», які быў названы лепшай працай усіх часоў амэрыканскай архітэктуры[3]. Зьяўляючыся па сутнасьці заснавальнікам арганічнай архітэктуры, Райт згуляў ключавую ролю ў архітэктурных рухах ХХ стагодзьдзя, ён паўплываў на тры пакаленьні архітэктараў па ўсім сьвеце праз свае працы[4]. Ягоныя пабудовы характарызуюцца прастатой стылю і функцыянальнасьці, зьвязанай з навакольлем, але ён не адмаўляўся і ад манумэнтальных формаў, як прыклад «Civic Center» у Марын Каўнці, Каліфорнія.

Акрамя сваіх дамоў, Райт распрацаваў арыгінальныя і наватарскія офісы, цэрквы, школы, хмарачосы, гатэлі, музэі і іншыя будынкі. Ён часта распрацоўваў элемэнты інтэр’еру для гэтых будынкаў, а таксама мэблю і вітражы. Райт напісаў 20 кнігаў і шмат артыкулаў і быў папулярным выкладчыкам, выступаючы ў ЗША і Эўропе. У 1991 голдзе Фрэнк Лойд Райт быў прызнаны Амэрыканскім інстытутам архітэктараў найвыбітным амэрыканскім архітэктарам усіх часоў і народаў[3]. У 2019 годзе шэраг ягоных працаў быў занесены у сьпіс Сусьветнай спадчыны ЮНЭСКО.

Выхаваны ў сельскай мясцовасьці штату Вісконсін, Райт навучаўся будаўніцтву ў Вісконсінскім унівэрсытэце ў Мэдысане, а затым у Чыкага быў вучнем архітэктараў Джозэфа Лімана Сылзьбі і Луіса Салівана. Ён адкрыў уласную пасьпяховую практыку ў Чыкага ў 1893 годзе, пабудаваўшы дом і студыю ў Оўк-Парку, штат Іліной. Райт меў даволі насычанае асабістае жыцьцё. Ён пакінуў сваю першую жонку Кэнтрын Лі Тобін разам зь дзецьмі, каб сустракацца з Мамай Бортўік, якую потым нечакана забілі ў маёнтку Райта ў 1914 годзе. Затым Райт абраўся шлюбам з другой жонкай Мірыям Ноэл, аднак меў адносіны з Альгіванай Лазавіч, якая пазьней стала ягонай трэцяй жонкай у 1928 годзе.

Райт нарадзіўся 8 чэрвеня 1867 году у невялічкім мястэчку ў сям’і Ўільяма Расэла Райта, настаўніка музыкі і царкоўнага дзеяча і Ганны Лойд Райт, настаўніцы зь вядомай у Вісконсіне сям’і Лойдаў, продкі якіх перасяліліся ў ЗША з Ўэйлзу. Адным з братоў Ганны быў Джэнкін Лойд Джонз, важная постасьць у распаўсюдзе ўнітарыянства на Сярэднім Захадзе. Вядома, што ахрышчаны ён быў як Фрэнка Лінкальн Райт. Паводле аўтабіяграфіі Райт, ягоная маці спрыяла каб у Фрэнка разьвівался цяга да архітэктуры з маленства. Гэтак яна разьвешвала ў дзіцячым пакоі гравюры ангельскіх сабораў, вырваных з пэрыядычных выданьняў, каб стымуляваць дзіцячы інтарэс[5]. У 1870 годзе сям’я пераехала ўва Ўэймут, штат Масачусэтс, дзе Ўільям нёс царкоўную службу для невялікай групы парафіянінаў.

У 1876 годзе Ганна наведала Стогадовую выставу ў Філадэлфіі, дзе пабачыла экспанат з адукацыйных блёкаў, то бок канструктар, распрацаваны Фрыдрыхам Фрэбэлем. Блёкі, вядомыя як «кіндэргартэн», сталі асновай ягонай наватарскай праграмай для дзіцячага разьвіцьця. Ганна, падрыхтаваная настаўніца, была ўсхваляваная праграмай і набыла набор, зь якім малы Райт праводзіў шмат часу, гуляючы з блёкамі. У Ўэймуце сям’я пакутвала на недахор фінансаў, таму было прынятае рашэньне вярнуцца назад у Спрынг-Грын, дзе сваякі маці змаглі бы дапамагчы Ўільяму з працай. Сям’я пасялілася ў Мэдысане, дзе Ўільям выкладаў урокі музыкі і займаў пасаду сакратара новастворанага ўнітарыянскага таварыства. Не зважаючы на тое, што Ўільям амаль не займаўся дзецьмі, ён здолеў выхаваць у дзецях любоў да музыкі, асабліва да твораў Ёгана Сэбастыяна Баха.

Бацькі Райта разышліся ў 1885 годзе, па прычыне таго, што бацька ня мог зарабляць дастаткова грошай на ўтрыманьне сям’і. Фрэнку давялося прыняць на сябе цяжар фінансавай адказнасьці за маці і дзьвюх сёстраў. Райт ня мог наведваць школу і вучыўся дома. Ўільям жа пакінуў Вісконсін пасьля роспусту ў 1885 годзе. Як потым сьцьвярджаў Райт, ён больш ніколі ня бачыў бацьку[6].

Дом «Фолінгўотэр».

У 1885 годзе ён паступіў вучыцца на інжынэрны факультэт у Дзяржаўны ўнівэрсытэт Вісконсіну ў Мэдысане, быў удзельнікам студэнцкага брацтва Phi Delta Theta. Ён кінуў навучаньне ў 1887 годзе, аднак змог атрымаць дыплём у 1889 годзе. Райт пераехаў у Чыкага ў пошуках працы. На той момант Чыкага істотна пацярпеў у выніку разбуральнага Вялікага чыкагаўскага пажару 1871 году. Улічваючы яшчэ той факт, што ў гэты час назіраўся бум росту насельніцтва гораду, працы для архітэктара было шмат. Пазьней Райт узгадаў, што на той час ягоныя першыя ўражаньні ад Чыкага былі вельмі кепскімі. Ён убачыў змрочныя кварталы, шматлюдныя вуліцы і расчаравальную архітэктуру. Празь некалькі дзён і інтэрвію зь некалькімі вядомымі фірмамі ён быў наняты на працу рысавальнікам у архітэктурнае бюро Джозэфа Лімана Сылзьбі[7]. Да гэтага Райт ужо супрацоўнічаў з Сылзьбі, калі той быў акрэдытаваным як гадоўны рысавальнік і кіраўніком будаўніцтва ўнітарыянскай капліцы ў 1886 годзе, якая будавалася ў Спрынг-Грыне па замове сваякоў Райта[8]. Працуючы ў бюол, Райт яшчэ знаходзіў час каб працаваць над сямейнымі праектамі, як то Царквы Ўсіх Душаў у Чыкага па замове свайго дзядзькі Джэнкіна Лойда Джонза і Хатняй школы Гілсайд у Спрынг-Грыне па замове дзьвюх сваіх цётак[9]. Іншыя малявальнікі, якія працавалі на Сылзьбі ў 1887 годзе, уключалі ў свой шэраг будучых вядомых архітэктараў як то Сэсыл Корўін, Джордж Вашынгтон Магэр і Джордж Грант Элмсьлі. Райт хутка пасябраваў з Корўінам, і нейкі час жыў у яго пакуль не знайшоў сабе дом.

