Ляхчыцы
Ляхчыцы лац. Lachčycy | |||||
| |||||
Першыя згадкі: | 1563 | ||||
Краіна: | Беларусь | ||||
Вобласьць: | Берасьцейская | ||||
Раён: | Кобрынскі | ||||
Сельсавет: | Хідрынскі | ||||
Насельніцтва: | 155 чал. (2011) | ||||
Часавы пас: | UTC+3 | ||||
Тэлефонны код: | +375 1642 | ||||
Паштовы індэкс: | 225866 | ||||
Нумарны знак: | 1 | ||||
Геаграфічныя каардынаты: | 52°5′13″ пн. ш. 24°23′45″ у. д. / 52.08694° пн. ш. 24.39583° у. д.Каардынаты: 52°5′13″ пн. ш. 24°23′45″ у. д. / 52.08694° пн. ш. 24.39583° у. д. | ||||
± Ляхчыцы | |||||
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы |
Ля́хчыцы[1] (таксама — Ля́хчычы[2]) — вёска ў Беларусі, каля каналу Боны. Уваходзяць у склад Хідрынскага сельсавету Кобрынскага раёну Берасьцейскай вобласьці. Знаходзяцца за 15 км ад Кобрыня і за 18 км ад Дзівіна.
Назва
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Назва вёскі ўтварылася ад слова «ляха» — незасеянае поле («ляшыць» — значыць засяваць). Паводле народнага паданьня, назва паходзіць ад прозьвішча першапасяленца Ляха, які быў палякам. Таксама ўпершыню ўпамінаецца ўрочышча Княжая Гара, на якім, паводле народнага паданьня, спачыла княгіня Вольга.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Раньнія часы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Каля Ляхчыцаў знайшлі крамянёвыя наканечнікі стралы і дзіды.
Вялікае Княства Літоўскае
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Упершыню Ляхчыцы ўпамінаецца ў Рэвізіі Кобрынскай эканоміі, складзенай каралеўскім рэвізорам Дзьмітрыем Сапегам у 1563 годзе[3]. Гэта было сяло, 7 валок зямлі, у складзе Сялецкага войтаўства Кобрынскай эканоміі Вялікага Княства Літоўскагу.
Пад уладай Расейскай імпэрыі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) Ляхчыцы апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыяй, у Кобрынскім павеце, з 1801 году Гарадзенскай губэрні.
На 1890 год Ляхчыцы былі ў Блоцкай (Балоцкай) воласьці, 913 дзесяцін зямлі. Паводле вынікаў перапісу 1897 году, 38 двароў, існаваў хлебазапасны магазын.
За часамі Першай сусьветнай вайны ў 1915 годзе Ляхчыцы занялі войскі Нямецкай імпэрыі.
Найноўшы час
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Ляхчыцы абвяшчаліся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі яны ўвайшлі ў склад Беларускай ССР, у Берасьцейскі павет («падраён») Баранавіцкага раёну[4]. Паводле Рыскай мірнай дамовы 1921 году Ляхчыцы апынуліся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, у Блоцкай (Балоцкай) гміне Кобрынскага павету Палескага ваяводзтва. У гэты час тут было 40 дамоў.
У 1939 годзе Ляхчыцы ўвайшлі ў БССР, з 15 студзеня 1940 году ў Дзівінскім раёне Берасьцейскай вобласьці, з 12 кастрычніка 1940 да 30 кастрычніка 1959 году ў Верхалескім сельсавеце, з 8 жніўня 1959 году ў Кобрынскім раёне. На 1940 год вёска налічвала 73 двары, працавала пачатковая школа. У нямецка-савецкую вайну Ляхчыцы акупавалі нямецкія войскі з чэрвеня 1941 да ліпеня 1944 году. У 1949 годзе савецкія ўлады злучылі 32 гаспадаркі ў калгас імя Мічурына, потым разам зь вёскамі Корчыцамі, Хадынічамі, Верхалесьсем і Альхоўкай складалі калгас «Перамога».
На 1999 год у Ляхчыцах было 72 гаспадаркі, у складзе калгасу «Сьцяг Перамогі» (з 2004 СВК «Раданескі»; цэнтар — вёска Корчыцы). На 2005 год — 64 гаспадаркі, на 2011 год — 72 двары.
2 сьнежня 2008 году Ляхчыцы атрымалі афіцыйныя геральдычныя сымбалі вёскі — герб і сьцяг, на якіх намаляваная княгіня Вольга.
Насельцінтва
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Дэмаграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- XIX стагодзьдзе: 1897 год — 268 чал.
- XX стагодзьдзе: 1905 год — 367 чал. у вёсцы Ляхчыцах і 13 чал. у маёнтку Ляхчыцах; 1911 год — 318 чал.; 1921 год — 214 чал.; 1940 год — 285 чал.; 1959 год — 211 чал.; 1970 год — 253 чал.; 1999 год — 204 чал.
- XXI стагодзьдзе: 2005 год — 173 чал.; 2010 год — 142 чал.; 2011 год — 155 чал.
Найбольш пашыраныя прозьвішчы — Назарук і Барысюк.
Інфраструктура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Ёсьць Дом сацыяльных паслуг, крама, новы будынак лазьні, які не выкарыстоўваецца. У 2011 годзе зачынілі сельскую бібліятэку.