Адчуваючы, што яму надастаткова плоцяць за якасьць працы ў Сылзьбі, то бок 8 даляраў у тыдзень, малады малявальнік кінуў працу і знайшоў працу дызайнэра ў бюро «Beers, Clay and Dutton». Аднак Райт неўзабаве зразумеў, што яшчэ не гатовы сам справіцца з праектаваньнем будынкаў, таму ў хуткім часе зволіўся зь бюро і вярнуўся да Джозэфа Сылзьбі, на гэты раз з павышэньнем заробку[10]. Не зважаючы на тое, што Сылзьбі прытрымліваўся ў асноўным віктарыянскай архітэктуры і архітэктуры эпохі Адраджэньня, Райт лічыў, што ягоныя працы зьяўляюцца больш вытанчана маляўнічымі ў параўнаньні з тым што стваралася навокал[11]. Райт імкнуўся да больш прагрэсіўнай працы.

Райт даведаўся, што бюро «Adler and Sullivan» у Чыкага шукала кагосьці, каб зрабіць гатовыя малюнкі для інтэр’еру будынку Аўдыторыюм-Білдынг[12]. Райт прадэманстраваў у бюро, што ён быў ужо дасьведчаным у дэкаратыўным дызайне, таму пасьля двух кароткіх інтэрвію быў афіцыйна ўладкаваўся ў бюро як вучань[13]. Райт, аднак, ня здолеў ужыцца зь іншымі супрацоўнікамі Салівана. Пазьней, ён узгадваў, што ў першыя гады навучаньня паміж імі адбылося некалькі жорсткіх сварак. Саліван узяў Райта пад сваё апякунства і ўсклаў на яго вялікую дызайнэрскую адказнасьць. Як акт павагі, Райт пазьней называў Салівана Lieber Meister, што зь нямецкага перакладаецца яе «дарагі майстар»[14]. Райт таксама пабудаваў добрыя статуснкі з Полам Мюлерам. Пазьней Райт займаўся зь Мюлерам будаўніцтвам некалькіх грамадзкіх і камэрцыйных будынкаў паміж 1903 і 1923 гадамі[15].

Дом Райта ў Оўк-Парку.

1 чэрвеня 1889 году Райт ажаніўся з сваёй першай жонкай Кэтрын Лі Тобін. Яны пазнаёміліся за год да таго падчас мерапрыемстваў у царкве Ўсіх Душаў. Саліван зрабіў свой унёсак для спрыяньня фінансавага становішча маладзёнаў, прапанаваўшы Райту пяцігадовы працоўны кантракт. Райт, аднак, запытаў яшчэ ў Салівана пазычыць яму дастаткова грошай, каб пабудаваць свой уласны маленькі дом. У адказ Саліван даў у пазыку 5 тысяч даляраў на будаўніцтва дому ў Оўк-Парку ў прадмесьце Чыкага[16]. На купленым вучастку знаходзіўся дом у гатычным стыле, які Райт перадаў сваёй маці, а побач пабудаваў дом для сябе[17]. Да 1890 году Райт меў кабінет побач з Саліванам, які ён дзяліў зь сябрам і рысавальнікам Джорджам Элмсьлі, якога Саліван наняў на просьбу Райта[15][18]. З 1890 году Райт стаўся галоўным рысавальнікам у бюро і выконваў усю праектную працу ў фірме. Не зважаючы на пазыку ад Салівана і заработную плату за звыштэрміновую працу, Райт увесь час адчуваў недахоп сродкаў. Ён прызнаваўся, што ягоныя праблемы зь фінансамі, верагодна, былі зьвязаныя зь ягоным дарагім густам у гардэробе і аўтамабілях, а таксама дадатковай раскошы, якую ён стварыў у сваім доме. Каб павялічыць прыбытак і згасіць пазыку, Райт пачаў браць асабістыя замовы ў абыход бюро, працуючы па меншай меры над дзевяцю дамамі. Гэтыя дамы былі кансэрватыўна распрацаваныя ў варыяцыях модных стыляў каралевы Ганны і нэакаляніяльнага адраджэньня. Тым ня менш, у адрозьненьне ад архітэктуры, якая склалася на той пэрыяд, кожны дом падкрэсьліваў простыя геамэтрычныя формы і ўтрымліваў такія рысы, як шэрагі гарызантальных вокнаў і адкрытыя паверхі, якія сталіся адметнымі рысамі ягоных наступных працаў. Празь сем гадоў ён кінуў працу ў фірме, і адчыніў уласную студыю ў Чыкага. Да 1901 году ён меў ужо каля 50 скончаных уласных праектаў.

Музэй Гугенгайма.

У 1901—1911 гадах Райт праектаваў дамы ў стылі прэрыяў (анг. Prairie Houses), якія атрымалі такую назву дзякуючы таму, што іх выгляд мелі значны ўплыў навакольлі Чыкага. Акрамя таго, Райт надаваў значную ўвагу стварэньню канцэпцыі «адчыненага пляну» для ўнутраных памяшканьняў гэтых дамоў. Дамы ў стылі прэрыяў часта маюць спалучэньне наступных асаблівасьцей, то бок гэта звычайна адна- або двухпавярховы дом з аднапавярховай праекцыяй, які мае адчынены плян другога паверху, нізкі дах з шырокімі вісячымі карнізамі, гарызантальнымі лініямі, шэрагам вокнаў, вялікім цэнтральным камінам, убудаванай стылізаванай шафай. У будаўніцтве такіх дамоў шырока выкарыстоўваліся прыродных матэрыялы, асабліва каменьне і дрэва[19].

У 1903 годзе, пакуль Райт праектаваў дом для свайго суседа Эдўіна Чэйні, ён захапіўся ягонай жонкай Мамай. Мама Бортўік Чэйні была сучаснай жанчынай з інтарэсамі па-за домам. Яна была раньняй фэміністкай, і Райт разглядаў яе як інтэлектуальнага роўнага суразмоўнікам. Іхныя адносіны мелі характар размоваў пра горад, і яны часьцяком разам езьдзілі на аўтамабіле Райта па Оўк-Парку. У 1909 годзе Райт і Мама Чэйні сустрэліся ў Эўропе, пакінуўшы сваіх мужа, жонку і дзяцей. Райт прабыў у Эўропе амаль год, спачатку ў Флярэнцыі, дзе жыў ягоны старэйшы сым, а потым у Ф’езоле, дзе жыў разам з Мамай. За гэты час Эдўін Чэйні дазволіў Маме правесьці роспуст зь ім, у той час як жонка Райта Кэтрын не давала згоду на афіцыйны разрыў. Пасьля таго, як Райт вярнуўся ў ЗША ў кастрычніку 1910 года, ён угаварыў сваю маці набыць яму вучастак у Спрынг-Грыне, штат Вісконсін. Зямля, набытая 10 красавіка 1911 году, месьцілася ля вучастку, якую мелі ва ўласнасьці ягоныя сваякі Лойд Джонзы. У 1911 годзе на набытым кавалку зямлі Райт спраектаваў уласны дом-студыю, так званы Таліесын (ад імя ўэйлзкага паэта VI стагодзьдзя), у навакольлі Спрынг-Грын (штат Вісконсін). У новым маёнтку ён пачаў жыць разам з Мамай Бортўік. Гэты комплекс паводле пляну меў выгляд літары «L», адзін бок якой выходзіў на возера, а ў другім разьмяшчалася студыя Райта. Таліесын двойчы згараў пад час пажараў. Сучасны будынак мае назву Таліесын ІІІ. У 1930-х гадах Райт спраектаваў зімнюю студыю ў Арызоне, якой даў імя Таліесын Ўэст.

15 жніўня 1914 году, калі Райт працаваў у Чыкага, Джуліян Карлтан, мужчына, якога нанялі дзеля абслугі сям’і Райт некалькімі месяцамі раней, падпаліў жылыя памяшканьні Таліесына і забіў сем чалавек сякерай[20]. Сярод загінулых была Мама Бортўік. Сам жа Джуліян паспрабаваў учыніць самагубства, але быў затрыманы. Забойца памёр у турме ад голаду, не зважаючы на тое, што лекары біліся за ягонае жыцьцё[20]. У 1922 годзе Кэтрын Райт нарэшце дазволіла Райту правясьці роспуст. Згодна з умовамі роспусту, Райт павінен быў пачакаць год, перш чым ён мог ажаніцца са сваёй тагачаснай сяброўкай Мірыям Ноэл. У 1923 годзе памерла маці Райта, Ганна. Райт абраўся шлюбам зь Мірыям Ноэл у лістападзе 1923 году, але ейная прыхільнасьць да марфіну прывяла да скасаваньня шлюбу менш чым праз год. У 1924 годзе, пасьля растаньня зь Мірыям, але яшчэ знаходзячыся ў шлюбе Райт пазнаёміўся з Альгіванай Лазавіч на спэктаклі петраградзкага балету ў Чыкага. Яны разам пераехалі ў Таліесын у 1925 годзе, і неўзабаве Альгівана зацяжарыла дачкой Іяванай, якая нарадзілася 2 сьнежня 1925 году.

Адным з самых вядомых будынкаў, спраектаваных Фрэнкам Райтам, зьяўляецца «Фолінгўотэр», які быў пабудаваны ў 1935—1939 гадох на замову бізнэсоўца Эдгара Джонаса Каўфмана ў Міл-Ран (штат Пэнсыльванія). Дом, пабудаваны над 9-мэтровым вадаспадам, быў распрацаваны ў адпаведнасьці з жаданьнем Райта разьмясьціць жыхароў як мага бліжэй да прыроды, з-за гэтага пад часткай дому, у якой знаходзіцца некалькі бальконаў і тэрасаў, праплывае ручай. Дом прызначаўся хутчэй для сямейнага адпачынку, а не як жылы дом[21]. У будове выкарыстоўваўся як звычайны камень, так і бэтон. Дом каштаваў 155 тысяч даляраў, зь якіх архітэктурная праца каштавала 80 тысяч.

Акрамя гэтага, вядомым праектам Райта зьяўляецца Музэй Гугенгайма ў Нью-Ёрку. Будынак мае выгляд белай сьпіралі, і будаваўся 17 гадоў (1942—1959). У жылых будынках гэтага пэрыяду, Райт таксама адмовіўся ад прамога вугла як ад «штучнай» формы і зьвярнуўся да сьпіралі і акружнасьці. Адзіным хмарачосам, распрацаваным Райтам, ёсьць Прайс-Таўэр, то бок 19-павярховая вежа ў Бартлесьвілу, штат Аклагома. Гэта таксама адзін з двух існуючых вэртыкальна арыентаваных будынкаў Райта. Прайс-Таўэр была замоўлена Гаральдам Прайсам, кіраўніком мясцовай кампаніі, якая кіравала нафтаправод і мела прадпрыемства ў галіне хімічнае прамысловасьці. 29 сакавіка 2007 году Міністэрствам унутраных справаў ЗША надала Прайс-Таўэр статус нацыянальнай гістарычнай славутасьці, то бок такі статус маюць толькі 20 будынкаў Аклагомы.

Ня ўсе праекты архітэктара былі рэалізаваныя пад час яго жыцьця. Напрыклад будынак суду акругі Марын, быў пабудаваны толькі праз чатыры гады пасьля ягонай сьмерці. Таксама нерэалізаваным застаўся праект хмарачосу «Іліной» вышынёй у мілю, які быў разьлічаны на 130 000 жыхароў, які ўяўляў звужаючуюся да верху трохкутную прызму.

Стыль і канцэпцыі

[рэдагаваць | рэдагаваць код]

Элемэнты дызайну

[рэдагаваць | рэдагаваць код]
Адкрытыя офісныя прасторы ў будынку сядзібы кампаніі Johnson Wax.