Славутасьці
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Каля Ляхчыцаў знаходзяцца дзьве магілы ахвяраў фашызму. На поўдзень ад вёскі каля каналізаванай рэчкі Трасьцяніцы знаходзіцца ўрочышча Княжая гара. Пагорак мае вышыню ў амаль 10 мэтраў, аднак непадалёк месьцяцца і больш высокія ўзгоркі. Пра Княжую гару існуе мясцовае паданьне:
Даўно тое было. Княгіня Вольга тут праходзіла. Была яна наша, руская… Некалі забілі мужа яе, Уладзіміра, і пайшла Вольга ваяваць з ворагамі… Вольга хітрасьцю перамагла ворагаў, перакаваўшы ў коней капыты наадварот. Але за Дзівінам быў пост, і адтуль салдаты яе даганялі. У той час наша гара над балотамі стаяла, лесу на ёй не было. Там княгіня і спынілася. У той час варожыя войскі наступалі з поўдня, ад Навасёлак. На гары і напаткала сьмерць Вольгу… Там яе і пахавалі. Як кажуць, магіла была амаль пад вяршыняй. 3 таго часу гара і завецца Княжаю. Здаўна на магіле стаяў просты драўляны крыж, але, напэўна, пры бальшавіках яго зьнялі… | ||
Паданьне мае повязі з канкрэтнымі гістарычнымі фактамі. У 1287 годзе галіцка-валынскія князі пайшлі на Польшчу. Уладзімера-валынскі князь Уладзімер Васількавіч, цяжка хворы, паслаў замест сябе ваяводу, а сам застаўся ў Камянцы. Вельмі пакутуючы ад сваёй раны (у яго гніла ніжняя сківіца), ён паведаміў Мсьціславу Данілавічу Луцкаму, што прызначае яго спадкаемцам. Пасьля паходу Луцкі князь быў выкліканы для падпісаньня дакумэнтаў. Асобна была напісана грамата, у якой жонцы Ўладзімера Вользе Раманаўне быў адпісаны горад Кобрынь і сяло Городель (Гарадзец). Акрамя таго, у грамаце князь запісаў: «…а княгіня мая оже восхочет ў чэрніч поіті поідеть, Аже не восхочет ити, а како ёй любо мне не воставши глядеті, што, хто мае чыніть по моем жывоте»[5]. Да таго ж князь вымусіў пераемніка цалаваць крыж, што ён не аддасьць прыёмную дачку Ізяславу супраць яе волі замуж, а толькі так, як захоча Вольга. 10 сьнежня 1288 году Ўладзімер Васількавіч памёр. Вольга Раманаўна на пахаваньні мужа была з Ізяславай і зь сястрой свайго мужа манашкай Аленай. Апошні раз у Іпацьеўскім летапісе Вольга згадваецца ў сакавіку 1289 году[5].
Пра Княжую гару існуюць пісьмовыя зьвесткі ў гістарычных крыніцах. Першыя — гэта «Рэвізія Кобрынскай эканоміі» 1563, дзе запісана: «Княжая Гора, урочище села Рухович»[6]. Пазьней Гара адзначалася на расейскіх мапах XIX ст. і на польскіх пачатку ХХ ст. У канцы XIX ст. археоляг Ф. Пакроўскі з словаў сьвятара запісаў: «с. Хабовічы … Блоцкай вол., Кобрынскага павету. За 5 вёрстаў на паўднёвы захад ад сяла ёсьць невялікі пагорак, званы ў народзе Княжая гара. Называецца так таму, што тут нібы ў час бою забітая нейкая князёўна»[7].
Княжая гара зрабіла вялікі ўплыў на разьвіцьцё вёскі Ляхчыцы і суседняй акругі. У Пакроўскай царкве вёскі Хабовічаў, у прыход якой уваходзяць Ляхчыцы, захоўваўся летапіс пра падзеі, зьвязаных з урочышчам, а 24 ліпеня «на Вольгу» адзначаецца прастольнае царкоўнае сьвята. У Ляхчыцах вельмі пашырылася жаночае імя Вольга.
Беларуская рэспубліканская навукова-мэтадычная рада ў пытаньнях гістарычна-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры Беларусі 22 лютага 2012 году пастанавіла ўнесьці прапанову ў Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь аб наданьні статусу гістарычна-культурнай каштоўнасьці тапанімічнаму аб’екту — назьве ўрочышча Княжая Гара, якое знаходзіцца каля вёскі Ляхчыцаў Кобрынскага раёну. Гэта першы тапонім, які плянуецца ўзяць пад ахову дзяржавы.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Брэсцкая вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Менск: Тэхналогія, 2010. — 319 с. ISBN 978-985-458-198-9. (pdf, djvu, online) С. 191.
- ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Брэсцкая вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Менск: Тэхналогія, 2010. — 319 с. ISBN 978-985-458-198-9. (pdf, djvu, online) С. 192.
- ^ Акты Виленской археографической комиссии. Вильно, 1876. Т. 15. С. 68.
- ^ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
- ^ а б ПСРЛ. Т. 2. Іпацьеўскі летапіс. М.: АН СССР, 1952. С. 904—905.
- ^ Акты Віленскай археаграфічнай камісіі. Вільні, 1876. Т. 15. С. 67.
- ^ Покровский Ф. В. Археологическая карта Гродненской губернии. Вильно, 1895. С. 83.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Кобрынскага раёна. — Мн.: БЕЛТА, 2002. — 624 с.: іл. ISBN 985-6302-44-7.
- Покровский Ф. В. Археологическая карта Гродненской губернии. — Вильно, 1895.