Райтавыя дамы ў стылі прэрыяў характарызуюцца сыстэмай узгодненых тэматычных матываў, часта расьліннага паходжаньня, якія рытмічна паўтараюцца ў вокнах, дывановых узорах і іншых канструктыўных дэталях. Райт ужываў інавацыйныя новыя будаўнічыя матэрыялы, як то загадзя адлітыя бэтонныя блёкі, шкляныя цагліны і цынкавыя камы (замест традыцыйных волаўных) для сваіх вітражных шыбаў, а таксама выкарыстоўваў шкляныя трубкі Pyrex як асноўны элемэнт у будынку штаб-кватэры Johnson Wax. Райт быў адным зь першых архітэктараў, хто праектаваў і ўсталёўваў індывідуальна вырабленыя электрычныя сьветлавыя прыборы, улучна зь першых электрычнымі падлогавымі лямпамі, а таксама вельмі раньнім ужываньнем тады наватарскага сфэрычнага шклянага абажура. Гэты дызайн раней быў немажлівы праз абмежаваньні газавага асьвятленьня.

У 1897 годзе Райт атрымаў патэнт на прызмавыя шкляныя пліткі, якія выкарыстоўваліся ў вітрынах крамаў дзеля накіраваньня сьвятла ўнутр[22]. Райт шмат карыстаўся шклом у сваіх праектах і выявіў, што яно добра адпавядае ягонай філязофіі арганічнай архітэктуры. Паводле арганічнай тэорыі Райта, усе кампанэнты будынку павінны выглядаць узьяднанымі, нібыта яны натуральна належаць адзін адному. Анішто не павінна дадавацца да будынку без уліку ўплыву на агульнае цэлае. Каб узьяднаць дом зь ягоным навакольлем, Райт часта выкарыстоўваў вялікія шкляныя паверхні, якія размывалі мяжу паміж унутраным і вонкавым прасторамі. Шкло спрыяла лучнасьці і давала агляд навакольля, адначасна абараняючы ад непагадзі.

У 1928 годзе Райт напісаў эсэ пра шкло, у якім параўнаў яго з азёрамі, рэкамі і сажалкамі, якія ён лічыў «люстэркамі прыроды». Адная з самых раньніх ягоных практыкаў датычных шкла палягала на разьмяшчэньні шкляных панэляў уздоўж магутных сьценаў, каб стварыць эфэкт «сьветлавых экранаў», якія злучалі паміж сабою суцэльныя сьцены. Выкарыстоўваючы вялікую колькасьць шкла, Райт імкнуўся дасягнуць балянсу паміж лёгкасьцю і паветранай празрыстасьцю шкла ды масіўнасьцю сьценаў. Мабыць, найбольш вядомым мастацкім стасаваньнем шкла Райтам было шкляныя канцэпцыі дамоў у стылі прэрыяў. Простыя геамэтрычныя формы, якія пераходзяць у вельмі вытанчаныя і складана аздобленыя вокны, уяўлялі адную з найважнейшых арнамэнтальных рысаў ягоных твораў[23].

Уплывы і супраца

[рэдагаваць | рэдагаваць код]
Шыбы, спраектаваныя Райтам у Робі-Гаўсе.

Райт, як індывідуаліст, не далучаўся да Амэрыканскага інстытуту архітэктараў цягам усёй сваёй кар’еры, бо называў гэтую арганізацыю «прытулкам для няздатных» і «формай вытанчанага гангстэрства»[24]. Калі адзін з калегаў назваў яго старым аматарам, Райт толькі паправіў яго, што ён найстарэйшы[25]. Райт рэдка прызнаваў уплывы на свае праекты, але большасьць архітэктараў, гісторыкаў і дасьледчыкаў згодныя, што ён меў пяць галоўных крыніцаў натхненьня, сярод якіх былі Луіс Гэнры Саліван, прырода ў формах і колерах, музыка, японскае мастацтва і блёкі «кіндэргартэн» Фрэбэля[26]. Улюбёным кампазытарам архітэктара быў Людвіг ван Бэтговэн. Райт атрымаў набор «кіндэргартэн» прыкладна ў веку дзевяці гадоў. У сваёй аўтабіяграфіі ён ускосна спасылаўся на іх, тлумачачы, што навучыўся геамэтрыі архітэктуры ў дзіцячым садку падчас гульняў з гэтымі цацкамі. Ён казаў, што вартасьць гэтых цацак была ў тым, што дзіцячы розум адгукаўся на рытмічныя структуры ў прыродзе. Па сьведчаньні творцы, ён хутка стаў успрымальным да канструктыўных узораў, якія ўзьнікалі ва ўсім, што ён бачыў[27][28].

Ён часта прыпісваў сабе працу архітэктараў і дызайнэраў, якія былі ягонымі супрацоўнікамі, і лічыў, што астатнія архітэктары школы стылі прэрыяў былі толькі ягонымі пасьлядоўнікамі, імітатарамі і падначаленымі[29]. Аднак, як і любы архітэктар, Райт працаваў у супрацы і чэрпаў ідэі з працы іншых. У раньнія гады Райт працаваў зь вядучымі архітэктарамі Чыкагаўскай школы, улучна з Луісам Саліванам. У пэрыяд узвышэньня стылю прэрыяў у офісе Райта працавалі шматлікія таленавітыя архітэктары, як то Ўільям Юджын Драманд, Джон Ван Бэрген, Ізабэл Робэртс, Фрэнсіс Бары Бэрн, Альбэрт Макартур, Марыён Магоні Грыфін і Ўолтэр Бэрлі Грыфін. Архітэктар чэскага паходжаньня Антанін Райманд працаваў у Райта ў Таліесыне і кіраваў будаўніцтвам Імпэрскага гатэлю ў Токіё. Пазьней ён застаўся ў Японіі і пачаў уласную практыку. Рудольф Шындлер таксама працаваў у Райта над Імпэрскім гатэлем, і ягоная ўласная праца часта лічыцца ўплывам на некаторыя дамы Райта. Ягоны сябар Рыхард Нойтра таксама кароткі час працаваў у Райта. У таліесынскі час Райт наймаў многіх архітэктараў і мастакоў, якія пазьней сталі выбітнымі творцамі, як то Ааран Грын, Джон Лотнэр, Э. Фэй Джоўнз, Гайнрых Клюмб, Ўільям Бэрнудзі і Паолё Салеры.

Японскае мастацтва

[рэдагаваць | рэдагаваць код]

Райт быў зацятым японафілам. Некалі ён абвесьціў Японію «найбольш рамантычнай, мастацкай і натхнёнай прыродай краінай на Зямлі»[30]. Асаблівую цікавасьць ён меў да драўляных гравюраў укіё-э, якімі ён, як ён сьцьвярджаў, быў «заняволены»[31]. Райт значную частку вольнага часу бавіў, прадаючы, зьбіраючы і ацэньваючы гэтыя гравюры. Ён ладзіў вечарыны і іншыя імпрэзы, прысьвечаныя ім, падкрэсьліваючы іхную пэдагагічную каштоўнасьць для сваіх гасьцей і студэнтаў[31]. Да прыезду ў Японію ягоныя ўражаньні пра краіну амаль цалкам грунтаваліся на гэтых гравюрах[30][32].

Дасьледчая вежа Джонсана ў 1969 годзе.

Райт знаходзіў асаблівае натхненьне ў фармальных аспэктах японскага мастацтва. Ён апісваў гравюры ўкіё-э як «арганічныя» празь іхную стрыманасьць, гармонію і здольнасьць успрымацца на чыста эстэтычным узроўні[32]. Акрамя таго, ён высока цаніў іхныя свабодныя кампазыцыі, у якіх элемэнты сцэны часта «перарываюцца» адзін перад адным, і адсутнасьць залішніх дэталяў, што ён называў «эвангельлем выключэньня»[30][33]. Ягонае пераасэнсаваньне цясіцу (памяшканьняў для чаяваньня), апасродкаваная ідэямі Акакуры Какудзы, палягала на стварэньні архітэктуры, якая падкрэсьлівае адкрытасьць, «пустэчу паміж дахам і сьценамі»[34]. Райт ужываў гэтыя прынцыпы ў вялікім маштабе, і яны сталі адметнай рысай ягонай практыкі. Плянаваньне паверхаў Райтам дэманструе вялікае падабенства да меркаваных японскіх першакрыніцаў. Адкрытыя жыльлёвыя прасторы ягоных раньніх дамоў, верагодна, былі запазычаныя з Фэнікс-холу зь Японскага саду Чыкага, пабудаванай да Сусьветнай выставы. Ягоная капліца Юніці паўтарае плян гонген-дзукуры, характэрны для сьвятыняў сінтаізму і, верагодна, натхнёны ягоным візытам 1905 году ў храмавы комплекс Рына-дзі[35]. Форма многіх ягоных кансольных вежаў, улучна з Дасьледчай вежай Джонсана, магла быць натхнёная японскімі пагадамі[36]. Арнамэнтальныя прыёмы Райта — у ягоных вітражах і архітэктурнай графікі — сьведчаць пра тэхнічную запазычанасьць з укіё-э[33]. Аналізуючы Робі-Гаўс, можна адзначыць, што такія элемэнты разам дазваляюць Райтавай архітэктуры выяўляць ікі, то бок асаблівую японскую эстэтычную якасьць, адзначаную стрыманай вытанчанасьцю[37].

Ягоныя погляды на мастацтва Японіі, відаць, у значнай ступені вынікалі зь дзейнасьці Эрнэста Фэналозы, з працай якога ён, верагодна, упершыню сутыкнуўся паміж 1890 і 1893 гадамі[38]. Шмат ідэяў Фэналозы вельмі падобныя да ідэяў Райта. Гэтак, сярод іх вылучаецца ягонае ўспрыманьне архітэктуры як «мацярынскага мастацтва», ягоная крытыка заходняга «падзелу канструкцыі і дэкарацыі», а таксама выяўленьне «арганічнай цэласнасьці» ў гравюрах укіё-э[33][38]. Як і Райт, Фэналоза бачыў «выраджэньне» ў заходняй архітэктуры, асабліва ў архітэктуры Адраджэньня, а сам Райт прызнаваў, што японскія гравюры дапамаглі яму пазбавіць Рэнэсанс пыхі і надуманай узьнёсласьці[38]. Райтавы трактат па мастацкай крытыцы, вядомы пад назвай «The Japanese Print: An Interpretation», можна чытаць як беспасярэдняе разьвіцьцё ідэяў Фэналозы[33][38]. Хоць Райт заўсёды прызнаваў уплыў японскага мастацтва і архітэктуры, яго абражалі сьцьверджаньні, што ён наўпрост капіяваў або адаптаваў іх. На ягоную думку, японскае мастацтва асабліва трапна адпавядала ягоным уласным прынцыпам, і таму не было для яго нейкай асаблівай крыніцай натхненьня[32]. Адказваючы на сьцьверджаньне Чарлза Робэрта Эшбі, што ён «спрабуе адаптаваць японскія формы да ЗША», Райт адказаў, што такая запазычаннасьць «супярэчыць [ягонай] рэлігіі»[39].

Калекцыянэр і гандляр мастацтвам

[рэдагаваць | рэдагаваць код]
Адная з ўлюбёных гравюраў Райта аўтарства Кацукавы Сюнко. Мон на рукаве героя падобны да матыву, які пазьней Райт скарыстаў пры праектаваньні гатэля Імпэрыял[31].

Райт быў таксама актыўным гандляром японскім мастацтвам, перадусім укіё-э. Ён часта выступаў адначанва і як архітэктар, і як гандляр мастацтвам для тых самых кліентаў, бо праектаваў дом, а потым забясьпечваў яго мастацкімі адзабленьнем знутры[40]. Пэўны час Райт зарабляў на продажы мастацтва нават больш, чым як архітэктар. Ён таксама меў уласную калекцыю, якую выкарыстоўваў як навучальны дапаможнік для сваіх вучняў у час гэтак званых «вечарынаў з гравюрамі»[31][41]. Каб творы лепей адпавядалі ягонаму ўласнаму густу, ён часам мадыфікаваў гэтыя асабістыя гравюры каляровымі алоўкамі і крэйдамі[32]. Райт валодаў гравюрамі такіх майстроў, як то Акумура Масанобу, Торыі Кіёмасу, Кацукава Сюнсё, Утагава Таяхару, Утагава Кунісада, Кацусіка Хакусай і Ўтагава Хірасіге[32], але асабліва любіў Хірасіге, якога ўважаў за «найвялікшай мастака ў сьвеце»[31].

У 1905 годзе Райт упершыню трапіў у Японію, дзе набыў сотні гравюраў. Наступнага году ён дапамог арганізаваць першую ў сьвеце рэтраспэктыўную выставу Хірасіге ў Чыкагаўскім інстытуце мастацтваў[40], што ўмацавала ягоны аўтарытэт як знаўцы японскага мастацтва[32]. Райт працягваў купляць гравюры падчас наступных падарожжаў у Японію[32], і цягам многіх гадоў ён быў значнай фігурай у мастацкім сьвеце, прадаючы вялікую колькасьць твораў як выбітным прыватным калекцыянэрам[40], гэтак і музэям. Сярод ягоных кліентам наваь быў мастацкі музэй Мэтраполітэн[42]. Агулам у прамежак часу паміж 1905 і 1923 гадамі Райт выдаткаваў на гравюры больш за 500 тысячаў даляраў[43]. У 1912 годзе ён выдаў кнігу пра японскае мастацтва «The Japanese Print: An Interpretation»[30][42]. У 1920 годзе нечакага было выяўлена, што многія гравюры, прададзеныя Райтам, маюць прыкметы рэтушы, улучна зь дзірачкамі ад шпількаў і неарыгінальнымі пігмэнтамі[32][43]. Гэтыя рэтушаваньні гравюраў, верагодна, былі зробленыя некаторымі японскімі гандлярамі ў якасьці помсты, бо яны былі незадаволенымі тым, што архітэктар частку продажаў рабіў неафіцыйна[32]. Каб ачысьціць сваё імя, Райт падаў позву ў суд на аднаго з такіх гандляроў. На вырак суду Кюга Хаясі быў асуджаны на адзін год турмы і пазбаўлены права прадаваць гравюры на працяглы час[32].

Хоць Райт настойваў на сваёй невінаватасьці і забясьпечваў кліентаў сапраўднымі гравюрамі замест тых, у рэтушы якіх яго абвінавачвалі, гэты інцыдэнт азнаменаваў канец ягонай удалай кар’еры як гандляра мастацтвам[42]. Ён быў вымушаны прадаць значную частку сваёй калекцыі, каб сгасіць даўгі, а ў 1928 годзе Вісконскінскі банк сканфіскаваў Таліесын і прадаў тысячы ягоных гравюраў — па адным даляры за штуку — калекцыянэру Эдўарду Бур Ван Улэку[40]. Тым ня менш, Райт працягваў зьбіраць і прадаваць гравюры да сваёй сьмерці ў 1959 годзе, выкарыстоўваючы іх як абменныя адзінкі і заклады для крэдытаў. Такім чынам, ён часта абапіраўся на мастацкі бізнэс, каб заставацца фінансава плацежаздольным[42]. Ён некалі сьцьвярджаў, што Таліесын I і II былі «практычна пабудаваныя» за кошт ягоных гравюраў[43].

Маштаб ягонай дзейнасьці ў сфэры японскага мастацтва заставаўся ў значнай ступені невядомым або недаацэненым сярод мастацтвазнаўцаў цягам дзесяцігодзьдзяў. У 1980 годзе Джулія Міч, тады асьпірантка-куратарка японскага мастацтва ў Мэтраполітэн-музэі, пачала дасьледаваць гісторыю калекцыі японскіх гравюраў музэю. Яна знайшла вялікі стос з 400 картак за 1918 год, кожная зь якіх утрымлівала запіс пра гравюру, набытую ў таго самага прадаўца, якім выявіўся Ф. Л. Райт. Таксама архіў утрымліваў шэраг лістоў зь ліставаньня паміж Райтам і першым куратарам музэю ў мастацтве Далёкага Ўсходу Сыгізбэртам Бош Рэйцам. Гэтыя знаходкі і наступныя дасьледаваньні прывялі да новага разуменьня кар’еры Райта як гандляра мастацтвам[42].

Магіла Фрэнка Лойда Райта.

Па ягонай сьмерці спадчына Райта на многія гады апынулася ў стане загрозы. Апошняе жаданьне ягонай трэцяй жонкі Ольгіванны было ў тым, каб яна, Райт і ейная дачка ад першага шлюбу былі крэміраваныя і пахаваныя разам у мэмарыяльным садзе, які месьціўся ў Таліесын Ўэст. Згодна з уласнымі пажаданьнямі Райта, ягонае цела было пахаванае на могілках Лойд-Джонз побач з капліцай Юніці зь відам на Таліесын у Вісконсіне. Не зважаючы на тое, што Ольгіванна не зрабіла аніякіх юрыдычных крокаў дзеля пераносу парэшткаў выбітнага архітэктара, але ў 1985 годзе ягоныя парэшткі былі вынятыя з магілы сябрамі Таліесынскага таварыства. Яны былі крэміраваныя і выпраўленыя ў Скотсдэйл, дзе пазьней былі пахаваныя паводле інструкцыяў Ольгіванны. Першапачатковае месца пахаваньня ў Вісконсіне застаецца пустым, але тут усё яшчэ пазначана, што Райт быў пахаваны тут.

Парэшткі Райта былі перавезеныя зь Вісконсіна ў Таліесын Ўэст насупраць ягонай уласнай волі.

Па сьмерці Райта большая частка ягоных архіваў захоўвалася ў Фундацыі Фрэнка Лойда Райта ў Таліесыне (штат Вісконсін) і ў Таліесыне Ўэст (штат Арызона). Гэтыя зборы ўлучалі больш як 23 тысячаў архітэктурных рысункаў, каля 44 тысячаў фатаздымкаў, 600 рукапісаў і больш як 300 тысячаў адзінак службовай і асабістай карэспандэнцыі. Яны таксама ўтрымлівалі каля 40 буйнамаштабных архітэктурных мадэляў, большасьць зь якіх была створаная дзеля рэтраспэктыўнага раскрыцьця праектаў Райта ў 1940 годзе[44].

У 2012 годзе, каб гарантаваць высокі ўзровень захаваньня і дасяжнасьці, а таксама перадаць фінансавы цяжар утрыманьня архіву[45], Фундацыя Фрэнка Лойда Райта склала партнэрства з Музэем сучаснага мастацтва і Архітэктурнай і мастацкай бібліятэкай Эйвэры Калюмбійскага ўнівэрсытэту длзея пераносу архіўных матэрыялаў у Нью-Ёрк. Мэбля і мастацкая калекцыя Райта засталіся ў фундацыі, якая таксама атрымала ролю ў кантролі за архівам. Гэтыя тры арганізацыі стварылі кансультацыйную групу нагляду за выставамі, сымпозіюмамі, падзеямі і публікацыямі[44].

Фатаздымкі і іншыя архіўныя матэрыялы захоўваюцца ў бібліятэках Раерсана і Бэрнгэма пры Інстытуце мастацтваў Чыкага. Асабістыя архівы архітэктара месьцяцца ў Таліесын Ўэст у Скотсдэйле. Архівы Фрэнка Лойда Райта ўлучаюць фатаздымкі ягоных рысункаў, індэксаваную карэспандэнцыю, якая ўтрымлівае дакумэнты ад 1880-х гадоў і да канца жыцьця творца, а таксама іншыя эфэмэрныя матэрыялы. Дасьледчы цэнтар Геці ў Лос-Анджэлесе таксама трымае копіі карэспандэнцыі Райта і фатаздымкі ягоных рысункаў у сваёй спэцыяльнай калекцыі Фрэнка Лойда Райта. Публічная бібліятэка Оўк-Парку мае розныя матэрыялы, што датычаць Фрэнка Лойда Райта, улучна з адным зь ягоных арыгінальных партфоліё[46].

Страчаныя будынкі

[рэдагаваць | рэдагаваць код]
Гатэль Імпэрыял у Токіё быў зьнесены ў 1968 годзе.

Райт спраектаваў больш за 400 розных збудаваных структураў[47], зь якіх на 2023 год захавілся толькі блізу 300-х. Ня менш за пяць зь іх Найменей пяць былі зруйнаваныя праз прыродныя стыхіі, як то прыбярэжны дом для Фулера ў Пас-Крысчыян у Місысыпі, зьнішчаны ўраганам Каміла ў жніўні 1969 году, бунгала Луіса Салівана ў Оўшэн-Спрынгс у тым жа штаце Місысыпі, зьнішчаны ўраганам Катрына ў 2005 годзе, ды дом Арынобу Фукухары у Хаконэ ў Японіі, зьнішчаны падчас Вялікага землятрусу Канта 1923 году. У студзені 2006 году дом Ўілбара Ўайнанта ў Гэры ў Індыяне, які быў зьнішчыў пажарам[48]. У 2018 годзе комплекс Арча Обалера ў Малібу быў спустошаны пажарам[49].

Шмат іншых выбітных будынкаў Райта былі мэтанакіравана зьнесеныя, як то Мідўэй-Гардэнз, які быў пабудаваны ў 1913, але зьнесены ў 1929 годзе. Адміністрацыйны будынак Ларкіна быў узбудаваны ў 1903 годзе, але зруйнаваны ў 1950 годзе. Апартамэнты Фрэнсіс і Франсіска Тэрас у Чыкага паўсталі ў 1895 годзе, але былі зьнесеныя ў 1971 і 1974 гадах адпаведна. Джэнэва-Ін у Лэйк-Джэнэва штату Вісконсін быў пабудаваны ў 1911 годзе, але зруйнаваны ў 1970 годзе. Яшчэ менш пратрымаўся павільён Нацыянальнага парку Банф, які паўстаў у 1914 годзе, але быў зьнішчаны ў 1934 годзе. Гатэль Імпэрыял быў пабудаваны ў 1923 годзе, але зьнесены ў 1968 годзе[50]. Гофман-Аўта-Шоўрум у Нью-Ёрку быў пабудаваны ў 1954 годзе, а зьнесены ў 2013 годзе[51].

Паштовая марка, выдадзеная ў гонар архітэктара.

У апошнія гады ягонага жыцьця і ўжо па сьмерці ў 1959 годзе, Райт атрымаў шмат ганаровых узнагарод за свае дасягненьні. Ён атрымаў Залаты мэдаль Каралеўскага інстытуту брытанскіх архітэктараў (RIBA) у 1941 годзе і ўзнагароду ад Амэрыканскага інстытуту архітэктараў (AIA) у 1949 годзе. Ён быў узнагароджаны мэдалём інстытуту Франкліна ў 1953 годзе. Ён атрымаў ганаровыя ступені некалькіх унівэрсытэтаў, у тым ліку «альма-матэр» унівэрсытэту Вісконсіну, а некалькі краінаў назвалі яго ў якасьці ганаровага чальца праўленьня ў свае нацыянальныя акадэміі мастацтва ці архітэктуры. У 2000 годзе Фолінгўотэр быў названы «будынкам XX стагодзьдзя» ў ненавуковым апытаньні, праведзенага чальцамі Амэрыканскага інстытуту архітэктараў на штогадовым зьезьдзе ў Філадэлфіі. У гэты сьпіс, Райт быў уключаны разам з многімі іншымі найбольш значнымі архітэктарамі ЗША, як то Ээра Саарыненам, І. М. Пі, Луісам Канам, Піліпам Джонсанам і Людвігам Місам ван дэр Роэ, і ён быў адзіным архітэктарам, якія мелі больш за адзін будынак у сьпісе. Астатнімі тры будынкамі ў сьпісе былі Музэй Гугенгайма, дом Фрэдэрыка С. Робі і будынак Джонсан Ўокс.

У 1992 годзе ў Мэдысан Опэры ў штаце Вісконсін адбылася прэм’ера опэры «Зіхатлівае брыво», пастаўленая кампазытарам Даранам Гагенам і лібрэтыстам Полам Малдунам і заснаваная на падзеях пачатку жыцьця Райта. У 1966 годзе паштовая служба Злучаных Штатаў у гонар Райта выдала паштовую марку памерам у 2¢.

  1. ↑ Conroy S. B. Wright's Grave Site Moved (анг.) // The Washington Weekly Post / M. Murray — Washington: Fred Ryan, 1985. — ISSN 0190-8286; 2641-9599
  2. 1 2 Eliëns T., Meer M. S. d. Lexicon Nederlandse glaskunst van de twintigste eeuw (нід.) — Lochem: 2004. — С. 277. — 300 с. — ISBN 978-90-74213-27-1
  3. 1 2 «Frank Lloyd Wright: America's Architect». Business Week.
  4. ↑ Caves, R. W. (2004). «Encyclopedia of the City». Routledge. — С. 777. — ISBN 978-0415862875.
  5. ↑ Secrest, Meryle (1998). «Frank Lloyd Wright: A Biography». University of Chicago Press. — С. 58. — ISBN 978-0-2267-4414-8.
  6. ↑ Wright, Frank Lloyd (1943). «An Autobiography». Duell, Sloan and Pearce. New York City. — С. 51.
  7. ↑ Wright 2005. С. 60—63.
  8. ↑ «A brief Biography». Wright's Life + Work. Frank Lloyd Wright Foundation.
  9. ↑ O'Gorman, Thomas J. (2004). «Frank Lloyd Wright's Chicago». San Diego. Thunder Bay Press. — С. 31—33. — ISBN 978-1-59223-127-0.
  10. ↑ Wright 2005. С. 69.
  11. ↑ Wright 2005. С. 66.
  12. ↑ Wright 2005. С. 83.
  13. ↑ Wright 2005. С. 86.
  14. ↑ Tafel, Edgar (1985). «Years With Frank lloyd Wright: Apprentice to Genius». Mineola, N.Y. Dover Publications. — С. 31. — ISBN 978-0-486-24801-1.
  15. 1 2 Saint, Andrew (May 2004). «Frank Lloyd Wright and Paul Mueller: the architect and his builder of choice». Architectural Research Quarterly. Cambridge University Press. 7 (2). — С. 157—167. DOI:10.1017/S1359135503002112.
  16. ↑ Wright 2005. С. 97.
  17. ↑ Frank Lloyd Wright Preservation Trust (2001). Zarine Weil (ed.). «Building A Legacy: The Restoration of Frank Lloyd Wright's Oak Park Home and Studio». San Francisco. Pomegranate. — С. 4. — ISBN 978-0-7649-1461-4.
  18. ↑ Gebhard, David; Patricia Gebhard (2006). «Purcell & Elmslie: Prairie Progressive Architects». Salt Lake City. Gibbs Smith. — С. 32. — ISBN 978-1-4236-0005-3.
  19. ↑ «Prairie School Architecture». Antique Home.
  20. 1 2 «Mystery of the murders at Taliesin». BBC News.
  21. ↑ Twombly, Robert (1979). «Frank Lloyd Wright His Life and Architecture». University of Michigan. — С. 276—278.
  22. ↑ Feo, Anthony de (05.2017) The Prismatic Glass Tiles of Frank Lloyd Wright. DailyArtMagazine.com – Art History Stories. Архіўная копія ад 07.2020 г.
  23. ↑  Lind, Carla Frank Lloyd Wright's glass designs. — San Francisco: Pomegranate Artbooks. — ISBN 978-0-87654-468-6
  24. ↑  Wright, Frank Lloyd The master architect : conversations with Frank Lloyd Wright. — New York: Wiley. — ISBN 0-471-80025-2
  25. ↑ Biography in Sound: Frank Lloyd Wright. Old Time Radio.
  26. ↑ Rubin, Jeanne S. The Froebel-Wright Kindergarten Connection: A New Perspective // Journal of the Society of Architectural Historians. — 03.1989. — Т. 48. — № 1. — С. 24—37. — DOI:10.2307/990404
  27. ↑ Lange, Alexandra The design of childhood: how the material world shapes independent kids. — Bloomsbury. — С. 25. — ISBN 978-1632866356
  28. ↑  Hersey, George Architecture and Geometry in the Age of the Baroque. — University of Chicago Press, 2000. — С. 205. — ISBN 0-226-32783-3
  29. ↑ Griffin, Marion Mahony (1947). «The Magic of America».
  30. 1 2 3 4 Margo, Stipe (01.2017) Frank Lloyd Wright and Japan. Frank Lloyd Wright Foundation. Архіўная копія ад 03.2023 г.
  31. 1 2 3 4 5 Meech-Pekarik, Julia Frank Lloyd Wright and Japanese Prints // The Metropolitan Museum of Art Bulletin. — 1982. — Т. 40. — № 2. — С. 49—56. — DOI:10.2307/3258756
  32. 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 Peter, Carolyn (2005) Wright and the Architecture of Japanese Prints. University of California, Los Angeles. Архіўная копія ад 03.2023 г.
  33. 1 2 3 4 Nute, Kevin (06.2017) Frank Lloyd Wright Credited Japan for His All-American Aesthetic. Smithsonian Magazine. Архіўная копія ад 03.2023 г.
  34. ↑ Greve, Anni Learning from Tokyo urbanism: The urban sanctuaries // Cities. — 02.2013. — Т. 30. — С. 98—104. — DOI:10.1016/j.cities.2011.12.007
  35. ↑ {{ |аўтар=Nute, Kevin|загаловак=Frank Lloyd Wright and Japanese Architecture: A Study in Inspiration|выданьне=Journal of Design History|том=7|нумар=3|старонкі=171—173|год=1994|DOI=10.1093/jdh/7.3.169}}
  36. ↑ Nute, Kevin Frank Lloyd Wright and Japanese Architecture: A Study in Inspiration // Journal of Design History. — 1994. — Т. 7. — № 3. — С. 173—177. — DOI:10.1093/jdh/7.3.169
  37. ↑ Yamamoto, Yuji (05.1999) An Aesthetics of Everyday Life: Modernism and a Japanese popular aesthetic ideal, Iki Архіўная копія ад 03.2023 г.
  38. 1 2 3 4 Nute, Kevin Frank Lloyd Wright and Japanese Art: Fenollosa: The Missing Link // Architectural History. — 1991. — Т. 34. — С. 227—228. — DOI:10.2307/1568601
  39. ↑ Nute, Kevin Frank Lloyd Wright and Japanese Architecture: A Study in Inspiration // Journal of Design History. — 1994. — Т. 7. — № 3. — С. 169—185. — DOI:10.1093/jdh/7.3.169
  40. 1 2 3 4 Cotter, Holland. Seeking Japan’s Prints, Out of Love and Need // The New York Times, 04.2001 г. Архіўная копія ад 02.2017 г.
  41. ↑ Meech, Julia (2000) «Frank Lloyd Wright and the Art of Japan: The Architect’s Other Passion». New York: Abrams.
  42. 1 2 3 4 5 Reif, Rita. Art/Architecture; The Master Builder Whose Other Love Helped Pay the Bills // The New York Times, 03.2001 г. Архіўная копія ад 10.2023 г.
  43. 1 2 3 Meech-Pekarik, Julia Frank Lloyd Wright and Japanese Prints // The Metropolitan Museum of Art Bulletin. — 1982. — Т. 40. — № 2. — С. 56. — DOI:10.2307/3258756
  44. 1 2 Pogrebin, Robin. A Vast Frank Lloyd Wright Archive Is Moving to New York // The New York Times, 09.2012 г. Архіўная копія ад 10.2020 г.
  45. ↑ Pogrebin, Robin. Models Preserve Wright’s Dreams // The New York Times, 03.2014 г. Архіўная копія ад 06.2018 г.
  46. ↑ Library, Oak Park Public (12.2016) A closer look at Wright's legacy. Oak Park Public Library.
  47. ↑ Storrer, William Allin (1992). «The Architecture of Frank Lloyd Wright: A Complete Catalog», University of Chicago Press.
  48. ↑ Preservation Online: Today's News Archives: Fire Guts Rare FLW House in Indiana. Nationaltrust.org. Архіўная копія ад 02.2008 г.
  49. ↑ Frank Lloyd Wright's Arch Oboler Complex Appears Gutted by California Fire. Frank Lloyd Wright Foundation (11.2018).
  50. ↑ Bernstein, Fred A.. Near Nagoya, Architecture From When the East Looked West // The New York Times, 04.2006 г.
  51. ↑ Remembering Frank Lloyd Wright's Demolished Car Showroom. Metropolis Magazine (05.2013). Архіўная копія ад 03.2019 г.
  • Wright, Frank Lloyd Frank Lloyd Wright: An Autobiography. — Petaluma, CA: Pomegranate Communications, 2005. — ISBN 978-0-7649-3243-4

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць код]